epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Сьцяна

У нашым калодзежы, у Каралёўшчыне, калісьці

злавілі дзіўнага шчупака - амаль бяз тулава ды

зь вялізнай галавою. Ён, відаць, рос у голадзе...

(З успамінаў Маці)

 

1

 

Сьцяпан Сумленевіч глядзеў у вакно.

Выпаў першы сьнег, і было сьветла, добра. Невысока кружылася птушка, голуб. Беляхцелі пярэстыя дахі складаў, пабудаваных на пустэчы, на якой, як казалі старыя людзі, знаходзіліся могілкі. На панадворку блізкага будынку зграя дзяцей білася сьнежкамі й адтуль, час ад часу, даляталі вывіскі радасьці.

Сумленевіч, заклаўшы рукі за сьпіну, прайшоўся па пакоі, абмінаючы вялізны пісьмовы стол, крэслы. Гэты сьнег доўга не паляжыць, міжвольна думаў ён. Яшчэ - зарана. Будзе тапеліца, балота на тратуары. Стане імгла, ад якой сонна й невыносна абыякава...

Ён адчуваў сябе неспакойна. Першы раз ахапіла яго так моцнае пачуцьцё неспакою, якое - баяўся таго - было блізкае страху. Не знаходзіў ён выразных прычынаў, якія тлумачылі-б гэткі стан духу. Вышукоўваў адну прычыну, галоўную.

Кіра, вядома, мела рацыю, калі ўчора наракала, што Сьцяпан рэдка бывае дома. Ён і сам зьдзіўлены тым, што яно, сапраўды, так ёсць. Прадумаўшы, дзень за днём, цэлы тыдзень, ён усьвядоміў сабе, што яго чамусьці не прыхіляе да жонкі. Бачыў у ёй усяго нейкую ціхую прыстань пасьля турботнага дня, ня болей. Да ягонай сьвядомасьці даходзіла гэта цяжка, як бы з натугай. Зь вялікай неахвотай.

Лагодныя вочы Кіры засмучона глядзелі на Сьцяпана. У іх было, можа, больш заклапочанасьці... Гаварыла яна пра яго здароўе, пра тое, што ён крычыць праз сон, беспрытомна кідаецца ў пасьцелі, пацее да ўмакрэласьці. Прасіла, каб схадзіў да лекара. Яе жаночая мудрасьць у штодзённых справах нават прыгнявіла Сьцяпана, але ён прыкінуўся дабрадушна-паслухмяным, паабяцаў ёй. Да лекара, фактычна, трэба яму пайсьці: мо ў аўторак? Не, у сераду.

Яна ня ведала пра забойства сакратаркі.

Пры распазнаньні трупа пачаўся ў яго галаўны боль, працяглы й тупы, які ўжо колькі дзён не сьціхае. Дзяўчына загінула ва ўласнай кватэры, ля Выгодаўскай. Яе цела, аголенае й жахліва пакалечанае, ляжала на атаманцы; з глыбока парэзаных грудзей пакрысе выцякала кроў; бзычэла агідная зеленаватая муха. На падлозе, на крэслах і на гасьцінна застаўленым стале цяляпаліся шматкі адзеньня; дзяўчыну згвалцілі. Яна, напэўна, баранілася, што разьлютавала бандытаў - іх было трох. Капітан дапускае, што, прынамсі, адзін зь іх быў добра знаёмы ёй. Сьцяпан ня чуў пра тое, ці ў сакратаркі быў жаніх.

Была яна, несумненна, прыгожай. І даволі інтэлігентнай. Прытым - бойкай, такой борздай у дзеяньні, трошкі нэрвовай. Якраз адпаведнай для свае працы. Кіра - калі параўноваць - усяго мілая кабетка, і нічога больш. «У такой сытуацыі яны зрабілі-б зь ёю, што захацелі-б, і яна засталася-б жывою», - Сумленевіч з прыкрасьцю падумаў пра жонку.

Ён чакаў візыту капітана. Патрэбна дакладна расказаць яму, што ведаў пра нябожчыцу. Парабіў сабе занатоўкі: няшмат. Мала мог паведаміць сьледчаму. Калі чалавек жыве, дык, здаецца, вядома нам пра яго амаль усё. Толькі потым аказваецца, што ведалі мы пра дробязі, пра пылінкі ад існаваньня, якое згасла. У Сумленевіча зараз склалася падазрэньне, што сакратарка спэкулявала. Некалькі разоў, бадай, тры, ён незнарокам пачуў яе размовы па тэлефоне, якія запамяталіся яму не сваёй двухзначнасьцю або наіўнай зашыфраванасьцю, але настойлівым старгоўваньнем чагосьці. Досыць сварлівыя размовы. Ён пакутліва намагаўся ўспомніць іх зьмест.

Ён наўрад ці зможа дапамагчы капітану ў разблытаньні гэтай справы. Гутарка зь ім зойме яму час, працягнецца да вечара, і Кіра скажа, прывітаўшы мужа ў дзьвярох кватэры: «Хадзі есьці».

Візыт капітана й злосьць Кіры будуць дзьвюма справамі, якія вырашаць пра зьмест і настрой сёньняшняга дня. Мо й няма сэнсу гаварыць пра гэта, але дзень арганізоўваюць пераважна дзьве справы, часам значныя. Як бель і чэрнь. Адчуваньне стомы зьнікне ў Сумленевіча позьнім вечарам, недзе пасьля дзевятай гадзіны, калі жонка, задрамаўшы перад тэлевізарам, прачнецца ад прахалоды й загаворыць пра тое, што час кладавіцца спаць. Гэта выкліча ў ім грымасу пратэсту, маўклівага, стоенага ў сабе. Яму тады захочацца папрацаваць, прадумаць заўтрашні дзень, і ён доўга ня зможа заснуць; Кіра, іншы раз, храпе, праўда, няголасна, можна сказаць, далікатна. На заслоненым акне мігціць барвовае зарыва вулічнага нэону, замацаванага на шчыце суседняга будынку. Бліскі ад яго чамусьці нагадваюць пацешлівую бегатню хлопцаў і дзяўчатаў на беразе рэчкі, у якой купаюцца яны перад захадам сонца ў летні адвячорак. Уяўленьне таго дае супакой і, не інакш, таму яно прыемнае - асабліва калі забрэша сабачаня, зь якім Кульгавая Зоська, маці пачынаючай прастытуткі, выходзіць на двор.

Вельмі добра, што Кіра не здагадваецца пра няшчасце, якім вымушаны, няхай сабе й часткова, займацца Сьцяпан. Ён упэўнены ў тым, што за яе словамі зацікаўленьня й спачуваньня штораз бліжэй хавалася-б падазронасьць. Тое надта няўлоўнае чуцьцё недаверу, якое называюць, хіба залішне, падазронасьцю, як быццам першую прыступку назваць цэлай лесьвіцай.

Капітан не зьявіўся ў дамоўленую гадзіну, спазьніўся; ён колькі хвілінаў наракаў на недахоп часу, на звалку работы, і заўзята гладзіў парадчэлыя валасы, якія па-кавалерску ўпрыгожвалі ягоны высокі лоб. Сумленевіч, не чакаючы, пачаў яму расказваць. Сьледчы выслухаў яго даволі безуважліва й папрасіў характарыстыку - як гэта сказаў ён - нарыс псыхалягічнага партрэту нябожчыцы. Размова атрымалася нецікавай.

- Ну, хоць раз вярнуўся ты дамоў як чалавек, - гаварыла Кіра, рыхтуючы абед. Сьцяпан мыў рукі ва ўмывальніку; намочаным ручніком націраў карак, каб пазбыцца мігрэны. Ня слухаў жонкі, надакучліва дбайнай пра яго, і нават пашкадаваў таго пачуцьця задаволенасьці, зь якім ішоў з працы. Нёс дахаты гэтую сваю выпадковую пунктуальнасьць, бы падарунак для Кіры. Яна, усё-такі, старэе... - Ці ты, Сьцёпа, яшчэ любіш мяне? - яна выключыла полымя газу пад патэльняй, на якой смажыліся катлеты. Не азірнулася. - Ці я патрэбная табе?

- Ты, Кіра, лепш дай мне есьці, - паморшчыўся Сьцяпан. - Давай мы паабедаем, - ён сеў за супрацьлеглы канец стала. Яму хацелася есьці, і ён таму баяўся, каб ня выбухнуць злосьцю.

«Чорт падкусіў мяне купіць касьцюм!» - нездаволена падумаў пра пінжак, які выдаўся яму цяжкім і нязграбным. (Набыты за танную цану ў «Цэнтралі».)

- Падсмажыць цыбульку, Сьцёпа? - Кіра быццам раздумала сказаць Сьцяпану важнейшае.

- Нашто? Сядай, урэшце, - ён узяўся нарэзаць хлеба. - Пакуль насмажыш цыбулі, дык усё выстыне, - лусты крышыліся яму, пачарсьцвелыя.

Маўкліва паабедалі. Ён азваўся толькі раз. («Кіра - зноў забуду сказаць табе - трэба пападліваць вазонікі на акне, цёплай вадою, каб карэньчыкі не пагнілі...»)

Потым пагаварылі спакайней.

- Што чуваць, Сьцёпа, на працы?

- Нічога асаблівага: бавім час да вечара...

- Ты, бачу, чамусьці не ў гуморы.

- Хто яго ведае... Нейкая стома напала на мяне.

- Мала сьпіш: трэба мінімум восем гадзінаў, Сьцёпа.

- Трэба.

- Зноў прасядзіш паўночы..

- Не прасяджу...

- Так далей нельга, Сьцёпа.

- Чаго нельга, Кіра?

- Сьцёпа, чаму ты ня слухаеш мяне? - у яе памутнеў голас. - Зачыняесься ў кухні ды сядзіш у ёй да раньня.

- Не да раньня, Кіра. Часам, здарыцца, да адзінаццатай... - Гэта была няпраўда. Ён ужо колькі месяцаў кладавіўся спаць пасьля дванаццатай. (Яму, звычайна, ня спалася.)

Вярнуўшыся дамоў, ён з улюбёнасьцю наводзіў парадкі ў пакоях. Зьбіраў, рукамі, сьмяцінкі на дыванах, сьціраў шматкаю пыл з падлогі й парэнчаў фатэляў, перавешваў адзеньне ў шафах, чысьціў абутак, мыў пасуду й гаршкі, дапамагаў Кіры ў гатаваньні абеду, калі яна не пасьпявала зь ім на час, хадзіў у склеп па бульбу й моркву (тамака ён, а як-жа, даводзіў да геамэтрычнага ладу на паліцах са слоікамі павідлаў і бутэлькамі самаробнага віна), выносіў сьмецьце. Снаваў зь цяжкай задумёнасьцю, а калі гаварыў, дык пра глупствы. Кіра не прыкмячала таго, што Сьцяпан нечым заклапочаны...

Сумленевіч падумваў аб тым, ці ня лепш было-б яму зьмяніць месца працы.

Прадчуваў: роздумы зьяўляюцца пастановай. Хаця-б таму, што выклікалі яны ў ім супакоенасьць або й захапленьне, ад якога ўставаў ён са звычнага крэсла й хадзіў з кута ў кут. Патрэбна было яму вышукаць прычыну, апраўданьне... Не знаходзіў яе. Яго шанавалі, супрацоўнікі й начальства, як ураўнаважанага чалавека, які здолее знайсьці выйсьце з кожнай, здавалася-б, бязвыхаднай сытуацыі; як таго, які не падвядзе. Называлі Сумленевіча сапраўдным камуністам, пакепліваючы, бо ён не зьяўляўся членам парты!...

 

2

 

Штосьці ня ладзілася ў Сумленевіча. У сераду, пад канец дня, яму званіў капітан. Забойства сакратаркі, калі думаў аб ім, навейвала на Сумленевіча сум, ад якога ён страчваў здольнасьць штокольвек разумець. Гэта было неяк падобнае да задуманых ім пошукаў новай працы. Невытлумачальнае спараджала якоесьці адранцьвеньне, тупую, быццам зубны боль, дрымоту.

Кадравік прыйшоў з кандыдаткай на сакратарку. Не прыглядаючыся да яе, Сьцяпан падумаў, што сьмерць можа быць і радасьцю... Стаяла перад ім жанчына рэдкай прыгажосьці, бадай, маладзіца, якой жадалася мець свае грошы, чаго, зрэшты, яна не затойвала.

- Сядайце, калі ласка, - сказаў ён. І кадравік, з гатоўлівасьцю задаволенага мужа, паўтарыў ёй словы Сьцяпана, паказваючы на мяккае крэсла ля пісьмовага стала. Пачакаў, пакуль яна сядзе. - Вы хочаце працаваць у нас? - яе прыгажосьць не дазволіла Сьцяпану глядзець ёй у вочы. «Прыгажосьць у Ніны была прыгажосьцю нахабнай і, мабыць, таму не прыкмячалася яе», - адзначыў за нябожчыцай. - У вас ёсьць вопыт такой працы?

- Гэта першая мая праца, - сказала яна й прыплюшчыла вочы; яе доўгія вейкі прытаіліся.

Сумленевіч запытальна паглядзеў на кадравіка, на міг.

- Пані закончыла школу адміністрацыі, - кадравік падсунуў Сьцяпану паперы. - Часткова завочна...

- Пасьля таго, як выйшла замуж, - дапоўніла яна. Ёй чамусьці было прыкра. - Фактычна, дык усяго апошнія паўтара года...

«І гэтую заб'юць!» - кальнула Сьцяпану недарэчнае.

- Вось тут пазначана, - кадравік пахіліўся над індэксам. (На халеру гэты індэкс?!) - Адзін год і няцэлых сем месяцаў, - ад яго кучмы ўдарыла ў нос кіслым потам нямытай галавы.

- Добра, пабачым. Запоўніце пэрсанальную анкету.

Кадравік пайшоў зь ёю, забіраючы рассыпаны стосік яе дакументаў, звычайных і аздобленых, якія нешта пасьведчваюць, уверагодніваюць перад чужымі.

Новае месца працы. Што-б гэта абазначала, як назва задумлівасьці Сьцяпана Сумленевіча?

Бачыў ён Кіру, яе патлусьцелыя шчокі й нязоркі пагляд. Яна ўставала перад шостай гадзінай раніцы й марудна апраналася, шахацела цэляфанавымі торбамі, у якія клала панчохі; (Сьцяпан злосна пераварочваўся на другі бок.) Абуўшыся, раз-пораз забягала ў спальню, зноў чагосьці; чуўся глухі стукат яе абцасаў на дыване. Скрыпелі дзьверы шафы з адзеньнем, зьвягалі вешалкі. Усе гэтыя гукі ўяўляліся Сьцяпану разам з пахамі згатаванага малака, харашуткіх булачак, масла ў пасоленай вадзе... Сьнедалі каля паловы сёмай, спакойна й без апэтыту. Ён з палёгкай уставаў з-за стала, рабіўся пасьпешлівым ад раптоўнай нецярплівасьці апынуцца на працы. (Кіра рэагавала на гэтую пасьпешлівасьць.)

- Кіра, я не магу знайсьці рукавіцаў, - ён, мокрыя ці сухія, засоўваў іх у кішэні паліто.

- Сохнуць у ванным, - яна, пераважна, тады пачынала злавацца.

- Ага, - палохаўся ён падсьвядомым, ранішнім страхам: «Праз халерныя рукавіцы ў нас можа дайсьці да разводу!»

Кіра бралася мыць пасуду. Сьцяпан цалаваў яе ў вушка й выходзіў з кватэры. Ад яго пацалунку яна як бы прысядала... У закутку, паміж абагравальнікам і акном, павук снаваў сваё накшталт мініяцюрнай антэны. Дзіўны павук, якога хацелася клікаць «Васькам».

- Зь мяне, Сьцёпанька, нядобрая жонка і благая гаспадыня, - аднойчы сказала яна.

- Табою, як жонкай, я цалкам задаволены; ну, а як гаспадыняй - скажу табе - я да непрыстойнасьці захоплены! - адказаў ён, прыжмурыўшыся ва ўсьмешцы. - Такую горбу аладак, і так смакавітых, магла напячы толькі мая Кіра. Толькі яна!

- Знайдзі мне працу, - Кіра ні трохі не жартавала. - Хоць абы-якую й абы-дзе...

- Мала табе, Кірачка, працы дома? - ён штосьці прадчуваў. - Ого, зажадалася падвойную плату мець...

- Я, Сьцёпа, не жартую.

- Бачу, Кіра. Бачу...

Нешта сарвалася ў ім; не стрымаў ён нагрузкі дня, вельмі нэрвовага дня, і сказаў ёй, праўда, залішне па-грубіянску, многае, чаго, зрэшты, не шкадуе й па сёньня. Добра, Кіранька, я пашукаю табе працу. Не, не ў сваёй установе, бо гэта зашкодзіла-б табе, ты не магла-б узвышацца на службе: муж і жонка ня могуць быць адначасова важнымі. Ведаеш, Кірушка, знайду табе я месьцейка ў фірме з разумным дырэктарам. Думаю, ты не супраць таго, каб працаваць пад кіраўніцтвам разумных... Але няхай табе, мая ты Кірулька, не здаецца, што інтэлігентнасьць у чалавеку зьяўляецца нечым пажыцьцёвым. Асабліва - у дырэктароў! Твой першы пэрыяд штатнай працы праміне, ну, быццам мядовы месяц: у цябе, напэўна, знойдзецца шмат жаданьня выконваць свае абавязкі выключна добра, а ў дырэктара-ж - разумець цябе й дапамагаць. І так яно, фактычна, будзе. Неўзабаве ты, Кіраня маё, пойдзеш далей і тады сутыкнесься зь незразумелым: удасканальваньне працы, значыць, і фірмы, акажацца шкодным ёй... Дырэктар растлумачыць гэта па-свойму. Не паслухаесься яго - пазвоніць табе аднаго дня, па ўнутраным тэлефоне (ты пазнаеш яго па голасе!), і скажа прыблізна наступнае: «Вы перастаньце пісаць і вазьміцеся за працу!» Ён выключыцца, пакуль ты, Кірушка, пасьпееш разявіць роцік, а прытым падумаць: «Што здарылася? Заўсёды гаварыў ён да мяне: пані Кіра! Гэта жарт. Хтосьці, у каго голас падобны да дырэктаравага, пажартаваў і рагоча сабе ў каторымсьці пакоі дырэкцыі...» Як-жа бяз дурняў жыць на сьвеце? Бяз дурняў - панура, сказала-б пабочная асоба наконт твайго канфлікту з шэфам. Ты, вядома, дурнем палічыш дырэктара; нейкая рацыя ў гэтым будзе. Ды ўся справа ў тым, Кірушачка, што кіраваньне даверанымі інтарэсамі, як кожная штатная праца, мае абмежаваны характар. Таму, пані Кіра, у нашых умовах, нашай фірмы й суседняй, той, хто перарос даручаныя яму заданьні, можа зрабіць, па праўдзе кажучы, адзін крок: альбо пашукаць сабе іншую, болей адпаведную, працу, альбо заняцца бурлівай грамадзкай дзейнасьцю (найлепш - далёка ад радзімага асяродзьдзя). Заўваж, дарагая, што, застаючыся хатняй гаспадыняй, ты не прымушаная ступіць таго кроку. Усякая твая ініцыятыва, накіраваная на ўмацаваньне хатняй фірмы й яе ўдасканальваньне, будзе вітацца доўгімі, працяглымі, нямоўкнымі н авацыйнымі воплескамі з боку інтарэсаў, якія ты бароніш, гэта значыць, з майго боку. Ясная справа, да таго часу, пакуль не павырастаюць нашы дзеці, якіх ня маем, але яны - я ўпэўнены ў тым! - будуць; дарослыя дзеці, як слушна здагадваесься, рашучым чынам абмяжуюць тваю барацьбу за разьвіцьцё інтарэсаў, натуральна, усё больш супярэчных зь іхнімі, нам дзіўнымі...

Кіра маўчала.

Яна ў той вечар наогул не азвалася словам. Выйшла з кухні ў пакой - гаворка адбывалася ў кухні, за абедам - напахнёны сьвежымі кветкамі, і там глядзела тэлевізійную праграму. Сьцяпан прыхінуўся да акна, таго самага, ля якога ў зімовую пору ажыў павук, і прыглядаўся да вулічнага руху. Ён любіў наглядаць за паводзінамі пешаходаў і машынаў, знаходзячы ў гэтым яснасьць сваім думкам. Кіра, калісьці застаўшы яго пад час такіх назіраньняў, спужалася. Здарылася што? Га? Кажаш, нічога... Дык чаго глядзіш туды, што? Нехта сочыць за нашай кватэрай? Ніхто, кажаш, ня сочыць... Ну, што цікавага ты ўгледзеў там? Адыйдзі ад акна, бо суседзі падумаюць, што мы - пляткары, цікуны языкія, гультаі! Што? Так могуць думаць у вёсцы? А Беласток - горад?

У Сьцяпана Сумленевіча нараджалася крыўдаваньне на жонку. Гэтае пачуцьцё яшчэ ў ім не ўстаялася, і можна было-б пазбыцца яго. Але ён ня вельмі хацеў таго.

Сам аб тым ня ведаючы, ён імкнуўся пакрыўдзіць Кіру. Ня раз будучы сам пакрыўджаным, ён знаходзіў палёгку ў сварлівай гутарцы зь ёю, у тым, каб давесьці яе да разгубленасьці, пужлівай няўпэўненасьці. Такое й было ягонае крыўдаваньне: пакрыўдзіць таго, хто адчуваў гэтаксама, як ён.

 

3

 

Сумленевіч быў блізкі зразумець тое, менавіта, у час водпуску, сонечнага, праведзенага ў кэмпінгу каля возера. Кіра, высьвежаная бесклапоцьцем, з аднолькавай сымпатыяй адносілася да жанчынаў і мужчынаў. Яна нават папрасіла ў Сьцяпана прабачэньня за некалі ўчыненую яму вымову: «Я, Сьцёпачка, думала, што ты заляцаесься да чужых... Разумею, дурная, што быць да кагосьці мілым не заўсёды зьяўляецца пазнакаю чагосьці іншага... Прабач, Сьцяпулёк!» Пацалавала яго: спачатку ў шчаку. Перажылі яны тады цудоўную ноч каханьня, пасьля якой ледзь пасьпелі на абед у прыазёрнай сталоўцы. «Ты абдымаў мяне ў сьне», - шаптала Кіра, каштуючы гарачы суп. І ад гэтых яе словаў успомнілася яму, што меў страшэнны сон. Кіра, адна, сядзела ў палатняным крэселцы на ганачку доміку й - гэта зьдзівіла Сьцяпана найбольш - курыла зьверабойныя папяросіны даўняга вырабу; яна заклала нагу на нагу, чаго, таксама, ніколі не рабіла. Навокал трымцела гарачыня й пахлі смалою сосны. З суседняга доміку выйшаў франт з вусікамі, зграбны ды загарэлы, у штоніках каліфарнійскай кройкі. Кіра павабіла яго пальцам, сказала: хадзі. Расьсьмяялася поўным зубоў ротам, агледзелася, устала, падняла рукі й працягнулася, быццам кошка, гідліва адкінуўшы ў бок папяросу. Вусік - так назваў франта Сьцяпан - выпнуў грудзі, паказваючы мускулы, ад якіх блішчэла сілаю. Ну, хадзі хутчэй, няма часу, панукала яго Кіра, узяўшыся расшчэмленымі пальцамі за свае набрынялыя грудзі. Той прагна глядзеў на Кіру й не разумеў яе або баяўся. У цябе муж, прамармытаў ён, і Сьцяпану гэта спадабалася. Таму нам трэба хуценька, яна клікала яго ў домік, у якім яны абое неўзабаве зачыніліся; цераз ваконца вылецеў пакамечаны Кірын купальнік. Сьцяпан бегаў вакол, і не ўдавалася яму закрычаць... Дзьверы, тонкія й скрыплівыя, расчыніліся, і зь іх выбег, голы, той-жа Вусік, а за ім - Кіра, пра якую цяжка было сказаць, што яна выгледзела засаромленай, хоць яе твар аказаўся заслонены вялізным саламяным капялюхам, процісонечным, мэксыканскай формы, з бруднай стужкай сіняга колеру. Ляпаючы далонямі па сваіх незагарэлых азадках, яна прасіла Вусіка, які на хвілю прыпыніўся: скажы суседу, каб і ён хуценька йшоў да мяне. Павярнулася, засьмяялася да Сьцяпана, хіба каб прыхаваць гэтым сваю зьбянтэжанасьць, і далікатненька скокнула ў домік. Сьцяпану, урэшце, удалося схапіць рукою за клямку...

«Ты абдымаў мяне...»

Абедалі паволі й дакладна; яны папрасілі дабаўку (хлеба Сьцяпан прынёс зь нікім не занятага стала). Пахла воднай прасторай і селядцамі... Сьцяпан успомніў, што ў фізычнае каханьне з жонкай ён уяўляе сабе іншых жаданых... Гэта так! Кіра, вядома, не павінна ведаць аб гэтым зусім не таму, што ўсё закончылася-б непрыемнасьцю; ён ня здолеў-бы вытлумачыць, што, магчыма, у ёй, мілай Кіры, знаходзіць тое лепшае, чым надзеленыя знаёмыя яму жанчыны. Больш таго - ён не супроць падобнага і ў яе... Не, нельга расказаць ёй сну - зразумее яго проста.

 

4

 

«Адносіны паміж мужчынам і жанчынаю - самае галоўнае, самае элемэнтарнае...» - новая сакратарка адносілася да Сьцяпана Сумленевіча зь беспамылковай ветлівасьцю й гэта падалося яму крыху ненармальным. Ён дыктаваў ёй у пратакол формулы пастановаў управы; старшыня, перад выездам у міністэрства, папрасіў менавіта яго пакіраваць пасяджэньнем, зрэшты, чарговым і малаважным. Я вас вельмі прашу, гаварыў старшыня... Я, ведаеце, ня быў падрыхтаваны на такую просьбу, адказваў яму Сумленевіч, маючы на ўвазе тое, што ва ўправе не займаў ён ніякага становішча, зьяўляўся бесфункцыянерным членам. Вы самі дасканала разумееце, чаго варты мой намесьнік, наракаў старшыня. Прыкра будзе, пане старшыня. Няхай гэта ім будзе прыкра, пане Сумленевіч. Усё-такі, пане старшыня... Я ўсё бяру на сябе. Старшыня дадаў: дзейнічаць - гэта тое-ж, што ўчыняць людзей разумнейшымі. (Запрапанаваў выпіць па чарцы каньяку.)

Пачуўшы слова «дзейнічаць», Сьцяпан Сумленевіч пацёр далоняй карак: па нутры прабег яму халадок, бы дакрануўшыся да нечага невядомага. Ён любіў паўтараць, што чалавек столькі варты, колькі зможа паўплываць на рэчаіснасьць, на яе зьмену да лепшага. Выслухоўвалі яго няўважліва, асабліва малодшыя, тыя, каму цяжка быць няшчырым. Слухачом вузелі вочы, брала іх на пазяханьне й праяўлялі яны абражальную зацікаўленасьць нейкай дробязьзю, сьціральнай гумкай, пашчэрблінкамі на ёй.

Яго аглушваў гнеў.

- Сваімі словамі, гэтымі гутаркамі, Сьцяпанка, крыўдзіш людзей, - аднойчы сказала Кіра, перабіваючы яму.

- Як гэта, Кіра?

- Ты, звычайна, маеш жаль да ўсіх за тое, што яны ня роўня табе. Хочаш, каб людзі былі падобныя да цябе. Злуесься, калі хто аказваецца горшы або й няўмекаваты. Нікога не шануеш.

- Кіра! Я, здаецца, нікому не сказаў благога слова...

- Ня толькі дрэннае слова абражае.

У Кіры былі свае прычыны дзеля таго, каб так гаварыць. І, як гэта паміж імі здаралася, выкарыстоўвала яна першую нагоду, каб выліць набалелае, змоўчанае; выпеставала ідэал жыцьця, пабудаваны з выкрытых памылак Сьцяпана. У прынцыпе - вельмі жаночы, падрабязны.

Сьцяпан, зь некаторым перапалохам, слухаў і глядзеў на яе.

Намер пашукаць сабе іншую працу, іншае асяродзьдзе, успрымаў ён як сьвядома адкінутую спробу самагубства, якое ўяўлялася яму як павешаньне ў пятлі, замацаванай на круку, паіржавелым, але няўломным, што ў дзяцінстве ён бачыў у сьцяне хлеўчыка; тады чаплялі на ім зарэзаную авечку, прывезеную зь вёскі; сьвежавалі яе.

Той хлеўчык, пахілы, у прыгарадным заплоцьці, прэтэнцыёзна накрыты чырвонай чарапіцай, на якой узімку навісалі курганікі сьнегу, надакучліва ўспамінаўся Сьцяпану праз усё пасяджэньне ўправы; ён правёў яго па просьбе старшыні. Не было спрэчак над пытаньнямі, якія ён ставіў пад развагу. Намесьнік старшыні згодліва ківаў галавою; ён вырысоўваў на пачку запалак тлустыя выкрутасы накшталт галавы мужчыны з вусамі. Калі, быццам зосну, ужо ўставалі з-за стала, нехта сказаў, што гэтая нарада была самай кароткай. Сьцяпана зьдзівіла не заўвага, прыхільная яму, але радаснае значэньне выказанага.

«Нашто я згадзіўся правесьці пасяджэньне ўправы?»

Зручным яму выйсьцем з узьніклага становішча было-б выехаць у адпачынак, на тыдзень і бяз Кіры. Ранішнім аўтобусам, сінім і запыленым, які - праз дзьве гадзіны - спыняецца ў маладняку. На панадворку ён застаў-бы палахлівую гаспадыню, небясьпечна прыгожую, пра якую чуў вельмі зласьлівае, што яна зьяўляецца дзіцём вайны, народжаным пасьля згвалтаваньня салдатамі яе маткі... Купіўшы малака, Сьцяпан накіраваўся-б сьцяжынаю ў ягадную далінку, за якою цямнее ў ельніку кімсьці недакончаная віла, панурае страшыдла, што нагадвае сваім выглядам разбураную цэркаўку. Сьцяжынка даходзіць да затокі Сівай Чаплі; кожнай затоцы тут Сьцяпан даў імя, расьсьмяшаючы гэтым Кіру. Яна, калі сьмяецца, выглядае незвычайна панаднай. У такую хвіліну, калі ён глядзіць на яе, усю заплаканую ад усьцешанасьці, узнаўляецца ў ягонай памяці франтавая страляніна, выбухі снарадаў, шлёнская гаворка нямецкіх аўтаматчыкаў, іх закасаныя па локці рукавы, пабітыя савецкія палонныя (на выгане, у ліпеньскую сьпёку), схаваныя ад марадзёраў у маліньніку дзяўчаты ды маладзіцы, пажар на загуменьні, вывалачаная артылерыстамі суседава дачка (здаецца, Зося), малітвы мацярок і, па-над крыкам, жахлівая навіна: «Не плач, матко, праз два тыдні будзем у Москаў!»

Уласна кажучы, ён штосьці страціў, праводзячы пасяджэньне ўправы.

- Чаго, Сьцяпанка, не разумееш?

- Мне, Кірачка, ясна.

- Не, мой галубок, ты чагосьці не разумееш!

- Калі мышцы добра жывецца, трэба выкінуць яе на мароз. Схапіць за хвосьцік - і, выбегшы зь ёю на балькон, шпурнуць у гурбу сьнегу, найлепш на відавоку кошкі...

- Неразумна ты жартуеш.

- Самая разумная - размова аб сьмерці.

- Не засмучай мяне.

- Няма болей глыбокага пачуцьця, чымсьці смутак.

- Табе нядобра са мною?

- Радасьць лічу я тым асаблівым няшчасьцем, якога чалавек сабе не ўсьведамляе. Таму не люблю сьмеху, бо ад яго падымаюцца мне валасы, - Сьцяпан пагладзіў палыселую галаву, памкнуўшыся такім чынам разьвесяліць жонку; ён зайшоў задалёка.

Кіра расчыніла шафу з адзеньнем і дастала адтуль сьвітар.

- Я павінна зарабляць, - сказала яна.

- Грошы - апошняе, пра што можам гаварыць, Кіра, - ён чакаў, пакуль яна нацягне на сябе сьвітар, карычневы: «Яна дрыжыць!» - Чаму ты хочаш працаваць? Баісься за сваю кваліфікацыю?

- Грошы ўводзяць гармонію ў жыцьцё.

- Што ты хочаш гэтым сказаць?

- Табе няясна?

- Гарманізацыяй жыцьця займалася дзевятнаццатае стагодзьдзе, ствараючы закончаныя тэорыі й... раманы, якія ты, Кірачка, з захапленьнем чытаеш. Мы, сто гадоў пасьля, ведаем, што гэта была ілюзія. Табе ясна?

- Пачастую цябе, Сьцяпулёк, чорнай кавай. Яна праясьняе розум, - Кіра выйшла ў кухню, уключыла газавую пліту й паставіла чайнік.

- Дзякую, Кіра. З прыемнасьцю пап'ю.

- Міла пачуць, калі мужчына праяўляе ўдзячнасьць жанчыне, якая, гэта слушна заўважыў ты, - яшчэ не абтрэсла зь сябе шалупіньне мінулай...

- Кіра, - ён перабіў ёй, - я не хацеў абражаць цябе.

- Я, хіба, абразілася?

- А ці не?

- Сьцёпа, - са знарочнай упартасьцю. - Паміж намі адбыўся паядынак.

- Спадзяюся, ніхто ня выйграў...

- Так яно, сапраўды, і ёсць.

- То-ж... - паступова ён абціхаў. Учытваўся ў забыты тыднёвік, знаходзячы ў ім блізкія да праўды здагадкі. Сёе-тое цытаваў. Другі дзень запар крапаў дождж, цубаніў па блясе. Як напамінак часу.

Перамова з Кірай не спадабалася яму: хутчэй за ўсё іншасказальнасьцю, чымсьці начытаным. Адкуль і ўзялося ў яе такое? Паміж імі даўно, тады, мела месца нядобрае; яно непапраўна разьдзяляе іх. Як струменьчык вады, які размывае гару, утвараючы спачатку раўчук, што разьдзяляе нешта напалову. У іх жыцьці ўзьнікала западзіна й адчуваліся павевы чужога. Сьцяпан зьбіраўся прадумаць тое здарэньне, так і не дабіўшыся ад сябе неабходнай настойлівасьці.

Яго займалі справы. Пастаянна ўзьнікалі цяжкасьці на працы; быў нават выпадак, калі ён пазваніў у высокапастаўленцкі габінэт з просьбай аб гутарцы. Сіплы голас у тэлефоннай трубцы пазнаў Сумленевіча, і гэта зьбянтэжыла яго; відавочна, размаўляў з колішнім знаёмым, ад якога, вядома, ня мог чакаць нічога добрага. Сумленевічу запрапанаваў ён пазваніць яму праз тыдзень, у аўторак а дзевятай гадзіне. Не, няма сэнсу, ціха вырашыў Сьцяпан. Сутыкненьне ягонае са старшынёй прыгасла, угладзілася, і тая тэлефонная размова асела ў Сьцяпане прыкладной прымаўкай: «Сем разоў адмерай, пакуль раз адрэжаш». Ён не захапляўся народнай мудрасьцю; ведаў зь яе сёе-тое, пераважна - бяз сувязі.

 

5

 

Да сутыкненьня Сьцяпана са старшынёю, гэта так, дайшло неяк нечакана й - з далечыні лепей відаць - цалкам беспатрэбна. Паспрачаліся яны паміж сабою за дробязь, пра якую абодва ўжо даўно забыліся. Не ў ёй, аднак-жа, сутнасьць падзеі. (Няма дыму без агню.) Старшыня, заслужаны й стары чалавек, доўга сядзеў на адной пасадзе. Хтосьці першым сказаў гэта; той кучаравы член управы, які надарэмна намагаўся ўзначаліць аддзел - дзесьці пад Беластокам, блізка. Ён выказаў тое, маючы на ўвазе канкрэтнае. Атрымалася з таго праўда агульнага значэньня - іначай, Сьцяпан не запамятаў-бы яе. Зрэшты, памятаецца важнае сабе. Верыцца або ня верыцца. Чытаць або слухаць пра кагосьці, як пра доўгагадовага ды знакамітага - што й казаць - дзіўна! Хоць - усё адноснае, падпарадкаванае адзінкаваму, індывідуалізацыі.

Тым ня менш, у выпадку старшыні няма падставаў для гэткіх ваганьняў. Няма за што... Ён старанна ходзіць на працу, іншы раз на гадзіну раней можна пабачыць яго ў габінэце, пахіленага над падшыўкамі папераў, са стомленым тварам (у яго, магчыма, хворы страўнік). Наведнікаў прыймае - а іх шмат - зь ветлівасьцю; на прывітаньне выходзіць ён з-за пісьмовага стала, абкружанага падковай кніжных паліцаў, і запрашае сесьці ў вадзін з фатэляў пад пальмай «фэнікс». Нярэдка загадвае ён сакратарцы нарыхтаваць дзеля гэтага па шклянцы гарбаты; паводзіць сябе непрымушона, выклікаючы настрой шчырасьці ды заклапочанасьці, і гатовы выслухаць найгоршае - ня йдзе на папулярнасьць, не абяцае. Строгі, стрымлівае слова.

Найлепшы ў горадзе кіраўнік, кажуць пра яго. Асобы праінфармаваныя дадаюць: цэнтральныя ўстановы маюць дачыненьне са скаргамі на яго, галаслоўнымі й ананімнымі, што дапаўняе дадатную ацэнку. «Сам ён піша на сябе ананімкі?» - аднаго разу не ўтрываў кучаравы. Абсьмяялі, дружна, ягонае дапушчэньне, палічылі зайздросьлівасьцю, несумненна справядліва. Помсьлівасьць насьцярожвае.

Адносіны са старшынёй разладзіліся ў Сумленевіча пры выпадку высылкі адказу каапэранту, малаважнага?.. Так, Сьцяпана зьнецярплівіла тое, што можна назваць адсутнасьцю навіны ў чалавеку. Таясамасьць, высыханьне зацікаўленасьці ім, нуда.

- Так, так, так, так... - Сьцяпану сьпяшалася, было яму вядома ўсё наперад.

- Э-э, ведаеце, колькі мне гаварыць вам, што...

Сьцяпан не стрымаўся, чаго потым пашкадаваў, пасьля таго тэлефону, заіклівай перагаворкі зь сіплым голасам. Ён адчуў, як адлягае гнеў, колкай крыгаю перасоўваецца ў іншае месца, пра якое ведаў усяго столькі, што яно, мабыць, як завадзі на рэчцы. Міжволі зайшоў сабе ў буфэт, дзе купіў каўбасы, дасканала павэнджанай, у натуральных кішках, са смакавітым дымным пахам. Дома, пакуль Кіра згатавала бульбу, Сьцяпан нарэзаў паўталеркі гэтай вяндліны, прадаўгаватымі, памяркоўна тонкімі скрыгелікамі й аблупіў дзьве цыбуліны, малыя, пякучыя. Адчыніў слоік марынаванага турэцкага перцу. Калі абедалі - бульба без заскваркі, каўбаса зь ядлаўцовым пахам, цыбуля з турэцкім перцам - ён скрывіўся ад жончыных словаў захапленьня, дзівосна грубіянскіх, такіх, якімі хамы абсьмейваюць патрэбнае мужчыну й жанчыне, калі яны распранаюцца й лягаюць у пасьцель. (Некаторыя памылкова атоесамліваюць гэта з каханьнем.) І, дзіва, застаўся безуражлівым; прынамсі, не адразу... Узважваў сутычку са старшынёю, значыць, бачыў яе, як штосьці даволі далёкае ад неспадзявана цьвёрдага, каменнага, не разгледжанага як сьлед. Што непасрэдна яго дакранае.

Паабедалі абое са смакам.

Увечары яны разьлівалі ў бутэлькі віно зь яблыкаў, клейкае, маладое. Налічылі дваццаць паўлітровак рознага фасону, у тым і пузатую, пасьля шампанскага.

Віно віном, але... Што гэта значыць: шматгадовы працаўнік кіраўніцтва?

...Пра справы ва ўправе Сьцяпан адкрыта размаўляў з Кірай, сам не агледзеўшыся, як і калі гэта сталася! Абдуманае выносіў дамоў...

