epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Петрыкаў дабрабыт

Петрык, ажаніўшыся з Кухарцовай дачкою, абмяк і змаркоціўся. Кухарцы, вядома-ж, ня тая радзіна, якой хацелася-б пазайздраваць Петрыку, і некаторыя з нас лічылі, што ён, звычайна, зразумеў свой промах. Успрыймалі мы гэта па-свойму спакойна, каб не сказаць: са зьедлівай задаволенасьцю.

Конскае прыгажосьці фізыяномія Петрыка яшчэ болей павыразьнела. Флегматычны, ён зусім апусьціў рукі так, што нехта пачуў нават пра блізкае звальненьне яго з работы (усё аказалася плёткаю па іншай, сапраўднай, прычыне). Як зазвычай, шкадоба чаргавалася ў нас са здогадамі наконт таго, хто зойме па ім месца. Гаварылася аб Сьляпым Лёніку, угадованым гультаіску з сэктару рэвізыі...

І хоць уласных бедаў кожнаму хапала, былі час ды ахвота трапаць языкамі й пра Петрыка. У нашай невялікай установе няхай толькі ўсяго дрэнны настрой у шэфа ўжо зьяўляўся падзеяй, а ў выпадку-ж Петрыка - жарты вам! - узважваўся лёс чалавека. Таму мы са зьдзіўленьнем над зьдзіўленьнямі, ад якога ажно мазгі стыгнуць, выслухалі зьвестку пра тое, што ён, Петрык, папрасіў у начальства аб тры месяцы бясплатнага водпуску; заскочыў з гэтым, менавіта, Сьляпы Лёнік.

- Ці ён здурэў, гэты Петрычыска?! - войкнулі ўсе ў вадзін голас. - Авёс закалоў яму ў зад, сам-жа пазбываецца, целяпень, працы!..

Гармідар асеў, і Сьляпы падсумаваў:

- Калі Бог каго хоча згубіць, дык напачатак розум яму адбірае.

Лёнікава яснасьць нагнала на нас нуду. Мы павярнулі да тэмы сакратаркі: сьпіць яна зноў з шэфікам ці пакуль не наважылася пасьля вылячэньня трыпэра ад кагосьці? Набралася яна тае поскудзі, - што было па-вясковаму добра вядома, - на імянінах Сьляпога Лёніка, на якіх, да белага дня, пілі ў цёплым падваліку, дзе знаходзіцца кацельня. («Няхай жыве клюб Сьляпога Лёніка!» - расплёсквалі тосты, а імяніньнік хмялеў, аж заснуў быў у шмацьці пад трубою цэнтральнага абаграваньня. Сакратарку-ж дубасілі цваныя інспэктары з Варшавы, у рагатлівай чарзе і ў вашывай каморцы кацельшчыка-абібока.)

У другі раз Сьляпы Лёнік забег неяк пад канец тыдня, сапсаваўшы нам нядзельны адпачынак.

- Ведаеце, хлопцы? - прапяяў ён пеўнікам. - Петрык узяў той водпуск, каб паехаць у Амэрыку, зарабіць там зялёных...

- На легкавушку «форд», хітрунец! - енкнуў я, ад чаго зрабілася мне брыдка, але трохі.

- Ах во які нумар!

Мы ажылі.

Узьнікла пытаньне: адзін ён туды падасца ці з жонкаю?

Петрык, тым часам, кануў, бы ў ваду. Неўзабаўку выявілася, што ягоны выезд адбыўся ў самюткі Новы год, у завею з маразамі. Казалі: выбраўся ў Каліфорнію.

Білет на самалёт з Варшавы ў Чыкага каштаваў Петрыку суму гадавога заробку. Жонку сваю, натуральна, пакінуў ён дома. А тут мяцеліца сьнегу накрушнявала на дарогі столькі, што цягнікі й тыя суткамі нерухома сіпацелі на беластоцкім вакзале («хуткая дапамога» давозіла хворых здаля ў шпіталь - падумаць! - верталётамі). Петрыка-ж паратаваў быў нарачоны швагеркі яго, які - пранырлівы, падла! - уночы й тайна вывеў сьнегачыста з базы ўправы шляхоў і, ня гледзячы ні вока ні бока, папёр на ім нашага амэрыканца да варшаўскага аэрапорту, за цэлых паўтары сотні вёрстаў, пры нагодзе адкопваючы з сумётаў на аўтастрадзе, як сам пасьля хваліўся, з паўтысячы грузавікоў... - Бракавала пятнаццаці хвілінаў, каб мы запазьніліся, - казаў ён. - Валокся назад празь дзень і да вечара, пакінуў машыніску, уехаўшы ў Беласток ад Выгоды, пад нейкім камісарыятам міліцыі, каб доўга не шукалі яе, бо, заразы, узялі б і выкрылі-б мяне! Гэ-гэ-гэ...

Петрыка не было з Амэрыкі роўна два гады, як абрэзаў. Аб ім перасталі й згадваць, быццам пра нявартага ўспаміну нябожчыка. Счаўплося крыху балбатні, калі Петрычыха нарадзіла брывістае дзіця, сына (але ад каго?!). - Таксама папрацавала, каб не з пустымі рукамі сустракаць мужа, гі-гі-гі... - за аборты тады страшэнна каралі лекараў.

Ён прывёз, а як-жа, ашаламляльнага «форда».

У Брацкім завулку зараз-жа купіў аднапавярховую вілу.

Адшукаў хабеля жонкі й зрабіў яму нешта такое, што той перабраўся жыць у далёкі Шчэцін, дзе, як пайшлі потым чуткі, павесіўся, ці што, на кватэры прастытуткі каля порту...

Разводу не было.

Петрычыха адчыніла галянтарэйную крамку ў канцы Купецкай і выхадзіла мужу даходную пасаду дыспэтчара на бэнзакалёнцы, што ля Баброўніцкае шашы.

Малога ахрысьцілі Джонім.

Абое зажылі прыпяваючы.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com