epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Пажар у Дужага

Стадола Дужага стаяла за зарасьлямі, што разьвяліся ад запушчанага агароду старой Сікелянкі. Паветку з падстрэшшам даўно ўпадабалі сабе недапільнаваныя мужчыны з палятухамі, пакуль усё не спаліў каторысьці курэц зь іх.

Як заняўся быў пажар упоранкі, падняла гвалт салдатка Ганэфа, відаць, рада адчапіцца ад пасынка Пекнага Імполя. Разагналася яна, ажно апала ёй спадніца, нарабіўшы пацехі мужыком. Дурнаваты Макацёр, як гэта дурань, якога ўсюды мусіць быць поўна, сігаў наўпрасты, цераз гразь Мухаўкі, па-бусьлінаму падымаючы аголеныя ногі. Пакрыкваў (кнігаўкаю): - Гары-ыць, гары-ыць!!! Сьперлася й Сікелянка, прыгуменьнем абыходзячы зь іконаю полымя. Хтосьці для важнасьці камандаваў па-польску:

- Шыбко-о, пся крэў!

Раскалацілі Дужага, што жыў у Жарабцовай вулачцы, але яму не было ўжо чаго гасіць. Выпырхнуў ён з хаты ў вадной кашулі й, бліскаючы пятамі, наскочыў на свайго швагра ў гурме людзей. Яны счапіліся біцца. «Не дарую!» - хрыпацеў адзін. «За што?!» - адплёўваўся другі. І каціліся па выгане, чорным ад быдлячага памёту. Сікелянка глядзела на клубаваніну, як бы ня чуючы рогату й канчаючы шаптаць малітву. З паклонам паставіўшы сьвяты абраз пад тоўстую ліпу ў плоце, падыйшла да зазёванай Ганэфы й схапіла яе за кудлачы. «Сука ты!» - вішчала. «Пусьці, вядзьмарка!» - павісквала тая.

Каля пажарышча пабіліся ня толькі яны (адну палятуху мала не ўвалілі ў прысак). Наенчыўшыся, пачалі разыходзіцца дагледзець жывёлу, выганяць кароваў ды авечак на пашу. Нехта пакінуў Дужаму драўлянае вядро з абручамі, якім насіў ён потым зялёную ад жабаў і апалонікаў ваду з Мухаўкі, заліваючы галавешкі. Замурзаны ды паскавыцелы кляў усё і ўсіх, нават нябожчыцу жонку і зьехаўшых у Польшчу сыноў, а найстрашней курвы.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com