Уніз, да скрыжаваньня вуліцаў, ён даходзіў шпаркім крокам, адказваючы на прывітаньні тым людзям, якім немагчыма было не адказаць, быццам сустрэчным перадумовам якогасьці посьпеху. (Мокры сьнег зь ветрам, які часам дзьмуў з артэрыі ў даліне, даваў яму права моўчкі прайсьці побач сардэчнага «добры дзень»; усенька, што ты скажаш, можа быць скарыстанае супроць цябе.) «Мой муж прайшоў праз жыцьцё, як ненармальна добры чалавек, - перасьцярожліва пісала Сьцяпану знаёмая ўдава. - Дачакаўся ён горбы ананімак, інфаркту, гратэскнага пахаваньня й нягоднічыны, якая спрабоўвае зьнішчыць памяць аб ім - і мяне». Ох, яго магіла, над якой Сьцяпан Сумленевіч амаль галасіў, як па некім блізкім! Як па бацьку, што памёр на год раней, у Вялікдзень, калі вербы выпусьцілі лісьце, а зямля пахла жыцьцём. Стораж, здаровы й дурны, неяк расказваў - стаялі паміж соснамі - аб тым, што, вось, два гады будзе, як падлюгі зь Мяшчанскай вуліцы, вось, з той, назьдзекаваліся, вось, тут над маладой удавою, чарнявай ды лындастай, у карацюленькай, але чорнай спаднічцы, доўгавалосай, буйнай, і ад таго часу не відаць яе, ага, бо, чуў, выйшла яна замуж, дзіва, узяў яе нехта, не зважаючы на трое дзяцей, праўда, ціхую драбноту, дай ёй, Божа, шчасьце, памятае, увечары надыйшоў на яе, бессаромна абадраную з адзеньня, ішоў, вось, адтуль, з таго закутка, дзе ўпаў высокі крыж, даваенны, быццам зуб... Могілкі старэюць.

Заслужаны працаўнік кіраўніцтва - гэта нягоднік, якога не ўдалося выгнаць. У такога хапае сумленьня ганарыцца, бачыць у іншых дурняў або палахліўцаў, што, дарэчы, адно й тое-ж. Ён, адзін, зашкодзіць агульнай справе больш, чымсьці банда камбінатараў, таму што яго нельга пасадзіць, няма сілы завесьці на лаву падсудных, выкрыць. Арганізацыя, як багіня штучнасьці, натхняльніца цывілізацыі, стварыла й ардэнаносцаў.

Што рабіць? Выйсьці ў парк ды падумаць аб тым, што Рымская Імпэрыя ляжыць пад двух-трохмэтровым слоем зямлі, напыленай тысячагодзьдзем; аб тым, што менавіта дзякуючы зьнішчальнаму Вэзувію сёньня маем дакладны вобраз старажытнага побыту; і аб тым, што для навукі пакаленьням патрэбна хоць час ад часу прайграць, пагадзіцца з гэтым, каб у закучмелых нашчадкаў, аднак, варушыліся шарыкі... Калі падае белавокі сьнег, ёлачкі на далёкай ускраіне дбайна дагледжанага лесу ціхамірна дрэмлюць, перажываючы прыступ вострага грыпозу. І трэба бяды, ператомленасьці або радасьці ад жыцьця, каб зайсьці ажно сюды, за Зьвярынецкі стадыён, за мэліярацыйныя равы, за якімі палярны краявід пералескаў на макрэдзі.

Забойства сакратаркі засталося як бы па-за ўвагай старшыні. Ён, цікаўлівы, спадзяваўся, што Сьцяпан раскажа яму сам. Так ня здарылася. І гэта, мабыць, было памылкай зь яго, Сьцяпана, боку, уступленьнем месца чуткам ды бязглузьдзіцам. Ён мог толькі чакаць, пакуль пераклубуюць, нават праўдападобныя, вэрсіі наконт ягонай уяўнай сувязі з цэлай справай, якія несумненна ўзьніклі ў пажвавелых урадніцкіх булавешках. Потым, у забываньне, яму быў-бы сэнс выкарыстаць няхай сабе й нязручную нагоду паведаміць шэфа... Сумленевіч пераканаўся, што закон апошняга голасу ў дадзеным выпадку абсалютна непарушны яму. Забойствам сакратаркі доўга цікавіліся ва ўстанове. Як на тое - наступная жахлівасьць мела месца позна: пад весну разбэшчаныя засранцы пакалечылі таксіста.

 

6

 

Усё перамешваецца.

Затое першы дзень у жыцьці, праведзены на працы, паўстае быццам дзяцінства. Сонечны, з напнутай ветрыкам заслонай на казённым акне, жоўты ад чысьціні пісьмовы стол, мілыя ад сяброўскіх пачуцьцяў твары супрацоўнікаў, па-матчынаму здагадны шэф, незвычайна востры аловак, белая папера, цікавая справа, урачысты наведнік... Няўжо павінна быць важным якраз сьцьвярджэньне, што той дзень у сапраўднасьці быў пахмурны, а заслона разьдзертая, а стол рассохлы ды з тараканамі, супрацоўнікі зласьлівыя, шэф недаверлівы, справа амаль ліпная, а наведнік, звычайна, злосны як халера? Ат, лічыцца тое, што захоўваем мы зь перажытага.

Сьцяпану не ўдавалася назваць пахі ў матчынай хаце падчас велікодных парадкаў у ёй. Вострае адчуваньне іх аднаўлялася ў ім, калі ён бываў у гасьцёх, у чысьценькіх людзей. Так пахла кватэра Кіры, пакуль не пачалося вясельле ў ёй, ля задрыпанай Азёрнай, з паўвясковымі музыкантамі, нанятымі цесьцем за сьмешныя грошы, з прыгараду, з Васількова (старэйшы зь іх пакаўзнуўся на скрыгеліку каўбасы, што валяўся на падлозе, і разьбіў сабе галаву). Каторагасьці году, у Каляду, зь немалым зьдзіўленьнем адкрыў Сьцяпан, што пах, той пах велікоднай хаты, мае смак гнілога антонаўскага яблыка! (Кіра накупіла яблыкаў дзьве торбы, дарагіх, здаровых, але яны ў кухоннай цеплыні пазагнівалі, і трэба было хутка паесьці іх.)

Запрасілі яны на Каляду старшыню з жонкай. У пакоі запалілі сьвечкі на ялінцы; ад іх загарэўся Дзед Мароз. Кіра, зь перапуду, накінула на запалыхалую цацку тонкую анучку, якая таксама занялася агнём. Сьцяпан не разгубіўся й пажарык загасіў старой шапкай, якую выхапіў са звалкі шмацьця ў ванным. Пабілася некалькі шарыкаў. Кіра, ачышчаючы ад шкляных аскепкаў дыван, урэзалася ў руку. Кроў з ранкі палілася ў яе чамусьці моцна.

Старшыні з жонкай, на шчасце, не было, і Кіра, як бы ў чаканьні запрошаных Сьцяпанам гасьцей, узьняла зь ім сварку. Не адразу. (У кухоннай пячурцы перапяклася качка, тлустая, і Сьцяпан, напэўна, з дуру, засьмяяўся. «Дым ад качкі й дым ад Дзеда Мароза», - пасьпеў падумаць і цалкам апусьціўся ў гагатаньне.)

- Што табе, Сьцяпанка?

Яна перапытала яго: што табе? Сказала, каб ён ішоў абмыцца. У цябе запэцканая шчака, сажаю. Ня сьмейся так, бо буду плакаць. Сёньня ўсё не ўдаецца мне. Ня стой ты, памажы мне, чуеш, дастаць гуску. Кажу, гуску? Божа, адыйдзі ты, Сьцёпа, у бок. Дай мне ступіць. Бачыш, змарнавала я добрае мяса. Ах, за што ні вазьмуся, выходзіць навыварат. Ня ведаю, як гэта пашанцавала мне выйсьці замуж за цябе. Шкадуесься, напэўна, ты ня раз. Узяў сабе завалу. Яно ад пачатку было відаць, што я табе сьмешная, малая й сьмешная. Прытым, і смаркатая: усё падсоўваеш мне хустачку. Гідзісься мяне, уцячэш да іншай. Да такой, што й смачна нагатуе есьці, і заробіць жывы грош, і ня будзе смарклівай, і будзе вёрткай у пасьцелі, ня гэткай соннай, як я... Колькі я сплю, а колькі сьпіш ты, га? Перадай мне свой сон, а пабачыш, не задрамлю перад тэлевізарам, у палове прыгодніцкага фільму... Старшыня зьявіўся адзін.

- Мая палавіна захварэла, - сказаў ён найгоршае, што мог сказаць ім, пасвараным.

- У такое надвор'е - ня дзіва! Распранайцеся, калі ласка. - Сьцяпан падыйшоў да яго прывітацца. Ад госьця тхнула прохаладзьдзю.

- Дзякую, - на ім было футра са штучных каракулаў. Як бы жаночае яно. - Марозік бярэцца. На здароўе. У вадлігу, ведаеце, дрэннае самаадчуваньне.

- Просім у наш салён, - сказаў Сьцяпан, намагаючыся на сымпатычную іронію. - Просім, просім...

- Мы яшчэ не знаёмыя, праўда? - старшыня мітусіўся перад Сьцяпанам, паглядаючы на Кіру, якая ў расчыненай кухні валаводзілася зь печанінаю. Яна пужліва зірнула на мужчыну й хуценька выцірала хвартушком рукі.

- Прабачце. Ад радасьці я забыўся, - пачырванеў Сьцяпан. - Мая жонка, - ён мякка дакрануўся да госьцевага пляча. Той здагадна паддаўся штуршку, ступіў да Кіры.

Ого, пацягнуў ён носам, даўно, э, не даводзілася ўсьведамляць сабе, што чалавек жыве раз і толькі раз. Ніхто ня верыць мне, што (ён пацалаваў Кіру ў руку) мужчыну нямаш больш цёплага краявіду ў сьвеце, як той, на якім бачыць ён маладую жонку - можа быць і не свая! - падпаясаную беленькім, такім бялюсенькім хвартушком. Паверце, я не махлюю. Усё, што здарыцца ў вашым доме пасьля гэтай хвіліны, ужо будзе рытуалам і прозай...

«Ну й пляце?!» - злаваўся на яго Сумленевіч.

Кіра спраўна ўвіхалася над застольлем. Яна, без першапачатковай сарамлівасьці, ахвотна дапусьціла старшыню да таго, каб ён нарэзаў хлеба; Сьцяпан адчыняў вэкі з агуркамі. Якая камічная дзелавітасьць?! Несур'ёзьніца! Пасядаюць яны за стол, нап'юцца за ім, нагавораць сабе, насыплюць словаў, у нічым не прыдатных, быццам мякіны, што вытрасаюць зь мяшка на белы сьнег, для прынады курапатак. Потым, заўтра й пасьлязаўтра, яны будуць мляўка ўсьміхацца адзін аднаму, усё роўна што выйшаўшы з фінскай лазьні; упрэлыя, распоўзлыя. Нібы хтосьці зь іх і мае справу да кагосьці, але хто і да каго? Справу, пра якую нялёгка сказаць, ці яна, наогул, патрэбная...

Пілі каньяк; грузінскі зь пяцьцю зорачкамі. Кіра, бестактоўна, паставіла на стол няшчасную качку; яе, усё-такі, зьелі. Пасмакаваў госьцю бігас, бязьлітасна наперчаны. Закуска больш падыходзіла пад вострую гарэлку, жытнёўку. Старшыня меў апэтыт і неўгамонна хваліў кожную страву. Ён адвёў у бок руку, мабыць, каб, залётна, ушчыпнуць Кіру за кульшу. (Сьцяпану так здалося?) Гасьціна адбывалася ў напружанасьці; анэкдоцілі, але бяз той хаатычнасьці, калі людзі зыходзяцца дзеля пустой забавы.

Уся таптаніна, стараньне аб добрыя адносіны са старшынёю, дбайнасьць аб апінію й гэтак далей - зьявіліся ў апошнія часы... Кіра мела рацыю, разглядаючы актыўнасьць Сьцяпана як звычную хілую барацьбу за ўласныя інтарэсы. У яго не было высокапастаўленых сяброў; Сьцяпанавы аднаклясьнікі не дабіліся чаго-кольвек значнага, мурашыліся яны ў тлумных фірмах, на безнадзейна нізавых пасадах. Такою, вось, атрымалася кляса, пасьляваенная, у якой вучыліся мужчыны, дэмабілізаваныя з арміі, нярэдка расьпітыя, зь інстынктамі банды. Калі Сьцяпан прывёў Кіру на выпускны баль, у зорны чэрвеньскі вечар, яна, ужо дзесяціклясьніца, са страхам слухала жартаў гэтых вучняў з густымі вусамі на абветраных тварах, пасечаных старэцкімі маршчынамі; яны паглядалі на яе адкрыта, шапталіся паміж сабою, адкліквалі Сьцяпана; каля іх круціліся ўгадаваныя дзяўчаты, яскравыя, пра якіх хлопцы кажуць з двухзначнай інтанацыяй голасу: «Такую ты нічым не спалохаеш». Тыя маляванкі выбягалі кудысьці, дзе знаходзілася люстра. Кіры хацелася паглядзець сваю прычоску, але яна не адважылася адыйсьціся: самавітыя дзеўкі маглі-б - крычы, не крычы! - выдаць яе на паганьбаваньне, пагасіўшы сьвятло, у туалеце... Што ім? Сьмех ды столькі! Шмат танцавалі, усе, пілі непрыстойна, па-змоўніцку, сьпяшаючыся выпіць і дакупіць у Кульгавай Зоські. Сьцяпан, ад непрызвычаенасьці да гарэлкі, званітаваўся ў расчыненае акно, пад воўчы рогат, якога ніколі не забылася... Сьцяпана завялі ў настаўніцкі пакой і ўкладавілі там на лаве. Кіра, седзячы каля яго, дранцьвела ад думкі, што ён, вось, возьме ды памрэ! Сьцяпану вярталася прытомнасьць, і ён шаптаў, пабялелы: «Хвароба на гэту гарэлку». Яна гладзіла яго па руцэ, быццам цяжкахворага, і перамагала жаданьне ўцячы адсюль, выбаяцца ў закуцьці, паплакаць у вахвоту. Нехта высадзіў галаву спаміж дзьвярэй, пра штосьці запытаў, не расшчаміўшы конскіх зубоў, усьміхнуўся шчакою да Кіры, як бы сказаў: «Цяпер ты ня выкруцісься з нашых рук!»

Перапалох, дзікі перапалох! Ад такога перапалоху нават і сьлязінка ў воку не пакажацца. Сьцяпан паволі прыходзіў у сябе, і гэта нешта гарантавала ёй. Яна падыйшла да тэлефону: куды званіць? У міліцыю? Выгаварыць усё й чакаць? Яна ня ўмела набраць нумар, бачыла, як рабілі гэта іншыя, але сама ні разу не званіла; у бацькоў не было тэлефону. У сябровак... Невыносна скрыпела падлога. Кіра зноў села ля Сьцяпана і ўся сьціснулася, так моцна, што ніякая сіла не разагнула-б яе, не расхіліла-б ёй ног, рук не раскрыжавала-б. Ведала, што няма выйсьця; на летнім сэаньсе, шанцовым, на якім яна апынулася як дарослая, у паўпустым кінатэатры, глядзела сцэну, сытуацыю, існаваньня якой толькі здагадвалася паводле мармытлівых чутак: зацюканая дзяўчына й трох хлопцаў, от, Кірачка й зграя тыпаў з зубялямі, п'яных... Ён, Сьцяпанка, любіць мяне, і калі даведаецца пра маё няшчасьце, гатовы пайсьці на самае вялікае глупства - павесіцца або падрэзаць сабе жылы! Яна памятае, што менавіта тузала яго тады за руку, баязьлівая, каб ён урэшце падняўся з лавы, сеў. Іх, паганцаў, можа ўдасца ўпрасіць, вымаліць тую адцяжку, якая абазначала-б цьвёрдае абяцаньне прыйсьці па добрай волі ў дамоўленую кватэру, потым, і адпакутваць - у таямніцы й не на людзкіх вачох. Яна думала, угледжваючыся ў зьнерухомелыя да ўскраю бяспамяці зрэнкі Сьцяпанавых вачэй, і праклінала разбойніцкі баль. Не вінаваціла яго ў даверлівасьці да людзей... Тая ноч закончылася камічна звычайна: зьявіліся трох - адзін зь іх дакладна выгалены - і, катэгарычна раскалаціўшы Сьцяпана, пацягнулі яго й Кіру танцаваць ды піць да белага дня.

«Божа, як зь ім будзе мне жыць?!» Ён, згодлівы, не супрацьставіцца нікому. Не жыцьцё, але вечная цяганіна будзе, пастаяннае адцягваньне - ад кагосьці або ад чагосьці. Жадалася ёй, каб Сьцяпан быў бойкім хлопцам.

Сьцяпан Сумленевіч цяпер клапоціцца пра суадносіны з начальствам, каб... дабром перамагаць зло. Гэтыя яго словы выклікалі ў Кіры істэрычны сьмех. Яна, пазьбягаючы іроніі, змахлявала яму, ужо паціху абражанаму яе рагатаньнем, што ёй нечакана ўспомнілася даўняя сяброўка ды яе дзівацкія ўчынкі. Ведаеш, Сьцяпанка, дачка нашай суседкі, калі я была яшчэ паненкай, заскочыла да нас, да мяне, з патаемнай просьбай пазычыць ёй маліновую сукню, у якой, яна бачыла, хадзіла мая маці пры сьвяце, стройная кабета, і таму надумала, што ў гэтай сукні будзе надта дарэчы выбрацца на сустрэчу зь лётчыкам, брунэтам у сінім мундзіры, абвешаным срабрыстымі пазнакамі, што жадаў ажаніцца між іншым па прычыне асобных патрабаваньняў ягонай службы, ад нядаўна сакрэтнай - толькі ці старая захоча рызыкаваць сукняй...

Сьцяпан паўтараўся.

Яна слухала яго, слухала, ажно, у рэшце рэшт, адказала яму чымсьці прачытаным: хто імкнецца толькі да грошай, той ня будзе мець іх. Наўрад ці ён зразумеў, але, відаць, нешта засьвяцілася ў ім, і ён выразна паспакайнеў. Яна й сама не адразу ўсьвядоміла сабе тое, што сказанае яму абазначала часовы саюз, такі, у якім адзін партнёр разумее другога якраз столькі, каб застацца задаволеным. Бывала - прагаворвалі яны да сярэдзіны ночы, да галаўнога болю. Засыналі пасьля таго, як абмываліся ў ванным і прыймалі супакаяльныя таблеткі; ад некаторага часу быў у іх запас нэўралягічных фармацэўтыкаў - ад знаёмай у аптэцы.

 

7

 

Выстывалі ў ёй пачуцьці да мужа. Яна кахала яго зусім не слабей, аднак-жа дзіўна па-новаму, бяз той яснасьці, што яднае жанчыну з мужчынам. Гэтае заядала яе падчас вясельля ў хроснага сына. (Зычым маладым шчасьця-здароўя й прыбытку ў хаце, ні многа, ні мала, штогод па дзяцяці...) Маладая папярхнулася чаркай гарэлкі, якую піла яна на парозе, перад цесьцямі, што выйшлі з талеркаю на бялюткім ручніку й са словамі, словамі... (Жывіце, дзеці, у згодзе, шануйце адно другое. Каб даў вам Бог удачу і спору ў працы...) Вярталіся з царквы, ад шлюбу.

А як пажаніліся яны, Сьцяпан з Кірай? Ля пыльнай Азёрнай, у хаце з памаляванай шалёўкай у чырвоны колер, у садку, абсаджаным вішнямі, за якімі гарбацеў хлеўчык, парасятнік, пераўтвораны ў дрывотню, крыты бляклай чарапіцай, глінянай. Кірын бацька, бадай непісьменны, да вайны фурманіў у нямецкага ці жыдоўскага фабрыканта; у акупацыю хапіўся ён за спэкуляцыю мясам і гэта дазволіла яму - у пасьляваенны час - выплысьці на паверхню жыцьця ўласьнікам немалога капіталу ды таемных сувязяў, дзякуючы якім бяз панікі прычакаў стабілізацыі ўлады на Беласточчыне; меў ужо неблагую работу, сторажам у судзе, дзе ад чыёгасьці ймя прыймаў хабары. Кіра ня зьведала бяды. Сьцяпан - калі вырашылі аб шлюбе - адчуваў сябе шчасьліўцам у прыстані паўднёвага мора. Ня жарты - у іх ня зводзіліся апэльсіны й лімоны, індыйская гарбата й маляйскія прыправы, густая паўночная вяндліна зь нятлустых шынак і рыбныя далікатэсы амэрыканскага вырабу. Цешча трымала ў шафах з адзеньнем, у дзьвюх, паклады дарагіх матэрыялаў на касьцюмы з адціснутымі прозалацьцю назвамі ангельскіх фірмаў, якія - вечарамі - перадавала, відаць, дэталістам; адзін зь іх, высокі й напамаджаны, як незнарок падгледзеў гэта Сьцяпан, быў яе каханкам. Кіра не ўдалася ў яе; дакладней кажучы, удалася яна ў маці тэмпэрамантам. Яна любіла цалавацца, так сказаць, ад пачатку, і навучыла Сьцяпана пацалункам «зь язычком»; яны зачыняліся ў найменшым, рагавым, пакойчыку, куды не даляталі кухонныя перамовы з гандлярамі (бацькі цэлымі днямі не было дома, вяртаўся позна, кідаючы ў сенях нешта грузкае), шчыльна засланялі вокны, сядалі на атаманцы ды прытуляліся да сябе, нашэптваючы рознае, часам і непрыстойнае, ад чаго дрыжэлі. Сьцяпан падазраваў, што ён ня першы мужчына ў Кіры, але ў альбомах з фатаграфіямі (яна хвалілася імі) не сустракаў нічога, што ўпэўнівала-б яго ў гэтым.

Ужо тады рабілася яму прыемна-млеўка ад няяснай радасьці, што салідная забясьпечанасьць Кіры дазволіць заняцца нечым узьнёслым. Што мець жонку й сям'ю - цешча наймала служанку, якуюсьці сваячку - ня будзе цяжарам. Якраз ціхаводнай затокай, зь якой будзе ён выходзіць далёка, дзе трэба адпачытыя нэрвы й адкормлены арганізм.

Пажаніліся маладымі.

На пірагох цесьць - яны пілі самагонку, прыпраўленую апэльсінавымі скуркамі - завёў са Сьцяпанам дзелавую размову. (У Кіры быў ужо позірк жанчыны.)

- З работай, зяцёк, не сьпяшайся, - ён піў памяркоўна, бы чаго баючыся. - З работай, ведаеш, як з жонкай: нялёгка зьмяніць яе...

- Ой, папа! - пырскала сьмехам Кіра.

- Адпачні, Сьцяпан, пасьля вясельля, - гарэзіў стары. Ён падморгваў Сьцяпану; яму не хапала вусоў. - Сам я, як здагадваесься, таксама жаніўся, - у яго была нябрыдкая манера лёгкай размовы, напэўна, вывучаная на даволі інтэлігентнай службе.

- Я й адпачываю, - Сьцяпану хацелася пажартаваць, але ён ня ўмеў таго.

- Ты маеш добры дыплём, патрэбна табе добрая работа.

- Жонка ўжо ёсьць, - дадаў нехта з гасьцей. Яны - а іх назыходзілася й на пірагі нямала - паводзілі сябе нясьмела, як людзі зь вёскі ў горадзе.

Цесьць пра ўсё падумаў: будзеш, Сьцёпа, працаваць у кааператыве! Старшыня - свой чалавек.

Як гэта магутна быць дарослым! Сьцяпан намеціў першую ідэю: стацца ўзорным службоўцам! Яму і ў галаву не прыходзіла хаця-б тое, што такіх - баяцца! Гідзіўся ён справамі Кірыных бацькоў, сам пакуль ня ведаючы пра тое. Так. На працы адразу пачалі паважаць яго за стараннасьць і шанаваньне слова. Гэта крыху сьмяшыла Сьцяпана, як нешта атрыманае не па заслугах. Нічога не пагражала яму, упачатку. Начальства адносілася да яго як да шчасьлівага набытку. Нешта з таго даходзіла да цесьця, які прамурлыкаў: «Усё, ну, бачыш, добра, дзякуй Богу». Зашахацеў ён сухімі каштанамі ў кішэнях нагавіцаў; насіў іх у вільготнае надвор'е, калі круціла яму ногі. (Па іх прычыне Сьцяпан перажыў забаўную гісторыю, пра якую ніхто не павінен ведаць; быў такі момант, калі ён падумаў, што яго цесьць кульгае на пратэзе! Вельмі прыкрая здагадка.)

Незвычайна лёгка быць добрым чалавекам.

Пра дрэнныя ўчынкі слухаецца зь недаверам; дапускаюцца іх недарэкі... Такія, каму няма ахвоты працаваць. Нудныя гультаіскі. Або дурныя. (Дурных, чамусьці, пазнавалася па тым, што яны насілі акуляры ды ўважліва прыглядаліся субяседнікам. Па-курынаму, чуйна й не разумеючы.) У суседнім, са Сьцяпанавым, пакоі трываў пажылы бухгальтар, як кожны бухгальтар - прыклад блізарукасьці. Крахтаў ён над калёнкамі лічбаў, зьлічваючы глупствы. Невыразна лаючыся пад носам, выходзіў ён з-за пісьмовага стала, засоўваў далоні за пазухі, горбіўся, таптаўся на месцы, разважаў папяровую праблему. Калі-б ня грошы, гэты чалавек, праўдападобна, зьяўляўся-б сьмяшлівым... Вам здаецца, мілыя, што грошы прыдуманыя дзеля таго, каб імі раскідацца! (Гневаўся стары.) Але гэта, мілыя, няпраўда. (Рабіў адкрыцьцё.) Яны створаны для таго, каб нават самы благі злыдзень даў людзям хоць нейкую карысьць. (Яго словы перакруцілі: каб і са злыдня выціснуць хоць якой-колечы карысьці. Не расьсьмяшылі яго.) Ні фараон, ні паншчынны цар не змаглі так пагнаць да працы, як менавіта яны, во! (Ён дабіваўся прызнаньня яму рацыі, пасьля чаго расказваў анэкдот; цікава, што кожны раз сьвежы, нечуваны.) Часамі бухгальтар хварэў. Смуткавалі.

У пасьлякалядную раніцу бухгальтар зайшоў на кватэру Сьцяпана, які, памыўшыся, сядаў сьнедаць. Цешча, з пакругленымі вачыма, паведаміла зяця: «Да цябе - якісьці п'яніца!» (Потым гаварыла яна, што госьць уявіўся ёй супрацоўнікам міліцыі.) Барадаты - загадаваў неахайную прычоску - ледзь варочаў ён языком і прасіў у Сьцяпана шклянку чорнай кавы. Я, мілы, ноч ня спаў і дома ня быў... Проста да цябе... Прабач мне, мілы, за неспакой, які...

- Прысядзьце, дарагі сябра, - Сьцяпан запрасіў яго да стала. Бухгальтар, аднак, марудзіў і, нарэшце, сказаў, што просіць Сьцяпана пагутарыць бязь сьведкаў. (Таму, мабыць, і падумалася бабе пра сышчыкаў.)

- Як гэта табе сказаць, мілы, - ён чакаў кавы. - Ах, як выказаць?.. Мо' й беспатрэбна?..

- Пасьпеце ў нас. Вы-ж хварэеце. Вярнуся я з працы, тады мы й пагутарым. Будзе час, - Сьцяпан зірнуў на ручны гадзіньнік, знарочна. - Цяпер мы да нічога не дагаворымся...

- Пачакай, - падняў той руку. - Пачакай, мілы. Я коратка, - цешча падала каву, і ён лакомліва сербануў яе са шклянкі, гарачай. - Ну, якіх-небудзь хвілінаў пяць, добра?

- Давайце.

- Вось, так: учора клікалі мяне ў... - аглянуўся ён на недачыненыя дзьверы ў калідор. - Клікалі - гэта далікатна, мілы, сказанае... Звычайна, прыйшоў адзін, па-цывільнаму, і запытаў: гэта вы? Я адказаў. А ён: ідзеце са мною! Я: чаго вам трэба? Ён: на месцы скажуць вам. Я: што? А ён: ну, пайшлі! Думаю сабе: капцы! - ён дакрануўся паркай шклянкі. - Ну, мілы, пайшоў я зь ім. А там, ведаеш, дзьве хвіліны гутаркі: што я магу сказаць пра такога аднаго знаёмага, які, аказваецца, замяшаны ў нейкую пакражу...

- Пасьпеце ў нас, - Сьцяпану кпліва разяўляўся рот. Ён пазяхаў. - Вам, калега, патрэбны адпачынак...

- Так, так... Я пасплю, вядома, але перш хачу...

- Я вас слухаю.

- На чым я зараз скончыў?

- Вас выклікалі ў міліцыю... - чорт яго спадзяваўся, што размова акажацца важнай!

Разумееш, пераважна, запозна. Забойства сакратаркі ашаламіла Сьцяпана ўжо іначай. Значэньне няшчасьця ўсплывала ў ім паволі, каб сфармавацца ў непрадбачаную цэласьць. Думка - гэта час. Сьмерць дзяўчыны і выклік чалавека ў міліцыю датычаць таго-ж толькі ў вадным выпадку, на адной працягласьці - магчымай непазьбежнасьці! Красуня магла пажыць і гэтак далей.

 

8

 

У кааператыве рыхтавалі вэрыфікацыю цэнаў. Мерапрыемства патрабавала ўзгадненьняў з ворганамі ўладаў. Падставай для таго зьяўляліся два элемэнты: кампазыцыя сыравінных матэрыялаў і ўклад працы. Пастановы ўправы аб'ектыўна накіроўвалі вэрыфікацыяй. Але, неафіцыйна, ясна - сакратаркай яшчэ тады працавала нябожчыца - пастулятыўныя цэны павінны быць высокімі, каб было з чаго ўступаць. Прыходзілі прадстаўнікі ваяводзкай камісіі па цэнах, і старшыня зачыняўся зь імі ў габінэце. Выпівалі яны непраўдападобную колькасць чорнай кавы й не выходзілі адначасова з заканчэньнем працоўнага дня; казалі, што шэф спойвае іх.

Прапаноўваныя цэны, пасьля памяркоўных карэктураў, зацьвердзілі ў студзені. Адчувалася, у каапэратыве прыўзьняты настрой і нават знайшліся такія, што з гэтай нагоды ладзілі складчыну на супольную выпіўку. Малую, па дваццаць пяць злоты. Сьцяпан кінуў пяцьдзесятку, зялёную (былі й сінія, шырэйшыя). Літроўкі куплялі ў краме зь недарэчным нэонам «Самасей», у якім гасла літарка «а», сярэдняя. За чаркай многа гаварылі; перабівалі адзін аднаму, размахвалі рукамі, усьпеньваліся, гудзелі да вечара, фактычна, ні пра што. Хвалілі старшыню! Сьцяпана ня брала гарэлка. Выходзячы дамоў, ён адзначыў самому сабе, што добра зрабіў, паўстрымоўваючыся ад гвалтоўных ацэнак вэрыфікацыі. Нейкі сёмы інстынкт шапнуў яму быць маласлоўным, ня ў крыўду сабе кажучы... Так, гэтая залатая сярэдзінка ў шматлікіх зьяўляецца пробай іх кваліфікаванасьці. Калі так, значыць - яна патрэбная ў дзейнасьці.

«Вераб'і выпілі мак», - падумаў ён пра кампанію. Наглядаючы на працягу гадоў, як маладыя лыселі і закругляліся, вырошчваючы лапухі страху, у якіх хаваліся перад нечым, паводле іх - магутным, Сьцяпан усё-такі ўсьміхаўся, згадваючы гаспадыню, што страціла загонік маку ў прыгараднай Багноўцы, пакуль не дачнай, з прыгноеным паветрам, побач заплылога дрыгвою азерца з уцалелай кучмою трысьнягу, увосень, у незабыўную пару з туманцамі над ляшчынавай гушчавінкай. Супрацоўнікі - ён бачыў гэта - зіркалі за малюткімі аказіямі й расьпіваліся ад ня менш мялюткай нездаволенасьці. Раструшвалі камплімэнты. Сьцяпана гэта зацікаўляла. Ён зьбіраўся паперарабляць іх у арлоў! Мізэрныя яны, хіба, па сваёй віне? Умовы ствараюць кожнага такім, якім ёсьць. Калі бухгальтар прыгаворваў Сьцяпану - адважваўся - наконт удалага пачатку жыцьця, дык меў ён, вядома, на ўвазе сувязі цесьця, тое, што ён, малады, зьявіўся на першай працы з пакетам акцыяў на давер, без барацьбы. Скочыў, адразу, у важнецкасьць. Калі зло ўкарочвае людзей да памераў марноты, дык яно вельмі памылілася не ў сваю карысьць, надзяліўшы мяне гэтак выдатна спрыяльнай акалічнасьцю, як нераскансьпіраванасьць сярод клікі, - ціха іранізаваў, з салодкай помсьлівасьцю, Сьцяпан. Яно слабамоцнае, як дзіця, калі адабраць яму інструменты грамадзкасьці, якімі цешыцца, бы цацкамі... Са сваімі думкамі быў ён дзяўчынай у васемнаццаць гадоў, калі хапае ёй намоўнікаў. Штосьці з таго засталося ў ім і - Сьцяпан ведаў - няма чаго шкадаваць: наіўнасць робіць перажытае прыгожым, хвалюючым. Розум - забываецца. Трывае ў памяці безабароннае, такое, чаго не падменіш, не адбудуеш упэўненай далоняю, беспамылковым разьлікам.

Можна задумоўвацца над непаўторнасьцю развагі. Яна, відавочна, зьяўляецца чымсьці пасярэднім паміж інтэлектам і эмоцыяй, паміж тым, з чым мы нараджаемся, і тым, што мы сабе здабываем або чым нас надзяляюць. Два галоўныя элемэнты той цэласьці, зь якой мы атоесамліваемся (не абавязкова сьвядома).

Сьцяпану прыйшліся да спадобы кампаніі, хмельныя сьлёзы. Выпіўкі ад няўдачаў. Балбатлівыя хвалюнствы. Ствараньне рэчаіснасьцяў не на ўласны ўжытак, супольнасьцяў дзеля нічога. Узьнікаюць яны, бы адліга, ад кропелькаў. Пасварыўся з жонкай. Той. Ляпнуў лішняе начальству. Ён. Правароніў справу. Іншы. А хтосьці - залез у недазволенае. І, бы тыя птушкі ў вырай, зьлятаюцца ўсе пад канец працы, кожны са сваёй тугою. І разам лягчэй ім.

Разьвітваюцца яны да поўначы. У разаспаных завулках, пад брэх сабакаў, што ўнюхалі падзею.

- Сьцяпан, дарагі, твая прамова на агульным сходзе, хачу табе сказаць, нарабіла злосьці ва ўправе. Але, нічога, яны маўчаць... Ведаюць, што ў цябе ёсьць «плечы»! Мы сядзелі ззаду й слухалі, як ты лупіў іх праўдай па сьлепнякох. Думалі сабе: во, знайшоўся чалавек, які ня мусіць падлізвацца, нікому!

- Сьцяпан, дружа, кажу табе: часамі даволі раз упасьці, каб усё жыцьцё прахадзіць на каленях. Паглядзі на нас, паабіватых. Мы ня просім ласкі сабе, не... Баімося за цябе, Сьцяпан! Баімося, шчыра кажу табе. Ступай ты так, каб не наступіць на міну. Між намі кажучы, і няхай гэта застанецца паміж намі, ты, Сьцяпан, шчыруеш з гэтым крыкуном і, мабыць, ня ведаеш, што старшыня хрысьціў яму сына... Га? Вось, бачыш. Сам ты не спадзяваўся, як падстаўляюць, ну, даілкі...

- Сьцяпан, я ня зычу табе, каб ты пашкадаваў таго, што твая галава толькі прышытая да чалавечага цела! Я, ведаеш, часам хацеў-бы мець цела, скажам, быка, каб рагамі... Або зьмяі.

- Сьцяпан, жывем, бо трэба.

Не чакалі адказу. Ніколі не чакалі яны адказу. Выгаварыўшыся, маўчалі, нешта суцішваючы ў сабе, і, нядбайна падаючы рукі, разыходзіліся. Ці то сарамліва, ці то з набалелым у грудзях. Назаўтра адчувалі яны сябе нармальна, таму Сьцяпан набіраўся пераконанасьці ў тым, што час ад часу ўдзельнічае ён у дзіўнай гульні ў дачаснасьць, часовасьць; у трэнінгу чагосьці незвычайна сур'ёзнага. А яно так не было.

 

9

 

Інакш і не магло быць. Трэба перайсьці цераз маладосьць, каб наблізіцца да ўскраіны, ад якой прасьціраюцца далягляды, не прадчуваныя. У далёкую вясну, у разводзьдзе, якое не паўтарылася, дзесьці за вадапомпай, што стаіць на Петрашоўскай гары, відушчай, Сьцяпулёк хадзіў з бандачкай аднагодкаў па прыдарожных равох і лавіў залацістых карасёў, вылузваючы іх з удзірванелых ямінак каля тэлеграфных слупоў, цешыўся, паказваў рыбкі сябрукам, біўся зь імі, калі яны наважыліся адабраць яму іх, чароўна падобных да мамінай брошкі, захоўванай у шуфлядцы начнога століка, у спальні з ружовымі сьценамі ды зь немалым партрэтам дзеда. Калі ён нарэшце вярнуўся дамоў, у адвячорак, забалочаны, абцякаючы вадою, маці крычала, аж выкрычаўшыся, прыгледзелася іскрыстаму шчасьцю сына ды зьдзівілася. - Дзе ты іх знайшоў? Не махлюй мне, што ў рове ля дарогі налавіў рыбак! Лепш прызнайся, што вы сядзелі на рэчцы! Патопіцеся там! Скажу я бацьку... (Адзеньне трэба было памыць, і то ў трох водах. А самому - грэцца за печкай, уціснуўшыся ў куток, каб не паказвацца. І дзівіцца, да прыступу дрымотаў: адкуль узяліся карасі пад гарою!?)

Можна сказаць, думалася Сьцяпану, што маладосьць зьяўляецца такім-жа эмбрыёнам сталасьці, як дзяцінства - юначасьці. Чалавек разьвіваецца паўтараньнем сябе ў больш складанай форме; дасягнуўшы апагэю, ён жахліва сохне, адно карэньне ягонае доўга тлее... Увайшла сакратарка. У чатырнаццаць гадзінаў - гутарка з камандзіраваным Варшавай інспэктарам. Міністэрства - насьцярожанае выкрыцьцём камбінатарскай шайкі сярод каапэратыўных будаўнікоў аднасямейных домікаў у вадным з колішніх павятовых гарадоў. Пра сваю занепакоенасць гэтым цэнтар у пятніцу паведаміў старшыню. - Чарговае падціраньне задніцы, - сказаў Сьцяпану старшыня, - ясная справа, што на наш рахунак. Ах, ярархія: мы - дзеці, а яны старыя, мы - дурненькія, бо хвалюемся, а яны, ого, галавачы!

Пазваніла Кіра. Скорагаворкаю запытала пра настрой і самаадчуванне; яшчэ пра дробязь, пра якую Сьцяпан забыўся зараз пасьля адказу на яе пытаньне; пажартавала, здаецца, наконт кажуха. (Так, праўда, на днёх запыніў Кіру зусім незнаёмы ёй мужчына й запрапанаваў, што ён адкупіць у яе кажух, штосьці за патройную цану, жонцы, якая паходзіць, казаў, з заходняга ваяводзтва, маласьнежнага, і так далей.) Няважная размова з Кірай устрывожыла Сьцяпана. Яна - ён заўважыў гэта - усё часьцей нудзілася бяз працы. Гаварыў ёй: я дапамагу табе, Кірачка. - Прыходзь хаця-б да нас у кааператыў; будуць крывіцца ў фірме, што жонка, але - няхай. - Я - на вашу працу? - Кіра - як кацяня, якому хочацца пагуляць. - Сьцяпан, гэта было-б несур'ёзна, калі-б я адседжвала прадпісаныя восем гадзінаў зь людзьмі, якім напляваць на тое, што робяць, і свой працоўны дзень пачынаюць ад чытаньня апошняй старонкі ў мясцовай газэце ды ўгавораў на брыдж. - Табе трэба дзіця, - умяшалася цешча, - нарадзіць... - Ціха, бабуся, падарую табе бусьлянятка...

Злаваўся ён на Кіру за яе - выпадковыя - грубіянствы. Брыдкаслоўе жанчыны асабліва агіднае, відавочна, таму, што гэтым дапускаецца яна самапаніжэньня, эмацыянальнага курэўства, у якім вінаваты, усё-такі, мужчына.

Інспэктар ставіў Сьцяпану ня вельмі кампэтэнтныя пытаньні. Адказаў ён на іх з тоенай усьмешкай. Справа датычыла наступнага здарэньня: у новазбудаваным пасёлку выявілася, што адзін дом зьяўляецца лішнім, нічыйным. У сувязі з тым дасьледавалі выдаткоўваньне грашовых і матэрыяльных сродкаў, але бяз вынікаў. Дом запісалі ў прыход і ўтварылі камісію дзеля прызнаньня дармовага аб'екту ўласнасьцю каапэратыву. Шыта, крыта й падклеена, - рагаталі ў камісіі; у рэстараніку «Перапёлачка» яны салідна паабедалі гуртам, заказалі каньяку. («Зладзейства ў межах дзяржавы наносіць толькі маральныя шкоды», - сьмяяліся, быццам сьвяткуючы Каляду ў вялікай сям'і.)

- Так, - інспэктар занатоўваў.

- Мы ўлічылі заўвагі камісіі, - Сьцяпан высмаркаўся ў хустачку: «Застуда, халера!» - Прынялі меры...

- Якія?

Сьцяпан расказаў нанава.

- Цяпер будзе добра.

- Слухайце, - ажывіўся той. - Ці не здаецца вам, што тут можа йснаваць сувязь са сьмерцю сакратаркі? Скажам, яна ведала такое, што...

- Не-а, - пахаладзеў Сьцяпан.

- Слухайце, дом - гэта не якіх-небудзь пяць грошай...

- Не-а.

Сьцяпан, заклаўшы рукі за сьпіну, падыйшоў да акна. Ён перш-наперш успомніў кампанейскія зборы, каб магчы ўладкавана, пасьля перадышкі, перабраць у думках цэлую гутарку, якая раптам пачала мець сэнс. Інспэктар, па сваёй далікатнасьці, не чакаў такога рэагаваньня ад Сьцяпана. Апусьціўшы зрок, ён бяздумна маляваў (на лістку з нататніка) дзівосны краявід, які нагадваў фатаздымак, зроблены мэтадам салярызацыі. Зімовы пэйзаж, ці што? Ад няёмкасьці збавіў Сьцяпана тэлефонны званок, з каапэранцкай установы.

На разьвітаньне ён падаў інспэктару руку, моцна й рухава, як тыя, у каго прыёмная поўная наведнікаў. Прамовіў да яго звычаёвую фразу, забыўшыся выйсьці з-за пісьмовага стала; ён ужо меў у іх імянное конта пасываў, якое будзе нарастаць яму з году ў год, зь месяца ў месяц (пагамоўваць яго гэтаксама нельга, як апэраваць ракавую апухліну). - Не, няма трагедыі; аднак-жа, час на высновы. Ой, сабраць памылачку да памылачкі ды прыгледзецца ім, вылучыць падабенствы, падзяліць на катэгорыі і пакарыстацца імі, узяць іх у рукі.

 

10

 

- Зноў піў! - Кіра, каторагасьці дня. - Прыходзіш дамоў, як чмель. Калі гэта скончыцца, га? - крычала яна й скардзілася.

- Разумееш, Кіра, людзі патрабуюць цеплыні... Ну, праўда, затрымаліся мы пасьля працы, купілі бутэльку, выпілі. Пагаварылі ад шчырага сэрца. Чалавек, калі выгаварыцца, лепшы, ведаеш... А ты, Кірачка, сварыся, сварыся на мяне...

- Я, Сьцяпан, ня вытрываю... Прападаеш ты вечарамі зь якімісьці тыпамі. І нашто табе гэта? (Насьценны гадзіньнік адзваніў адзінаццатую.) Я чакаю, выглядаю цябе і думаю пра найгоршае: мо хуліганы пабілі або ў міліцыю трапіў ты, у выцьверазільню якую...

- Мы, Кірачка, нікуды ня лазім, не. Пра справы талкуем, высноўваем...

- З кім?

- Як гэта - з кім? З калегамі. Разам-жа працуем. Ёсьць, разумееш, праблемы, якія й ня сьніліся мне!

- Глядзі, Сьцяпан, каб калегі не завялі цябе пад дурнога хату! Усе яны добранькія дзеля таго, каб пацягнуць за язык, падслухаць і пасьмяяцца.

- Не, Кіранька, маеш на ўвазе тых, якія страцілі надзею або не імкнуліся да яе. Маіх-жа сяброў праца не пазбавіла здаровых расчараваньняў. Яны, разумееш, адчуваюць боль. Зь імі не запозна пачынаць новае.

- П'яны ты, Сьцяпанка.

- Лічыш, што я - пляту?

- Кладавіся, Сьцёпа, спаць. Заўтра будзе лепей відаць.

- Ахмялелы, Кірушка, зьяўляецца болей чалавечным... Яго шчырасць, калі хочаш ведаць тое, не абгароджаная тым плотам, у якім кожная штыхеціна ўстаўленая на ўсякі благі выпадак. Гарэлка - ёсьць сродак пазнаньня...

- Ого, дзякуючы гарэлцы ты закончыш унівэрсытэт.

- Не жартуй, любая мая. Пабачыш, мы перастанем піць і возьмемся за такую справу, ад якой ажно крыўдна будзе, што магчыма пажыць усяго гэтых сто гадоў.

- Вылеціце ў космас - у іншыя вымярэньні часу? - Кіра расьсьцілала пасьцель. - Скажаце мне - палячу з вамі. Ідзі памыйся ды папі гарачай гарбаты з малінавым адварам. У цябе застуда...

- Няма ў мяне застуды, чуеш? Хачу табе сказаць, што дабро пераможа зло...

- Нудзіш, Сьцяпанка!

- Дай мне сказаць! Павінны лічыцца талент і праца, і нічога больш. Кліку, што зьмяіным ядам забівае адкрытыя асабовасьці, разгонім. Правядзем рэвалюцыю! Вырвем джала...

- Вы скінеце старшыню?

- А хаця-б! - Ён выпрастаўся, быццам капраль падчас рапарту.

- Вашы адкрытыя асабовасьці адна гадзюка перадушыць!

- Якая ты, Кіра, беспардонная...

- Бярэцеся - за беспардоннае ці не?

Кіра, не спадзяваючыся таго, прадухіляла рызыкоўныя памкненьні Сьцяпана. Ёй падабалася зьбіваць яго спанталыку. Мела яна адпачытыя мазгі й здольнасьць улоўліваць галоўнае. Знакаміта спрыяў гэтаму інстынкт мацярынскасьці ў ёй, чуцьцё накірунку, зь якога можна чакаць пагрозу. Сьцяпан у гутарках зь ёю правяраў як бы слушнасьць надуманага ды прадуманага. Яго адначасова неспакоіла тое, што чагосьці ён не прадбачвае або й звычайна памыляецца ў, здавалася-б, нечым закончана зразумелым. Патрэбныя час і дасьведчанасьць! - суцяшаўся ён, забыўшыся пра дыспут з жонкай. Міналі гады, падобныя да сябе, як павароты шашы за рэчкаю. Хацелася яму сігануць у поле ці ў зялёную даліну, у якой ня быў, брысьці па страшным месцы, да задышкі, да перуноў уваччу, як гэта калісьці, на дрыгвяністых сажалках Козырскага пад Васільковам, у таямніцы перад маці, у бясхмарнае неба... Нельга пагадзіцца з прадчуваньнем, што пачатак жыцьця зьяўляецца цікавейшым за яго сярэдзіну! Як дарога?

Плян Сьцяпана просты: быць добрым, каб аб'яднаць вакол сябе добрых людзей ва ўстанове. Праявіць іх! Кіра, не іначай, скрывілася: пройды абсядуць цябе, бы п'яўкі! Добры чалавек, калі яму Бог не паскупіў розуму, будзе трымацца здалёку ад гэтай імпрэзы. Ты, Кіра, а як-жа, сваё! - не здаваўся Сьцяпан. А яна: мы, Сьцяпанка, яшчэ не павінны мець дзіцяці, бо, бачу, я мушу пазаймацца табою, так сказаць, давыхаваць, прывучыць, зь дня ў дзень, да правілаў сужыцьця ды забясьпечыць цябе букварнымі ведамі пра навакольле, часткова ўжо вынесенымі табою з бацькоўскага дому... Ён выбухнуў: мой бацька не спэкуляваў! Кіра: значыць, мой! Праўда, я - дачка спэкулянта. Мне жывецца як у Бога за плячыма. Пры мне - і табе таксама. Прыкра? Ну, прыкра. Прыкра табе спэкуляваць жыцьцём, маладосьцю, талентам... Прыкра. Факт застаецца фактам. Што рабіць? Мо абое пазмагаемся за ліквідацыю гандлярства талентамі? На старасьць яшчэ дасьпеем узяцца мы за шляхецкія адносіны да маладосьці, арыстакратычныя! Прыдаваньне-ж бляску жыцьцю пакінем дзецям нашым. Які жаль, што мы памрэм, усё-такі, апаганенымі. Як тыя, што прамянялі сябе на грошы. На нашым супольным, Сьцяпанка, надмагільным помніку ўнукі, уяві сабе, разьбяць нам надпіс: жылі 5 000 000 злоты. Зьлічы: ты зарабляеш пяць тысяч у месяц, шэсьцьдзесят у год, значыць, каля двух з паловай мільёнаў да пэнсійнага ўзросту, ну і я, з родавым капіталам, вартая такой-жа стаўкі... Не перабівай мне - вядома, што гэтую суму дасягнеш ты дзякуючы цесьцю, які каханьне ўспрымае як смакавіты дэсэрт за багата застаўленым сталом, а любоўныя песьні як дзівацтва бесклапотнай дачушкі... Ёсць у цябе пытаньні? Няма. У мяне ёсьць, хутчэй за ўсё, да самой сябе. Менавіта: чаму татулька з мамусяй жывуць быццам цывілізаваныя чалавекападобенцы? Пытаньне амаль гамлетаўскае, а таму яно такое, што адказ на яго магчымы толькі тэарэтычна. Тэарэтычна? На практыцы гэткае сумненьне зьяўляецца беспрадметным: бацькі - шчасьлівыя! Было-б немалой подласьцю з майго боку адкрываць ім захапляльныя краявіды. Яны не дабеглі-б да іх. А свая ваколіца выдалася-б ім, праўдападобна, слушна, невыносным сьметнікам. І загінулі-б яны без пары, без сівых валасоў... Забойства чалавека нічым не апраўдваецца, і таму, сям-там, адмененыя законы аб пакараньні сьмерцю...

Дапякла яна Сьцяпану.

Узваліла яму на плечы такі валун, пад цяжарам якога ногі пагрузлі беспаваротна глыбока. А яна, на сухім і цьвёрдым, не аддалялася ад яго так, каб не магчы працягнуць яму руку. Схопіцца ён за яе - зь мёртвай сілай - і абое загінуць. Яна разумела, да чаго дайшло? Яшчэ не было трагічнасьці - паўвайсковыя, паўдзіцячыя гульні ў дапушчэньні; школьныя практыкаваньні зь пераростам тэарэтызацыі; кінафільмы, папраўдзе, пра фікцыйнае няшчасьце са зноскамі з рэчаіснасьці. Цікава было яму паслухаць яе, паспрачацца зь ёю й пазлаваць (спадцішка). Гэта ўсё надоўга мела свой інтрыгуючы выгляд, даючы спажыву дзеля роздумаў.

Дыспуты з Кірай аднойчы назваў ён заняткамі па навуковых падставах дэмаралізацыі чалавека. Спадабалася яму гэтае кплівае паняцьце; ня выключана, што ў падобнае верыла й яна. (Гартаючы тыднёвікі, чытала ўголас, ці хацеў хто слухаць, ці не - артыкулы, у якіх разглядалася дзейнасць засакрэчаных цэнтраў ідэалягічнай дывэрсіі; пераканаўчыя ўрыўкі перачытвала, падсядаючыся да Сьцяпана. Падкрэсьліла дэбільны сказ: «Зло зьяўляецца прыгажэйшым і безь яго апісаньня немагчымая добрая кніжка».) Сур'ёзнае нараджаецца з глупства, як праца - з гульні, - памкнуўся ён сказаць ёй; даў самому сабе слова пабыць безуважлівым да жонкі. Яна выбрала выгодны надта шлях: разумець, але ня дзейнічаць. Ужо не прыймала размоваў аб працы, аб асаблівым (у яе становішчы - перш-наперш псыхалягічным) сэньсе самой займець зароблены грош.

 

11

 

У старшыні былі да Сумленевіча прэтэнзіі. Сьцяпан менавіта вышукаў прадпісаньне, згодна зь якім работнікам разумовае працы належыцца пяцьдзесят грамаў туалетнага мыла ў месяц і адзін ручнік у год. У вадпаведнасьці з гэтым ён зьвярнуўся ва ўправу зь пісьмовай просьбай. Бухгальтару было загадана падрыхтаваць праект каштарысу - і тады ўзьняўся скандал: атрымалася ніштаватая сума грошай, якую неабходна было выдаткаваць на забесьпячэньне працаўнікоў сродкамі гігіены.

- Дарагі калега, - абураўся старшыня, - мне вядома, э, што сёй-той кажа пра мінімальную мэтазгоднасьць вашай просьбы й, э, адначасова, дамаганьня, - у яго зьявілася гэтае «сёй-той». - Мала таго, я вымушаны бараніць вас ад, э, па-мойму, э, несправядлівых абвінавачаньняў - так, так, абвінавачаньняў! - у тым, што вы дзейнічаеце не ў карысьць установы. Гэта, як самі разумееце й сёй-той, нікому не дае радасьці.

- Вы зьдзіўляеце мяне, таварыш старшыня.

- Чым, менавіта?

- Кожнаму пакласьці ў руку кавалец мыла і дакінуць законны ручнік - гэта ж так мала, а задаволенасьці ад таго як-жа многа! - дыпляматычна заахвочваў ён шэфа.

- Шаноўны калега, не ў крыўду вам кажучы, вы малады й таму ня ведаеце, што гаворыце, - старшыня акуратна паклаў аловак. - Супрацоўнікі - і я сам! - прыносілі ўласныя мыла й ручнік, і нікому не прыходзіла ў галаву думка, што можа быць іначай. Пасьля другога сьнеданьня і пасьля працы, э, усе мылі рукі, твар; спакойна йшлі дамоў. Ня думайце, што я ня ведаў пра тое прадпісаньне, якое вы тут падтыкаеце мне... - ён паўстрымаў сябе, каб не сказаць Сьцяпану пра штосьці, відавочна, больш непрыемнае.

- Кажэце, кажэце. Усё кажэце.

- Гэта ўсё.

- Прашу вас аб размову без намёкаў, пане старшыня. Прашу сказаць мне адкрыта.

- Без намёкаў размаўляюць дзеці, э, дарагі калега, - нахмурыўся ён. - Праўдзівей было-б сказаць: размаўлялі.

- Я, пане старшыня, усё-такі прашу! - Сьцяпан расшпіліў пінжак і зручней усеўся ў крэсла. - Выступаючы з законнай просьбай, аказваецца, я раблю шкоду фірме, у якой зарабляю сабе на жыцьцё, - на кончыку языка ён трымаў фразу: «Законнае, значыць, шкоднае?»

- Ня будзем так гаварыць, э, пане Сумленевіч. Справа ня ў спрэчках, бо ніхто не адмаўляе вам рацыі ды, у рэшце рэшт, і ня ў сродках таксама. Я растлумачу сутнасьць вашага пачыну, калі вы самі не здагадваецеся таго, - ён востра зірнуў на Сьцяпана. - Свае дамаганьні кавалка мыла вы пераўтварылі ў справу. Не хапала яшчэ таго, каб адбылася дэманстрацыя з транспарантам ад сьцяны да сьцяны: МЫ ХОЧАМ МЫЛА! або: ПРЭЧ З УПРАВАЙ, ЯКАЯ НЕ ДАЕ МЫЛА!

- Забаўна.

- Не зусім, шаноўны, - даўгапісам нэрвова рысаваў ён выкрутасы, псуючы аркуш глянцаванай паперы. - Мыла й ручнікі будуць. Управа зацьвердзіць кошты.

- Дзякую вам, таварыш старшыня.

- Я спадзяюся, што другой такой размовы паміж намі ня будзе, э, дарагі калега. Шчасьліва склалася: датычыць яна ня надта сур'ёзнага. Зразумець, шаноўны, лягчэй, чым рабіць... Іначай кажучы, ці вас не зьдзівіла тое, чаму гэта студэнтаў многа, але арганізатараў жыцьця мала? Столькі вучыцца народу, столькі вучыцца, ды вынікаў, грамадою заўважальных, не відаць... Таму й бярэ чалавека дзікая ўцеха, калі аб'явіцца перад табою крышынка таленту...

Старшыня гаварыў. Прыкурваў ён папяросы з пазалочанымі канцавінкамі ды араматызаваныя, душныя. Частаваў імі Сьцяпана. Прыймаў тэлефоны, на якія адказваў коратка. Дастаў з барыку бутэльку каньяку й кумпястыя чаркі. Каньяк, пяцізоркавы, адбіраў дых; меў пах першаку. Разы два шэф адказаў камусьці, што - заняты; так, намесьніку. «Пяты год вучу яго работы», - сказаў пра яго. Сьцяпан, ад няёмкасьці, прыкінуўся, што не зразумеў, пра каго гаворка - і, машынальна, адчуў прыліў пяшчоты да Кіры, шкадаваньня яе. Жанчыны рэдка бываюць выдатнымі адзінкамі, не па біялягічных прычынах. Іх праглынаюць мужчыны, ад якіх яны залежныя. Тыя, што выкупілі Тараса Шаўчэнку ад пана, кіраваліся не сэнтымэнтальным разьлікам перад усім.

Да Сьцяпана даляцелі трывожлівыя словы: - Памятайце: уводзіце неспакой!

- Божа мой, які?!

- Выбачайце. У мяне няма часу. Да пабачэньня, э, калега.

- Да пабачэньня, таварыш старшыня. Дзякую, - гэта тады запрасіў ён старшыню ў госьці да сябе, на Каляду (з жонкай). Пляваўся, калі апынуўся за дзьвярыма габінэту, у калідоры, у туалеце над умывальнікам, над якім знаходзіцца электрычная сушылка для рук, пакуль яшчэ не папсаваная. Здарылася агіднае! Апраўданае яно своеасаблівай лёгікай, якая клінцом прастраміла навылёт такое, пра што Сьцяпан дбайна клапаціўся; падкасіла ўзгадаваныя ў ім мары, якія ўжо далі малютку ягадку ўдачы.

 

12

 

Заставаліся нераспрацаванымі цэны на выбары, якія каапэратыў укараняў у вытворчасьць. Дарагая сыравіна, імпартаваная з-за мяжы, з Аўстрыі й Швэйцарыі, адназначна абумоўлівала расцэнкі. Адзінае, што магло зьнізіць сабекошт, - гэта ўзмацненьне аўтаматызацыі тэхналягічных працэсаў.

Рызыкавалася многім: купля замежнага вытворчага абсталяваньня магла не апраўдацца. Адсутнічала апэратыўная арыентацыя ў структуры попыту; разважаньні аб гэтым у каапэратыве былі, амаль, традыцыяй.

Сьцяпан, каб пазьбегчы прызначэньня яму нецікавага заданьня, выступіў зь ініцыятывай арганізаваць дасьледваньне прадбачванага рынку збыту.

- Нашто? - замахалі на яго рукамі. У канцы канфэрэнцыйнага стала шапталіся, ківаючы галовамі, удзельнікі звычаёвай нарады.

- Перадумовай удачы зьяўляецца...

Яму не далі закончыць. Але ён, ужо хітруючы, яшчэ сказаў:

- Ёсьць-жа памкненьні ў кірунку выпуску навінак! Няўжо вы не разумееце, што гэтага цалкам дастаткова? Няхай вам, паважаныя калегі, не баліць галава пра маштабы продажу. Пакупнік, як ведаеце, ня мае голасу - ён задаволены тым, што наогул можна сёе-тое купіць...

- У нас, дзякуй Богу, няма рынку пакупніка. І не ён наш пан, - умяшаўся хтосьці, хто маўчаў.

- Людзі, аднак, хочуць...

Сумленевічу разыходзілася пра тое, што неабходна імкнуцца да перадавога ўзроўню вытворчасьці. Выслухалі яго нецярпліва й перайшлі да абмеркаваньня справаў дробных, каб не сказаць - дурных.

Старшыня час ад часу зіркаў у бок Сьцяпана, у азарце. Ён прыкметна ўсьміхаўся да самога сябе, як гэта, мабыць, робіць певень, гледзячы на курэй, якія накінуліся на мякіну. Дзюбалі й дзюбалі яны, даючы ўцеху аднаму.

«Каб ня тое, што бяз грошай немагчыма пражыць, я не тырчэў-бы тут больш ні сэкунды! Высадзіў-бы акно, зваліўся-б на тратуар, пакалечыўся-б, бо не хапіла-б мне вытрымкі выйсьці адсюль нармальна, празь дзьверы й калідор», - Сьцяпан пальцамі мацаў патыліцу, у якой брыняў боль.

Ад пачуцьця бяссэнсу ён быў блізкі беспрытомнасьці, шырока ўгледжваўся ў падлогу, у геамэтрычныя фігуры паркеціны. Такога спосабу ратаваць сябе ад зацьменьняў яго навучыў лекар, у якога ён лячыў кутні зуб; дантыст пасьпяхова вырваў Сьцяпану ўнутраны нэрвік, пасьля чаго сярэдзіну зуба вычысьціў ад гнільлі й запоўніў яе белістай сумесьсю. Салідна выканаў сваю работу! «Вы, калі ласка, не заплюшчвайце вачэй, глядзіце ў столь, і не ўяўляйце сабе таго, што я раблю. Пастарайцеся зразумець, толькі зразумець тое; думайце пра неабходнасьць лячэньня, і вам стане лягчэй...» - прыгаворваў сымпатычны дантыст, не перапыняючы сваіх дзеяньняў. Яму таксама ўспацеў лоб; бзычэла сьвідравальніца.

Вакол старшыні ўзьнялося гарлапанства. Шумелі - кураняты каля квактухі! Сумленевіч адвёў зрок ад замяшаньня, як той, каму далі па мордзе й сказалі, каб ня лез у не сваё.

- Пане старшыня, я думаю, што ўжо магу пайсьці да сябе, - нясьмела папрасіў Сьцяпан. - У мяне шмат працы, не мяне чакаюць пэтэнты, - яму дзеравянелі мускулы на твары, а голас разыходзіўся водгульлем па галаве. Ад пустэчы.

- Ужо закончваем, - адгукнуўся старшыня. - Таварышы, ціха, - ён пачухаў сабе кончык носа. - Што-ж, э, дзякую вам за ўдзел у абмеркаваньні. Нарада была плённай. Да пабачэньня.

Уставалі, усё роўна бы разбуджаныя з дрымоты, і тлумна выходзілі з пакою.

- Калега Сумленевіч, - аклікнуў старшыня. - Прашу вас застацца на момант...

Сьцяпан быў упэўнены: шэф дайшоў да высновы, што зноў патрэбна яму супыніць няўрымсьлівага маладзіка. З гэтым дасьледваньнем рынку, скажа, вы перасалілі, яно нам лішняе, а таму, што няма праблемы са збытам, пане Сумленевіч, а ёсьць праблема з вытворчасьцю, дык давайце думаць пра павелічэньне выпуску тавараў, э, во!..

Ён не адразу ўцяміў, што яму гаворыць старшыня.

- Вы, дарагі калега, нешта сумны.

- Я? Чаго? Не, - Сьцяпан зашпіліў пінжак.

- Прапанаваныя вамі абсьледваньні рынку, пэрспэктыўнага попыту, сапраўды ня маюць сэнсу. Разумееце, э...

- Так. Разумею.

- Ну, ня злуйцеся, - старшыня, заклаўшы рукі за сьпіну, прайшоўся перад вялізным сталом вішнёвага колеру, невясёлага.

- Прыкра мне, вядома, што не прынялі мае рацыі, але гэта ня значыць, што я за тое злуюся...

- Так, так...

Пайшлі чуткі: папярэдняга старшыню, пэнсыянера, цягаюць суды. Разглядаецца справа аб нелегальнай майстэрні па вырабу вазоў. Замяшана ў гэта некалькі асобаў зь цяперашняга кіраўніцтва каапэратыву, што захоўваецца ў таямніцы. І - якісьці сяржант міліцыі. Усіх праваліў цясьляр, горкі п'яніца й злодзей, схоплены міліцыянерамі, калі гнаў самагонку ў хмызьняку пад Васільковам.

- З нашага каапэратыву атрымалася фірма, э, дарагі калега. Становішча зьмяняецца, ня тое што з году ў год або зь месяца ў месяц, але, бачыце, э, зь дня ў дзень. Калі тут і аглядвацца: трэба бегчы й бегчы, дапераду, толькі дапераду. Часамі ажно духі вылазяць! А вазьмі пакаўзьніся - затопчуць! З разгону, ведаеце, э, як кавалерыя - падбітага ездака... Калегу, сябру, э...

- Расказваў мне бацька - пад Чанстаховай, у верасьні трыццаць дзевятага...

- Так, так...

Сьцяпан змоўк.

У калідоры - чуваць было празь сьцяну - зіхатліва расьсьмяялася жанчына, тая з разьлікавай сэкцыі, разьведзеная.

- Я, ведаеце, э, папрасіў вас, дарагі калега, каб пагаварыць з вамі, - у нерашучасьці пастаяў ён перад Сьцяпанам. - Ёсьць у мяне своеасаблівая просьба, э...

- Я вас слухаю, пане старшыня.

- Як вам гэта сказаць, калега Сумленевіч, каб вы дрэнна не зразумелі мяне, ведаеце, - ухапіста пацёр ён сабе бараду. - Вы плюньце на таго інспэктара; тое, што ён прыслаў, я, ведаеце, э, пад зялёнае сукно, як кажуць, запіхнуў, э...

- Я, пане старшыня, тут ні пры чым. У мяне ўсё ў лад, пане, - на сярэдзіне памарусілі Сьцяпану сьняжынкі.

- Так, так: плюньце, э...

Скрывіўся ён у залётную грымасу, і Сумленевічу зрабілася ад таго звычайна сорамна. Яму нават падумалася, што ў шэфа - затоеная хвароба...

Адказаў:

- Вядома.

- Як вы сябе адчуваеце, калега?

- Нічога. Добра, - у правай назе, зьдзівіўся Сьцяпан, зьявіліся дрыжыкі. «Нэрвы! Я кіну гэту работу!» - Дзякую, пане старшыня. Не наракаю.

- Вось, вельмі цешуся. Вельмі! - ён дастаў з барыку тыя самыя, самавітыя, чаркі й наліў у іх армянскага каньяку. - Вып'ем на благую пагоду; пашырэюць вены, ведаеце, э... Сядайце, - запрасіў ён Сьцяпана.

- Дзякую вам, - Сьцяпан ліхаманкава перагортваў у памяці свае вольныя гутаркі, пра якія маглі сказаць старшыні. Не знаходзіў у іх небясьпечнага сабе.

- Моцны, падла!

- Востры, - падтрымаў яго Сьцяпан. Ён адпіў глыток алькаголю, які шчыпаў за язык і дзясны.

- Так, ведаеце, э... Стаміліся мы, дарагі калега. Ат, неўзабаве йсьці дамоў...

- Палова трэцяй! - Сьцяпан прыгледзеўся да гадзіньніка, даўжэй, чым трэба. - Нарады страшэнна займаюць час, - паскардзіўся ён старшыні, каб урэшце прарвалася між імі размова. (Учора Сьцяпан купіў білеты ў кіно, на сёньня, на пятую гадзіну.)

Старшыня не прыняў тэму.

- З вас, дарагі калега, бездакорны службовец, э, адпаведны на адпаведным месцы, хацеў я сказаць... Вас паважаюць, усе мы паважаем вас. У вочы, ведаеце, усякае вам скажам, але завочна ніхто й слоўца ня кінуў супроць, ведаеце, э...

Сьцяпан дапіў каньяк.

Ніколі ня чуў ён такога пра сябе.

- Я вам тое кажу! Людзі, ведаеце, плятуць, э, рознае. Але пра вас не пачуеш благога, калега, - старшыня ўзяў бутэльку. - Дазвольце наліць...

- Ах, я п'янею, - Сьцяпану прыйшоўся да спадобы армянскі. - Прашу нямнога.

- Вам усе вераць! - гаварыў сваё старшыня. - Добрага чалавека кожны, ведаеце, нюхам счуе, - наліў ён і сабе. - Паміх намі, э, здараліся, праўда, непаразуменьні, ды вы, дарагі, за гэта, бачу, э, не крыўдуеце на мяне. Нам трэба трымацца разам! Будзе еднасьць, дык мы Беласток сто разоў у той бок і назад перасунем. Так, так...

- Вядома, - Сьцяпан вырашыў: няхай яму не здаецца, што маімі рукамі ён ад судоў абароніцца!

- Вераць вам і, шчыра кажучы, я гэтаму зайздрошчу, ведаеце... Але маё службовае становішча, э, па сваёй прыродзе мае, так сказаць, крыўдзільны характар, разумееце, - надпіў ён з чаркі. - Я мушу заўсёды выбіраць паміж меншым і большым злом, як палітык, які гэтым адрозьніваецца ад бюракрата, што імкнецца да мэты, а не да прадухіленьня ўласнай адказнасьці, э...

Сьцяпан пакрыёма зноў зірнуў на гадзіньнік: набліжалася чацьвертая.

- На мяне, напэўна, усялякае гавораць... - старшыня чакаў, што на гэта скажа Сумленевіч.

- Так вам здаецца, пане старшыня.

- Ну, а ўсё-такі?

- Што вы! - Сьцяпан заварушыўся. - Дурноты я ня слухаю.

- А вы, калега, паслухайце іх. Гэта важнае мне, э, як кіраўніку ўстановы, - прыцішыўся ён. Сьцяпан не адзываўся. - Рэагаваньне вуліцы, ведаеце, адбываецца ў рамках стэрэатыпаў, плётак, расьсейваных чутак. Арыентацыя ў іх зьяўляецца ўмовай правідловых высноваў для плянаваньня канкрэтных пачынаў, э...

«Ён хоча прычапіць мне вуха, - Сьцяпан закурыў, ад нечаканасьці не пачаставаўшы старшыню папяросай. - А я ўжо думаў Бог ведае што! Разьлічыў, шэфік, нядурна: я, карыстаючыся ўсеагульным даверам, ідэальна падыходжу яму ў якасьці крыніцы канфідэнцыяльных зьвестак пра асяродзьдзе. І шантажык на мяне ў выглядзе інспэктара ёсьць, быццам у паліцыйным кінафільме... Не спадзяваўся я па ім таго. Не!»

- Збор плётак ды чутак уваходзіць у дзялянку маіх службовых абавязкаў, таварыш старшыня? - Сьцяпан устаў, як бы намерваючыся адбіць удар зьнянацку: «Абразіцца - і канцы ў воду!»

- Адкажу вам па-салдацку, - загаварыў ён зьмененым голасам. - Абавязак радавога - ахоўваць свайго каманьдзіра ў бітве.

- Вайсковых рэглямантаў я не чытаў, пане старшыня: не давялося мне служыць у арміі. Але, час ад часу, трапляюць у мае рукі тоўстыя кніжкі мудрацоў, зь якіх, між іншым, даведаўся я, што чалавек ваюе наогул самотна - перамагае або стаецца пераможаным. І ніхто нікому ня ў сілах дапамагчы, бо дапамаганьне - нішто іншае, як захоп, прынамсі, часткі таго кагосьці...

- Так, так... Позна ўжо. Пайшлі дамоў, пане Сумленевіч.

Разыйшліся яны на тратуары перад будынкам каапэратыву, скінуўшы шапкі для кароткага паклону.

- Да пабачэньня, э...

- Да пабачэньня.

«Што сказала-б на ўсё гэта Кіра? Прамарнаваў я шанц? Старшыня па-свойму дацаніў мяне? Кіра, мая Кірыца-палахлілівіца, адсекла-б: ён цябе баіцца! З боязі прапануюць сакрэтнае супрацоўніцтва, каб... каб абясшкодзіць, во! Або... ну, што?» - Сьцяпан шчыльней захінуўся плашчом.

 

13

 

Сьцяпана паслалі ў Бельск кантраляваць аддзел. На два дні. Меўся ён ехаць туды легкавой машынай, але раніцай накіравалі яе ў цалкам супрацьлеглую мясцовасьць. Давялося яму купіць білет на аўтобус, якога плянавы рэйс, як на злосьць, не адбыўся. У касе вярнулі грошы - і Сумленевіч, пазяхаючы ад разгубленасьці, пабег на стаянку таксі, дзе застаў ён даўжэзную чаргу. Яму сьпяшалася на чыгуначны вакзал - бліжэйшы цягнік у Бельск ад'яжджаў праз дваццаць пяць хвілінаў - і ён пайшоў пешшу.

На алеі Першамая Сьцяпану пераступіў дарогу незнаёмец, якому - не адразу ўспомніў сабе гэта - дапамагаў адкрыць рамесны варштат.

- Добры дзень, пане Сумленевіч! - быў гэта малы бедны мужчына. - Я й не падзякаваў вам за помач. Вы - добры чалавек. Кажу сваёй жонцы, што на сьвеце...

- Як вам працуецца? - Сьцяпан: «Ну, канец: не пасьпею я на цягнік!»

- Дзякую, можна жыць, - у яго, здаецца, былі штучныя зубы. - Тады я, як убачыў вас, дык і падумаў сабе: ня можа таго быць, каб аказаліся вы благім! Яксьці відаць душу ў чалавеку. Вось, прыкладна, ідзе вуліцаю баба. Прыгледзісься да яе і, будзь я так здароў, не памылісься: курва яна ці нэрвовая кабета?! Во, во...

- Прабачце, - таптаўся Сьцяпан. Яму на скронях выступіў пот. - Я на цягнік...

- Мала ўчцівых, такіх як вы, пане Сумленевіч...

Перабіў яго:

- Зараз учцівым магчыма пабыць дома.

- Колькі разбою... Ах! - хацеў ён хуценька выказацца. - Пра нішто іншае не пачуеш, як усё пра падкусваньне... Хто каго сьпіхнуў...

На шчасьце, цягнік рушыў са спазьненьнем. Сьцяпан, стоячы ў перапоўненым калідоры, выціраўся хустачкай ды пасьміхаўся з самога сябе: «Бачыш, балванец! Не давярайся ты чыгуначнікам ды пунктуальнасьці - і хопіць табе часу на многае...»

Вагонам кідала.

Сьцяпану засела ў памяці гэтая паездка. Не таму, што ён адкрыў у Бельску неахопны балаган і дзіцячую - каб не сказаць злачынную - бесклапотнасьць кіраўніцтва тамашняга аддзелу.

Прывіталі яго там па-сьвяточнаму. Дырэктар даведваўся пра здароўе Сьцяпана; забываўся ён, стары, і зноўку распытваў... Пілі чорную каву й ласаваліся шакаладкамі. - Пры тваім здароўі ня будзе грэху табе й чарачку сьцябнуць, - бесцырымонна запрапанаваў ён Сумленевічу. - Не кажы, што ня можаш, бо не паверу, - і прынёс ён балгарскага рому. - Выпі, брацец, пагрэйся сабе з дарогі. А я падаб'ю табе каманьдзіроўку на ўсе дні, ды вяртайся ты здаровенькі да сваёй маладой жонкі... Чаго тут будзеш тырчэць стаўбуном?

Гэта ня быў жарт зь яго, дырэктара, боку.

- За выпіўку дзякую вам. Ня буду.

- Ром - гэта выпіўка? Э-э, кпіш ты ці дарогу напытваеш? Ну, давай... - наліў ён толькі Сьцяпану, у паўшклянку. - Я ўжо не магу, братка, адпіў сваё ў маладыя гады. Ох і даваў я па бутэльках! Каб ты тое бачыў...

- Не, - Сьцяпан перажываў, як кажуць, усё разам: злавалі яго бацькоўскі тон дырэктара, нахабства, а найбольш - безуважнасьць. - Перастаньце, пане дырэктар. Мне час брацца за справу.

- Што? Хочаш нас кантраляваць?

- Для таго я й прыехаў.

- Хто цябе прыслаў?

- Старшыня.

- Эх, ня маеце вы чым займацца, - дырэктар устаў да недачыненых дзьвярэй: - Манька! - і зноў расьсеўся. - Манька! - ён паўтарыў крык: ніхто не паяўляўся.

- Дзякую вам за пачастунак, - Сьцяпан зьняў зь вешалкі цёплае адзеньне, здагадваючыся, што дырэктар уступіў яму ў гэтым, неспадзяваным, сутыкненьні.

Цераз парог пераступіла жанчына, аб якой можна было падумаць, што яе разбудзілі. - Чаго?! - сказала яна адзінюткае слова, на нікога ня гледзячы.

- Завядзі, Маня, гэтага пана... - дырэктар растлумачыў ёй, да каго. - Ён зь Беластоку. Ну, давай, - ён чагосьці шукаў у кішэні свайго пінжака, перахіліўшы галаву.

Адміністрацыя памяшчалася ў вялізным пакоі, у якім, магчыма, некалі быў клюб. Сумленевічу знайшлося месца за незанятым пісьмовым сталом, што стаяў у куце, ла акна. («Ужо другі тыдзень, як хварэе», - паведамілі яму пра непрысутнага супрацоўніка.) Працавалі тут, пераважна, жанчыны. Сэкцыяй паслугаў загадваў мужчына высокага росту. - Вам, хвароба, патрэбна дакумантацыя? - запытаў ён у Сьцяпана й, не чакаючы адказу, узяўся высоўваць шуфлядкі, запоўненыя паперамі, у якіх, быццам гнілкі ў сене, то жаўцелі галоўкі цыбулі, то паблісквалі камлі бутэлек, то чарнелі жмуты абгортак па бутэрбродах. - Нешта, хвароба, знойдзем вам... Няма, во, дзе паставіць шафу, і трымаем мы пры сабе ўсенькую поскудзь, - корпаўся й корпаўся ён. - Нядаўна, хвароба, справаздачу рабіў я й, во, усё параскідалася. Трэба - у папкі, ды дзе іх набрацца?.. Грош ім цана, а не купіць іх, ня вымаліць...

Лёгка падаў сьнег. Пад хлеўчыкам дробны дзядок калоў дровы. Блізка рагацела вядро, удараючы аб кругі студні. І заўзята енчылі гусі, заглушваючы гультаяваты брэх. Праз панадворак праехала грузавая машына, нудна равучы, і Сьцяпан апрытомнеў ад зьдзіўленьня тым, што ён ня згледзеў, адкуль яна зьявілася. Забзычэлі шыбы й на падваконьнік упаў перасохлы кіт.

Было дрымотна.

- ...панна Ліза, дзе, хвароба, рахункі... Я й туды, я й сюды, во, мала шыю не скруціўшы...

Дзяўчына, названая Лізай, кленчыла над штабелікам зьвязак з дакумантамі, складзеных на падлозе пад сьцяною. Яе закароткая сукенка агольвала кульшы моцных сялянскіх ног; неапэтычна абсоўваліся зь іх панчохі. Адкідаючы з вачэй доўгія валасы, яна працавіта шукала патрэбнае. «Яны ненавідзяць мяне! - думаў Сьцяпан. Ён паправіў накінутае на плечы паліто. - Я парушаю ім рытм дня, наводжу на іх сумятню ў імя чортведама чаго! Ярархію ўгворана бязьдзейнікам; Сумленевіч атрымоўвае грошы за перашкаджаньне іншым. Ды, наогул, адміністраваньне, занатоўваньне зробленага, ёсьць гульня ў дзёньнік жыцьця, непрыдатны, бо яно не паўтараецца, не пераходзіць яшчэ раз цераз пройдзенае...»

- А-а-а-га-га-га, маразеча! - увайшоў той дзядок, скінуў рукавіцы й запхнуў іх за пасак, якім падперазаў сабе кажух. Дакрануўся ён рукамі да печкі: весела гарэлі палены. - Ну, будзе чым паліць. Адкуль людзі й набралі, гэта, у Галадоўскім лесе такой смаліны?! - гаварыў ён па-беларуску й, як бы ад таго, кожны рупней узяўся за работу. - Пані, - сказаў ён да белай бабы, якая гарбела над картатэкай, - якіясьці чужыя прыяжджалі ўночы на наш склад. «Адмыкай, дзеду, шопу: будзем цымант браць», - казалі яны. А я ім: «Як-жа поначы мяшкі валачыць?» Кажу: «Удзень трэба». А яны мне: «Не п..., стары!» - «А паперу вам начальнік даў? - пытаю ў іх. - Я-ж тут стораж!» - «Нашто табе папера, - сказалі яны, - калі ты чытаць ня ўмееш...» (Баба чуйна зіркнула на Сьцяпана.) Я ім ключа ня даў, дык яны зьбілі замок ламішчам, набралі таго цыманту, колькі хацелі, ды паперлі зь ім кудысьці. Нічога я ім больш не гаварыў, бо зь імі швагер начальніка быў, значыць, дырэктара. Швагер шваграм, але падумаў сабе я, скажу вам, каб ведалі, хоць не першыня гэта...

- Прынясіце, бацька, яшчэ дроў. У холад, хвароба, кідае...

- Ага, зіма бярэцца, - дзядок паслухмяна патэпаў назад. - А дабра, пані, павезьлі яны поўны кузаў. Навалілі мяшкоў, бы мукі якой...

Узьнімалася замець. Зьмерзлая плахта бялізны на вятрыску пужліва скрэбла па ваконнай раме, падлятаючы зьлева (у будынку, відаць, жыла сям'я). Па-хлапцоўску насьвістваў вецер; Сьцяпан услухоўваўся ў яго мэлёдыку, перабіваючы дрымотную нуду здогадамі, ці ў падрубе ёсьць вэнтыляцыйная адтуліна ў склеп з бульбай, нядбайна заткнутая анучай...

- Вось, хвароба, вы пачытайце гэтыя камплекты, - перад Сумленевічам паўстаў загадчык сэкцыі паслугаў, абціраючы рукавом пыл з пажоўклых канцылярскіх зьвязак. - Пакуль вы пракапаецеся празь іх, дык мы вам падкінем...

Ліза, у несьвядома распуснай позе, падцягвалася. Зноў укленчыла, падклаўшы пад калені ілюстраваны часопіс моды. Быццам прымушаная бандай да ганьбы.

Сумленевіч прабыў у Бельску пятніцу й суботу. У панадзелак дакончыў ён кантроль, склаў пратакол зь яго.

- Я, слухай ты, ня маю часу чытаць тваю пісаніну, - дырэктар адсунуў пратакол, які Сьцяпан паклаў перад ім для подпісу. - Прыяжджаеце сюды, дурыце сраку!..

- Добра, пане дырэктар. Я зраблю на пратаколе адзнаку, што вы яго не падпісалі...

- Якую гэта адзнаку?! Вы толькі ўмееце неспакоіць людзей, а справу цягнуць дык нямаш каму, - буркліва гаварыў ён. - Лёгка вам, у мяккіх крэслах разваліўшыся, павучаць нас: тое зроблена ня так, а гэта - ня сяк... Запыталі-б, здаецца, ці ня трэба дапамагчы аддзелу ў чым-небудзь? Ды дзе там!

- Выяўленьне слабых месцаў у вас - гэта і ёсьць наша дапамога вам.

- Я й бяз вас ведаю, у якіх вірах рыба водзіцца. Чуеш?!

- Дык чаму ў вашым аддзеле столькі занядбаньняў?

- Во, брат, калі ў цябе розум праявіўся! Папрацуй ты ў нас. Мо', дзякуючы табе, прападуць нашы беды... - дырэктар прыгледзеўся да якогасьці сказу на першай старонцы пратаколу. - Гм, так.

- Не прападуць, - Сумленевіч, даняты да жывога, сказаў яму проста ў вочы: - Некаторыя вашы супрацоўнікі змагаюць іх хабарамі! - і, калі дырэктар запытальна паглядзеў на яго, ён дадаў: - Сёньня раніцай загадчык сэкцыі паслугаў прынёс мне шынку й запрасіў мяне на абед!

- Вэнджаную?

- Што - вэнджаную?

- Ну, шынку?

- Ня ведаю. Я ня ўзяў яе.

- Дорага хацеў...

- Гэта быў хабар, пане дырэктар. Спроба падкупіць мяне з мэтай затушаваць выяўленыя мною недагляды ў вас. Ці я ясна кажу?

- Цалкам, - ён, таўшчэрны, сеў ажно на двух крэслах.

- І гэта вас не трывожыць?

- Трывожыць.

- Вы пакараеце яго?

- За што?

- За хабарніцтва, за спробу выкруціцца ад саліднай працы, - Сьцяпан зьедліва ўсьміхнуўся: - Ад бяды, як вы кажаце...

- Кожны, пане, ратуецца, - скрыпелі пад імі ссунутыя крэслы.

- Мы з цэнтру прывозім вам бяду, праўда?

- Не памятаю, ведаеш, каб было іначай.

- Лічыце нас ворагамі?

Дырэктар абыякава падпісаў пратакол:

- На, бяры ды едзь сабе да д'ябла, - ён падкінуў паперы да рук Сьцяпана. - Манька! - крыкнуў; зьявілася яна так хутка, што Сьцяпан не пасьпеў як сьлед апрануцца. - Пакліч да мяне таго бамбізу, - сказаў ён да яе.

- Я - патрэбны вам? - Сумленевіч зразумеў, што дырэктар выклікаў загадчыка сэкцыі паслугаў, каб высьветліць інцыдэнт.

- Не. Бывайце здаровы.

- Да пабачэньня.

Прызнацца, у Беласток выяжджаў Сьцяпан зь нейкай няўпэўненасьцю. Не грубіянства выклікала ў ім разгубленасьць. Цяпер, паглыбляючыся ў тую размову, ён амаль з жахам усьведамляў сабе, што супрацоўнікі ў Бельску пагадзіліся даўным-даўно на тое, каб быць непаўнацэннымі. Як-жа назваць іх тоесамасьць з працоўнай часткай грамадзтва, якім кіруюць - яны пераконаныя ў тым - беспатрэбна хітрыя ды інтэлігентныя. У гэтым ступіў Сьцяпан на зарослую сьцежку суадносінаў паміж селянінам і панам, вытваральнікам матэрыяльных багацьцяў і карыстальнікам іх. Ня так і далёка грымела водгульле сівой мінуўшчыны, якая хмарай насоўвалася на пакінутыя абшары. Адыйдзе яна й ніколі ня вернецца, але яшчэ спустошыць градам новазялёную буйнасьць, абсьцябае яе...

У раздражненьні думаецца ўсялякае.

Сумленевіч застудзіўся; за дарогу зьмёрз ён у ногі. У вагоне, якім вяртаўся дадому, было холадна; падшукаць цяплейшага - паленаваўся (пашанцавала яму мець жвавага спадарожніка). Сіплы кандуктар - у вадказ на Сьцяпанавы заўвагі наконт дрэннага абаграваньня - адсек: «Я вас не запрашаў сюды».

 

14

 

Зусім дрэнна адчуў сябе Сумленевіч на працы. Кінуў ён пісаць даклад аб візытацыі бельскага аддзелу й пайшоў да лекара. Там гудзеў натоўп хворых, насупраць белых дзьвярэй. Мэдсястра выкрыквала чарговыя прозьвішчы й кожны раз прасіла: «Людзі! Сядайце, ня стойце так, бо нікому не даяце прайсьці».

Боль галавы не дазваляў Сьцяпану што-кольвек чытаць. Ад гарачкі яму сьпякаліся вусны.

- У вас пачаткі запаленьня лёгкіх, - сказала Сьцяпану лекарка. Яна выпісала яму накіраваньне ў рэнтгэнаўскі габінэт.

- Я ледзь трымаюся на нагах, пані доктар, - узмаліўся ён. - Нікуды не пайду...

- Гэта недалёка, - яна назвала блізкі адрас. - Вы-ж мужчына, - дадала яна, зь мілай грымасай. - Зрабіце клішу й тады пахварэеце сабе, паляжыце ў пасьцелі...

- А што будзе, калі я памру?! - няньчыўся ён. На пальцы яе рукі залаціўся шлюбны пярсьцёнак, надта шырокі.

- Не, вы ня зробіце гэтага. Прымеце прадпісаныя вам лякарствы й уваскрэсьнеце. Трэба вам верыць у мэдыцыну. Прынясеце мне рэнтгенаўскую клішу - атрымаеце дадатковыя рэцэпты. Добра?

- Дамовіліся, - боль, так адчуваў Сьцяпан, як бы памяншаўся. - Адчую свой канец - паклічу вас. Можна?

- Выспавядаць? - хмурылася яна. - Будзе з чаго? - хуценька запаўняла бюлетэнь, пакідаючы Сьцяпана па-за ўвагай. - Даю вам тыдзень вольнага, каб вы адпачылі ад шэфа, - зграбна прыціснула да блянку сваю маленечкую імянную пячатку. - Хварэйце на здароўе.

- Сумна бяз шэфа, - Сьцяпан: «У яе, напэўна, недурны муж і таму яна не баіцца какецтва, паненскага свавольля».

- Так? Няма чым хваліцца, - яна кораценька запісала ў карце хваробы.

Па лякарствы хадзіла Кіра.

Тэмпэратура ў яго падскочыла звыш трыццаці дзевяці градусаў. Сьцяпан правальваўся ў бяздоньне, у несканчонасьці якога мігцела яму трывожнае. Вынырала зь яго бяспамяці якоесьці скрыжаваньне вуліц у горадзе з высачэзнымі дамамі, каб аддаліцца й зьнікнуць, быццам агеньчыкі сустрэчнай станцыі, празь якую праімчаўся ў цягніку міжнароднага маршруту. У купэ прасадзіў галаву кандуктар з пабялелым тварам: «Памятайце, што я не запрашаў вас сюды! Тут вам і будзе каюк! На чыгунку за Бельскам налезла гара Джамалунгма. Але я выскачу ў вадхон. Чао, казлы адпучшэньня!» Інтэлігентны спадарожнік Сьцяпана выбіў локцем шыбу й тузануў яго за рукаў: «Уцякайма!» Наперадзе загрымеў выбух катастрофы. «Я таму слухаў вашай гутаркі, бо нудзіўся. Вы мяне зусім не цікавіце, і за гэта я прашу ў вас прабачэньня», - ён, спадарожнік, з жахлівай адкрытасьцю пацалаваў...

- Сьцяпанка! Сьцяпулёк мой мілы!

З чырвані трызьненьня набліжаўся да Сьцяпана засмучоны позірк Кіры. Як добра, што яна побач.

Піць! Ён каўтнуў нейкай вадкасьці з кубачка, відавочна, паліпірыну, а яшчэ - соку зь лімону, растворанага...

- Кіра, - сказаў ён. - Пагладзь мяне...

«Жыцьцё, э, яго сутнасьць, ведаеце, э, - у непаразуменьнях, - крывіўся старшыня. - Мяне неспакоіць ваша, Сумленевіч, вера ў існаваньне, э, згоды, ведаеце. Яно, ну, аднадумства, так сказаць, зьнішчае думку, усыпляе, э, мазгі. Так, так, так... Людзі салідарызуюцца, э, у прэтэнзіях. Ого, за дармовы кавалак мыла гатовы яны, э, сьвет перакуліць дагары коламі, ведаеце. Чаму? Таму, што няма чалавека задаволенага сваім, э, лёсам, во! Дай яму доказ, э, крыўды, няхай сабе й сьмяхотны, дык ён табе замахнецца, э, пудовым кулаком, і ўжо не стрымаецца. Так і лясьне ім! Пакоціць ён, прыдушыць, затопча цябе - за нішто! А потым - пашкадуе і паспачувае, во, во... Любім набіць каго й заплакаць над ім, э, гм...»

- Сьцяпанка...

З заслонаў на вокнах абсыпалася цішыня, утвараючы грумакі ўтульнасці. То зноў вочы заплывалі якімсьці кацячым колерам.

«...э, дырэктарам быць, ведаеце, трэба добра ўмець махляваць, пане Сумленевіч. Так, так, без пасьмешак кажу вам. Справа, зрэшты, і не ў вашуканстве, э, не, не... Калі ўсе навокал, ушыр ды ўверх, ведаюць аб гэтым, э, дык якое-ж тут ашукоўваньне? Кіраўніку неабходна выходзіць насустрач людзкім спадзяваньням, такім, во. Так, Сьцяпан, табе ня быць кіраўніком! Справядлівых, ведаеш, баяцца, э, гм... Ахвотна гавораць пра іх - заўваж - кожны ў дачыненьні да сваіх ворагаў. Прыніжальнае, гэта праўда, стаць жывой справядлівасцю, пародзістым сабакам на зладзеяў, ага...»

- Пацееш? Мама, Сьцёпка пацее! Паглядзі...

- Ці-іха.

У куце, за фікусам, паляць вогнішча...

На ўскраіне бярэзьніку сабраліся паляўнічыя, з дубальтоўкамі за плячыма. Старшыня гучна кашляе й хтосьці з членаў управы адзываецца да яго: «У цябе запаленьне лёгкіх». А старшыня на тое: «Лекарка сказала, што яшчэ не». Сказалі: «З гарачкай табе да твару». А ён: «Каб так і пасьля сьмерці». У Сасновіцкім бары - галасы, ломат: пайшоў гон. На балацявіну, быццам маторная лодка на ўсёй хуткасьці, выбег зубазбройны адзінец, які, здратоўваючы кусьцікі, павярнуў прасьцютка на стойбішча старшыні ўправы каапэратыву, самага вялікага на Беласточчыне, і грозна рохкнуў: «Я табе не Сумленевіч, падла ты!» Шэф зваліўся перад зьвярыскам ды залямантаваў: «Даруй, братец-адзінец, што я цэліўся ў цябе! Зьлітуйся, калі не нада мною, дык хоць над жоначкай-тралялёначкай ды нашымі дзеткамі-кветкамі! Я цябе за гэта ў лыч пацалую, і куды хочаш...» Засьмяяўся дзік і ажно языком іклы аблізаў. Сеў ён на хвасьце ды прахрыпацеў: «Па-ага-ава-ары, а я па-аслу-у-уха-аю-ю-у-ууу, га-га-га-га-га...»

- Папі, Сьцяпанка, малачка.

- Што ты яму даеш, Кіра? Ад малака - падскочыць тэмпэратура!

- Піць, - вымавіў Сьцяпан.

У кухні забразгацела бляшаная пасудзіна. Няйначай, упаў гаршчок з пліты; ёмісты, у якім гатуюць капусту, квашаную, тлустую, са сьвіным мясам, смакавітай лычавінай.

- Асьцярожна! - цешча да Кіры. - Бяжыш, як на пажар... Бу-б-б-б-бу-бу...

- Мама, ты куды паклала лімоны?

- На падваконьнік, каб ня сохлі яны. Вунь, там... бу-бу...

- А тварог?

- Няма тварагу. Трэба купіць, бу-бу-бу-бу...

Сьцены - высокія, як справядлівасьць.

Панурыя, карычневыя, забруджаныя яны. На атаманцы - сакратарка, з пакалечанымі грудзьмі, раптам зварухнулася й прамовіла (не расплюшчыўшы вачэй):

«Я бачу вас, пане Сумленевіч. Непатрэбна дрыжыце вы. Ах, хварэеце й, пэўна, па вашай скуры прабягае марозік; гэта нармальнае ў час грыпозу. А мне, вось, усё роўна... Штосьці вам скажу, пане Сумленевіч. Ёсьць на тое нагода, дык паслухайце мяне. Гэта вы вінаватыя ў маёй сьмерці! Так. Ведаеце, калі капітан прывёў вас у тую кватэру, дык я яшчэ жыла, але не хацела адзывацца... Капітан не зразумеў-бы мяне й гэта зашкодзіла-б вам. Такія, як ён, здольныя думаць толькі па зададзенай тэме. Ураднік! Ад яго трэба быць здалёку...»

«Чаму вы гаворыце, што я вінаваты ў вашай сьмерці?» - запытаў Сьцяпан, так і не пачуўшы свайго голасу. У горле казытала яму пякотка...

«Сказаць?» - уздрыганулі яе вейкі.

«Скажы, дарагая! Табе-ж ужо ўсё роўна, прабач мне гэтую шчырасьць».

«Ого, ты цікавісься тым, што пра цябе думаюць іншыя. Значыць, нялёгка цяпер табе: напала на цябе чалавечая іржа. Ад яе ніхто яшчэ не схаваўся. Часамі й я думала: як доўга ты паблішчыш...»

«Кажы пра маю віну!»

«Віна твая ў тым, што ты, Сьцяпан, добры чалавек. Гэтым і пакрыўдзіў ты мяне. А ведаеш, як? Прызвычаіўшы мяне да годнасьці, зрабіўшы ганаровай жанчынай! Таму й страціла я жыцьцё, тое, што самае каштоўнае, без чаго няма мяне! Адкажаш: засталася ідэя чалавечнасьці. Каму яна засталася? Жывым ці не? Жывым. Чалавечным? Ці чалавечным, пытаю...»

«Я, усё-такі, не разумею цябе, хоць і здагадваюся...»

«Твая здагадка зьяўляецца здагадкай мужа, што вярнуўся з крывавай вайны, на якой, па-п'янаму, застрэліў ён упартую жанчыну ворага, бо, у пярынах занятай ім спальні, яна падзерла яму твар... Здагадкай, чаму гэта твая жонка - жывая й здаровая пасьля таго, як тут бушаваў, мабыць, той-жа жанчыны, чалавек... Той, што глядзеў са шлюбнага партрэту ў чужамоўнай сям'і... Ах, ня муч ты мяне!»

«Прабач».

«Іх было трох...»

«Ага, а як яны называліся?»

«Мужчыны».

«Але - як называліся?»

«Я сказала».

«Прозьвішчы іх патрэбныя! Прозьвішчы...»

- Сьцяпанка... Сьцяпанка, чуеш мяне?

- Кіра...

- Паеш, Сьцяпанка, тваражку. У ім шмат кальцыю, для ўзмацненьня тваіх тканак... Во, бачыш, кроў з носа цячэ табе, - Кіра выцерла яе бінтам. - Еш. Сілком еш.

- Потым, Кірачка.

Сонныя мроі, як дасказаньне чагосьці, што не знаходзіла сьвядомай фармулёўкі, як занадта жахлівае, не падлеглае надзённаму досьведу, безадказнае, нічым датыкальным не пацьверджанае, але верагоднае, сумяшчальнае ў лёгіцы прадчуваньня, у вокаімгненнай упэўненасьці, якая ў час адпачытай цьвярозасьці ўспрымаецца быццам прадаўгаватая рыжынка лісіцы на мяжы поля, дзе штораз спатыкаемся аб парудзелыя валуны, звычайныя, цікавыя або нецікавыя асаблівасьцю ці банальнасьцю формы; як сабака, які ўсьцешвае нас тым, што ён, аказваецца, ня воўк, хоць і на дзіва вырас.

«Крадуць! Хто ня цягне да сябе, той ідыёт. Гэта ўжо сталася эстрадным фальклёрам. Слухаў-жа ты радыё-кабарэ: Апошнія паведамленьні з краіны. На адным з панадворкаў Драпежнай вуліцы ў Грашаградзе дзеці гулялі ў зладзеяў ды паліцыянтаў, нарабіўшы гэтым нечуванай панікі - менавіта, іх бацькі, на ўсякі выпадак, начавалі ў сваякоў, хі-хі-хі...»

«Кіра, Кірачка, зьлітуйся...»

«Спектакль п'есы пра каапэратыў ДЗЯРЫ-БЯРЫ. Публіка спачувае камбінатару й злуецца на сяржанта, які бяз ордэну на арышт уварваўся ў кватэру Мондрай Гловы, героя нашага часу зь лёгкай рукою на не сваё, хі-хі-хі...»

«Кірачка...»

«Што - Кірачка? Ну, што? Баліць табе маё апавяданьне, га? Эх, наіўнота ты. Адкуль у цябе, атэіста, такія першахрысьціянскія адносіны да жыцьця, га? Дабром - зло... Сьмяяцца хочацца. І плакаць! Чэрнь бяжыць наглядзецца ў кіно, як шляхетны шэрыф па-бандыцку распраўляецца са злачынцамі, верачы яму, што іначай нельга... І мае яна ў гэтым трагічную рацыю! З палёгкай выходзіць сабе з кінасэансу, які закончыўся сцэнай пагібелі крывамордых рабаўнікоў і цудоўнага стражніка закону; трупы іх засыпаюць пяскі Нэвады. Навечна...»

«Перастань!..»

«Я-ж твая жонка, Сьцяпулёк. Мне - страшна, калі падумаю, што ты губіш сябе. Жанчына без мужчыны - безабароннае стварэньне, баба, якую можа пакрыўдзіць любы, каму зажадаецца. Твой пройгрыш будзе й маім, але - падвойным! Жанаты павінен разумець, што ўсенька ўчыненае ім адбываецца ня толькі ад яго ўласнага імя. Патрэбна не абы-якой дурноты ў незадаволенай жыцьцём жонкі, каб дадумалася яна да таго, што даволі ёй пазбыцца разьлезлага мужа, а зажыве яна па-новаму. Сьвядомасьць - гэта дзівосны інструмант: спраўны ён у якіх хочаш акалічнасьцях, у рэальных і нерэальных...»

У другі дзень хваробы Сьцяпан натужыўся й выпіў шклянку гарачай гарбаты зь мёдам, зь зялёнай цыбуляй упрыкуску.

 

15

 

Кіра прынесла навару з чорнай парэчкі. Увайшла ціхім крокам дзяўчыны.

- Ня сьпіш, Сьцяпанка?

- Я ўжо й сам ня ведаю, калі сплю, а калі не, Кірачка.

- І трэба-ж было табе ў той Бельск ехаць?..

- Начальства лепш ведае, што мне трэба рабіць.

- Яно ведае, як сабе дагадзіць.

- Трэба зарабіць...

- На торбы? - яе бровы падскочылі ад раптоўнай уцехі.

На яе твары была тая заклапочанасьць жанчыны, якая пасьпела ўявіць сваю безабаронную адзіноту. «Я ведала, што ты дурненькі, але не спадзявалася, што ажно настолькі», - прачытаў Сьцяпан у яе вачох. Кіра не згадзілася падаць яму чарку жытнёўкі, хоць гэта й мела ўзбудзіць у ім апэтыт. Алькаголь не ўзмацняе, растлумачыла яна. Забірае ён з крыві кісларод і ад таго празьмерна ўспацееш. Паслабляе таксама рэагаваньне нэрвовай сыстэмы, мазгоў...

- У цябе, Кірачка, усё прадуманае. Жанчыны наогул такія?

- Што мужчыны рабілі-б бяз нас?

- Прапалі-б!

Яна чульліва абняла Сьцяпана за галаву, і ён, забыўшыся пра градусьнік пад пахаю, прыціснуў яе да сябе й, са спрытам вопытнага каханка, расшпіліў на ёй блюзку. Ратуй мяне, шаптаў, нагрэй. Потым, мілы наркаманік, потым, калі паздаравееш і маці дома ня будзе... Сьцяпан дабіўся ў Кіры свайго, але яго калола слоўца «наркаманік», якім паслугоўвалася яна ў выпадку сваёй неахвоты да штодзённага каханьня, хаваючы жаль порсткай жонкі да няскладнага мужа. Паводле яе апазнаньня, чалавек выключнай дабрыні па сутнасьці не адрозьніваецца, скажам, ад алькаголіка: тое-ж шуканьне ім забыцьця. А жыцьцё дамагаецца ад свайго ўдзельніка ўдарніцтва! У слушнасьці Кірыных высноваў прадчуваў ён незадаволенасьць ім, якую баялася яна выказаць уголас. Быццам у вадказ на тое, як бы міжвольна, ён падсумаваў яе павучаньні:

Калі мусіш думаць, дык не гавары. Калі сказаў, дык не пішы. Калі-ж напісаў, дык не падпісвай. А калі падпісаў, дык сам ты таго хацеў...

Кіра паставіла шклянку са сподкам на падлогу.

- Ты ў чымсьці падазраеш мяне, Сьцяпан, - сказала яна. - Ну, сьмела кажы, менавіта, у чым?!

- Я? - Невядома, калі наскочыць на цябе найгоршае. - Кіра, пашкадуй ты мае нэрвы, - Сьцяпан сеў у пасьцелі. - Я хворы, а ты пачынаеш са мною сур'ёзнае, ад якога напраўду можна дайсьці да думкі, што жыцьцё нас абаіх - нішто іншае, як кантракт і толькі кантракт. Справа на пэўны прамежак часу або парадку рэчаў...

- Прабач, Сьцяпанка. У мяне, ведаеш, хутка мэнструацыя, і таму я без дай прычыны ўзбуджаюся, - яна зграбна схілілася па шклянку. - Я нарыхтую табе паранага малака зь мёдам.

«Мэнструацыя! - калацілася ў ім. - Пачуў-бы гэта набабнік з мудрым ілбом міністра, дык запляваў-бы ад тае сьцены. У сукінсыне не шукай ты пашаны, нават да самога сябе, бо яму й сваё гаўно сьмярдзіць!..» Перад жанімствам з Кірай Сьцяпан перажыў дзіўную прыгоду: маладая ўдава прапанавала яму шлюбнае жыцьцё на паўтары гады, да часу, пакуль вернецца з Канады яе жаніх, стары кавалер, які паехаў туды зарабіць валюты ў брата, уласьніка, здаецца, рамонтных майстэрняў. Ня бойся, я нічога табе не нараджу, супакойвала яна Сьцяпана. А тое, што ты навучысься ад мяне, вельмі прыдасца табе, хлопча, калі сам ажэнісься. Пераканаесься, што і ў каханьні патрэбная навука. Я ведаю гэта, павер ты мне. Падумаю, адказаў ёй Сьцяпан і больш не пабачыўся зь ёю; яна, зрэшты, не шукала яго, відавочна дайшоўшы да вываду, што ён не зразумеў-бы яе або, чаго добрага, потым пусьціўся-б яшчэ ў сабачую скуру.

- Кіра, цябе не зьдзіўляе дзівосная раўнавага ў колькасці мужчынаў і жанчынаў на сьвеце?

- Гм.

- Або: гультай як грамадзкае паняцьце? Што людзі - як тыя валуны, удзірванелыя, якія не варушацца і ў буры зь перунамі? Маланка смаліць такому па хрыбце, ажно дым ідзе зь яго, а ён ляжыць сабе й нават не пачухаецца...

- Я прынясу табе паляпірыну, - Кіра зьнікла.

Растварыла яна дзьве таблеткі.

Гарачка ў Сьцяпана апала.

Цешча вярнулася дамоў зь лімонамі. Дастала яна іх недзе па знаёмстве. Сьцяпан выпіў кубак гэтай кісьляціны з цукрам і задрамаў. Выглядала на тое, што давядзецца яму паляжаць, і гэта злавала яго... Старшыня падсеўся бліжэй, загаварыў - зь яго роту ад нядбайна чышчаных зубоў панесла смуродам, мясной гнільлю. Значыць, пане Сумленевіч, э, вы нязгодны дапамагаць мне ў кіраваньні? Добра, гэта ваша справа. Не, дык не. Як гаворыцца, рабу ня быць свабодным працаўніком. Я не пэдэраст і заганяць вас, э, у пасьцель амаральнасьці ня буду. Вы, відаць, не дарасьлі да перамаганьня, э, зла злом... Так. Я, ведаеце, прайшоў вайну й рознае вычаўпаў на ёй. Бывала, э, уварвуся я ў варожы дом і раву на малагодка: «Рукі ўверх!» А на шаснастоўку: «Скідай, фраў, майткі!..» Агідна я рабіў? Вядома. (Самое-ж забіваньне ёсьць супраціўнае чалавеку. Але спрабуй ты, браток, выйграць бітву, э, нікога не забіваючы.) Вось, пане Сумленевіч, і вы, э, палезьлі-б на сінявокае дзяўчо ў разьбітым горадзе, якое й не падазрае, э, існаваньня сусьветнай палітыкі; у першую хвілю не дадумаецца нават, у чым справа - з асмаленым, э, салдатам. Захіхікае яно, ведаеце, быццам намерыўшыся пагуляць зь ім, бугаём, у хованкі. Па-дзіцячаму. Пасьля вайны - я ажаніўся, і жонка, трасца ёй у бок, падсыпала мне дочак. Ох, э, бязьлітасная яна, зараза! Гляджу я на гэтыя свае доні й, цьфу, бачу ў іх тварыкі падабнюткія да тых, ваенных, згвалтаваных недзе ў каменным хутары, у якім, ведаеш, э, толькі гаспадынін сын хадзіў за гаспадаркай; сёстрам яго-ж ніхто з нас ня даў і коўдрай накрыцца, хоць, э, на паўгадзінкі. Яны колькі дзён і елі лежачы, цьфу!.. Што я кажу табе, балванец. Ня хочаш ты быць маёй курвай, дык ня трэба. Пашкадуеш таго. Я не жартую: пашкадуеш! Так. Курэўства ёсьць частка, э, кожнага чалавека, і як-жа тут думаць пра кар'еру, э, ня зьведаўшы прастытуцыі целам і душою?! Гэта-ж так, быццам брацца гасіць пажар, ня ведаючы, што такое агонь. Крывісься? Ну, э, крывіся сабе на здароўе. Жадаеш сабе йсьці ўласнай дарогай? Гэта мне падабаецца. Дазволь мне даць табе параду: ня будзь ты дзекабрыстам! Няхай табе не здаецца, э, што ты запакутуеш, або застанесься незразуметым. Маю перавагу я над табою, э, проста сакрушальную, і таму мяне бярэ ахвота сьмяяцца з таго, як гэта ты сыплеш бясспрэчнымі рацыямі, па-юначаму спадзеючыся на іх сілу; ілюзія непрактычнага розуму! Памятай, Сьцяпан, што самым непераможным і беспамылковым рэвалюцыянэрам зьяўляецца, э, час. Ён ня любіць, калі яго падганяюць... От, жывіна! Што яшчэ табе сказаць?.. Вяртайся ты, э, да старой праўды: маўчаць аб сваіх справах. Кожны выслухоўвае цябе перш за ўсё ў кантэксьце, э, тваёй прыдатнасьці яму. Адсюль - што хочаш: дружба й варожасьць, любоў і нянавісьць, э, зайздросьлівасьць і завісьлівасьць... Так, брацец! Ну, і далучаю я да таго, ведаеш, студэнцкае пажаданьне: скруці, халера, шыю! Хай хада лёгкай табе будзе...

Сьцяпан расплюшчыўся і ўбачыў Кіру.

- Я разбудзіла цябе?

- Не, Кіра, я й ня чуў, што ты тут...

- Ты пацееш, - Кіра разгарнула насавую хустачку, - я вытру табе лоб.

- Пацею, Кіра. Ажно пад патыліцай мне мокра... Прамокне падушка...

- Прыходзілі нейкія калегі да цябе, - сказала Кіра. - З каапэратыву. Двух. Але я іх ня ведаю, Сьцяпан.

- Што яны казалі?

- Пыталіся пра тваё здароўе - яны, здаецца, былі п'яныя...

- Ага... Ужо ведаю, хто быў.

- Ці нешта важнае магло здарыцца, Сьцяпан?

- Адкуль-жа?! - усьміхнуўся ён. - Такія, вось, сябры, дый столькі.

- Не спадабаліся яны мне.

- Непрыгожыя?

- Ты, калі што ляпнеш... - пакрыўдзілася Кіра. - Я цярпець не магу п'яных у будзённы дзень! Гэта несур'ёзныя людзі.

- Або нешчасьлівыя.

- Сказаў, што ведаў... Добрае гэта ім няшчасьце піць гарэлку, гультаём! Знайшоў ты сабе сяброў, што хай Бог бароніць!

- Што было мне рабіць, Кіра? - ён кпліва зірнуў на яе. - Нямаш лепшых.

- Пашукай - калі яны табе конча патрэбныя.

- Шукаў я, Кірачка. Як ведаеш, да самога старшыні спрабаваў пазаляцацца, ды дзе там: наліў ён сабе горла й больш не паказаўся ў нас, сабака. А прыліпаў я да яго, ой, прыліпаў...

- Ах, усе вы, мужчыны, аднаго сука вартыя.

- Слушна! Пачну я цяпер з бабамі...

- Яшчэ чаго! - Кіра падала Сьцяпану газэту. - Лепш пачытай, што на сьвеце робіцца.

- Кінь яе, Кіра, во сюды, - весела ўказаў ён на столічак ля ложка. - Цяпер я ня буду чытаць газэту. Уваччу мне круціцца.

- Старайся заснуць, Сьцяпанка.

- Колькі можна...

Цешча паклікала Кіру ў кухню. Ад прычыненых дзьвярэй далятаў пах смажаніны, і Сьцяпан адвярнуўся да сьцяны.

Сьцяпан Сумленевіч, ты пераскочыш старшыню, - гэтак, нячутна, якісьці... З тых, хто прыходзіў наведаць яго? Ты добры, бо ў цябе няма выйсьця. Разумееш? Дабрыня зьяўляецца ў цябе сродкам. Ты, Сьцяпан, бессаромна махлюеш, называючы яе сваёй мэтай! Я, Сьцяпане, у дзяцінстве марыў пра малаточак. Калі яго, нарэшце, займеў - вышукаў яму адмысловае месца, пад іконаю. Бацька аднойчы ўбіў ім цьвік у сьцяну, і я, ад такой зьнявагі, плакаў...

- А я, - умяшаўся Сьцяпан, - калі ты хочаш ведаць, дык не супроць пакарыстацца дабром у імя шчасьця чалавечага...

- Мы ўжо гаварылі з табою пра гэта, - перабіў Сьцяпана... Нейкі мутант? - Паўтараесься! Сьвет існуе, Сьцяпане, ня толькі ў тваіх памерах. Цябе, бачу я, зьдзіўляе тое, што думку нельга ўзважыць або вымерыць цэнтымэтрам? Га? Усё па-за фізыкай, дарагі, калі ўспрыймаць рэчаіснае як ідэю...

- Адчапіся! Мне баліць галава...

- Болю таксама ня зьмераеш, напрыклад, грамамі. І роспачы. І жалю, суму.

- Каштоўнае не паддаецца малатку...

- Уставай, Сьцяпанка, есьці, - зьявілася Кіра. - Атуліся пледам і сядзь. Паабедаеш у пасьцельцы.

- Каб ты ведала, Кіра, як я гіджуся ежаю!

- Перамагайся! Табе трэба мацавацца.

- Калі пагляджу я на цябе, дык робіцца мне лягчэй. Ты - маё лякарства!

- Ах, чым ужо я не была ў цябе: мышкаю, хмурынкай, іскаркай, пчолкай, шчасьцейкам... Аптэкаю - першы раз, - яна падала Сьцяпану грэбень. - Ну, варушыся, Сьцёпа, прыгладзь свае кудлачы.

Расол з курыцы ды катлетка па-венску былі, несумненна, смачнымі. Каб пракаўтнуць іх, Сцьпан дапамагаў сабе, зазвычай, аналізам памылак герояў у кніжках, якія чытаў у дзяцінстве... Палкоўнік наладзіў засаду ля пераходу цераз Патамак. Ён зрабіў-бы лепш, застаючыся ў крэпасьці. Праўда, Вялікае Вока меў магчымасьць аблажыць гарнізон Джона, каб голадам прымусіць яго здацца ў палон; харчоў хапіла-б яму не больш як на тыдзень, ну, на два, калі браць пад увагу конскае мяса. Першае, што павінен быў зрабіць палкоўнік, гэта выкапаць у крэпасьці калодзеж - блізка галоўнага збудаваньня. З вадою можна доўга пражыць! Далей - карыстаючыся разьмяшчэньнем над затокай Патамаку - была ў Джона магчымасьць арганізоўваць рыбную лоўлю невадам, узьвесьці шырокае памосьце, абгароджанае частаколам... Рыба штодзень, безумоўна, надакучае, але, калі-б нарыхтоўваць зь яе ўсялякія стравы з дадаткам каніны, тады атрымалася-б няблага. Шчупачок, скажам, печаны на ражне, жоўценькі, гм, смакавіты - пальчыкі аблізваць! Або акунькі. Драбязу найлепш смажыць, а вялікія рыбіны кідаць у юшку.

- Еш, Сьцяпан, - заклапочана загаварыла цешча, што ўвіхалася ля пліты. - Усё еш.

- Ем...

...Іньдзейцы сушаць конскае мяса: рэжуць яго ў вузэнькія палосы. Сухое, яно не псуецца. Каб пячы, трэба спачатку памачыць яго?

Вялікае Вока не стрываў-бы доўга пад крэпасьцю: зямля ля падножжа горадні аказалася-б усыпанай касьцямі рыбак! Чырванаскурыя ваяўнікі, босыя, адбягаліся-б прэч пад агнём са стрэльбаў, адпаўзаліся-б, ня могучы ступіць нагою... Ах, адбылася-б разьня... Трупы гніюць, шыраць заразу. Спатрэбіліся-б перамовы зь Вялікім Вокам, каб дазволіць яму забраць тую трухляціну, ага. А што было-б, калі-б ён здагадаўся?..

- Катлетка смачненькая, - падселася да Сьцяпана Кіра. - Чаму ты не ясі? Ну, хоць кавалачак...

- Не падганяй мяне, Кіра. Я зьем, - Сьцяпан: «Калі-б я быў на месцы палкоўніка Джона...» - Кажу табе, што зьем, значыць - зьем!

- Не надакучвай ты яму, - бессэнсоўна заступілася за яго цешча. - Хворы... Слабы...

- Я налью яму гарбаты, - падхапілася Кіра. - Моцнай, індыйскай.

- Хочаш змарнаваць чалавека! Вунь, з павідлам трэба! - цешча паставіла слоік з чорнымі парэчкамі.

Кіра рэзка адказала матцы.

Ёй усё часьцей здаралася спрачацца са старою. «У яе гэта ад гаспадынінскай ролі, - заключыў аб жонцы Сьцяпан. - Незайздроснае служэньне мужу нават жыцьцярадасную жанчыну пераўтварае ў мэлянхалічнае стварэньне. Перакрэсьлівае яе значнасьць. Яна стаецца неабходным дадаткам да кватэры, мэблі, пасьцелі, мараў... Каханьне, і тое ня можа тут нічога зьмяніць. Наадварот, зацьмяняючы ўсьведамленьне аб'ектыўнага становішча, закончваецца яно гвалтоўным выбухам скаргаў на мужа ды жалю да яго. Страсьць - толькі эпізод жаданьня, імя якому - Мець. (Чорныя парэчкі, чуў Сьцяпан, узмацняюць нэрвы.) Прэм'ера яснасьці выклікае шок. Няўжо быў я сьведкам рэпэтыцыі таго ў Кіры?» - Сьцяпан страсануў крышынкі з пледу.

- Дзякую вам. Я лягаю хварэць далей.

- Смакчы глюкардыямід, - сказала Сьцяпану цешча. - Гэта ўзмоцніць тваё сэрца, - яна высыпала на плед некалькі цукерынак прафіляктычнага леку, - вось, дастала ў знаёмай...

Кіра вымывала ў кухні гаршчок.

- Не пашкодзіла-б дастаць па знаёмстве крыху шчасьця на жыцьцё, - сказаў Сьцяпан. І не адумаўшыся: - Ну, каб хоць дзе-небудзь пазычыць яго!

Кожная зь іх зразумела яго па-свойму.

«Калі сапраўды яно так, што застуда наганяе нэрвозную ўзбуджанасьць, дык мне яшчэ далёка да выздараўленьня, - практыкаваўся Сьцяпан. - Я-ж, фактычна, у чужой хаце, а пляту такія глупствы! І нашто мне гэта?! У чымсьці падобны я да Кіры? У зносінах са старшынёй? Ён-жа прапанаваў мне своеасаблівы шлюб! Ці-ж ня так? Будзь маёй, э, сакрэтнай каханкай, мілы Сумленевіч. Э, не пашкадуеш таго, - перакрыўляў яго Сьцяпан. - Божа мой, дай мне сілу памяняць працу! Або нагоду дзеля гэтага. Го-го, лёс паказвае хвігу... Умееш, Сумленевіч, толькі прасіць, кажа лёс. Прэч, баязьлівец! Уцякай, бо сабакаў нацкую на цябе. Ну!..»

Пошукі новай працы. Лёгка сказаць сабе, што пакіну багну, у якой засеў па задніцу, і вылезу на сухое месца. Неяк аднаго разу Сьцяпан выцягваў з кляткі цешчыну курыцу: падчапіў, дурную, рыдлёўкай ды ўдала выкінуў на бераг. Яна, выратаваная, паляжала на баку, а потым, як бы сама ня верачы ў шчасьлівую ёй падзею, села й разглядалася. Калі, мокрая й абясьсілелая, урэшце падыйшла да іншых курэй на падворыку, тыя пачалі дзюбаць яе, бедную, і праганяць. Слабую й гідкую! Яна хавалася ад іх, пераважна, у лапухох, што буйна расьлі між платамі; куры няхутка прынялі яе назад у чараду. Няўдаліца так і хадзіла збоку ад усіх, быццам у кожную хвілю чакаючы ўдараў...

Зьмяніць працу. Ад чагосьці трэба пры гэтым адмовіцца. Нешта - тут - прайграць. У нечым камусьці паддацца. Перабегчы з адной дарогі на другую, цераз аблагі або кустоўе, калечачыся й марнуючы адзеньне, са страхам... Зь імклівасьцю, якая, апроч адноўленай надзеі, наўрад ці да чаго набліжае. Як паварот з бурлівага возера ў затоку, каб зь іншага напрамку дасягнуць намечанае далёкае; мо' ўздоўж чаротаў і парослых лесам страмізнаў, абаплываючы паўвостраў Высмалы...

Рабі што хочаш, а й так выйдзе на тое, што перайшоў ты на багацейшы заробак, дзеля якога трэба будзе апусьціць хвост - пераканаесься - вельмі нізка. Стаўкай будзе - выявіцца гэта табе - магчымасць звычайнага фізычнага існаваньня з хілымі аздобамі накшталт асабістага гонару або ўласнага, выключна ўласнага, пачуцьця годнасьці.

«Залішне я палохаюся?» - Сьцяпан дастаў зь бібліятэчкі кніжку, якую забываў прачытаць: «Мікалай І і яго часы». За акном буркаў голуб, на выгнутай галіне сьлівы. Адзінокі, ён прылятаў сюды аднекуль з Садовай? З-за майстэрні шапніка, пагорбленага скнары, у якога дачка ўцякла з паручнікам, як казалі, на чэскую граніцу...

Голуба Сьцяпан бачыў ня раз; ён у чымсьці быў яму патрэбны...

Не чыталася Сьцяпану.

І, наогул, замаркоціўся ён.

У ваглядзе ўжо пяройдзенага ёсьць салідная адлегласьць, што дазваляе назіраць за прадметам ці зьявай - поўнасьцю. Сьцяпана неспакоіла ўласная нецярплівасьць у суадносінах з асобамі, зь якімі ён сутыкаўся на службе. У некаторай ступені спалучаў ён гэта са сваім становішчам, з тым, што ня меў патрэбы змагацца за тое, што называлася ніштаватымі ўмовамі быту. Не даходзіў да яго непасрэдны сэнс намёкаў старшыні наконт матэрыяльнай карысьці супражжа зь ім, і мёртвага заціску, уладнага, у выпадку супраціўленьня...

Бясстрашша Сумленевіча, незразумелае ў супастаўленьні зь мізэрнасьцю прадмету разнагалосься, падказвала залішне здагадным яго сябром існаваньне ў ім не дэшыфраванай мэты, дзеля якой уяўляўся ён ім гатовым на ўсё! Прытым - застрахаванай, відаць, надзейнай зарукай...

«Яшчэ ня позна мне паправіцца?» - Сумленевіч выразьней учуваўся ў характар свайго падыходу да штатных абавязкаў у каапэратыве, з тоенай прыемнасьцю канстатуючы іхную, у немалой меры выгодную, функцыю. Меў ён на тое доказы ў выглядзе падтрымкі яго пачынаньням, якую дэкляравалі якраз супрацоўнікі ня толькі пазбаўленыя рэальных уплываў, але, што найгоршае ў найгоршым, і волі да барацьбы. Алькаголікі-пачаткоўцы. Сэнтымэнтальныя. Спадзяваліся пагрэцца каля яго?

Гэта паказвала на наяўнасць памылкі, да таго-ж асноўнай, што, магчыма, меў ён справу з незразуменьнем самога сябе. Са стварэньнем, відаць, несур'ёзных праблемаў, якія зацікаўлялі яго - мо' й выключна яго? - перш за ўся настроем і пачуцьцёвай абалонкай, бы ў людзей, сьпіхнутых у бок, што страцілі здольнасьць цэльна аналізаваць навакольнае...

У неталерантнасьці да заганных паводзінаў блізкіх яму асобаў, Сумленевічу не давала супакоенасьці нешта процілеглае, падобнае да зьдзіўленьня, аднак - безназоўнае. Непараўнальнасьць імкненьняў з дасьведчанасьцю, неперавараная ўпэўненасьць у тым, што адзінка падлягае дзеяньню безасабовых утварэньняў, акалічнасьцям? У Сьцяпана былі веды па гэтаму пытаньню; не хапала яму непаўторнага, свайго, матэрыялу, які можна ўзяць са сьвету, каб самому ўспрыняць праўду аб ім, няхай і агульнавядомую...

Гарэў ён ад нецярплівасьці.

Зь непрыстойнай маладому чалавеку расьцягласьцю вёў Сьцяпан дыспуты аб сьмерці, аб культуры паміраньня. (Потым - празь якіх дзесяць гадоў пасьля спадзяванай ім катастрофы - Сьцяпан, звычайна, клапаціўся пра бягучы дзень.)

Апрача Кіры, аргумантамі Сьцяпана трывожыўся бухгальтар: шкада, халера на яе галаву, празь сьмерць пакідаць сьвет! «Бо й нашто? - сказала прыбіральніца, пяцідзесяцігадовая паненка, маці шасцярых дзяцей, на якія не засудзіла яна алімэнтаў. - Вы яшчэ не адной бабе будзеце прыдатныя. Зусім што іншае я: хацела-б памерці, але, кажуць, страх пабачыцца з кастухаю... От, можа, й не такі страх, бо калі прыгледзецца нябожчыку, дык кожны зь іх выглядае яксьці задаволеным. А ваш папярэднік усё роўна што сьмяяўся ў труне».

Накрычалі на лапатуху.

 

16

 

Сумленевіч прыйшоў да бухгальтара, каб правесьці зь ім калькуляцыю цэнаў заплянаваных у каапэратыве вырабаў.

Высокія лічбы.

- Хто гэта купіць за такія цэны, мілыя?! - зьдзівіўся бухгальтар пасьля падлікаў і зьняў акуляры, якімі карыстаўся ён падчас працы; працёр запацелыя іх шкельцы. - Глупствы ў нас выйшлі, пане Сумленевіч.

- Думаеце, што сумненьні патрэбны нашым начальнікам? - нэрвова пазяхнуў Сьцяпан. - Можаце запісаць іх сабе ў прыватны дзёньнік...

- Гм, а што начальству патрэбна?

- Нічога: фікцыя!

- Калі ласка... Калі ласка, - бухгальтар зноўку падсунуў да сябе арытмомэтр і выкручваў на ім чарговыя дадзеныя, па-хлапечаму пасьвістваючы. - Раз нічога, дык нічога, мілы. Мая справа збоку.

- Вам не шкада гадоў, праведзеных збоч дарогі? - зласьлівіў Сьцяпан.

- Як? Якой дарогі?

- Так гаворыцца...

- Ага... О, духоўка будзе каштаваць утрая даражэй, чымсьці...

Сумленевіч ня даў яму дакончыць.

- Кіньце пераймацца гэтым, шаноўны пане. Купяць людзі духоўку і ў пяць разоў даражэйшую! Каму яна неабходная, той за любую цану купіць яе.

- Гм, - стары вырачыўся на Сумленевіча, заўважыўшы, што той не жартуе. - Лёгка сказаць, мілы, - ён паўстрымаўся ад далейшых выказваньняў, якія, праўдападобна, Сьцяпан пачуў-бы ў наступным слоўным убраньні: малады чалавек, я лічу, што нельга... і г. д.

- Купяць, - паўтарыў Сьцяпан. - Пакупнікі стагнаць будуць, а купяць!

- Невядома...

- У нас?

- Зь людзьмі.

- Зь людзьмі? Вядома!

Стары вывеў падлікі й, сапучы, падаў Сьцяпану запісаны лісток.

«Чаго ён злуецца на мяне?! - Сьцяпан падзякаваў бухгальтару й выйшаў да сябе. - Я зьнелюбіў яго не таму, што суне ён нос у не сваё. Бухгальтар - экспанат часткі мяне, той, якая абурае якраз і ганьбіць...»

Ён пачуў у калідоры:

- Добры дзень.

Сьцяпан адказаў на прывітаньне й паглядзеў усьлед за кімсьці.

Ён чакаў думкі, што ўзварушыла-б яго цэлага; уяўляў нават, як гэта адбудзецца. Не здагадваўся, аднак, які будзе зьмест пералому. Адно было яму несумненнае: зьявіцца ў ім, Сьцяпане Сумленевічу, нешта вялікае. Надзвычайнай важнасьці! Зь бязьмежнай ахвярнасьцю зь яго боку, як умова падзеі. Гэтае нарадзілася ў ім яшчэ ў час вучобы ў сярэдняй школе. У пачатковай! Аднаклясьнікі празываліся на Сьцяпана Котляр - так называўся аптэкар, тоўсты тып зь блішчучымі валасамі, які жыў у канцы Гродзенскай, у доміку зь белымі сьценамі пасярод садка. Хлопцы хадзілі туды ў яблыкі й сьмяяліся паміж сабою, што латошаць іх перад самюткім носам таго дзівака, які адвячоркамі сядзіць на ганку й чытае сабе. Аднаго разу Рыжы кінуў сьліўкаю ў аптэкара, але той не адагнуўся з-над кніжкі, каб паглядзець, што здарылася; пачухаўся па карчыску дый столькі. Рыжы любіў быць экзэкутарам. З асалодаю наляскаў ён Сьцяпана па мордзе за тое, што той згадзіўся насіць вугаль і дровы ў павець ля школы, каб заслужыцца перад выхавальнікам клясы.

Пасьля хваробы Сумленевіч пайшоў на працу пасавелым. Ён нават крыху недачуваў, што - пацьвердзіла гэтае лекарка - насоўвала дапушчэньні аб узьніклых ускладненьнях у арганізьме ў выніку вострага запаленьня лёгкіх.

- Ты зноў хварэеш, - пацікавіўся быў Сьцяпанам цесьць. - Ну, хварэй, - і, павярнуўшыся: - Маці, дай мне есьці, - ён паправіў ражок пледу, якім накрыўся Сьцяпан; усьміхнуўся да яго вачыма. - Ляжы сабе. Будзе добра, - сказаў ён Сьцяпану, як намёк на мужчынскую тайніцу.

Ён марудна паабедаў.

Цесьць зьявіўся дома даволі рана, але ня тое зьдзівіла Сьцяпана, які прызвычаіўся да позьніх вяртаньняў старога дамоў і сакрэтных яго шэптаў (зь цешчай). Кірыны бацькі здаваліся Сумленевічу ціхманымі ўласьнікамі кватэры, якую ён быццам наняў у іх. Яны - цяпер сьцяміў гэтае - самі не пыталі ў яго пра маці й бацьку, пра радню. Ім, відаць, хапала таго, што ў дачкі ёсьць неблагі мужчына, не рызыкоўны, і лічылі гэта акуратна ўладжанай патрэбай іх дарослага дзіцяці. Калі памерла й маці Сьцяпана, цесьць сказаў за сталом: «Які-ж ён вам сірата?! Сьцяпан, хіба, разьвёўся з Кірай?» Цешча, праўда, сумелася на тое й, напэўна, нагаварыла - потым - яму непрыемнага. (Кіра нічога ня чула, падаючы жалобнікам закуску.)

- Хваробу трэба вылежаць! - сказаў Сьцяпану цесьць. Неўзабаве ён прынёс яму табурэтку. - Тут, на ёй, будзеш есьці... Ты так не паддавайся бабам. Яны, каб менш работы мець, гатовы карміць чалавека з гаршка, - ён строга загадаў падаць ежу сюды, а сам сеў побач, як бы дапільноўваючы выкананьня сказанага ім.

Сьцяпану прапаў апэтыт. Суп ён яксьці праглынуў; другую-ж страву ўжо не адолеў. Было яму гідка й адначасова сьмешна. (У маленства Сьцяпан чухаў бацьку ў пяты - за тое атрымоўваў ад яго кожны раз па два злоты.)

- Дзякую вам. Я наеўся.

- Ты яшчэ ня дзякуй, еш, - старажаваў каля зяця цесьць. - Хто ня есьць, той не працуе, гэ...

- Яксьці ня хочацца мне...

- Эх ты... - стары ўладна ўсьпёрся рукою на калена. - Колькі даюць табе, скажы, на рабоце?

- Чаго даюць?

- Грошай.

Сьцяпан сказаў.

- Няшмат, - заключыў цесьць. - Гэта, дарагі, не заробак.

- Як на пачатак - нямала, - Сьцяпан улёгся ў пасьцелі: «Мусіць, цешча пасадзіла мяне на язык». - З часам павысяць.

- Гм, павысяць... На трыста злоты. Гэта добрае паненцы, - гаварыў ён зьвяглівым голасам. - Старшыня бярэ, дарагі, ня грошыкі, як ты, а яшчэ й падзарабляе, - стары кінуў на Сьцяпана насьцярожлівы позірк, быццам сказаўшы яму лішняе.

- Ён?!

- Ён, ня ён... Чаго вы там, скажы, не падзялілі паміж сабою, што ўжо сварыцеся?

- Я - са старшынёю? - Сьцяпан хоць і ведаў пра сувязі цесьця ў каапэратыве, але ўсё-такі зьдзівіўся ягонай праінфармаванасьцю. - Хто вам гэта казаў?

- Слухай, - цесьць абмінуў пытаньне, - ён не жадае табе зла. Ты кінь скакаць яму да вачэй. Справядліва табе кажу: зь ім многае магчыма. Гэта дзелавы чалавек і ты трымайся яго.

- Старшыня, хіба, уласьнік каапэратыву, што трэба зь ім дзяліцца?! - злосьць, як віхор, скаланула Сьцяпанам. - Мяне не цікавіць тое, кім ён адчувае сябе. Я выдушу зь яго ўсё, што ён павінен зрабіць дзеля агульнай карысьці, - пра тую размову Сьцяпан змаўчаў, трапна падумаўшы, што сваё абурэньне на шпікоўскія спробы шэфа лепш захаваць сабе: «Няма чым хваліцца!»

- Як хочаш, - сказаў цесьць.

Якраз увайшла Кіра, засьнежаная й зь вялізным пакункам, як здалося Сьцяпану, яблыкаў...

- Бач, Сьцяпан, што я купіла! - цешылася яна. - Пашанцавала мне: уваходжу я ў краму, ды вачом сваім ня веру - прывезьлі апэльсіны! - Кіра паставіла высокую торбу на падлогу й выбегла ў ванны, каб там павесіць памакрэлае на ёй футра. - Зараз будуць табе, Сьцяпанка, адменныя вітаміны... Сыцылійскія!

Вясёлая яна, калі ня трэба.

Цешча, усё роўна што з боязі перад дачкою, сьпешліва пазьбірала пасуду й узяла табурэтку; яна невыразна буркнула нешта наконт некранутага Сьцяпанам ежыва. «У гэтым доме ўсе ўсіх баяцца? - кампот Сьцяпан выпіў са смакам. - Страх і падпарадкаванасьць - вось геній натоўпу!»

Назаўтра стары зноў быў дома раней звыклага часу. Мо' цярпеў ён ад тоеных няўдачаў? Адна Кіра як бы не прыкмячала зьмены ў побыце бацькі. Яна, зрэшты, часьценька выходзіла ў горад, нязьменна прыносячы яблыкі, якіх і без таго было дома ўдосталь. Сумленевіч - усхваляваны тым, што пачуў ад цесьця - забыўся на нямілую яму ажыўленасьць жонкі. І, празь які-небудзь год пасьля, ня мог ён дашукацца пачаткаў свайго няшчасьця з Кірай, пройгрышу, ад якога мужчына, як правіла, скоўзваецца ўніз. Валіцца ён без паратунку, самагубна!..

- Вось табе я скажу, - неяк гаварыў цесьць. - Даўно ёсьць аказія, якой ты ня бачыш. Так, во... Па шчырасьці кажучы, у цябе магла-б быць другая выплата, куды большая ад штатнай, во!..

- Якім цудам?

- Ля каапэратыву круцяцца замежныя кантрагэнты. Яны прыстойна плацяць за тое, што ім патрэбна.

- Паціху?

- Дурань ты, - сказаў цесьць. - Замежнікі даюць зарабіць у вадпаведнасьці з усімі трохсотпяцідзесяцьцю прадметнымі законамі нашай дзяржавы. Нічога нелегальнага там няма.

- І старшыня карыстаецца гэтым?

Ён адказаў Сьцяпану не адразу:

- А карыстаецца, карыстаецца... Улады ня супраць таго, каб чалавек багацеў з працы ўласных рук. У тым, што хтосьці мае проста мільёны ў вашчаднай касе, няма злачынства.

- Ого, калі гэта старшыня пасьпеў гэтулькі награбці, - Сьцяпан не сказаў цесьцю: «Вы каля судоў круціцеся, я веру вам». - Што-ж, малайчына!

- А ты ня сьмейся зь яго. Я з табою - усур'ёз...

- Што вы мне прапануеце?

- Я ўжо казаў табе.

- Зарабляць мне са старшынёй? Чаму-б не, але пра гэта я першы раз чую, ад вас, - адказаў Сьцяпан у дэкляматарскім тоне. - Мой шэф, калі што й гаварыў мне, дык толькі адны паскудзтвы, ажно сорамна паўтараць іх. Ён ня мае намеру ашчасьліўляць мяне дабрабытам, а я ня маю намеру напрошвацца яму ў супольнікі.

- Скандаліш зь ім і чакаеш ад яго прыхільнасьці?

- Ага, ён ужо паскардзіўся на мяне перад вамі, - Сьцяпан: «Стары, урэшце, ускіпіць!» - Прызнаюся, што мне прыемна гэта пачуць. Не такі ён моцны начальнік, значыць, на якога выглядае.

- Хэ-хэ-хэ, сказаў, што ведаў... Ён цябе, браток, бы муху тую, узяў-бы ды - хрусь! - расьціснуў, хэ-хэ-хэ... Бачу, што ня надта разумееш ты, на якім сьвеце жывеш.

- Сьвет - гэта гіганцкія аб'яднаньні зладзеяў ды каапэратывы камбінатараў? Я - у вадным зь іх? І не дарос я да рэчаіснасьці? Да таго, каб брыняць капіталам, на нішто не зважаючы? - Застуда, падумалася Сьцяпану, несумненна спараджае ў мяне рэфлексы дзіцяці, якому перашкаджаюць у гульні.

- Ай, пра што мне з табою гаварыць, - цесьць, сканфужаны, наліўся крывёю. Выходзячы ад Сьцяпана, ён бразнуў дзьвярыма.

Садоваю праехаў грузавік, енкліва скавычучы маторам. За беларускімі могілкамі засноўваўся квартал асабнякоў, і гэта туды кіраваліся транспарты з будаўнічымі матэрыяламі, паўфабрыкамі. Быццам малатарня ў прыгарадным загуменьні, ляскатала там бэтонамяшалка.

Будавалі асабнякі каапэратыўныя брыгады. Заказчык абавязваўся забясьпечыць ім пастаўку цэглы, цыманту, вапны, пяску, што было няпростай справай (апрача пяску). Кожны зь іх мазгаваў самым фантастычным чынам. Яны зыходзіліся раніцай у каапэратыў, стаялі ў калідоры, галасьлівілі, жыва перадаючы сабе навіны; падобныя да неспрактыкаваных жабракоў, да пачынаючых курваў. Калі іх галасы пераўтвараліся ва ўсеагульны шум, каля дзевятай гадзіны, Сьцяпанава сакратарка прыадчыняла дзьверы ў калідор і ўціхамірвала: «Панове! Перашкаджаеце працаваць!» Ціхлі яны, як пралётны градапад, сям-там яшчэ пакрапіўшы рэплікай.

Заказчыкі прыходзілі ў будынак каапэратыву, каб сустрэцца з брыгадзірамі, што з раньня афармлялі нарыхтоўчую дакумэнтацыю ў ваддзеле паслугаў і разьвіцьця.

Пра гэтае сумнае відовішча Сьцяпан аднойчы расказаў Кіры. Яна выслухала яго, пазяхнула: «Ой, прабач мне, Сьцёпа. У маім арганізьме, відаць, замала магнэзіі», - вытлумачыла яна дзесьці прачытаным.

- Паслухай, вось, што я знайшла ў гэтай кніжцы, - Кіра зьмяніла тэму. - Во, тут, - сказала яна, як заўважыў Сьцяпан, з бацькавай інтанацыяй. - Слухай: «Князі, звычайна, не ўзвышаюць людзей годных і беззаганных, бо здаецца ім, што такія людзі ня будуць мець нагоды аддзякаваць ім-жа ў гэткай ступені, як узьняты зь нікчэмнасьці выгодны чалавечак або гультай. Прычым, яны знарочна даюць такому зразумець, што фартуна, якая зьяўляецца немагчымай бязь іх вялікай ласкі, знаходзіцца ў вышэйшай цане, чымсьці выдатнасьць. Калі часамі і ўзвышаюць яны добрага й сумленнага чалавека, дык рэдка дазваляюць яму даўжэй утрымацца на дадзенай пасадзе, бо супрацьставяць яму меней заслужанага, каб даказаць, што ўлада стаіць вышэй усялякіх заслугаў, і што заслугі цэняцца толькі тады, калі яны ёю дазволеныя або адобраныя», - яна чакала Сьцяпанавых словаў.

- Гучыць, быццам інструкцыя мне, Кірушка.

- Улада, Сьцяпанка, нярэдка ўяўляецца нам той машынай, што дае прадукцыю незалежна ад таго, хто яе абслугоўвае й даглядае.

- Уяўляецца, Кірушка, уяўляецца... І ты, мабыць, памятаеш толькі аб выкарыстаньні прадукцыі, - Сьцяпан: «Яна больш чытае, чымсьці думае». - Выпушчаную-ж дэталь можна, звычайна, шпурнуць у балота або выкарыстаць зусім па-іншаму...

- Ну, я пайшла, - Кіра абарвала гаворку.

- Куды ты, Кіра? Вечар-жа...

- Я - да Ані.

- Няхай-бы тая Аня прыйшла да нас.

- Не люблю я канкурэнцыі, - какетна адказала яна Сьцяпану, падмалёўваючы сабе вусны перад люстрам.

Сьцяпан падаў ёй паліто й прыгожую шапку, якой яна ганарылася.

- Не заседжвайся, Кіра, доўга.

- Ня буду, Сьцяпан.

- Я выйду па цябе. Скажы, дзе мне чакаць?

- Нашто?! Я, хіба, маленькая?

- От, былое ўспомнім, пазаляцаемся да сябе на вуліцы...

Яна не даслухала яго. Гэтак сьпяшаюцца людзі, якім засталося пяць хвілінаў на тое, каб не спазьніцца на працу - заспаўшыя.

Ці гэта ад сутыкненьняў зь цесьцем, у якія аж ня верылася яму, ці ад гутарак з жонкай, якая штораз відавочней аддалялася кудысьці ў сваё, Сумленевічу - ад некаторага часу - працавалася надзвычай спакойна. У працы бываюць зацішшы, калі няма цяжкіх у вырашэньні справаў і шанцуе; сьвінствы, і тыя нікому не ўдаюцца тады. Дзейнічае закон пралётнай бюракратычнай анамаліі, сказаў Сьцяпану супрацоўнік, які, увосень і па-п'янаму, плакаў ад крыўды, што ўдаўся ён трусам. («Ты палахлівы, але ўчцівы», - суцяшаў таго нейкі польскі сябар, намовіўшы яго на паўлітроўку.)

Здарылася, праўда, малюткая прыкрасьць: Сьцяпан зьмяніў свой подпіс, перайначыў яго на болей выкрутасты, і галоўная канцылярыя вярнула - не прыняла! - зацьверджаныя ім фінансавыя дакуманты: бухгальтар запатрабаваў вэрыфікацыі знаку. Сакратарка, без фаміліярніцтва, паведаміла аб гэтым Сьцяпану.

- Прынясеце, калі ласка, блянк для подпіснага ўзору, - папрасіў Сьцяпан. - Я актуалізую свой подпіс, - яму было цікава паглядзець, звысака, на панадворак за акном.

На плоце, якім абгароджаны сьметнік зь ёмістымі банкамі, сядзела ўпартая варона. Да яе скрадваўся кот стоража, па-гультайску блішчасты ды надта чорны, за што ня раз даставалася яму ад забабонных шафёраў. Хітрая птушка сачыла за драпежнікам, адлятаючы час ад часу то на адзін, то на другі канец агароджы. Чорны, з самаўпэўненай настойлівасьцю, паляваў за ёю. Варона, першапачаткова насьцярожаная, знудзілася й колькі разоў пракаркала на пласкалобца, пакуль той урэшце сьцяміў, што стаўся дуронікам. Пакруціў ён высокапастаўленым хвастом і, відаць, дзеля прыстойнага выгляду панюхаўшы сьмецьце пад шырознай штыхецінай, пабег у кватэру; у палове дарогі прыпыніўся, стуліўшы вушы, замяўкаў на кплівіцу, быццам успомніўшы, што на яе пасьмешку трэба яму нечым адказаць. Варона, абыякава выслухаўшы неўдалоту, зьляцела ў разкарэжаную банку, у якой - на ўсякі выпадак чуйна выглядваючы зь яе - нешта матлашыла.

 

17

 

Спакой парушыў Сьцяпану халерны аддзел у Бельску: аферай пры выкананьні паслугаў насельніцтву. Нашумеў там адзін гаспадар, пішучы ліст у варшаўскае тэлебачаньне.

Сьцяпан зьбіраўся ў каманьдзіроўку туды злосны, як аса.

- Усыпце вы тым лапухом, пане Сумленевіч, э, колькі ўлезе! - дазваляў яму старшыня. - Скажэце ім, што я даю, э, дваццаць чатыры гадзіны на выпраўленьне крыўды, учыненай імі таму чалавеку... А зараз сядайце ды пішэце адказ у рэдакцыю, тэлебачанцам.

- Я-ж яшчэ нікуды ня езьдзіў, пане старшыня, каб ужо адпісваць.

- Паедзеце. А адпісаць у рэдакцыю, э, нам трэба зараз-жа. Неадкладнасьць у рэагаваньні ўражвае, э, разумееце. Скаргу прызнаць правільнай, але падкрэсьліць яе, э, інцыдэнтальны характар на фоне дасягненьняў нашага аддзелу...

Сьцяпан перабіў старшыні:

- Хто ведае, ці той гаспадар напэўна мае рацыю?

- Напэўна ці не напэўна, э, упарціцца нам ня варта ў гэтым... Не дай Бог, яны самі з рэдакцыі прыедуць туды, дык не такое будзе, э... Ну, давайце!

- Перш, аднак, я паеду высьветліць скаргу на месцы, пане старшыня.

- Э... - ён працягла паглядзеў Сьцяпану ў вочы: аб чым з табою, сынок, гаварыць! Не адказаў яму на звычаёвае: «Да пабачэньня».

Сумленевіч усё-ж не паехаў у Бельск: «Ён цваны, а я сірата?! Склікае, аказваецца, нараду кіраўнічых працаўнікоў аддзелаў і ня думае ён пра тое, што гэта дае мне нагоду высьветліць так пастаўленую ім справу на месцы. Што яму там - Сумленевіч няхай сабе валэндаецца па вакзалах-прычалах...»

Па тэлефоне Сьцяпан самазвана даў наказ бяльчанам: будзеце на нарадзе - з паперай лепш зойдзеце да мяне. Яны не зьдзівіліся.

- Ну, паказвайце сваю чаўпасу, - гаварыў ім Сьцяпан, калі празь дзень зьявіліся яны ў яго. - Хвалецеся, як гэта бляхаю пакрылі клуню гаспадару.

- Вось, пане загадчык, наша дамова з гаспадаром на паслугу.

- Ён задаволены вамі?

- Ого, яшчэ як! - выскаліўся адказны ў тамашнім аддзеле за разьвіцьцё паслугаў. - Паглядзеце, калі ласка, пратакол прыёмнай камісіі: падпісаўся!

- Дзе?

- Во, тут, пане загадчык.

- Не, дарагі, гаспадар падкаракуліў вам не фактычнае выкананьне работы, а толькі продаж вашым аддзелам бляхі яму. Так, брацец, - адсек адказному Сьцяпан: «Занадта далікатнічаў я тады зь імі. Затанцуеце вы цяпер перада мною, быццам мядзьведзі ў цыганскім цырку». - Бляха - дэфіцытны матэрыял, і вы атрымоўваеце надзелы яе, ведаеце дзеля чаго? А вы, - ён спэцыяльна ставіў націск на множны лік, - прадаеце яе людзям, адначасова прымушаючы іх пацьвярджаць нязробленае вамі як зробленае...

- Няпраўда! - умяшаўся прысутны пры размове дырэктар. - Ёсьць на тое дакуманты.

- Можаце вы імі... падцерціся сабе! - ускіпеў Сьцяпан.

- Вы ня верыце нам, пане загадчык?

- Ні трохі!

- На адным-жа возе едзем...

- Вось таму й бачу я вас навылет.

- Канкрэтна? - разьятрыўся на Сьцяпана дырэктар аддзелу. - Ну, канкрэтна?!

- Ага... - падаў голас той ад паслугаў. Ён ужо апамятаўся.

Сумленевіч запыкаўся. «Гляну я на іх і мяне адразу падымае. Што ім адказаць? Фармальнасьці ў іх у поўным парадку. Як мне адступіцца назад?»

- Паеду, сам пабачу я тую клуню, - лагодна сказаў ён ім. - Далёка будзе ў Вольку?

- У Вольку?

- Але.

- Якую Вольку?

- Ну, адкуль той гаспадар, - дадаў Сьцяпан, укладваючы паперы. - Аўтобусам, рэйсавым, даеду я туды?

- Ня ведаю, - заікнуўся гэты цыбаты памочнік дырэктара. - Хто яго ведае...

- Скажэце мне: самі вы бачылі клуню таго гаспадара ў Вольцы? - цьвёрда запытаў ён іх: «Сьцяпан, ня падай духам!» - Ну, як?

- Ну, - Сьцяпана раптам падтрымаў дырэктар і непрыхільна заплюскаў вочкамі на свайго супрацоўніка, быццам карцёжнік, якому не падыйшла карта.

Адказны за разьвіццё паслугаў аддзелу ў Бельску апусьціў галаву.

- Гэта ваш подпіс пад пратаколам? - не адступаўся ад яго Сьцяпан.

- Ага.

- І што вы падпісалі?

- Ну, што ты падпісаў? - падступіўся да яго й дырэктар.

Сьцяпана браў сьмех; ён сьціскаў сківіцы, бы праглынуўшы лімон або кавалец квашанага агурка пасьля выпітай чаркі.

«Начальніка даволі вывесьці з уласнага габінэту і ён пачынае паводзіць сябе бяспрыкладна жаласьліва».

Які нізкі ўзровень канфліктаў у каапэратыве! Усё зводзіцца ў іх да грошай, як у прасьцяцкім тлумачэньні гісторыі цывілізацыі.

 

Прыпазьніліся разам на гульлівую нараду. Сьцяпана клікалі да сябе падхмеленыя прыяцелі, ажно аглядваліся на іх адусюль...

- Дарагія сябры й прыяцелі! - устаў з прамовай дырэктар аднаго з аддзелаў, невядомы Сьцяпану. - Дазвольце мне выказаць сваю пераконанасьць у тым, што ня будзь нашага каханага старшыні на пасадзе старшыні, дык каапэратыўная праца ў нашым рэгіёне зусім заняпала-б. І, вобразна кажучы, усе мы тут, як ёсьць, пайшлі-б у сьвет з жэбрамі! Правільна гавару?

- Правільна! - крыкнулі яму хорам прысутныя ды запляскалі ў далоні. - Давай, рэж праўдай!

- Старшыня - няхай ён жыве нам сто гадоў і не памірае! - так пакіраваў каапэратывам, што сёньня кожны з нас зможа пабудаваць сабе вілу ды, упрыдатак, купіць аўта замежнай маркі, напрыклад, «Утурмусеў». У гэтым месцы дарэчы будзе прыгадаць нам і банальнае: умовай багацьця працаўнікоў зьяўляецца багацьце іх кіраўнікоў. Рыба гніе ад галавы, кажуць. Я прапаную паправіць прымаўку: рыба расьце ад галавы!

- Слушна! - узьнялася авацыя навокал. - Прэч зь перажыткамі ў прымаўках! - крычалі ўсе. - Далоў крытыкаваньне! Вітаем сілу!

- Стар-шы-ня! Стар-шы-ня! - узмацняўся энтузыязм на нарадзе. - Ура-а-ааа!!!..

- Няхай жыве курэўства! - рагатліва крычалі Сьцяпану ў вуха п'яныя яго прыяцелі. - Ка-юк нам! Ка-юк усім! Ха-ха-ха...

- Ціха! - маргнуў ім Сьцяпан. Але яны, бы апантаныя, раўлі! Ён, доўга не чакаючы, перасеўся ад іх у канец залі, дзе пад сьцяною стаяла незанятае крэсельца. Аказалася яно без адной нагі; неяк прымасьціўся на ім.

- Ціха, сябры! - падняўся ў прэзыдыюме нарады старшыня. - Дайце сказаць, э, чалавеку.

І публіка мёртва заціхла.

- Дасягненьні каапэратыву, дарагія прыяцелі, цяжка перабольшыць, нягледзячы на намаганьні яго ворагаў, - працягваў сваё прамоўца. - Куды ні кінь вокам, бачны адны рэзультаты. Возьмем, прыкладна, паказьнікі пакражаў. У нашым аддзеле паменшалі яны ў трынаццаць разоў у параўнаньні зь першымі гадамі. Ва ўсім каапэратыве, несумненна, яшчэ больш... - далікатнюсенька папіў ён вады з па-сучаснаму высокай шклянкі. - Або, хаця-б, пакрываньне клуняў гаспадаром. У гэтай дзялянцы паслугаў мы дабіліся, проста, дасканалых вынікаў, якіх нідзе не пачуеш, і, адначасова, рэдкай каштоўнасьці наватарскага падыходу да справы. Прысутныя добра ведаюць, пра што я гавару. Удалося нам, здавалася-б, немагчымае! Гаспадары, менавіта, самі крыюць свае клуні, каб толькі бляха была ім!..

- Брава! Брава каапэратыўнаму вынаходніцтву! Малайчына, дырэктар! - чуліся воклічы.

- Ня мне дзякуйце, дарагія, але каханаму старшыні нашаму! Ён - наша галава й сярэдзіна. Тое, што я дасягнуў, адбылося з дабратворнага натхненьня ўсімі шанаванага Шэфа. Такая, вось, шчырая праўда, - ён �легантным жэстам выцер хустачкай лоб. - Я буду блізкі пачуцьцяў у нас усіх, калі скажу, што зьяўляюся, звычайна, сьмяцінкай на сьвятой паперы зь інструкцыямі, якія атрымоўваем ад нашага мудрага кіраўніцтва, узначаленага старшынёй!

- Ура-а-ааа!!!

Выступленьне зацягнулася.

Шматлікія асобы пратэстацыйна зашумелі.

Старшыня прыемна пачырванеўся.

- Нічога, э, ня зробіш, - азваўся ён у раптоўнай цішыні.

- Прашу й мне даць голас, - дамагаўся таксама бельскі дырэктар. - Я не дазволю на тое, каб іншыя ўсё выгаварылі й нічога мне не засталося!

- Калі ласка, э, - старшыня цёпла папрасіў яго выступіць.

- Сёньня пачуў я тут важкія словы, - набіраўся гэты разгону. - Здаўна я сумаваў па іх. Пэрыяд крывадушша ды махлярства ў каапэратыве, на шчасьце, беспаваротна мінуў. Гэта быў няважны эпізод у яго гісторыі й, не павагаюся тут дадаць, у гісторыі масаў, якія вакол яго круцяцца, - бяльчанін парабіў занатоўкі й зараз ён пасабляўся імі. - Аднак-жа, каварныя недабойкі мінулага добраахвотна не зыходзяць са сцэны нашых падзеяў. Не называючы прозьвішчаў, ёсьць яны і ў васяродзьдзі каапэратыву. Скажу я больш: у яго кіраўніцкім апараце! - ён зьедліва паглядзеў у бок Сумленевіча, наводзячы туды зацікаўленыя позіркі іншых. - Каб не паўтарацца, скажу я вам коратка: ёсьць сілы, якія спрабоўваюць пярэчыць нашым дасягненьням. На жаль, я тут не махлюю. А калі я пацяшаюся, дык тым, што здаровая большасьць сваім справядлівым ботам растопча, бы жабу, кожнага таго, хто асьмеліцца процідзейнічаць натуральным законам грамадзкага руху наперад! Во, - ён усё-ж крышаньку боязна зірнуў на Сьцяпана й, хуценька, на старшыню. - Мой папярэднік упамінаў тут прыклад з клунямі. Нам гэта, ня хвалячыся, ужо былое. Мы ў Бельску пайшлі далей! Будуем-жа асабнякі рукамі іх-жа будучых уласьнікаў, дабіваючыся мільённых прыбыткаў, звычайна, за нішто, во! Распусьцілі мы будаўніча-рамонтныя брыгады зь інжынерамі, якіх, дзякаваць Богу, чорт на хвасьце панёс... Прызнаем лёзунг: «Будуйцеся, людцы, самі!» Канец жартам. Даволі цярпелі мы ад розных патрабаваньняў...

- Ах, як там бойка мазгуюць! - завісьліва ўздыхнуў лысы сусед Сьцяпана, працёршы акуляры, каб лепш бачыць захапіўшае яго. - Нам такога-б дырэктара, ах!..

- І я прашу голасу! - вывіснуў нехта ў тлуме.

- Па чарзе, э, сябры, па чарзе, - старшыня пастукаў алоўкам па шыйцы графіну з вадою. Нарада паслухала яго пазвоньваньня ў пачцівым маўчаньні. - Ну, калі ласка, э, ты, - указаў ён на ахвотнага.

- Дзякую, дарагі старшыня! - выскачыў указаны, бы прымаразак у раніцу. - Факт, што дазволена мне сёньня выказаць сваё слова, як-жа бяззначнае, як-жа нягоднае нават адной хвіліны ўвагі каханага старшыні, факт гэты, так сказаць, векапомны мне, застанецца ў маёй памяці назаўсёды, як вышэйшая праява агульначалавечай ласкі. Факт, безь якога немагчыма ўявіць маё далейшае разьвіцьцё, залатымі літарамі будзе запісаны ў... у... гм, у...

- У мазгох, - падказалі яму з залі.

- У мазгох! Мала сказаць - у мазгох, у сэрцы запішу я яго, і дзеці мае ды ўнукі! Бо, самі падумайце, што... чаго былі-б мы вартыя без бацькоўскага клопату старшыні, які жыве ў кожным з нас. Старшыня й каапэратыў - гэта сынонімы аднаго й таго-ж...

- Гэта - што? - перапытаў у яго старшыня.

- Сынонімы, - аратар пабялеў.

- Э-э... Люблю я, э, крытычнае слоўца ў мой адрас, - ураўнаважана сказаў ён. - Э-э... Ну, што далей? Гаварыце, э...

- Прабачце, ад урачыстага хваляваньня мне перасохла ў горле, - глуха пралапатаў той. - Няхай жыве наш старшыня!

- Няхай!

- Няхай!!!.. Ай!.. Ай!..

- Ура-а-аа!!..

Выкрычаліся ўдосталь. Слабейшыя хапаліся за левы бок грудзей, ня ведаючы, што сэрца знаходзіцца больш-менш пасярэдзіне іх.

У атмасфэры адчувальнай трывогі ва ўвесь рост падняўся мажны мужчына, пра якога Сьцяпан дачуў шаптаніну: «О, гэта той».

- Прыгожа гаварыць я ня ўмею, сябры. Зрэшты, ня ў тым, я думаю, справа, - ён перавёў дых. - Прадмоўца, проста скажу вам, павінен быў хоць трохі пабыць сумленным, гэта значыць, упамянуць, што выступіў ён ад свайго ймя, і толькі ад свайго. Бо мы, усе тут сабраныя, - ён значна ўзмахнуў рукою, - рашуча й востра кляймім яго нахабную нападку на старшыню й згуртаванае вакол старшыні кіраўніцтва каапэратыву, і нас, згуртаваных вакол кіраўніцтва! - О Гэта Той павёў вачыма па тварах прысутных, зьмярцьвелых ад унутранага напружаньня. - Няхай ён, - тут указаў тоўстым пальцам у кірунку свайго папярэдніка, - свае сымоніны павесіць у прыбіральню на цьвічок! Ды, нават, у прыбіральні быць ім, усё-такі, залішні гонар, эгэ...

- Правільна!

- Гарачым жалезам прыпячэм заразу!

- Выключыць, паскуду, з каапэратыву!

- Вон! Вон! Вон!

- Супакойцеся, сябры, - папрасіў О Гэта Той. - Перш трэба нам выкрыць сутнасьць варожых падкопаў, накіраваных супроць...

- Я... Я... Я, я, я... - схапіўся са свайго месца прадмоўца. Ён, незнарокам, перакуліў флякон з кветкамі на стале, зь якога вылілася вада, замочваючы нататнікі ўдзельнікаў нарады. - Я... - і пахіснуўся ён, быццам падкошаны, і паваліўся на падлогу. Абамлелага, вынесьлі яго ў калідор, перадалі пад апеку прыбіральніцы.

- Сядайце, сябры, - О Гэта Той ветліва папрасіў тых, што выносілі нягодніка й зараз спалохана стаялі ля парога. - Ворагі нашага калектыву, як бачыце, цалкам ізаляваныя, - прамаўляў ёй далей. - Такі лёс чакае і іх пасьлядоўнікаў, якіх, несумненна, вышукаем, як тых гнідаў на здаровым, жыцьцярадасным целе, эгэ...

О Гэта Той задумаўся.

Ён, як карова хвастом ад мухаў, аднекваўся ад прыбою воплескаў досыць нецярпліва вымаўляючы якіясьці словы, нячутныя. Да яго падбягалі з нарады й сардэчна ціснулі яму рукі, ляпалі па плячы. Урэшце, падхапілі яго, бездапаможнага на хвалі энтузыязму, на рукі ды гушкнулі пад самюткую столь; ён, растапыраны ўгары, праляцеў над галовамі ды гакнуўся, як нежывы, на даўжэрны канфэрэнцыйны стол, разьбіваючы сабою шклянкі, бутэлькі зь ліманадам, пасудзіны зь яблыкамі; асколкамі разьляцеліся з-пад яго ў бакі пісьмовыя прыборы. Зваліў ён сабе на жывот пудовы жырандоль, за які, падаючы, на міг зачапіўся.

Ляжаў, вырачыўшыся О Гэта Той па-казьлінаму.

Прывялі і па яго прыбіральніцу. Кабеціна ўшчаперылася аберуч у ягоны каўнер ды вывалакла тушу - разьбіваючы ёю няшчаснае крэсла, перакуленае, - у каморку зь мётламі, вёдрамі, вугалем. Там ужо прытамнеў яго прадмоўца.

Старшыня пакінуў прэзыдыюм і, мікалаеўскім крокам, прайшоўся паміж прысутнымі. Заклаўшы рукі за сьпіну, ён спыніўся насупроць чародкі гарэлчыных братоў:

- Гэта вы, э, крычалі: «Няхай жыве курэўства»?

- Мы, - адказаў адзін зь іх.

- Няпраўда! - бязладна запярэчыла рэшта братоў. - Толькі ён крычаў...

- Выслаць іх, э, на інвэнтуру тараканаў у складах, - загадаў старшыня. - Меншага - у меншы склад, большага - у большы...

- І мяне зь імі выганеце, пане старшыня, - выступіў наперад Сьцяпан.

- Яго, - старшыня павярнуўся да Сумленевіча, - пастаўце, э, над імі шэфам.

- Тараканіным! - зарагаталі наўкола на нарадзе.

- Тараканы - таксама ўласнасьць каапэратыву, - заключыў старшыня. - Хто сьмяецца з тараканаў, э, той сьмяецца зь сябе, э...

 

...Сумленевіча штурхнулі ў плячо.

- У вас пытаюць, пане загадчык, - сказалі яму збоку.

Сьцяпан прытомна заморгаў вачыма, зразумеў, што ёсць да яго пытаньне ад старшыні.

- Прабачце мне, - сказаў Сьцяпан. - Я не дачуў вас...

Яму паўтарылі пытаньне.

І ён адказаў на яго.

У выніку нарады вырашылі ўтварыць праблемную камісію, якая падрыхтуе прапановы ўдасканаленьня дзейнасьці аддзелаў каапэратыву. На чале камісіі паставілі Сьцяпана Сумленевіча, які выдатна паказаў сябе, узорна арганізоўваючы працу ў даверанай яму адміністрацыйнай сэкцыі каапэратыву.

У прадметнай справе яму падпарадкавалі дырэктараў аддзелаў. Тэрмін вызначылі трохмесячны, да трыццатага чэрвеня. («Не пасьпееш - ня пойдзеш, э, у водпуск».)

- Гэта, э, ня прыма апрыліс, - сказаў Сьцяпану старшыня, кіруючыся да выхаду.

 

18

 

Сьцяпан вярнуўся ў габінэт - упарадкаваць паперы, што пакінуў на пісьмовым стале. Ён мог гэтага не рабіць, пайсьці дамоў, але любіў пачынаць наступны працоўны дзень, як казаў, на чыстым: засьмечана на стале, засьмечана і ў галаве! («Ужо старажытныя заўважылі сугучча цела й душы, ладу й дакладнасьці думкі», - неяк павучаў Сумленевіч і чыесьці вочы сонна павузелі ад таго.)

Як добры дурань, ён зь незвычайнай сумленнасьцю ўзяўся ажыцьцяўляць даручанае яму заданьне - са складваньня рапарту аб арганізацыйным становішчы ў каапэратыве, дакумэнтаванага выяўленьня яго слабых і моцных бакоў. Зь верай у пераканаўчасьць аргумантаў.

Сумленевіч насіў у сабе крыўду на тых, якія сумняваліся ва ўдачы ягоных захадаў або, досыць адкрыта, сьмяяліся зь іх, прытым не фармулюючы абгрунтаваньня сваім высновам. Але й яны паціху жадалі Сьцяпану ўсяго найлепшага й, таксама, спадзяваліся на зьмены ў каапэратыве. Ім і ня сьнілася тое, што, настойваючы на паляпшэньні чагосьці, можна мець на ўвазе адваротнае.

...Сьцяпан падпаліў аўтамашыну старшыні дваццаць трэцяга чэрвеня, у ноч з чацьвяргу на пятніцу. (Камісія Сумленевіча, як называлі яе на прэтэнцыёзны манер, практычна ўжо не йснавала, пахвальна выканаўшы прынятае на сябе; справаздача - машыністкі перапісвалі яе ў пяці экзэмплярах - была падзеленая на тры часткі: «Арганізацыйнае становішча ў каапэратыве з разглядам аддзелаў», «Прапанова паляпшэньня дзейнасьці аддзелаў і пэрспэктывы іх далейшага разьвіцьця», «Заключныя заўвагі».)

Упярэдадзень здарэньня Сумленевіч прадставіў шэфу чарнавы варыянт справаздачы, над якім яны абодва доўга прасядзелі. (Людзі потым усяляк перадавалі размову паміж імі, рагочучы са Сьцяпана.) Ён сьцьвярджаў у сьледзтве, што старшыня абразіў яго, кпіў з камісіі: - Пакажэце, што вы навыдумоўвалі за тры месяцы.

- На мой погляд, гэтыя матэрыялы павінны дапамагчы кіраўніцтву ў выпраўленьні шэрагу недахопаў, - сказаў тады старшыні Сьцяпан.

- Вы, пане Сумленевіч, э, правільна зрабілі, прыходзячы да мяне перад канчатковым адрэдагаваньнем справаздачы камісіі. Я разумею, што гэтым, э, вы парушылі яе аўтаномнасьць, але, э, я запэўніваю вас: ня буду хваліцца нашай сустрэчай. Гарантыяй таму - супольнасьць інтарэсаў. Ці, э, ня так?

- Несумненна, - адгукнуўся Сьцяпан, абмінаючы намёклівы падтэкст у запытаньні старшыні. - Маюцца магчымасьці, як самі вы пераканаецеся, на грунтоўнае аздараўленьне каапэратыўнай гаспадаркі.

- Пабачым, э, пабачым... - старшыня чытаў, усё роўна быццам-бы вышукоўваючы памылковае ў напісаным. Яму званілі, і ён адказваў у тэлефонную трубку: «Так». За каторымсьці разам ён адказаў: «Не». І - двухразова: «Выканана». Ад такога аднаслоўя было Сьцяпану сьцішнавата. - Што-ж, няблага, няблага... - гаварыў старшыня, наносячы на чарнавы тэкст справаздачы заўвагі.

- Дружна папрацавалі ўсе.

- Я, э, ну... - ён выпрастаўся. - У мяне, э, ёсьць тут заўвага, дробязная, э, вось, у гэтым месцы, - старшыня ўказальным пальцам павёў па першых сказах другой часткі справаздачы. - Прапаную вам падкрэсьліць тут дасягненьні... Скажам, прыкладна, э, так: «Нягледзячы на бясспрэчна вялікія дасягаеньні каапэратыву, наглядаюцца ў яго дзейнасьці, праўда, і некаторыя недахопы...» Га?

- Калі ласка, - згадзіўся зь ім Сьцяпан і ўласнаручна ўвёў у чарнавік папраўку. - Яшчэ дзе?

- Бачыце, э, у сьвятле вышэй папраўленага ня надта апраўдана гучаць дзе-якія высновы... Вось: «Неабходна правесьці кадравую вэрыфікацыю кіраўніцкага пэрсаналу ў ваддзелах, кіруючыся перш за ўсё спэцыялістычнай кампэтэнтнасьцю ягонага асабовага складу», - старшыня падняў галаву й зноўку яе апусьціў, паглыбіўся ў чытаньне. - Гучыць фальшыва, не? Прапаную: «Правесьці больш строгую кадравую вэрыфікацыю...» й гэтак далей. Э, га?

- Нашто вам, пане старшыня, такія фармулёўкі? Яны якраз і фальшывыя, будуць гаварыць няпраўду. Тое, менавіта, што, маўляў, ёсьць вельмі добра ў нас і можа быць цудоўна, гэ-гэ-гэ... Выбачайце, мо я не зразумеў вас? Але калі мы ўзяліся дапамагчы вам, пане старшыня...

- Дапамагчы мне? Жартуеце, пане Сумленевіч!

- Як гэта?

- А так! - засоп старшыня. - Вы ўявіце сябе самога, э, на маім месцы. І вам прыносяць такую, во, справаздачу. Вы чытаеце яе. І што, э, робіце самі?

- Калі ласка, пане старшыня, - суха загаварыў Сьцяпан. - Я аналізую яе. Склікаю ўправу каапэратыву. Я ўжо ведаю, што трэба зрабіць. Праводжу, мэтанакіравана, дыскусію ва ўправе, арганізоўваю чыстку...

- Не, э, вы не ўяўляеце сябе на маім месцы, шаноўны пане. Вас яшчэ не ўкусіла свая вош. Вы не перастаеце гаварыць зьнізу ўгору, вось, э, зьнізу, усё зьнізу, э, задраўшы галаву... Не дапамагаеце вы, а - вымагаеце... Вымагаеце ды ўсё вымагаеце... - старшыня працягнуў руку ў барык. - Зробім, э, па чарцы?

- Не пачнем-жа мы, цэлай камісіяй, утойваць тое, што дрэннае ва ўстанове, - Сьцяпан машынальна надпіў з падстаўленай яму чаркі з каньяком, - пераўтварацца ў банду ашуканцаў! Прабачце за вострае слова.

- Чаму, Сьцяпане, ты трапна здагадваешся ды, э, памылкова разважаеш, га? - запытаў ён голасам імгненна закаханага. - Ты патрэбны мне! Разумееш? Я абяцаю табе, што на працягу двух гадоў ты зможаш купіць сабе аўтамашыну, э, а ў пэрспэктыве - збудаваць асабняк і жыць, э, не аглядаючыся на ласку цесьця. Ну, э, як табе гэта падабаецца?

- Мне, калі ўжо пытаецеся, гэта не падабаецца.

- Чаму?

- Вы прапануеце мне быць злодзеем.

- Ты гэта так зразумеў?

- Менавіта, так.

- Не гарачыцеся, пане Сумленевіч. Прадумайце ўсё. Пагаварэце з жонкай, зь цесьцем...

- Дзякую вам за параду.

- Я - усур'ёз!

- Я - не сумняваюся ў тым.

- Ну, э, так, - старшыня дапіў сваю чарку. - Ну, а над справаздачай камісіі, я так лічу, э, вы яшчэ папрацуйце зь вечарок... Э, няшмат тут трэба ў ёй дарабіць. Галоўнае, гладзей пачаткі новарадкоўяў...

- Ня будзе, пане старшыня, ніякіх вечаркоў, ні даробак, пераробак, крываробак і ўсялякіх недаробак. Будзе так, як напісана! - ён выхапіў з рук старшыні паперы й зьнерухомеў, ад абурэньня ня могучы ўжо гаварыць.

- Смаркач ты! Думаеш - хто-небудзь гэтае, э, падпіша табе?

- Я сам падпішу! - сарвалася ў Сьцяпана. - Вы кожнага запалохаеце, але не мяне! Падпішу, разашлю, куды трэба, даволі ўжо... - ён зацяўся ў сабе.

- Гэта, э, будзе твой апошні подпіс у каапэратыве. Абяцаю табе!..

- Пажывем - пабачым...

- Бывай здароў і, э, наракай на самога сябе.

- Не... Я не дарую таго!

- Халера цябе ведае, э, чаго ты, э, хочаш.

- Да пабачэньня вам, - Сьцяпан кінуўся ў дзьверы.

- Ідзі з Богам...

Старшыня гаварыў далей, але Сьцяпан ужо ня чуў яго. Ён выбег на вуліцу, забыўшыся пра летні плашч, які пакінуў у сакратарыяце. (Парт'е даў у сьледзтве паказаньні, што Сьцяпан, бы ненармальны, зьбягаў з усходаў першага паверху, мармычучы пад носам: «Я табе пакажу!.. Я табе пакажу!..»)

Знайшліся й такія, што бачылі, як Сумленевіч падпальваў машыну. Ён, сьведчылі яны, выпусьціў з бака бэнзін, каб не дайшло да выбуху, што дадаткова даказвала сьвядома злачыннае дзеяньне Сьцяпана на шкоду пацярпелага старшыні. Бак усё роўна ўзарваўся-б, аднак-жа так ня сталася; нехта казаў, што Сьцяпан наліў у яго поўна вады... Агонь ахапіў нават калодзежык каналізацыі, куды нацякаў успалыхнулы бэнзін і адкуль - таксама й гэта бачылі - выскоквалі пацукі (аднаго, спаленага, усе хадзілі глядзець, але, аказалася, гэта быў жмут клочча ці пакульля). Гаварылася - калі Сумленевіча выпусьцілі з камісарыяту - што ў той машыне старшыні сядзела яго, Сьцяпана, жонка, бязьдзетная фахоўка, і ён з францускім ключом у руцэ пагнаўся за ёю, а яна, скінуўшы з ног пантофлі на высокіх абцасах, паімчала церазь нізкія платы агародаў у кірунку стражніцкай вежы пажарнікаў, каб, падняўшы там трывогу, выратаваць рэшткі дабра ягонага шэфа...

Нікому й не падумалася, што Сьцяпан Сумленевіч сам заявіўся ў міліцыю. (Калі адчуў, што можа забаяцца сваёй задумы.)

Сяржант прабурчэў да Сьцяпана:

- Ідзеце вы дахаты, бо іначай пасадзім вас у выцьвярэзьнік.

- Я ня п'яны, - ціха запярэчыў яму Сьцяпан. - Я прыходжу да вас са справай, і вы абавязаны выслухаць мяне.

- Чуў я тое, хопіць! Трэба будзе - паклічам.

- Што я павінен зрабіць, каб вы мне паверылі?

- Перастаць дурыць нам галаву.

- Мо' пабіць шыбу ў вакне камісарыяту?..

- Я табе паб'ю! Я, ведаеш, што табе паб'ю за гэта? - злосна прабубніў міліцыянт. - Ну, ваш адрас я запісаў. Да пабачэньня вам.

- Вы мяне абражаеце!

- Чым?

- Даючы мне зразумець, што я - ненармальны.

- Вы, кажаце, спалілі машыну й яшчэ хочаце запэўніць нас, што зрабілі гэта напэўна вы, каб, крый Божа, мы часамі не памыліліся. Ці вы, скажэце мне, лічыце нас дурнямі?

- Я прашу вас: складзеце пратакол допыту мяне.

- Мы - не бюро бытавых паслугаў насельніцтву. Ясна?

- Калі так, дык, калі ласка, зьвяжэце мяне з капітанам.

- Які вы чалавек! - зьнецярплівіўся сяржант. - Ну, ідзеце вы адгэтуль. Па-добраму вас прашу: ідзеце сабе дахаты.

- Я нікуды адсюль не пайду!

- Званіць мне па карэтку хуткай дапамогі? - сяржант паклаў руку на тэлефон, які, як на тое, якраз зазваніў; ён уздрыгануў. - Сяржант Дуля, слухаю, - сказаў у трубку. - Выканана, - далажыў ён камусьці. - Ага. Так. Што? Не, - ён павярнуўся бокам да Сьцяпана. - Разумею. Не. Не. Не. Раблю, што магу... Так. Так. Ясна! - сяржант паклаў тэлефонную трубку й даўгапісам натхнёна пачухаўся за вухам. - Гм, - уважліва прыгледзеўся ён да Сьцяпана, можна сказаць, з сардэчнасьцю. - Дык, значыць, вы жадаеце даць паказаньні?

- Вас аблаялі? - Сьцяпан: «Што я найлепшае раблю, ідыёт?! Хачу-ж дабіцца ўмоваў дзеля зьнішчэньня кагосьці, хто...»

- Дайце мне, калі ласка, ваш пашпарт, - папрасіў ён у Сьцяпана, выклаўшы з шуфлядкі колькі пратакольных блянкаў.

У Сумленевіча пашпарту не аказалася.

- Хвароба, я, мусіць, пакінуў дома... - Сьцяпан абшукваў кішэні, але ўжо ведаў, што надарма. - Нашто сумленнаму чалавеку пашпарт патрэбны? - гаварыў ён, бы той, хто нарэшце дачакаўся пачастунку й, пакуль, дзеля прыстойнасьці, аднекваецца ад яго. - Вось, не падумаў я, гэ!.. Мо' хопіць вам мая службовая легітымацыя?

- Давайце.

Складаньне сяржантам пратаколу працягнулася не даўжэй за паўгадзіны. Сьцяпан, звычайна, прадыктаваў яму вопіс здарэньня. Паспрачаліся яны наконт матывацыі ўчынку.

- З вас - недурны госьць, а пляцеце тут, ажно слухаць брыдка, - упарціўся перад Сьцяпанам сяржант. - Вы будзеце адказваць перад судом за падпал. Вашы галаслоўныя абвінавачваньні старшыні мяне не цікавяць. Нам неабходныя факты, якія магчыма праверыць. Як кіраўнічы працаўнік каапэратыву, вы разумееце, што адных падазрэньняў мала, каб на іх паставіць справу. Усё, што вы гаворыце пра свайго шэфа, не пазбаўленае агульшчыны, ананімнасьці. Мо' вы чаго баіцеся? Не? Слушна! Ад страху яшчэ ніхто нічога добрага не зрабіў. Што? Прабачце, я вас добра не дачуў... Ці ў нашай фірме бывае зло? Канкрэтна, у камэндатуры? Гм, дзіўны вы - першы раз бачу я такога кніжнага, такога Няхлюдава... Што? Якая ў мяне адукацыя? Сярэдняя. І вучуся я далей. Чаму вы пытаеце мяне пра гэта? Ага, таму што я не афіцэр. Буду ім. Адкажу вам на папярэдняе пытаньне: зло - гэта наш надзённы хлеб. Адсюль - натуральнае тое, што праяўляем мы асаблівую цягу да прыгожага ў чалавеку. Жывем-жа мы ў смуроднай атмасфэры, зьяўляемся як бы чысьцільнікамі грамадзкіх адходаў, таму, па-афіцэрску, кахаем адэкалёны. Вы разумееце мяне? Прафэсійнае скрыўленьне - змоўніцкае бачаньне намі рэчаіснасьці... Вам гэта ясна? Дальбог, вы цікавы тып! Штосьці вам скажу: з вашым характарам трэба шукаць сабе месца ва ўстанове, дзе няма буйных фінансавых апэрацыяў, значыць, і... Што? У міліцыі? Не, вы ў нас нарубалі-б дроў болей, чымсьці трэба. Тут мус ведаць жыцьцё, мець на яго нэрвы. Вы занадта тонкаскуры. Шчыра кажу вам: шкада мне вас! Вельмі спрыяльнай вам акалічнасьцю зьяўляецца ваша добраахвотнае прызнаньне ў злачынстве. Дастанеце на судзе, я лічу, гадок умоўнага пакараньня турмою плюс рамонт машыны на ўласны кошт. Кар'ера ваша, вядома, лясьне. Малады вы, дык лёгка дагоніце страчанае і перагоніце...

- Дзякую вам за суцяшэньне, пане сяржант, - Сьцяпан устаў. Яму надакучыла слухаць яго. - Я, здаецца, ужо магу йсьці?

- Так, - пацьвердзіў яму сяржант, неяк увесь суцішыўшыся. - На наступны допыт вы атрымаеце ад нас позву.

«Дабіўся я галоўнага: стварыў дакумант, на які змагу паклікацца ў гутарках з капітанам, - разважаў Сьцяпан. - Сёньня, не, заўтра зьвяжуся зь ім. Паверыць мне ва ўсё, калі даведаецца, чаго я начоўп! Тады й мы пагутарым сабе пра старшыню ды ўсялякую сволач!»

У бары Сьцяпан напіўся піва.

 

19

 

- Дзе ты, Сьцяпан, быў?! - насупонілася Кіра. За ёю, пазмрачнелая, стаяла цешча, а з кухні, аблізваючыся ад абеду, выйшаў цесьць. - Куды гэта цябе носіць?! Што з табою?

- Нічога, - Сьцяпан: «Ого, ужо зьбегліся ўсе!» - Здарылася што?

- Яшчэ й пытаеш, - прабубніў цесьць.

- Ідзі, бацьку, бо спозьнісься... - сказала да цесьця старая, быццам баючыся, што ён, вось, адпярэжа дзягу ды возьмецца лупцаваць Сьцяпана. - Сядай, Сьцяпанка, есьці, - замітусілася яна.

- Няхай сабе есьць, калі можа, - сказала пра мужа Кіра.

Сьцяпан, распрануўшыся, памыўся над ваннай. Мокрым ручніком націраў ён карак і плечы. «Гульнуў я, як голы ў крапіве, - уколамі распаўзалася па яго целе сьвярбячка. - Кіра як Кіра: хацела-б усё мець і, адначасова, нікога не чапіць. Ці яна кахае мяне? У дадзены момант важнае, бадай, тое, што Кіра да мяне неабыякавая. Каханьнем, магчыма, мы называем патрэбнасьць у партнэрстве, - ён выціснуў прышчык на барадзе. - Спальваньне чараўніцаў у Эўропе адбывалася ўпярэдадзень новага... Аўтадафэ ў Італіі палыхалі ўпярэдадзень...»

- ...сам ён накруціў усяго, вар'ят! - вывіскнула Кіра да маці. Гвалтоўна скрыпнулі дзьверы, зацокалі яе крокі, коратка.

Пабегла яна да гэтай Ані, здагадваўся Сьцяпан. Калі жонка шукае спагады ў сяброўкі, дык гэта і ёсьць трывожная праява пазьбяганьня адчужанасьці да мужа, пошукаў бясьпечнасьці там, дзе яе няма. Урэшце - гэта і перапалох ад самоты, і прыступ зацьменьня, у якім можна дзейнічаць толькі на шкоду ўласным інтарэсам. «Я аб нічым не папярэдзіў яе, не пагаварыў зь ёю... Гм, я-ж ня ведаў, што ўсё так атрымаецца...»

Паабедаў Сьцяпан адзін.

Цешча падыходзіла да яго, каб запытаць, ці даліць яму супу, або дадаць бульбы з сэльдэрэевым соўсам; катлета, сасмажаная па-варшаўску, мела адмысловы смак. Кампот зь ігрушаў, гаркавы ад лішняй дозы карыцы, давіў, і цяжка было піць яго. Дзіва - столькі зьеўшы, Сьцяпан далей адчуваў голад.

І сонную млеўкасьць.

Ён прылёг адпачыць.

«Ну, пайшла яна расказваць, што я спаліў старшыню...» - Сьцяпан перавярнуўся на правы бок, выцягнуў далонь з-пад скроні, і кроў запульсавала цішэй. Слабавалі яму ногі, нылі, абясьсіленыя...

 

* * *

 

Ляскатліва расчыніліся дзьверы ў пакой, і Сьцяпан, зь дзіцячай хітрасьцю, прыкінуўся сьпячым: падзьмуў скразьняк.

У пярэднім - прастуджаны голас Кіры:

- Мама, я купіла радыскі.

- А дзе ты, увечары, знайшла яе?

- Прадавалі... - расказвала яна. - Сьцяпан дома?

- Сьпіць.

- Яшчэ?! - яе крокі набліжаліся.

- Няхай ён пасьпіць, - як бы супыніла Кіру маці. - Во, паеш квашанінкі.

- Не магу, - зашахацеў на Кіры лёгкі плашч. Яна распраналася. - Хо, горача! - Заскрыпела шафа з адзеньнем. - Блага мне, мама.

- Залішне бярэш сабе ў галаву...

- За сябе я не бядую, мама, - сказала Кіра, пацягнуўшы носам. - За дурною галавою і нагам няма спакою... Возьмуць і пасадзяць яго!

- Цішэй, бо пачуе...

- Няхай сабе чуе! - грукнула шкло; запсычэла «ігрушка» з адэкалёнам. - Прычоска мая, хвароба, рассыпаецца. У мяне, мама, мяккія валасы. Заўтра пайду я да Райкі: у яе - францускі ляк...

У прыцемку, у самюткім куце бібліятэчнай паліцы, паглядвала на Сьцяпана дзяўчына на каляровай паштоўцы. Яна прыціскала да аголенага пляча букет жоўтых і чырвоных цюльпанаў; мела выразныя, чорныя вочы і просты, грэцкі нос. Ад яе красы, тыповай у пачатках стагодзьдзя, рабілася яму цёпла і ўтульна. Хацелася Сьцяпану пасьмяяцца з турботаў, ад якіх брыняла потым яго піжама й мучылі сны.

Сьцяпан запаліў сьвятло й пашукаў сабе кніжку. Але не ўкладвалася яму чытаньне. І не было-ж як пайсьці на шпацыр, праветрыцца: час ад часу чулася гаворка маці з дачкою, у кухні.

Кіра сама прыйшла да Сьцяпана.

- Што чытаеш? - запытала яна.

- Ня ведаю, Кіра.

- Трымаеш-жа кніжку ў руках!

- Зараз скажу табе... - ён адгарнуў тытульны ліст у кніжцы.

- Сьцяпан, - Кіра падыйшла блізка да яго, але не прыхіліла, як зазвычай, яго галаву да сваіх пругкіх грудзей. - Што ты, Сьцяпан, нарабіў?! Людзі сьмяюцца зь цябе. Скажы: ты сапраўды спаліў аўтамабіль старшыні?

- Спаліў, Кіра.

- Навошта?

- Так трэба.

- Цябе будуць судзіць за гэта!

- Я таго й чакаю.

- Суду?

- Суду, Кіра.

- Што ты зноў задумаў?

- Зьнішчыць падлюгу.

- Значыць, каго? Старшыню?

- Ага.

- Самому трапіўшы ў суд?

- Няма іншага спосабу, Кіра.

- Зь цябе ўчыняць злачынца! Разумееш? І прысудзяць - адкупіць машыну!..

- Хто акажацца злачынцам - пабачым. А машыну, калі трэба будзе, а адкуплю.

- За сваё?

- За сваё, Кіра.

- Ці ты, Сьцяпан, хоць памятаеш, якія ў цябе заробкі?

- Так, Кіра.

- Ты адкупіш - за іх?

- Калі трэба будзе...

Села яна ў крэсла, насупроць Сьцяпана.

- Ты ненармальны.

- Не разумееш мяне, Кіра.

- Не разумею? Як можна разумець...

Зьявілася цешча.

- Крычы, не крычы - сталася, - загаварыла яна. - Мусова цяпер думаць нам, як бяду збыць...

Сьцяпан зноў разгарнуў кніжку.

- А балячку, хіба, хто збыў? Прадаў яе? Узяў ды прадаў, га? - узлавалася Кіра.

- Ты гаворыш, як пра чужога, - не адступалася ад свайго цешча.

- А ён, калі вычаўпаў такое, падумаў пра мяне?

- Падумаў, не падумаў, але Сьцяпан - твой муж, дочка.

- Твой... Твой... Ах, мама, ідзеце вы разам са сваімі павучэньнямі... - Кіра вытузнула кніжку са Сьцяпанавых рук. - Слухай ты, булава, калі да цябе гавораць! Не адзін-жа жывеш тут!..

- А ну вас! - цешча, выціраючы далоні аб хвартух, павярнула назад.

- Ну, - Сьцяпан трымаўся.

- Ведаеш, на каго ты падобны?

- Ведаю.

- Перастань ты дурня клеіць ды йдзі да старшыні, чуеш? Прасі яго - мо' прабачыць табе, адпусьціцца...

- Прасіць гэтага лайдака - не ў маім пляне.

- Тады - што?

- Я-ж табе, Кіра, казаў...

- Не, я ўтаплюся ад гэткай размовы!

- Кіра, калі-б старшыня ўмеў думаць, дык ён сам не дапусьціў-бы да суда. Ён павінен дасканала прадчуваць тое, куды я хілю. Ня выключана, што ён ужо бегае, куды трэба... - Сьцяпан закурыў. - Але - дудкі, запозна: я быў у міліцыі!

- Што?!

- Зараз яму не выкруціцца ад сьледзтва.

- Ты прызнаўся?..

- Гэта вельмі важнае, Кіра: стварыць падставу.

- На сваю галаву?

- Дакладней - на яго.

- Вар'ят ты! Палесьцінец! - Кіра захадзіла па пакоі. - Ну, капцы ўсяму...

- Кіра! Як табе гэта вытлумачыць? - ён паклаў кніжку на паліцу. - Факт скандалу сьведчыць не ў карысьць нашага высока пастаўленага праныры. Праўда, я захуліганіў, але чаму? Якія прычыны склаліся на тое? І я раскажу пра іх на судзе. Публічна, гэта табе не на нарадзе... З маленечкага зробіцца вялікае! Прападу я, але й ён прападзе. З той розьніцай, што ён праваліцца на нечым значна, беспараўнальна, большым, Кіра.

- Паважаны Сьцяпан Сумленевіч, - іранічна скрывіла яна губкі. - Па-першае, як я ўжо неаднаразова гаварыла табе, зьяўляешся ты жывым экспанатам наіўнасьці, надзвычай каштоўным сваёй рэдкасьцю ў нашу захірэлую эпоху, і таму, адразу, падлягаеш кваліфікацыі ў музэй. Па-другое, ты вінаваты ў акце тэрору ў дачыненьні да іншай асобы, што ня зможа апраўдаць ніякая, нават сусьветная, матывацыя. Па-трэцяе, гэта акампраметуе цябе, прынамсі, на пэрыяд аднаго пакаленьня кіраўнікоў грамадзкага жыцьця, у якіх прозьвішчу Сумленевіча будзе спадарожнічаць даданы сказ: «А, гэта той дурань, які калісьці спаліў аўта, ну, таго...» Па-чацьвертае, ашчасьлівіш ты наступнага праныру, якому, мабыць, і абрыдла чакаць нагоды заняць месца старшыні. Па-пятае, у каапэратыве нічога ня зьменіцца ад твайго рэвалюцыйнага ўчынку. Браток, цароў стралялі, а імпэрыя ні трошкі не пахіснулася...

- Усё?

- У васноўным - усё.

- Калі-б паверыць табе, Кіра, дык дзеяньне чалавека павінна быць накіраванае безумоўна на асабістую карысьць. Не пратэстуй, бо іншай высновы са сказанага табою, звычайна, ня можа быць. Страчваньне сілаў дзеля агульнай...

- Ты ахвяроўваеш сваю будучыню й будучыню жонкі на алтар грамадзкасьці, прыгожа кажучы.

- Не бачу я ў гэтым нічога сьмешнага.

- І я. З другога боку.

- Свайго.

- Невядома, хто з нас абаіх чысьцейшы эгаіст, Сьцяпан...

- Што, Кіра, маеш на ўвазе?

- Тваё «я».

- Ах, во яно як!

- Прытым, куды гэта падзелася Сумленевічава перамаганьне зла дабром, га? Ды, наогул, адно ты гаворыш, а другое робіш. Дзіця, выдатнік па тэорыі й двоечнік па практыцы, анархіст, вулічны, камічны ў задуманым... Жыцьцё не пажартуе з табою! Крымінальная служба падлічыць твае векапомныя зьдзяйсьненьні. Будзе рогату ў судзе, калі абвінавачаны Сумленевіч пачне растлумачваць, што ён спаліў прыватнае аўта свайго шэфа, каб выкрыць яго нядобрасумленнасьць. Заплача публіка ад рагатаньня! Сэнсацыйны мэтад зьнішчаньня камбінатараў: спальваньне іх маёмасьці. Стварайце брыгады сумленных падпальшчыкаў уласнасьці людзей, у адрас якіх існуюць маральныя закіды! Толькі справядлівыя сядзяць у турмах! Сьвет - зварухніся! Прачніся!..

- Выйдзі, Кіра!

 

20

 

На працы, здавалася, нават стары бухгальтар паказаў спагадлівасьць да Сьцяпана, не настойваючы на тэрміновае афармленьне ім разьлікаў у расходваньні каапэратыўнымі аддзеламі будаўнічых матэрыялаў, прызначаных на пабудову асабнякоў у Петрашоўскім квартале ды ў Бельску й Саколцы.

Сакратарка падала Сьцяпану справаздачу камісіі, чысьценька перапісаную. «Няўжо забыўся ён перахапіць крамолу?!» - падумаў Сьцяпан пра старшыню й падпісаўся на ўсіх пяці экзэмплярах, быццам спадзеючыся, што вось-вось расчыняцца дзьверы й зьявіцца ў іх ён, каб парваць на дробненькія кавалачкі гэты нязручны яму дакумант.

Сумленевіч пазваніў членам камісіі, каб і яны падпісалі. На жаль, нікога зь іх ён не застаў на месцы: двух знаходзілася ў каманьдзіроўцы, а трэці хварэў.

«Пачнем ад хворага, які, ёсьць надзея, пра нішто яшчэ ня ведае», - Сьцяпан хутка сабраўся ў горад.

Ля пераходу цераз вуліцу, побач рэстарану «Гродна» мурашыўся людзкі натоўп. Прычэпа ад грузавіка, нахіленая, стаяла на тратуары, бокам падняўшы колы на сьцяну, бы вялізны сабака. Міліцыянты мералі. Бамбіза ў юхтавых ботах пужнуў адурэлага ад відавоку крыві ката зь віхрастай поўсьцю; хтосьці загінуў ля газону. Грузавік-жа з галавастаю шафёркаю вінавата чакаў, загарадзіўшы замурзаным сваім тулавам дарогу машынам, якія, спадцішка, сыгналілі й аб'яжджалі завалу Юравецкай. Праходжыя выцягвалі шыі, каб угледзець, як і дзе нехта крычаў аб чымсьці да кагосьці... Шайка вучняў з тлусьценькімі мордачкамі, разявіўшыся, наглядала за замяшаньнем; адзін зь іх, непаваротліва, фатаграфаваў.

- Добры дзень, Сьцяпан!

Сумленевіч пазнаў у жанчыне прыгожую сяброўку са школы. На ўроках матэматыкі яна добра падказвала яму. Гарбаты настаўнік ставіў ёй за гэта двойку. «От і напалохаў ён мяне, - пасьмейвалася яна падчас перапынку. - Ня быў-бы ён мужчынам: хоць маленькую прыкрасьць, але зробіш!»

- Вітай... - Сьцяпан завагаўся над яе імем, сымпатычным (Вера?). - Бачу, расьцеш ты, як сабе! Банду хлопцаў адна ты разагрэла-б, і то на сьнезе, - іначай, чамусьці, ня мог ён гаварыць да яе. - Ну, кажы, што добрага ў цябе чуваць? Муж - пад абцасам, дзяцей - рой, каханкаў - на выбар?..

- Не зьмяніўся ты, Сьцяпан, - адказала яна. - Усё прыкідваесься разбэшчаным...

- Гэта - блага ці добра?

- Нашто пытаеш? Сам ведаеш...

- З пакорай слухаю цябе, - і яшчэ дадаў ён: - Засаромела ты мяне, старога дурня, - Сьцяпан лакомліва закурыў надломленую папяросіну, апошнюю ў пачку. - Скажы што-лень пра сябе...

- Бацька мой памёр.

- Бацька? Ад чаго?

- Рак страўніка...

- Які чорт! Калісьці людзі паміралі ад сухотаў, застуды, пабояў, а цяпер, каго не спытай, дык усё - рак, рак, рак... Прабач...

- Нэрвы.

- Так, сапраўды, я замнога дазваляю сабе...

- Кажу пра нэрвы, як пра прычыну хваробы, захворваньняў на рак. І як ні дзіўна, але ў прасмуроджаных гарадох, пракурэлых, ня так і часта пачуеш, каб хто паміраў ад рака, - яна, відаць, думала пра тое. - Горад, ведаеш, дае пачуццё ўласнай вартаснасьці. Важнасьці!

- Твой бацька быў зь вёскі?

- Зь вёскі. З Васількова. З гаспадаркі. Зь зямлі, якой аддаў сваё жыцьцё, але якую ня меў ужо каму пакінуць. Старому і ў галаву не прыходзіла тое, што зноў настануць часы, калі гаспадар будзе самым пагарджаным чалавекам, у супастаўленьні зь якім чысьцільнік камунальных прыбіральняў здасца панам над мужыкамі. Вытворца галоўнага - хлеба... Кантынэнт сялянства апускаецца ніжэй травы, цішэй вады...

Сьцяпан не перабіваў, агламажджаны нагавораным ёю.

Яна ціха разьвіталася.

«Чалавек, што дрыгва: дакранесься да яго й правалісься, - Сьцяпан увайшоў у Юравецкую. - Кожнага абыходзь бокам».

Яму ня верылася, што столькі даведаўся ён ад зграбнай жанчыны.

Член камісіі, да якога йшоў Сьцяпан, жыў на Вятрачнай. У даваенным доміку, у садку, згусьцелым ад разрослых вішнякоў. Зьвяглівы сабака ў глыбіні панадворка кідаўся на ланцузе, дзеручы лапамі зямлю. Ганак, спавіты дзікім вінаградам, з каляровымі шыбкамі ствараў уражаньне крыху казачнага ўваходу ў даўно таемнае.

Выглянула адтуль тоўстая баба.

- Ён хворы, - сказала яна Сьцяпану пра гаспадара. - Вам чаго трэба ад яго?

- Добры дзень вам, - прывітаў яе Сьцяпан. - Я толькі на хвілінку да вас. Мы працуем разам...

- Віцюлік! - крыкнула яна ў сені. - Хтосьці прыйшоў, чуй, да цябе, - і абаперлася мяккім локцем аб вушак. Па-мацярынску самаўпэўненая, стаяла яна так з кухонным нажом у руцэ.

- Што? Прывезьлі цымант, - жыва выбег на парог Віця й, звочыўшы Сьцяпана, сказаў: - А, гэта ты: здароў! Заходзь, - працягнуў Сьцяпану руку. - Заходзь, заходзь... Дай нам, маленькая, гарбаты, - зьвярнуўся ён да гэтай гаспадыні, якая аказалася яго жонкай. - Сядай, Сьцяпан, - ён паказаў яму фатэль на ножках, закопчаных ільвінымі галоўкамі. - З чым добрым ты да мяне? - і сабраў ён у сабе ўсю ўвагу худога, высокага і даўганогага.

- Са службы прыходзяць у дом хіба з чым добрым, браток? Гэта-ж усё роўна што з тэлеграмамі ў мястэчка ці ў вёску, - Сьцяпан склаў сябе: «Я, дурань, палохаю яго!» - Я, ня бойся ты, са звыклым глупствам да цябе... Ня хвораму-ж ісьці да здаровага.

- У мяне, ведаеш, Сьцяпан, балячкі на вантробе паявіліся. Бядовая справа, ведаеш, - сказаў ён для яснасьці. - Як схопіць мяне боль, дык ажно на сьцены лезу!..

Настрой быў дрэнны.

- Лечысься ты?

- Лекары, ведаеш, Сьцяпан, бы тыя адвакаты: так і паглядаюць на жменю, так і паглядаюць! - Цяпер п'ю зельле... Нямаш мне варункаў хварэць: зяць будуецца, - і, стрымана памаўчаўшы, запытаў: - А ты, Сьцяпан, не задумаў сабе - вілу?

- За што, братка?

- А цесьць у цябе ад чаго? - маршчыны на яго твары склаліся ў кашэчую ўсьмешку. - Зь ім, ведаеш, Сьцяпан, мала хто роўня ў Беластоку. Ціхенькі ён ды ўдаленькі! Ты, вазьмі, трасяні яго добра, а грошы зь яго, сам пераканаесься, пасыплюцца, бы дзічкі з грушы. Адну дачку маючы, ён можа даць...

- Ат, стары й так даволі наклапаціўся, пакуль яе, Кіру, выгадаваў, - Сьцяпана непрыемна ўразіла тая непасрэднасьць, зь якой гэты чалавек у гадох падказваў яму нешта й без таго грубае.

- Дачку то ён не гадаваў, Сьцяпан. Яго дзяцьмі зьяўляюцца інтарэсы, - ужо пляткарыў ён перад Сумленевічам. - Не было такой справы, на якой твой цесьць не зарабіў. Яго, мабыць, і цяпер ты мала бачыш дома?

Сьцяпан нічога не адказаў яму.

- Ведаю я яго, бы таго каня лысага... Баба расставіла на стале шклянкі з гарбатай, пірог на залочаным паўміску, срэбную цукарніцу, павідла ў крышталёвым начыньні, вішнёвае. Талерачкі, памаляваныя ў яскравыя ўзоры, прасьвечваліся далікатнай тонкасьцю. Каля гарбатных лыжачак ляжалі пляскатыя мініяцюры лапатак; Сьцяпан дадумаўся, што імі трэба браць порцыі пірага (ён пачакаў, каб падгледзець у гэтым гаспадара). Былі й чырванашчокія яблыкі, скрыгелікі лімонаў і яшчэ штосьці.

- Я, во, прыйшоў да цябе са справаздачай камісіі, - Сьцяпан дастаў з партфэлю паперы. - Ужо перапісаная, - ён адставіў далей пасудзіну з павідлам, непрапарцыянальна цяжкую. - Чытай гэта й падпісвай.

- Ага, - пасмутнеў Віця. - Ага... Саладзі, ведаеш, Сьцяпан, гарбату. Калі ласка, саладзі сабе...

Пірог хатняга вырабу смакаваў адмыслова. Крохкі, ён раскошліва распускаўся ў роце, выклікаючы цягучы сьлінацёк. «Калі ён пра нішто яшчэ ня чуў - падпіша», - заключыў пра яго Сьцяпан, набіраючы павідла, якое рыхтавалі, відаць, паводле асаблівай рэцэптуры: ягады вішняў, цэлыя, аказаліся зусім сьвежымі. Былі яны хрумсткімі. (У прыгарадах і прадмесьцях гатуюць павідла няўмела, па-сялянску мазяватую гушчэчу, сцукраваную.)

- Ага... Ну, моцна напісана! - Віця працягнуў руку па акуляры, што ляжалі на этажэрцы. - Гм... Адразу пазнаць тут стыль Сумленевіча: просьба гучыць як ультыматум, - бліснуў ён кпіначкай.

- Рэвалюцыйная стылістыка, браток, - пацяплела Сьцяпану.

- Ну, а што новага чуваць у каапэратыве?

- Пахварэў ты ўсяго дзень і ўжо думаеш, што безь цябе там усё завалілася? - Сьцяпан, жэстам бесклапоцьця, выбраў сабе яблык. - Ніхто й ня ўспомніў пра цябе. Быў. Няма.

- Так, - яму падаўжэў нос. - Ну, а як ацанілі працу камісіі?

- Камісіі? - Сьцяпан засьмяяўся. - А я думаў, што гэта яна - ацэньвае. Каму ў галаве, брат, наша камісія? Старшыня, вось, заняты старшыняваньнем, кіраўнікі кіраваньнем, бухгальтар лікамі, і гэтак далей, - знарочна падняў ён руку з гадзіньнікам. - Ого, ужо першая гадзіна! Час мне йсьці. Ну давай, братка, падпісвай справаздачу. Хопіць гэтай распусты за гарбатай.

Гаспадар абмацаў кішэні пінжака.

І Сьцяпан зразумеў, што ён ня знойдзе аўтаручку або даўгапіс.

- Пазычу табе сваю... - сказаў ён да Віці, які, як бы ў выдказ на гэта, абціх, бы той, каму ўжо ўсё роўна.

Але, як на тую бяду, Сьцяпан ня ўзяў з сабою хаця-б алоўка.

- Ведаеш, Сьцяпан, я падпішу заўтра. На працы. Ну, ведаеш, якая розьніца: сёньня ці заўтра? Я-ж, як бачыш, цалкам здаровы... З раньня, ведаеш, Сьцяпан, я пазваню табе, прыйду й падпішу. Ну, усё ў парадку, - ён ветліва праводзіў госьця да дзвярэй. - Дзякую табе за тое, што ты наведаў мяне, і прабач мне, калі што ня так было... Ведаеш, Сьцяпан, зяць мой будуецца...

Сабака люта брахаў.

Пайшоў паркі, густы дождж.

Сьцяпан, тулячыся да платоў з навіслым гольлем дрэваў, дабраўся ўздоўж іх да Антанюкоўскай артэрыі, якраз блізка прыпынку, на якім сеў у «дзевятку» - ледзь уціснуўся ў перапоўнены аўтобус. З мокрых плашчоў пасажыраў сьцякала вада, і ад размочанай на падлозе гразі рабілася коўзка. Стаяў ён, трымаючыся за расхістаны поручань.

Выйшаў - за мостам на Белай, ніжэй «Гродна», дзе разявы ўсё яшчэ не разыходзіліся зь месца выпадку.

Ніякавата было Сьцяпану вяртацца да сябе.

Цішыня вакол яго асобы - анямелы тэлефон, для відавоку забеганая сакратарка, выключна дробязная карэспандэнцыя, спэцыяльна дэкрэтаваная яму старшынёй, спачувальныя твары некаторых - бянтэжыла яго сваёй, усё-такі, прыдзірлівасьцю. Нейкай шаблённай вытлумачальнасьцю абясьсільвала яна Сьцяпана.

Які-ж гэта - чорт вазьмі! - аргумант: спаліць яму аўтамабіль, каб...

Ат, хуліган ён, што дарабляе сабе ідэалёгію.

Напэўна, ён і з глузду зьехаў!

Калі-б Сумленевіч быў сур'ёзным, дык ня важыўся-б на такое.

Малады, то й дурны.

 

21

 

У калідоры чакаў Сьцяпана незнаёмец, які назваў сябе сваяком і паведаміў, што памерла цётка. Гэта было ня тое, што нечаканым яму. Прыдуманым! І Сьцяпан, усьміхнуўшыся, сказаў:

- Што-ж, памерла дык памерла... Усё чую я пра сьмерць.

- Пахаваюць яе ў пятніцу каля дзесятай гадзіны. У Каралёўшчыне. Можна даехаць туды ранішнім аўтобусам.

- Памерла, значыць, сястра маёй нябожчыцы маці?

- Ну.

«Ня ўсё, што банальнае, зьяўляецца непрыдатным», - успомнілася Сьцяпану недзе пачутае ім. Ён слухаў незнаёмца, падтакваў яму - на яго шчацэ патрэскалася немалая бародаўка з воласам.

Гэты чалавек папрасіў Сьцяпана пазваніць па тэлефоне нейкаму сваяку ў ваяводзкай камэндантуры міліцыі.

- Добра, я пазваню, але гаварыць зь ім будзеце вы...

У сакратарыяце Сумленевіч пакінуў пісьмовую просьбу аб два вольныя ад працы дні.

Выезд на пахаваньне даў Сьцяпану супакаеньне.

Царква ў Каралёўшчыне, вельмі даўняя, стаіць ля гасьцінца ў колішні двор. Пад высокім лесам. За рэчкаю, калі йсьці да яе далінаю. Зьлева ад шашы, ад пахілых вербаў.

Ужо стаяла пад ёю зграя легкавых машынаў - паняў, паноў і панятаў. Выпендрыўшыся, хадзілі яны туды й назад - от, мужыкі каля фурманак на Сенным рынку. Каля свайго.

Цела нябожчыцы везьлі з хутара, ці то зь вёскі, і Сьцяпан, каб ня нудзіцца, не глядзець на гэтых нібы жалобнікаў, не паддавацца іх агляду, забрыў на ўзьлесьсе, сьцежкай каля сухога долу, дзе, мусіць, капалі пясок на дарогу. З засмужанага неба крапаў нясьмелы дожджык і падымалася духотная імгла. За маладняком цямнелі яліны й прасьвечвалася паляна. З-за павароту выйшла пажылая жанчына. Яна зьдзівіла яго тым, што яму, чужому, сказала «Добры дзень». Спатыкнуўся ён аб мурашнік; незвычайныя мурашкі залазілі яму аж на кульшы. Недалёка стукаталі дзятлы й пужаў Сьцяпана шолах у маліньніку, заваленым сухападам. Гадоў пяць назад, успомнілася яму, у гэтай ваколіцы паляўнічыя падпільнавалі рыся. Тут, магчыма, ёсьць і зьмеі?!

Калі Сьцяпан вярнуўся пад царкву - ад машыны, памаляванай у сіні колер, наблізіўся да яго ні то хлопец, ні то мужчына.

- Добры дзень пану. Сьцяпан адказаў.

- Вы, пане, на пахаваньне?

- На пахаваньне, - адказаў Сьцяпан.

- Курыце? - той працягнуў яму пачак амэрыканскіх цыгарэтаў.

- З прыемнасьцю. Дзякую вам.

Араматызаваныя, даўкія...

- Няма, пане, пагоды.

- Так, - Сьцяпан прыгледзеўся да пашчэрбленых зубоў размоўцы. - Старыя паміраюць або ўвосень, або ўвесну.

- Цётка магла-б, пане, пачакаць да восені, - пажартаваў уласьнік сіняй машыны. - Надта-ж мноства многае работы цяпер назьбіралася ў мяне.

- Не ўдалася вам цётка...

Юнацкі мужчына раскланяўся са Сьцяпанам:

- Прабачце мне, пане.

- Калі ласка.

На масток у нізку сунуўся абоз: на пярэдняй фурманцы - труна. Відавошча - быццам вяртаньне з паляваньня на некалі бачанай карціне...

Жанчыны перад люстэркамі ля кузаваў легкавых машынаў папраўлялі сабе прычоскі; мацяркі клікалі дзяцей. Шматлікая радня!

- Вязуць, - нехта голасна сказаў. - Зюнік, адвядзі далей нашу машыну, каб конь ня ўгрэў па ёй капытам...

Запрацавалі маторы. Узьняўся вэрхал, тратуарны.

- Мужчыны, - прасіў, па-беларуску, дзядок. - Мужчыны, трэба вынесьці з царквы харугвы. Ну, адну - я. Хто яшчэ?

Адгукнуўся на гэта васпаваты дзядзька ў гумовых ботах. Сьвятар - зь пеўчымі бабулямі - ужо зыходзіў да вуліцы; малады, прыкметна зьнясьмелены старамоднай сваёй прафэсіяй, разгублена тузаў свой залётны вусік (без барады). Так і гаварыў, здаецца, так і гаварыў ён: людкове, а нашто мне гэта? Расьпяўшы парасоны, жалобнікі бязладна рушылі за ім, насустрач сярмяжнаму картэжу. Можна сказаць - са злосьцю, хутка, хутчэй адбыць чамусьці не забытае, як бы забабоннае, але прадпісанае... Зь бязьлітаснымі яны каркамі. Наперадзе засьпявалі: «Са сьвятымі супакой...» - старэчыя галасы абрываліся.

Дайшлі - да першай пары коней, угадаваных, вычасаных, запрэжаных неяк па-вясельнаму; над імі ўзвышаўся румяны твар (без шапкі). Ля якогасьці, пакінутага, млына.

Вазьніца, вяла разглядаючыся па натоўпе, прасіў дапамогі ўнесьці труну ў царкву.

З наступнага воза зьлез брудны чалавечак і, быццам шукаючы ўпушчаных лейцаў, затрымаўся каля вазьніцы; з пугаю.

Дзядзька ў гумовых ботах, паставіўшы харугву пад ліпаю, брыдка вылаяўся й крыкнуў:

- Бавантур! Хадзі! Паможаш! - ён пачакаў, пакуль той зварухнецца. - Гэта сваякі? - кінуў ён праклён урачыстаму зборышчу. - Паны, я... іх маць! - і, як змардаваны дрывасек, што прымерваецца да таго, каб падняць таўшчэрную калоду, дзядзька скамандаваў: - Бавантур! Падчэпіш труну ад галавы, - на яго словы аблезлы дзяцюк ухапіўся за вугал скрыні. - А вы, двух, бярэцеся, во, там, - яшчэ пакіраваў ён старым і вазьніцай.

Ніхто не абурыўся на тое.

Малебен заняў больш, чым паўгадзіны. «Чаго я тут - ні шкадуючы, ні варагуючы - стаю сярод чужых? - Сьцяпан скінуў пальчаткі. - Труп цёткі - гэта апошні напамінак таго, што за маімі плячыма ёсьць папярэднікі. Маць - о як-жа смуткую я па ёй! - маўчала пра радню, стойваючы панурую гісторыю? Ня выраклася яна свайго сялянскага радаслоўя. Дык у чым-жа прычына яе заўзятага забываньня на сваякоў? А Люба - хто яна мне? Не прыехала... Жыве? Гаспадарскія жонкі нягожа старэюць, чырванаскурыя...»

Нябожчыца спачывала з блаславёным спакоем - выцягнутая, чысьценькая, апранутая ахайна, але ў паношанае. Рукі яе, скрыжаваныя на грудзях, сухія й вузлаватыя. Гаротніцкія! Дзесьці блізка жыла яна й працавала. Ніхто, таксама, не заплакаў па ёй, калі прыбівалі цьвікамі века...

«Зусім не падобная яна да маёй маці», - Сьцяпан, цалуючы настылую руку нябожчыцы, раптам адчуў, як пацяклі яму сьлёзы, неспадзяваныя; ня змог паўстрымацца і ад нежаданага ім стогну скаргі. Не адхінаючыся, ён выхапіў з кішэні насоўку й выцерся ёю. Аглухлы ад жалю, здумеўшыся гэтым, ён адыйшоў за ікону нябеснай жанчыны, каб сабрацца там з духам. «Што са мною, - мармытаў да сябе Сьцяпан. - Што гэта такое робіцца са мною? У мяне расхістаныя нэрвы! Трачу я розум з-за халернага старшыні! Ох, людзі, людзі... Ці я гэтак-жа галасіў і па маці? Ну, не, ну, добра... Ціха, ша, ша-а».

- Вы! - за Сьцяпанам стаяў незнаёмец. - Патрэбны чацьвёрты... Могілкі тут-жа, у канцы вулачкі. Во, там, - паказаў ён у паднебнае акно.

- Так, так... - усьміхнуўся да яго Сьцяпан. - Я ўжо... Ну, ідзем.

Пахавальнае шэсьце валаклося цыганскай бандаю. Ехалі машыны, і пра іх найбольш у тлуме гаварылі.

- Чый ён будзе? - голасна запытаў ззаду бабскі голас.

І Сьцяпан ведаў, што гэта гавораць пра яго; мацней абхапіў ён плечы незнаёмца, які соп пад цяжарам труны. Кант дошкі балюча муляў у ключыцу.

Над самюткай галавою сьпяваў жаваранак, расслабляючы сардэчнасьцю.

- Чый? Мо' гэта яе байструк...

- Мела яна другога?

- Хіба мала бандытаў хадзіла тады па вёсках? Прыйдзе такі ў хату, з карабінам, і давай яму, чаго толькі захоча...

- Гэ-гэ-гэ... І саланіны ўпрыдатак, - азваўся сіплы мужчына.

- О, нарабавалі яны ў людзей, а цяпер мураванкі сабе ў Беластоку ставяць, - загаварыла тая-ж баба. Нізкая! Кумпястая! З кучмастай прычоскай!

- Ціха! Яшчэ хто пачуе...

...Калі, урэшце, насыпаную магілу выраўнялі рыдлёўкамі й нехта з радні спрашаў усіх на пачастунак - Сьцяпан павярнуў у ельнік, зь якога выбраўся ён у поле, дзе стаяла ў забыцьці хацінка пад таполяй.

Дадому трапіў ён пад абед.

 

22

 

Каля бібліятэчкі ірдзела пячаткай павестка з камісарыяту міліцыі.

- Мыйся й хадзі есьці, - сказала Сьцяпану Кіра. «Зноў будзе пекла!» - ён старанліва вымываў бруд паміж пальцамі; на яго нагавіцах бялела колькі плямак жывіцы.

- Кіра! У нас ёсць бэнзін? Мне трэба пачысьціць...

- А я думала, што - спаліць?

- Спаліць? - Сьцяпан не адразу сьцяміў. - Ага... Слухай, Кіра, ты мая жонка ці не мая?

- Твая. Таму ты павінен схадзіць да старшыні й папрасіць у яго прабачэньня.

- Гэта ты дадумалася да таго ці твой татка?

- Я таксама.

- Значыць, цесьць першы падумаў пра гэтае. І, мабыць, дасьць ён грошай на рамонт той старшынёвай ламаччавіны?

- Такі зяць - каштуе! Ягонае папраўляньне сьвету...

- На сродкі цесьця?

- Налівай сабе есьці. Капуста - у сінім гаршку, а бульбу падагрэеш. Кампот - у рондліку, - Кіра густоўна завязала шалік на шыі, апранулася. - Я пайшла.

- Да Ані, ці як яе зваць...

- Так, да Ані.

- Тады - шчасьлівай табе дарогі!

- Дзякую.

- А дзе маці?

- Ня ведаю.

- Чао!

Допыт у камісарыяце вызначылі Сьцяпану на пасьлязаўтра. У дзесяць.

«Маюць у міліцыі час, - ён, усё-ж, прыпаліў сабе бульбу. - Ім гэта што: яны-ж у фабрыцы злачынстваў. А я - іх заказчык, дарэчы, дробны. Але рытм работы й там, відаць, абавязвае. Сумленевіча ўжо занесьлі ў графік, на адпрацоўкі. Гатовенькі выраб зь яго накіруюць у суд, у гэты склад пакараньняў... А што будзе, калі ў камісарыяце возьмуць ды забракуюць мяне? Не, яны не адкінуць майго! Мая, Сумленевіча, у гэтым галава: за ўдарам удар...» - гарачая капуста апякла яму вусны.

Прагледзеў Сьцяпан - каторы раз! - справаздачу камісіі. Вось дакумант, які спатрэбіцца яму! На жаль, мала аднаго подпісу пад ім, Сумленевіча. Што й казаць: яго здурыў той член камісіі. Сьцяпан змарнаваў аказію - трэба было тады зьбегаць у кіёск і купіць яму даўгапіс, не адступіцца ад Віці, не адкладваць важную фармальнасьць. Памылка!

Ня ўсё страчанае?

Сьцяпан, паабедаўшы, наведаўся ў кватэру іншага члена камісіі; яго дачка, дзяўчынка, адказала яму, што маці пайшла ў краму, а бацькі, ад учора, няма дома. Запрапанавала яна Сьцяпану пасядзець, выпіць гарбаты... Расьсьмешаны яе кемнасьцю, ён падзякаваў ёй і хацеў даць малой падарунак (нічога, аднак, адпаведнага ня вышукаў у сваіх кішэнях).

Адрасу трэцяга члена камісіі Сьцяпан ня ведаў.

«Пасьля суду я звольнюся з працы ў каапэратыве, - вырашыў Сьцяпан. - Стануць, вядома, упрошваць мяне; пане Сумленевіч і пане Сумленевіч! Я, скажу ім, зноўку прыдатны вам? А дзе вы былі, калі мне было цяжка, га? Калі пахла турмою? Не спадзяваўся я па вас такой палахлівасьці; ня ціхіх спачуваньняў, але публічнай падтрымкі... А вы што зрабілі? Чакалі, хто - каго? Эт, нічога з такімі, як вы, нельга дабіцца, не жывеце вы, а ўсё рыхтуецеся жыць! На гэтым прамарнуеце свае гады, задумайцеся вы над тым, што я гавару вам, і пабойцеся - кожны самога сябе! Усё больш людзей, усё менш людзкасьці...»

Мучыла яго смага, пульсавала ў скронях кроў і балелі яму валасы, усё роўна што пасьля п'янкі. Сьцяпан убачыў кіёск зь півам, замкнёны. Каля яго, быццам спарахнелы вулей, трывала пустая бочка. Дзеці гулялі там у схованкі. Спыніўся перад піўнушкай пажылы чыгуначнік, на ровары, пастаяў, раскірачыўшыся, пачухаўся пад шапкай і разьлезла паехаў далей, нясьпешна абмінаючы каўдобіны.

У бары «Пад селядцом» прадавалі мінэральную ваду «Крынка».

Сьцяпан папрасіў дзьве бутэлькі мінэралкі. Бармэнка курыла й, адначасова, накладвала ў місачкі гатаваную па-брэтонску фасолю, якой закусвалі падпітыя тыпы ў камбінэзонах; пра штосьці спрачаліся яны паміж сабою. Двух зь іх счапілася біцца; перакулілі крэсла з жалезных прутоў, пакаціліся на падлогу. Іх сябры, пасьмяяўшыся, узяліся разбараняць - ня ў жарты палілася кроў. Убег з вуліцы міліцыянт і, вытузнуўшы, быццам сьмешную шаблю, гумовую палку, гакнуў ёю па выпучаным азадку якраз таго з буяноў, які, абліты юшкаю з носа, харкацеў, прыціснуты да зямлі здаравейшым. - Халерны Піндаль штодзень так, - сказала бармэнка й зірнула на Сумленевіча, як на таго навічка, якому наіўна захацелася мець сабе жонку. Сьцяпан расплаціўся.

Круціла яму ў калене. (Нядобра ступіў ён нагою, калі ўносілі труну на могілкі; у пухкую нару крата, і цэлы ўспацеў ад страху, каб не паваліцца...)

Сеў Сьцяпан на змуршэлы падмурак, парослы зельлем, і асьцярожна націраў балючае месца. Вывіх не адразу адлягае, трэба мачыць у гарачай вадзе й расьцягваць вузлы... «Шкада, што па хаце, у якой я нарадзіўся й рос, не засталося й сьледу. Заначаваў-бы я ў ёй, памыў-бы падлогу, дзьверы. Жылося-б мне па-свойму...»

Чым больш раздумваў Сьцяпан над тым, як паводзіць сябе ў міліцыі, тым выразьней адчуваў у сабе ўсю несур'ёзнасьць створанага ім становішча. Справа ня ў веры ў справядлівасьць задуманага, бо яна ў ім заставалася непахіснутай, але ў сродках ажыцьцяўленьня намеранага. Дакладней кажучы, у іх недастатковасьці, каб не сказаць, у дробязнасьці ўчыненага ў параўнаньні з жаданым зьдзяйсьненьнем. Вымовы, якіх наслухаўся ён ад Кіры й ад цесьця, прыводзілі яго да дапушчэньня, што сапраўды рызыкуе асьмяшэньнем сваёй асобы! Давёўшы сябе да крайняй раздражненасьці, Сумленевіч зь неспакоем думаў ня столькі пра допыт, колькі пра ягоныя наступствы.

Быццам разумеючы думкі мужа, Кіра пакуль нічым, зьвязаным са справай, не цікавілася. Між ёй і маці дайшло, праўда, да сьцішанай сваркі, значэньне якой усьвядоміў Сьцяпан пазьней. Пачаткова толькі здагадваўся ён, што дачка супыняе маці ў яе сувязах з мужчынам, якія абнеслаўляюць дом. Менавіта, заходзіў да цешчы нейкі прыяцель сям'і, не першай маладосьці й несумненны ўдавец. Сьцяпана зьдзіўляла тое, як гэты чалавек можа не адчуваць уласнай няёмкасьці. Ад госьця павейвала пахамі дарагіх адэкалёнаў, а яго сівюткія валасы, беззаганна падстрыжаныя, прыдавалі яму незаслужана шаноўнай павагі. Пілі яны гарбату зь ім, як бы цярпліва чакаючы прыходу дадому гаспадара; Сьцяпан часамі адгаворваўся ад гэтага вечараваньня неадкладнымі заняткамі, тэрміновымі заданьнямі на службе, незакончанай справаздачай або дакладам. Кіра сядзела зь імі дзеля прыстойнасьці. Расказвалі яны сабе анэкдоты, раскошна рагаталі, нават сьпявалі нешта расьцяглае, расейскае: «Оля любила реку...» Або, фальшыва інтануючы адноўленую модай песьню «Очи чёрные...» (Аднойчы прынёс той пласьцінку са сьпевамі Шаляпіна, даваенную, зьдзёртую.) Сталася ўжо хатнім звычаем, што ў панядзелкі гэты прыяцель дому стукаўся ў дзверы пунктуальна а шостай. Яго вітаньні абрыдлі Сьцяпану. - Добры вечар пані. - Добры вечар пану. - Як прамінуў вам дзень? - Дзякую, добра. - Сёньня нешта папсавалася пагода. - Сапраўды, ад самай раніцы дождж! - А які пранізьлівы вецер! - Даўней вёсны былі цяплейшымі. - Зьмяняецца клімат. - Распранайцеся, калі ласка. Будзем піць гарбату з ромам. - Каханыя вы мае ўсе...

Цешча была хітрай, але й спагадлівай кабетай (дачка, усё-ж, удалася ў бацьку). Яна не пахваляла зяця. Аднак-жа, калі й спрабоўвала навязаць яму сваё, дык праводзіла гэта без сьвятой упэўненасьці, якую наглядалася якраз у Кіры, яшчэ замаладой на тое, каб што-кольвек прадумаць дарэшты. З ваганьнем. Было-б, аднак, памылкай дапускаць, што старая ня мела сваіх меркаваньняў. Хутчэй за ўсё, яна не імкнулася да іх, існавала трохі па-расьліннаму. Ніколі цешча - як памятае Сьцяпан - не папракаля цесьця ў яго вяртаньнях поначы, не дапытвала яго, дзе быў і што рабіў, не ачарняла бабскімі падазрэньнамі, абвінавачаньнямі: «Мела я лепшага ад цябе, але, дурная, не пайшла за яго й таму цяпер пакутую!» У начной кашулі, стоячы, старая тлумачыла яму, якое ежыва і ў чым яно (капуста - у сінім гаршку; бульба - у гаршчэчку, вынесеным для прахалоды ў сенцы; кампот - у рондліку).

Цесьць аднойчы, даволі п'яны, учыніў ёй дзікую авантуру; няголасна й настойліва. Насіў ён тое ў сабе, відаць, здаўна. «Чаго ты плюскаеш на мяне вачыма, бы сына нарадзіўшы? Пакажы мне, дзе ён? Ня маеш яго, ага. А я гаварыў табе: трэба нам хлопца! Дачка добрая ўпрыдатак, як ніштаватае курвяня, але яна - што нам дасьць? Пабяжыць у сьвет, задраўшы хвост! Але ты - не й не, няхай падрасьце дачушка, зь пялёнак выйдзе, тады й разыкнем мы... Потым ты - спрытна! - давай хварэць. О як-жа любіш ты нажываць сабе хваробы!.. Ну, згода, ты не магла: ні то высокі крывяны ціск паявіўся ў цябе, ні то ныркі пачалі рэзаць цябе, ні то сэрца табе паслабела... Усё перашкоды былі й перашкоды: як не дрыстачка, дык балячка! Жывот табе разросься, як торба, як гарбуз; хадзіла, бы блудная авечка: то ў плот, то ў вароты... А так, папраўдзе, дык не хацелася табе зноў паднатужыцца. Баялася ты болю, скажу, во, табе ў вочы! Вядомая справа: дзяцей радзіць - ня грошы лічыць. Ды й гадочкі не аглядаліся на тое, калі гэта вяльможная пані мая надумаецца другое дзіця мець: пабеглі, паімчалі яны, і століькі па іх засталося, што пылу на дарозе. Ну, скажы, і як гэта з намі будзе далей? Цяпер ужо нічога не павернеш назад... Ня верыла ты, што ў нас быў-бы сын. А быў-бы ён! У майго бацькі дочкі сыпаліся, але, дзякаваць Богу, і сыны таксама. І ў дзеда... Ты, аднак-жа, не была-б сабою, калі-б не зашанавалася, каб, крый Божа ад нячыстай сілы, не ахваціцца, не пабрыдчэць, ня выклікаць радасьці ў суседак сваёй распоўзлай фігурай і ня страціць чароўнага позірку на сябе ў мужчынаў. А з сынам - не бяда, купім... Гатовага, не? Абы толькі дочанька не знаравілася на публічную дзеўку...»

Ён не сьціхаў.

Яна выслухала ягоныя жалі. Цесьць стаміўся гэтым, лёг і нечувана захроп.

Яе паводзіны дасьведчанай жанчыны Сьцяпан дацаніў нядаўна. З бліжэй не названымі заўвагамі. «Ці яе Кіра здольная кахаць мяне, наогул мужчыну? Страх мець зь ёю дзіця! - неспакоіўся Сьцяпан. - Выйшла яна за мяне, магчыма, зь дзяўчынскай патрэбы жыць пры кімсьці... Гэта не вельмі й рэдкі стымул быць замужняй; па грамадзкай інэртнасьці. Ёсьць у жанчыны этапы захапленьня мужчынам. Цалкам іншымі запатрабаваньнямі выкліканае яно ў маладосьці, у пэрыяд непаўнацэннасьці, жаданьня стацца самастойнай. Сьпелы-ж узрост высоўвае на першы план матэрыяльную значнасьць прэтэндэнта на мужа, ініцыяваньне ім дабрабыту, што эмацыянальны бок жыцьця зводзіць да аздобы. Шлюбныя здрады маюць адпачынкавы характар. Жонка, якая перайшла жыць да каханка, не зьяўляецца курвай». Сьцяпан не лічыў за лепшае забывацца на непазьбежны допыт у міліцыі. Прымушала яго да гэтага заганная асаблівасьць ягонага характару, няўмельства перастраўляць ім, перамешваць, галоўнае з надзённым, дачасным. (Калі верыць пагалоскам, дык старшыня, як правіла, выпрацоўваў сабе варыянты рэагаваньня, не дапускаў ён да самацёку - жартавалі ў каапэратыве - нават у гутарцы з прыбіральніцай; зласьліўцы дадавалі да таго, што й крывіўся ён на нарадах таксама згодна з дакладным сцэнарыем.)

 

23

 

У камісарыяце сяржант прывітаў Сумленевіча з рухавай заклапочанасьцю.

- Сядайце, калі ласка. Я зараз, - і ён пазваніў кудысьці. - Гэта я. Няхай зойдзе ён да мяне заўтра а адзінаццатай. Так. - Тады зьвярнуўся да Сьцяпана: - Пакажэце, калі ласка, свой пашпарт.

Сумленевіч падаў яму дакумант.

Міліцыянт дастаў з бакавой шуфляды пісьмовага стала прасторны фармуляр і прыняўся запаўняць яго.

Папярэдзіў ён Сьцяпана аб судовай адказнасьці за несапраўдныя паказаньні падчас допыту.

- У тым, што я вам скажу, можаце не сумнявацца, - адказаў яму на тое Сьцяпан.

Сяржант штосьці дапісаў у фармуляры й загаварыў:

- Усё, што вы скажаце тут, можа быць скарыстанае супроць вас.

- Я не баюся таго.

Сяржант не зрэагаваў на гэта.

- Дзякую, - пашпарт аддаваў ён Сьцяпану двума пальцамі, па-курэцку. - Супроць вас ёсць падазрэньне, грамадзянін Сумленевіч, што вы падпалілі легкавую машыну старшыні... - сяржант вымавіў поўную назву каапэратыву, марку машыны, яе рэгістрацыйны нумар, дзень і гадзіну здарэньня. - Што вы, грамадзянін, хочаце сказаць у сувязі з тым? Калі ласка, - даўгапіс трымаў ён напагатове.

- Я вас, пане сяржант, не разумею. Пра якое гэта падазрэньне ў дачыненьні да мяне вы гаворыце? Я-ж сам, як памятаеце, прыйшоў да вас і ўсё расказаў вам, прасіў...

- Так, - перабіў яго міліцыянт. - Атрымана намі скарга на вас, - вытлумачыў ён. - Калі ласка, адказвайце на пастаўленае вам пытаньне.

- Зрэшты, мне ўсё роўна. Добра, - Сьцяпан выняў з кішэні пачак папяросаў. - Дазвольце закурыць...

- Курэце.

- Дзякую, - і запрапанаваў міліцыянту папяросу: - Курыце?

- Дзякую вам. Я прызвычаіўся да «спортаў», - ён пашукаў запалкаў.

Закурылі.

- Было гэта так... - Сумленевіч апавядаў сяржанту здарэньне з падрабязнасьцямі. - Я ведаў, што дапускаюся глупства, але мус было нешта счаўпсьці звалаце, сукінсыну!..

- Грамадзянін Сумленевіч! Вы забываецеся! Нікога нельга беспадстаўна абражаць. Разумееце?

- Вы бароніце старшыню?

- Калі хочаце ведаць - я шаную вас. У супраціўным выпадку ў мяне была-б іншая гаворка з вамі.

Сяржант прагледзеў запісанае ў пратаколе.

- Пагаворым мы пра матывы?

- Пагаворым. Калі ласка, грамадзянін Сумленевіч.

- Дзякую вам, пане сяржант. Агульна кажучы, старшыня зьяўляецца прыкладным узорам гангстэрскага спосабу кіраваньня ўстановай. Падбірае ён сабе супрацоўнікаў бязвольных, але таленавітых, сьлепа адданых яму. Наравістых старшыня або запалохвае, або ўсяляк захаборвае, або, звычайна, пры нагодзе выкідае іх з працы. Не ганьбуе ён і даносчыкамі, ясная справа, ды правакатарамі...

- Канкрэтней, грамадзянін.

- Гавару я, хіба, няясна?

- Вы, дарагі пане, задумалі чытаць мне тут даклад? - зьнецярплівіўся міліцыянт. - Я пытаю вас, здаецца, выразна: якія ёсьць прычыны гэтага вашага ўчынку? Ну, чаму вы падпалілі машыну?..

- Менавіта, таму!

- Дакладней?

- Ці вас, пане сяржант, задаволіць тое, калі я скажу вам, што гэты падпал зьявіўся маім актам пратэсту супроць становішча, створанага ў каапэратыве старшынёй?

- Вы, грамадзянін, зноў сваё! - ён закурыў наступную папяросу. - Высокае слова - пратэст. Дзеля яго існуюць прыстойныя магчымасьці дзеяньня, напрыклад, пэрыядычныя нарады, сходы прафсаюзнай арганізацыі, камісіі і гэтак далей. Нязгода з чымсьці зусім не абазначае, выбачайце мне за слова, хуліганства!

- Паўтараю: я не знайшоў іншага спосабу на тое, каб зьвярнуць увагу грамадзкай думкі - на пачынаньні старшыні!

- Перастаньце вы дурыць мне галаву вялікай палітыкай у паспалітым злачынстве! Пакіньце выкручвацца, захавайце вы годнасьць, пане Сумленевіч. Час, каб мы ўжо разумелі адзін аднаго.

- Во-во, сьвятыя словы!

- Ну!

- Мы ўсё сабе сказалі.

Сяржант пабялеў ад гневу.

- Вы адмаўляецеся даць паказаньні?

- Наадварот: я дамагаўся даць іх вам, - Сьцяпан выцер лоб. - Ці я пярэчу ў тым, што мой падпал легкавой машыны, прыватнай уласнасьці, фактычна зьяўляецца ліхадзействам?

- Што вас, грамадзянін, штурхнула на такі крок?

Сумленевіч расьсьмяяўся.

- Мая жонка здрадзіла мне зь ім, старшынёй. Мала таго - я пазайздросьціў яму дарагога набытку ў выглядзе прыгожай легкавой машыны.

Сяржант ажыўлена запісваў...

- Мне нельга ратаваць сябе, - дадаў Сьцяпан, усур'ёз.

- Любоўная зайздрасьць, як прычына злачынства, часткова абязьвініць вас, пане Сумленевіч, - заявіў яму сяржант і ўвесь палагаднеў. - Беспатрэбна абдурвалі вы мяне. Я ня ваш вораг. За столькі гадоў работы, ня хвалячыся, адчуваю я скураю, хто сядзіць перада мною. Ведаеце, гэта вопыт. У нашай прафэсіі інтуіцыя адыгрывае надзвычайную ролю. Я не хацеў з вамі бавіцца ў падыходы, пытаў адкрыта, як шчыры шчырага.

«Адыходжу я, як дзень. Будзь ты добры людзям. Усе яны - бедныя», - паўголасам прамовіў Сьцяпан.

- Што?

- Дробязь, пане сяржант. Гэта словы маці... жаночыя.

- Ага...

- Вы, пане сяржант, залішне наракаеце на мяне. Давайце, падпішу вам пратакол.

- Нельга нікога прымушаць выявіць сваю віну шляхам самаабвінавачаньня. Яе трэба, звычайна, даказаць, - павучаў ён Сьцяпана. - Гэта прынцып, дзякуючы якому магчыма аб'ектыўна сьцьвярджаць факты.

- Не было маім намерам затойваць віну.

- А вы, скажэце, не падумалі аб тым, што, зьнішчаючы сябе, зьнішчаеце й справу, у імя якой, калі верыць вам, інсцэнізавалі гэтае відовішча? Акампраметоўваецеся, пане Сумленевіч, - ён давяраў Сьцяпану ў вадным: - Калі магу вам раіць, дык тое, каб вы паклапаціліся прадставіць доказы жончынай здрады. Мы, як міліцыя, гэтым не займаемся - замнога было-б работы... Ну, падпісвайце вы сваю аферу, - сяржант падсунуў Сьцяпану пратакол, складзены дбайным почыркам. - Ах, пане Сумленевіч, пане Сумленевіч...

Сьцяпан дакладна ўчытваўся ў кожны радок пратаколу.

- Дасьце мне копію яго?

- Вы ня ведаеце, што ў нас не бывае копій?

- Будзеце дапытваць сьведкаў?

- Адкажу вам: будзем. Што яшчэ вы хочаце ведаць ад мяне?

- Ці магу я сустрэцца з капітанам?

- Дзеля чаго вам гэта патрэбна?

- Дзеля дадатковых паказаньняў...

- Можаце зрабіць гэта ў мяне. Слухаю вас.

- Я, таксама, і па іншай справе хачу пабачыцца з капітанам.

- Па якой?

- Даўняй, пане сяржант. Вас я буду хваліць...

- Самі зьвяжэцеся вы з капітанам. Па тэлефоне, - ён прадыктаваў Сьцяпану нумар. - Дамовіцеся, пагаворыце... Да пабачэньня, пане Сумленевіч.

- Яшчэ выклічаце мяне?

- Калі спатрэбіцца...

- Да пабачэньня.

Клямка вылазіла зь дзьвярэй,і Сьцяпан павярнуўся да сяржанта, каб сказаць яму пра гэта. Але ён, ужо грабучыся ў папках, не глядзеў на Сьцяпана й, відаць, думаў пра штосьці чарговае (у яго пачыналася лысіна, ад патыліцы). Адтапыраныя вушы прасьвечвала яму сонца, быццам натлушчаную паперу. Камарынай хмурынкай віраваў пыл, ад сярэдзіны пакоя ў куты, за жалезную шафу й недагледжаны фікус, пакірачаны, як змарожанае дрэва.

У няветраным калідоры сьмярдзела мышамі.

У дзяжурнага камэндатуры даведаўся Сьцяпан, што капітан зьявіцца каля першай гадзіны.

- Вас выклікалі?

- Не.

Сьцяпан выйшаў на вуліцу (набліжалася дванаццатая). «Пабуду на сьвежым паветры, - пастанавіў ён, кіруючыся ў сквэрык. - Падрыхтуюся да размовы. Абавязкова! Мне нельга давярацца яснасьці думкі... Даволі іншага разуменьня яе, каб - заблудзіць, трапіць у блытаніну. Значыць, - Сьцяпану пацела над левым вухам, - перш за ўсё я давяду яму да ведама...»

Капітан затрымаўся ў горадзе.

Сьцяпан, апынуўшыся ў сквэрыку, сам зьдзівіўся тым, чаму гэта толькі цяпер скеміў ён, што яму няма з чым ісьці да капітана?! «Вызваліўся я ад лёгікі сну? Прачнуўся - са стану перавагі жаданьня над разважлівасьцю?..»

На клюмбах цьвілі кветкі. Іх матыльковыя колеры казачна адрозьніваліся на фоне густой зелені аздобнага тут кустоўя. Гэтую выспу жывой прыгажосьці прыкра расьцінала асфальтаваная сьцежка, на якой сохлі растаптаныя чарвякі, быццам дробненькае сухападзьдзе. Сьцяпан сеў на кульгавую лаву паркавага фасону, у цяньку. Адсюль убачыў ён, як да ўваходу ў будынак камэндатуры сьпяшаўся капітан, з сумкай, бы забіты работай бухгальтар. «І я хацеў да яго йсьці, займаць яму час гутаркай пра старшыню, які, з сыфілісам, увосень ляжаў у шпіталі? - думаў Сьцяпан. - Тлумачыць: дапусьціўся я крымінальнага ўчынку - знарочна, дзеля магчымасьці аскандаліць праныру, якому ўсялякае ўдаецца, бадай, таму, што ягоная дзейнасьць адпавядае калектыву, бо ўсяго жменька, толькі жменька, працаўнікоў каапэратыву заўважае ў паводзінах старшыні цванага госьця. Ды, хіба, кіраўнік установы павінен быць даверлівай разяваю? Якім правам наважваюся я павучаць іншых? Таму, што яны паддаюцца ашуканскаму аўтарытэту? Леваму! - уявіўся яму самаздаволены старшыня. - Капітан папрасіў-бы ў мяне прабачэньня за тое, што няма ў яго свабаднейшай хвіліны, каб выслухаць... Гэта было-б далікатнай адмовай, просьбай ня ўцягваць яго ў блазноту - Сьцяпан вышукоўваў вострае ў свой адрас, каб вывесьці рацыі ў сваю абарону; схіляўся ён да таго, што суд адбудзецца, усё-такі, над ім. - Я не лічу важным тое, што будуць гаварыць пра мяне. Людзі, так ці інакш, стануць задумоўвацца, смакаваць мае матывацыі, браць на зуб аргуманты, сумнявацца. Сутнасьць роздумаў - у сумненьнях? - Ён устаў і прайшоўся. - У маім характары адсутнічаюць правадырскія рысы. Відавочнае тое ад дзяцінства. Я не спрабоўваю кімсьці кіраваць, у мяне няма інстынкту панаваньня, гвалтоўнай барацьбы з асяродзьдзем за свой пункт гледжаньня. Гэта ў мяне ад бацькоў, ад маці, ад яе сялянскай звычкі падпарадкоўвацца камусьці, пагаджацца. Ах, зь якой асалодай перажываў-бы я, няхай сабе й грубіянскую, задаволенасьць мною шэфа! Знаходзіўся-б я ў пастаяннай гатоўлівасьці для кажнюткага яго загаду, калі-б мог мець тую ўпэўненасьць, што зьвязаўся з сумленным чалавекам. З гэткім, які не пасаромеўся-б сьлёзаў, каб аплакаць імі свае памылкі. Не была-б мне страшнай з такім чалавекам нават подласьць; хапала-б высакароднасьці яго мэты. Хто ведае, ці не пакінуў-бы я Кіру дзеля вышэйшай рацыі, хоць і не маёй... Я - страшэнны! Я - народжаны янычар, казённая адзінка. Мой бунт супроць кіраўніцтва зьяўляецца вынікам таго, што яно адкінула, жаданыя мною яму, паслугі? Нясьпелы я? Не дарос да сытуацыі? Эт, прыстасоўваюся да вымогаў суду... - Сьцяпан сеў на кукішкі перад кустом зь бела-ружовым квецьцем і зь дзіцячай сур'ёзнасьцю вывучаў формы пялёстак. - Высокі суд! Я ведаю й разумею тое, што дапусьціўся дрэннага ўчынку, прычыніў шкоду прыватнай уласнасьці грамадзяніна старшыні. Сам я прызнаўся ў тым перш, чымсьці пакрыўджаны пасьпеў скласьці скаргу супроць мяне. Чаму я так зрабіў? У чым сутнасьць таго, што зусім сьвядома вырашыў я стаць перад судом? - Сьцяпан дайшоў да канца сьцежкі, да берагу вуліцы, па якой імчалі машыны. - Адкажу я на тое коратка: мой абвінаваўца мае на сваім сумленьні столькі благога, што маё пачуцьцё справядлівасьці патрабавала ад мяне хоць невялікай адпомсты яму. Не, не па асабістых меркаваньнях; іх у мяне не было. Дзейнічаў я як абражаны член грамадзкасьці, якую ганебна ўводзяць у зман і ад імя якой праводзіцца глум над ёю-ж! Старшыня - давераны яму - каапэратыў пераўтварае ў спадчынны фальварак! Грамадзкую маёмасьць мае ён за нішто. Купленыя каапэратывам - за мяжой - машыны бескарысна іржавеюць у Бацікаўскай базе або, у лепшым выпадку, бяруць іх сабе розныя безадказныя асобы, бы армейскае дабро, пакінутае адступаючым бокам у нечуванай вайне; зладзеі раскрадаюць наш цымант, цэглу, абагравальнікі, электрычную інсталяцыю. Вывозяць яны тое масава, грузавікамі і ўдзень! Камбінатарства сталася ў нас маральнай нормай. Душыць мяне неспакой. Магчыма, галаслоўны я й забаўны маньяк? Сяржант пазяхаў, слухаючы маё паказаньне... Дзесьці, мабыць, знаходзіцца цалкам відавочная памылка ў маёй задуме, можа, ня столькі памылка, колькі, звычайна, ідыятызм, варты ўсяго пашаны, бясьпечны асяродзьдзю сваёй просталінейнасьцю. Гм, трэба мне мець на ўвазе тактыку, абарону. Кіру ўмешваць у гэтую справу ніяк нельга. Да чаго дайшло!.. Падпал мною легкавой машыны як дзеяньне ў стане афэкту, несумненна, паменшыла-б маю кару й, адначасова, не перакрэсьліла-б значэньня сказанага - наконт старшыні - падчас судовага разбору. Не перакрэсьліла-б? Гэта-ж, усё-такі, былі-б апраўданьні абвінавачанага! Суд успрыняў-бы іх як праяву круцельства? Не пашкодзіць памятаць мне пра гэта. Самым надзейным варыянтам маіх судовых паказанняў застанецца, гм, аспэкт афэктацыі? Ну, але якія падставы для таго? Старшыня намаўляў мяне шпіёніць! Не, гэта ня тое... Што ты ні даказвай, усё акажацца ня тым. Забіўся я, халера, у сабачы кут! - Сьцяпан ступіў на тратуар. - Хоць бяры ты й прасі паратунку ў цесьця. - Ён, незнарок, сутыкнуўся з хлопцам, доўгавалосым; узаемна пакланіліся яны сабе ў знак прабачэньня. - Студэнт, які краў на навуку... Чуў я пра такога. Схапіў ён тры з паловай тысячы. Шчасьлівы, ён забыўся запрасіць у рэстаран на чарку кагосьці, каму павінен быў быць удзячным за грошы. Выпала яму з памяці? Потым угаворваў ён сябе, што лішне клапаціўся: той, можа, ня піў гарэлкі або не пажадаў-бы зьявіцца зь ім у публічным месцы? Няпраўда! Студэнт пашкадаваў выдаткаў, міжвольна пашкадаваў, безнамерана. Так, усё-ж апамятаўся й паслаў таму дабрадзею ліст зь перапросінамі, які й загубіў іх абодвух. Хтосьці прачытаў яго, данёс куды трэба, нашумеў. Студэнт пракраўся. Чаму якраз студэнт? Чаму, скажам, ня лекар або ўраднік? Паверыў я ў апавяданьне пра студэнта, як прадчуваньню памылкі? Як намёку на яе. У чым?..» - на выгляд несур'ёзная дылема хвалявала Сьцяпана.

 

24

 

Сьцяпан ня здолеў вырашыць той дылемы і ў нечаканую каманьдзіроўку ў Варшаву, куды яго папрасілі ў сувязі зь візытам інспэктара ў каапэратыве. Не давала яна супакаеньня яму, быццам трэшчына ў сьцяне. Здавалася Сьцяпану, што бачыць ён таго забывайку ў купэ вагона; нічога, што ніколі не сустракаліся яны з сабою й нават ня ведаў ён, ці гэта быў беластачанін. (Ехаў Сьцяпан у Варшаву з маладым барадатым незнаёмым, да якога ў Лапах падселася дзяўчына зь неўгамоннай весялосьцю.) Праўдападобна - здагадваўся ён наконт таго студэнта - прасьцяцкая камбінацыя маладзіка разгортвалася наступным чынам: было іх трох - студэнт, шэф і падначалены яму, - Сьцяпан круціў гузік на пінжаку. - Студэнт праводзіў сваю зьдзелку, менавіта, цераз падначаленага, які не любіў свайго начальніка, і то досыць адкрыта. Як было яму частаваць іх? Разам - разыкоўна для яго суадносін зь імі. Паасобна - навяло-б на яго падазрэньні аб хітраваньні з адным супроць другога...

У Варшаве запыталі ў Сумленевіча пра штосьці, што лічыў ён даўно высьветленым.

Пачуў ён:

- Скажэце, калі ласка, як гэта магло здарыцца, што пабудавалі цэлы вялізны дом, не карыстаючыся пры гэтым ніводнай афіцыйнай паперкаю? Якой вы думкі?..

Сьцяпан прыпацеў:

- Мне цяжка сказаць, ведаеце... Дом прыймала камісія...

- Мы запрасілі вас, пане Сумленевіч, дзеля, так сказаць, кансультацыі. Вы, працуючы на месцы, арыентуецеся...

- Няма, хіба, дакумантаў?

- У тым і бяда, паважаны калега, што наяўныя дакуманты ў поўным парадку!

- Прабачце мне, але, калі я вас добра пачуў, якраз адсутнічае дакумэнтацыя будынку, пра які йдзе наша гаворка.

- Так. У гэтым і ўся кур'ёзнасьць справы. Падобна на тое, што хтосьці зрабіў будаўнічы падарунак дзяржаве й, па фальшывай скромнасьці, саромеецца выявіць сваё прозьвішча, каб узнагародзілі яго па заслугах, - усьміхнуўся міністэрскі субяседнік з чорцікамі ўваччу. - Камплект дакумэнтацыі гарадзкога кварталу, узьведзенага фірмай, аформлены ўзорна, можна сказаць, прыкладна, хоць ты выкладвай яе ў музэі добрай работы, які, мабыць, будзе створаны...

- Што-ж: сябры будаўнікі, відаць, ня згледзелі таго, што могуць спакойна ўзяць сабе матэрыялы на адзін будынак. Зазяваліся яны, чаго, праўдападобна, і шкадуюць зараз, - сказаў субяседніку Сьцяпан. І дадаў ужо безь іроніі: - Ці не прасьцей было-б вам пасадзіць на маім месцы старшыню й задаць яму гэтае пытаньне?

- Гэта ня так проста, пане Сумленевіч. Старшыня выконвае ўсяго агульны дагляд...

- Не настолькі агульны, каб не прыкмеціць новага аб'екту, - перабіў яго Сьцяпан, са злосьцю. - Я, на жаль, ня ў стане сказаць вам што-небудзь канкрэтнае. Не таму, што не хачу. Не. Справы, зьвязаныя з будаўніцтвам, не знаходзяцца ў маіх службовых абавязках.

- Ведаем тое. Аднак-жа...

- У нічым я не змагу вам дапамагчы.

- У мяне склалася такое ўражаньне, што мы не зусім разумеем адзін аднаго, пане Сумленевіч.

- Магчыма.

- Наша размова мае паўафіцыйны характар. Нам залежыць на...

- Дзіўна, - зноў ня даў яму закончыць Сьцяпан. - Падначаленаму даволі ўвайсьці ў канфлікт з шэфам, як тут-жа пачынаюцца ў дачыненьні да яго ціхія прапановы, ад якіх ажно сьцішнавата на душы. Я сапраўды непрыдатны вам. Ну, праўда, яшчэ й сёньня часам рагочуць у каапэратыве з таго, як гэта Ваньку, што падседзеў майстру чаравікі, пасадзілі ў турму, а за тую будыніну нікому й валаска з лысіны не зьнялі - калі вас такая інфармацыя задавальняе, дык...

- Дзякую вам. Камандзіроўку падаб'юць вам, пане Сумленевіч, у сакратарыяце. Да пабачэньня й шчаслівай вам дарогі. Ага, прашу вас нікому не перагаворваць зьместу нашай размовы.

- Ясна. Да пабачэньня.

Сьцяпан пасьпеў на хуткі цягнік, што ад'яжджае пасьля чацьвертай з Цэнтральнага.

Успацеў ён да апошняй ніткі, пакуль выхадзіў сабе месца ў перапоўненых вагонах. У тамбуры - мужчыны, што вярталіся дамоў пасьля дэмабілізацыі, п'яна сьпявалі дурныя песьні й выкрыквалі грубіянствы на чараду дзяўчынак з турысцкімі заплечнікамі, пужлівых. Нейкая жанчына абурылася на гэта; стаяла яна за Сьцяпанам. Гарласты й з расшпіленай кашуляй вырачыўся на яе, прасіпеў жахлівае й, расьпіхваючы пасажыраў, стаў праціскацца да кабеціны, якой зычлівыя шапталі: «Уцякайце, цётка!»

Сумленевічу тузала ў кульшы. Быццам нічога не здарылася, ён пасьвістваў сабе балаганную мэлёдыю. Неўзабаве дыхнула на яго гарам, перамешаным са смуродам нячышчаных зубоў, і мускулістая далонь ухапілася яму за задніцу, каб адкінуць на сьценку. Для пераходу.

- Хто гэта мяне мацае? - запытаў Сьцяпан у расчырванелай морды. - Я дрэнна пераношу пэдэрастыку.

- Зыйдзі мне з вачэй, лахман! - той кальнуў зрокам ашалелага быка.

Сьцяпан урэзаў яму кулаком у падбародзьдзе. Бамбіза, раскінуўшы рукі, валіўся плячыма назад. Узьняўся віск і блізка заплакала дзіця; ён аглянуўся туды.

Той падаў, хапаючыся за што папала. Сьцяпан паправіў свой удар, наводліў б'ючы яго па носе, зь якога пырснула юшкаю. Імгненна стукнуў ён яшчэ яму чаравікам між ног і, нягледзячы на жывёльны яго рык, паўтарыў гэта з усяе сілы! Затым, выцягнуўшы з чыёйсьці падарожнай сумкі вучнёўскую лінейку даўжынёю з паўмэтра, Сьцяпан кінуўся зь ёю на банду, амаль адсякаючы прыладаю вуха першаму з буяноў, які сеў, заваліўшы сабою дарогу. «Мілі-іцы-ы-ы-ыя-я-ааа!!!» - недзе енчыў галасіска. Сьцяпан, бы на дрыгвяніку, топчучы па сплеценых нагах адурэлага натоўпу, прагнаў двух, што адвалакалі пакалечанага. Баявейшаму зь іх дасталася ад яго ў дыхавіну, ад чаго той разявіўся й, усё роўна што плаўлены прут, хіліўся папалам... Уцалеў найменшы - лабасты, каротканогі й сутаргава неспакойны; ён уцякаў. Сьцяпан, неспадзявана цэльна, аглушыў яго сінім гаршком, які валяўся на падлозе, і раптоўна адчуў сваю стомленасьць усім. Гудзела сумятня й лямант: «Рату-у-унку-у-ууу!.. Мі-ілі-і-іцы-ыя-ааа!!!»

Сьцяпан расчыніў дзьверы й асьцярожліва зыйшоў на прыступкі, пад якімі імчала зямля, пасечаная шпаламі.

Набліжалася станцыя. Яшчэ досыць далёка беляхцеў цагляны будынак і паламанымі запалкамі стырчэлі сэмафоры. Сьцяпан ведаў ад старых, што перажылі нямецкія вывазкі на работы: у такіх выпадках трэба скакаць зь бегам цягніка й добра перабіраць нагамі, каб страціць імпэт, ня бразнуцца вобземлю. Але гэтае яму не ўдалося; перашкодзіў чамаданік, які трэба было загадзьдзя выкінуць у вадхон.

Упаў ён, ажно яму ў галаве пацямнела. (Чамаданік адляцеў у поле, у канюшыну.) Балела Сьцяпану ў калене, там, дзе пашыралася дзіра ў нагавіцах. Пакульгваючы, пайшоў ён мяжою ў кірунку купы дрэваў. Збоч ад іх, рассыпаўшыся ланцугом, ішлі праз збожжа прыгорбленыя постаці. «Аблава?!» Тыя чагосьці шукалі не адгінаючыся, і ён зразумеў, што яны выполваюць асот. Не жадаючы быць заўважаным імі, перабраўся Сьцяпан на другі бок чыгункі (цягнік на станцыі, было гэта відаць адсюль, усё стаяў).

Прымасьціўся Сьцяпан пад кустом, над мэліярацыйным ровам, у якім беднай ручаінай цякла чысьцюсенькая вада; ён пакаштаваў яе: патыхала яна балотам. «Ня мела баба клопату, дык купіла сабе парася, - асядала разьюшанасьць у ім. - Неверагоднае, як гэта я адлупцаваў столькі чалавек?! Былі ўсе яны салідна запраўленыя гарэлкаю, аднак моцна дапамог мне ў гэтым вузкі калідор... Чорт шапнуў мне зачапіць шайку! Палез я на дурманаў з-за халернай абыякаўшчыны тлуму, ягонай баязьлівасьці. Ня зьдзівіць мяне, калі на станцыі, акажацца, гуртам шкадуюць там тых лайдакоў ды спачуваюць ім бабы й дзяўчаты, мужчыніскі і ўкормленыя дзецюкі, цэлая збродзіна паказных заступнікаў. - Сьцяпан распрануўся да бялізны й, намачыўшы насоўку, чысьціў плямы на касьцюме. - Хэ, ну й каўбой я! Адкуль і зьявілася ў мяне гэткая разбойніцкая справядлівасьць... Добрасумленна кусаю я, бо заўсёды ёсьць што праганяць, - на крысе яго пінжака ірдзела лапіна алейнага бруду. - Ужываньне насільля зьяўляецца пытаньнем грамадзкай мэтазгоднасьці? Калі так, дык я разграшаю сябе: прадэманстраваў шматлікім асобам, што можна ня толькі ўціхамірыць хуліганаў, але й накласьці ім. Гэ-гэ, пры ўмове, што публіка не ўспрыняла мяне як дзівосу: жарты - гэтулькіх пабіў. Трапіла каса на камень! Жаль, што я ня выкрыкнуў: «За крыўду дзяўчатаў і бабулі, ура, у атаку!» Цяпер, пэўна, кажуць людзі між сабою: гэткага бандыта мы яшчэ ня бачылі, ай-яй-яй... Не дай Бог, паночку, сустрэць яго на дарозе сярод лесу - цябе заб'е, а жонку тваю да паўсьмерці змучыць ды й напаскудзіць ёй на жывот, адзеньне яе падзёртае на яліну закіне, каб ня мела ў чым на людзкія вочы паказацца і ўзьняць шум. Так забаўляліся, пане, марадзёры, што рабавалі за фронтам. - З лужка выехала фурманка, гружаная блішчастымі мяшкамі мінэральных угнаеньняў; селянін крочыў побач яе, паганяючы ляйчынаю каня. - Як мне схавацца за малым гольлем? - Сьцяпан прыкінуўся загараючым на сонцы турыстам, што змарыўся вандраваньнем. Адбылося іначай: хлебароб уехаў у нябачную палявую дарожку й зьнік за ўзгоркам. - Сьвішчу я, во, асталопень, у чужым палетку. Плакаць няма як і дамоў блізкі сьвет...»

Сумленевіч пачакаў чарговага цягніка ў прыстойнай адлегласьці ад глухога пэрону; у адвячорак. Яму надалей не зусім верылася ў тое, што, вось, ён лічыцца ўжо злачынцам, кімсьці, каго вышукоўваюць ды ловяць, адзінкай, якая марыць аб зьмене твару й жыцьцяпісу, аб нерэальным; якая не баіцца паўтарыць дзяцінства й маладосьць, забыўшыся на перавагі даросласьці, яе паўнату. Сьцяпан таіўся за крушняй каменьняў ля дзікай грушы, ня могучы дазволіць сабе разьмясьціцца на забытай лаўцы за станцыйнай агароджаю, зьнявечанай. Сачыў ён за вокнамі; узбрылося яму, што адтуль праглядаюць ваколіцу пільныя міліцыянты.

Даймаў яму холад. Хацелася есьці; ветрык прыносіў ад хатаў за ліпамі пахі вячэры й сырадою. Па-немаўляцку дакучліва бляялі там авечкі. З-за паўразваленага плоту сядзібы ў садзе выбег хлопчык, запіхаючы сабе за пазуху, няйначай, яблыкі. Ён хутка падняў з лапухоў трантаваты ровар і пафінішаваў на ім да дрымотных загуменьняў. У калюжыне запушчанай сажалкі дзерлася жаба. Дым з комінаў усьцілаў далінку, згушчваючы туманец.

Смутак пакінутага дзіцяці праявіў у Сьцяпанавай памяці сварку маці на яго, калі, абражаны яе поўхаю, адбягаўся ён за весьнічкі, на вуліцу, дзе пакутліва ўслухоўваўся, ці яна ня кліча яго вячэраць. Прыкідваўся тады, што гуляе: ражном рысаваў ля плоту рыбу, тлустага акуня. Працягвалася гэтак да зьмярканьня. Сябрукі, асабліва рыжы Віцька, зайздросьцілі Сьцяпану таго, што не дастанецца яму ад бацькі. («А мой татка як ляснуў мяне, во, тут, дык я аж скруціўся на месцы», - паведамляў рыжы.)

На пэроне зьявіўся дзяжурны руху. За ім калываліся пасажыры (гусяняты за квактухаю).

Фары паравоза, бы фантастычная пагоня, падкрадаліся зь цемрадзі, адкуль прыйшоў Сьцяпан.

У Беласток цягнік прыбыў глыбокай ноччу; звыш гадзіны прастаяў ён на разьезьдзе, сярод зарасьнікоў, у якіх пяяў салавейка.

Сьцяпан, змораны дарогаю, нахабна спыніў на прывакзальнай вуліцы таксі і ўпрасіўся на другога. Яму не ўдалося-б такое, калі-б п'яны тып, што вяртаўся ім з пагулянкі, не пазнаў яго, дзякуючы ўладжанай справе, зь якою ён прыходзіў да Сумленевіча. «Я ведаю, што вы, пане, не пазнаеце мяне, і нічуць не крыўдую на вас за гэта, - плёў ён Сьцяпану. - Усіх, хто прыходзіць да вас, запамятаць вам, вядома, немагчыма. Я гэта разумею. Вы, пане, добры чалавек,і таму, як убачыў я вас на вуліцы, адразу крыкнуў: «Стань!» Не, кіраўнік?!» - зьвярнуўся ён да таксіста, які не адказаў яму.

Дома ніхто ня ўстаў на прыезд Сьцяпана.

Кіра спала. Цесьць, начны госьць, нездаволена бурчэў за сьцяною. Сьцяпан папоцемку распрануўся. Ён падумаў, што было-б лепш заначаваць яму ў знаёмага. Хаця-б і ў таго члена камісіі.

Балела Сьцяпану калена.

Кіра беспрытомна вымавіла незразумелае слова. Сьцяпан пачуў, што яна храпе, неглыбока. Каб заснуць, ён успамінаў нуднае. З вуліцы далятала бзычаньне запозьненай машыны й скакала па бібліятэчнай шафе ў пакоі лапінка сьвятла ад электрычнай лямпачкі на слупе, што насупроць акна. «Яны, у цэнтры, прызвычаеныя да падатлівасьці людзей, якіх выклікаюць да сябе. Ня лічацца зь імі? Звычайна, ня лічацца, і ўсё! Шукаюць яны кія на старшыню? Няхай. Я ня буду чаранком іх палкі! Дачуліся там пра мае разлады й, бачыш, надумаліся пакарыстацца мною, пакуль хаджу я па волі... Гідасьць!»

Дагэтуль дасьведчанае Сьцяпанам уяўлялася яму благім сном, які, некалі не без зацікаўленьня, выслухаюць у кампаніі. Таварыскасьць урадоўца наглядаецца ў настроі сяброўскіх п'янак, што наладжваюцца ва ўтульным пакоі юрыдычнага дарадніка каапэратыву, да якога рэдка заходзіць начальства. Або ў габінэце загадчыка няважнага сэктару, асобы з вышэйшай адукацыяй, пра якую вядома, што ўжо нічога не чакае ад будучыні.

 

25

 

Працавалася Сумленевічу ў гэты дзень лёгка. Бываюць моманты, калі справы амаль самі афармляюцца - дастаткова дакрануцца да іх сваёй актыўнасьцю. Дзейнічае закон шчасьлівага зьбегу акалічнасьцяў, які называюць сьпеласьцю сытуацыі.

Ён закончыў аналіз стану разьвіцьця паслугаў у бельскім аддзеле. Пісаў дакумант зь перапынкамі; не хапала Сьцяпану агляду, што не дазваляла яму скарыстаць прыдатнасць падрабязных зьвестак. І толькі ў гэты дзень, раптам, усё сталася яму зразумелым і ясным. (Справаздача камісіі, яе значэньне як бы паменшала ад таго.)

Калі цесьць зьявіўся перад вячэрай - Кіра дзесьці прападала - Сьцяпан прыкінуўся хворым і папрасіў у цешчы таблетак ад галаўнога болю (яна мела іх цэлую аптэку).

Браўся Сьцяпан чытаць кніжку, наўздагад, калі ўзьнялася сварлівая гутарка...

- Што ты сабе думаеш? - загаварыў да Сьцяпана цесьць, прыглядаючыся да ягонай кніжкі, быццам муляр да цэглы. - Рабі штось, каб цябе не зьелі! Чаму ты не пагаворыш са старшынёю, га?

- З кім?

- Яшчэ пытаеш - з кім, гаўняк ты!

- А ён - сыфілітык!

- Ты заглядаў яму пад хвост?

- Даволі паглядзець на яго нос...

- Ня совай, маці, свайго языка, куды ня трэба, - адсек ён старой, якая, Сьцяпан добра таго не дачуў, бараніла зяця. - Я бачыўся з бухгальтарам, - сказаў ён да Сьцяпана.

- Я не прасіў вас аб тое.

- Слухай, Сьцяпан, бухгальтар падлічыў, што страты ад твайго падпалу машыны складуць каля пяцідзесяці тысяч, менш, чымсьці спадзяваліся. Вядома, страхавальнае бюро...

- Дадасьць.

- А каб ты ведаў тое.

- Ну й няхай.

- Што - няхай? Будзеш ты плаціць, як за кавалерскае дзіця, старшыні за шкоду.

- Буду.

- Як гэта - буду?

- Звычайна, плаціць.

- Але, паслухай: у страхавальным бюро працуе твой калега, Антон. Ён ведае цябе, памятае, разумееш? Вы, ну, вучыліся разам...

- Не памятаю такога...

- Чорт, а не чалавек! Чаго ты, урэшце, хочаш?

- Мне баліць галава.

- Яна табе яшчэ ня так забаліць!

- Чаго вам трэба ад мяне?

- Ты, паслухай, узяў маю дачку, і я не дазволю на тое, каб яна пакутавала за табою! Ты - мужчына! - павінен клапаціцца пра дом, сям'ю, дабрабыт. Мець жонку - гэта табе не раскоша. Гэта абавязкі! Беручы бабу, трэба ведаць, што робіш...

Сьцяпан не аказваўся. Яму хацелася пашчыпаць старога зласьлівымі слоўцамі наконт яго паводзінаў. Ён, аднак, раздумаў, паўстрымаўся. Гэта супакоіла іх, абодвух.

- Я ведаю, што раблю, - сказаў Сьцяпан.

- Наўрад, - адказаў яму цесьць і закурыў моцную папяросіну. Ён, наогул, мала курыў або й зусім. - Як, скажы, з табою гаварыць?..

- Выкруціцца ад пакараньня я не магу. Гэта абазначала-б мне папасьці ў залежнасьць. Хочаце, каб я быў мужчынам, і, адначасова, намагаецеся зламаць маю цьвёрдасьць, кінуць мяне на калені перад начальнікамі, перад бухгальтарам, які заварвае гарбату старшыні, перад калегам, які, чаго добрага, будзе разносіць па горадзе сьмехі пра мяне. Нашто?

- Дзе тут у цябе сесьці? - стары разгледзеўся наўкола і ўзяў крэсла, што стаяла перад тэлевізарам. - Мы, Сьцяпан, гаворым пра рознае. Твая фанабэрыя давядзе цябе да турмы!

- У мяне - фанабэрыя?

- Ага, у цябе.

- Нечуванае! Мы, можа, сапраўды гаворым пра рознае?

- Так, але ня ў тым сэньсе, пра які ты думаеш.

- Дык у якім-жа?

- А ў такім, што табе, брат, напляваць на лёс чалавека, які даверыўся твайму слову.

- Ах, які высокі тон, - Сьцяпану дранцьвела барада. - Але, прабачце, не магу сьцяміць, калі я даў слова? Я ведаю, каго вы маеце на думцы...

Цесьць перабіў яго:

- Запамятай: разводу ня будзе! І ты будзеш танцаваць так, як табе зайграюць, - яго зрэнкі засмужыліся. - Іначай, зробяць зь цябе кашу!..

Цесьць схапіўся й пачаў хадзіць па пакоі, гледзячы сабе пад ногі. Сьцяпан, закрыўшы кніжку, сказаў:

- Я разумею ваш неспакой, але вы зашмат сабе дазваляеце ў вадносінах да мяне. Прытым, вы не жадаеце заўважыць, што я, усё-такі, не буян. А калі ўжо нехта павінен баяцца суду, дык ня я.

- Ведаю, ведаю я твае ідэйкі, - ён спыніўся перад Сьцяпанам. - Хто мог падумаць, што ты паверыў у іх, як баба ў чорта? Гэта-ж у галаве не зьмяшчаецца! Трэба быць дурнем першага гатунку, каб наважыцца на такое... Ах, з кім я гавару, - ён няўмела загасіў папяросу. - Шчасьце, што ў вас дзяцей няма, а то было-б - хоць ты аб печ галавою... І як думаеш ты далей жыць з гэткімі мазгамі?

Сьцяпан прайшоў у калідор, абуўся там і зьняў зь вешалкі плашч. Цесьць выйшаў за ім.

- Ты што? Ня хочаш са мною гаварыць?

- Мы ўсё сабе сказалі.

- О не, хлопчык, мы іначай пагаворым. - Ён адабраў Сьцяпану плашч. - Дакладна разважым разам усе «за» й «супроць». Як у судзе. Ужо час.

- Калі ласка, - Сьцяпан: «Няхай толькі пачне ён рабіць зь сябе дабрадзея, дык тады я растапчу яго!..»

Пасядалі яны неяк урачыста.

- Ты, Сьцяпан, адукаваны чалавек. Зразумееш мяне. Прынамсі, зразумееш, - стары заціснуў далоні ў вадзін кулак. - Так я лічу...

- Абяцаю вам.

- Пастарайся, галубок. Гэта будзе ў тваіх інтарэсах.

- Не сумняваюся, - іранічна ўсьміхнуўся Сьцяпан.

- Сьмейся ты, сьмейся... Старому прызнаеш рацыю. Я, у маладосьць, таксама ня быў лепшы. Ну, так, - цесьць паглядзеў у вакно. - Табе трэба пагаварыць з калегам са страхавальнага бюро. Зараз гэта самае галоўнае. Суд возьме пад увагу суму стратаў...

- Мы, здаецца, меліся весьці гаворку больш прынцыповую, - прыпомніў цесьцю Сьцяпан.

- Хочаш?

- Хачу.

- Ну добра, - цесьць усеўся выгадней. - Добра. Справа, вось, выглядае так: захацеў ты, сынок, зажыць бяды й гэтак яно будзе.

- Калі я захацеў таго, дык нашто перашкаджаць мне ў гэтым?

- Ты - усур'ёз?

- Усур'ёз, - Сьцяпана ахоплівала незразумелая весялосьць. - Вы, хіба, не пераканаліся ў тым?

- Сьцяпан, - сказаў цесьць, і жылы на яго шыі павяроўчалі. - Калі ты ня зьменісься, дык давядзецца табе пакінуць наш дом.

- Нам дадуць кватэру няхутка, - ён адказаў яму пасьля некаторага маўчаньня. - Чарга за імі надта-ж вялікая, а знаёмых у будаўнічым каапэратыве ў вас, дарагі цесьць, няма.

- Ну...

- Не прападзем, бацька...

- Гавары за сябе.

- І за Кіру.

Стары скрывіўся й нешта прамармытаў.

Зьявілася цешча.

- Хадзеце вячэраць, - сказала яна, акінуўшы іх чуйным позіркам.

- Дурыш нам галаву! - вызьверыўся на яе цесьць. - Мне цяпер не да ежы, - сказаў ён жаласьліва. - Яго кармі! - кіўнуў галавою ў бок Сьцяпана. - Яму трэба многа есьці, каб мець сілу ваяваць за праўду...

- Дзе Кіра? - запытаў Сьцяпан.

- Павінна ўжо быць дома, - адказала яму цешча й хуценька павярнула назад. - Ідзеце, пакуль гарачае...

Сьцяпан устаў. Цесьць гняўліва прыгледзеўся зяцю.

- Рабі як хочаш, Сьцяпан, - кончыў ён гаворанае. - Я табе ня вораг. Сказаў, што думаю: губіш ты сябе. За нішто губіш! З дурноты! Думаеш, што камусьці ты гэтым дапаможаш? Сьвет выратуеш? Сьвет пасьмяецца зь цябе, пасьмяецца й спакойна сядзе сьнедаць. А ты - у турму! Так. Такія, як ты, не павінны жаніцца, блытаць жыцьцё іншым. - Ён памаўчаў. - Я не пахваляў Кірынага выбару... Прадчуваў...

- Дзякую, цесьць, за шчырасьць.

- От, няма за што, хлопчык. Не дай Бог жыць з тваім характарам.

- Дачка падзяляе вашы думкі? - запытаў Сьцяпан. Па яго нутры дрыготкай хваляй прабег холад. «Гэта было непатрэбнае пытаньне. Стары здагадваецца, што паміж намі няма згоды. Больш таго - узьнік разлад або й варожасьць... Ён ведае! Кіра раструбіла й па знаёмых. Зьмянілася яна, сьцётчала. Я кахаю яе зараз дзіўна, што й называецца прызвычаенасьцю, той абыякавасьцю, якая, быццам вада, залівае агонь пачуцьцяў, радасьці...»

- Я не пытаў яе.

- Што?

- Кажу: ня ведаю, якой думкі Кіра пра цябе, - паўтарыў цесьць. - Ну, хадзем есьці, раз маці нас кліча, - і ён накіраваўся ў кухню, па-качынаму.

 

26

 

Потым Сьцяпан бесьперашкодна выбраўся на шпацыр. Старыя як быццам усьцешыліся гэтым, усё роўна што разьвітаньнем з госьцем, які ўжо абрыд. Ідучы сьцямнелай вуліцай, у яе канец, пад выганы, Сьцяпан рыхтаваўся канчаткова вырашыць тое, што надоўга застанецца важным яму. Сьцяпану было неабходна пераўсьвядоміць сутнасьць свайго каханьня да Кіры. У ёй назіралася штораз мацнейшая схільнасьць да ўладарніцтва, уласьцівая жанчынам, якія, выйшаўшы замуж, жывуць пры бацькох, знаходзячы ў іх штодзённую апору сабе. («У мяне пачаткі сірочай хваробы...» - закпіў зь сябе Сьцяпан.)

Зрабілася яму лягчэй.

Навокал трываў бязьлюдны спакой. Хітра міргаючы, падпаўзалі агні вялікага гораду, акружалі Сумленевіча ад флянку, як бы па-дзіцячаму гуляючы ў вайну. У вадлеглай цемені прасоўваліся сьветлячкі машынаў з запаленымі фарамі; аўтобусы, бы парваныя пацеркі, скоўзваліся ў зарнічную адтуліну Зялёнай алеі.

Сьцяпан пачуўся далёка й добра.

У балотцы за начальніцкімі агародамі квакала жаба. У садовай глушы сьвяцілася ваконца альтанкі. Неўзабаве яно пагасла, але на міг зноў загарэлася, быццам сыгналячы пра небясьпеку. Ветрык даносіў адтуль ахапкі бесклапотнай гаворкі ў заканчэньне прыемна праведзенага вечару. І, вось, разыходзяцца там. Двое. Мужчына і жанчына.

- ...будуць чакаць, - нешта сказаў мужчына.

Жанчына засьмяялася.

- Пусьці, досыць! - папрасілася яна. Яшчэ сказала, а потым: - Ідзі ўжо. Мяне ня трэба праводзіць. Чуеш? Ну, па, бывай... Буські.

Сьцяпану здалося, што гэты голас ён ня раз чуў. «Чыясьці жонка?» - падумаў ён, менавіта, аб шлюбнай здрадзе.

«Падгледзець мне чужую бяду? Чаму-б не? Сам-жа я жанаты, і хто дасьць заруку, што ў цябе ня здарыцца падобнае? Толькі, ці гэта не абарона табою пляткарскай цікаўлівасьці? Ах, чыненае знаходзіць апраўданьне», - Сьцяпан з салодкім неспакоем у грудзях чакаў прыбліжэньня постаці; яго засланяў кусьцік. Яму нават уявілася, што якраз ён, Сумленевіч, тут усяму прычына: спакушае суседачку, каб вывесьці яе на пухкі луг і зацалаваць там да бяспамяці, шукаць у ёй таго, чаго ня можа даць яму Кіра...

Жанчына прайшла. Яна зьлёгку спатыкнулася й ціха ўскрыкнула ад таго, пастаяла, быццам прыслухоўваючыся нечаму падазронаму. Сьцяпан стаіў дыханьне. Калі-б яна рушыла ў кірунку на яго, дык уцякаў-бы ад яе ўніз, дзе багонца й нізкарослы алешнік. ...Асьцярожна памаячыў ён за ёю. «Яна жыве недзе тут...»

З вуліцы насупроць, зігзагам, вылазіў матацыкл, на якім п'яна гарлапанілі. Згледзеўшы ў пражэктарным сьвятле самотную грэшніцу, тыя спрабавалі пад'ехаць да яе й, струціўшы раўнавагу, перакуліліся на сярэдзіну дарогі; матор, трохі пахрыпеўшы, заціх.

- На-а-ага-ааа!!.. Янэк, нага!.. - якісьці зь іх стагнаў, і, у непагашаным бляску, мітусілася пужліва растапыраная людзіна, кідаючы на блізкія хаты дапатопныя цені.

Ва ўцякаючай спутаным крокам модніцы Сьцяпан - вачом сваім ня верачы! - пазнаў Кіру! Па галаве пазнаў ён Кіру, па ніжэйшым левым плячы яе і па адзеньні. Па аглядцы, хоць яе не ўлавіў ён у яркай смузе. Гэта была яна! Ён раней прадчуў - па голасе, па сьмеху задаволенасьці мужчынам, калі вылузвалася яна зь яго рук, з абдымкаў...

Даганіць Кіру?

Увайшоў у маладую збажыну...

Памакрэлыя ад расы нагавіцы прыліпалі яму да лытак, ногі грузнулі ў рыхлай ральлі. На Самулёвым пагорку старажавала вышка, за якою маленечкімі іскаркамі папярэджвала пра сваё йснаваньне высакавольтная лінія.

«Кіра гэта - там? Я ператомлены, у мяне дрэнна са зрокам, дажыўся я жахлівай трызны! Ня можа таго быць, каб у альтанцы, у доміку, у той цацачнай будцы, зь якой напамаджаныя морды абнюхваюць вяргіні ды язьміны на загоніках, яна зыходзілася з кімсьці, каму, пэўна, напляваць на яе, на мяне, на ўсё! Зь якім-небудзь засранцам, залатавусным набабнікам або сынком багатага бацькі, - Сьцяпан абмацаў кішэні ў пошуках папяросаў. - Не гарачыся, Сумленевіч, пачакай: ідзі, паглядзі ды запамятай нумар сядзібы, агароду, і правер у адміністрацыі, хто там гаспадар. Тады ўжо й думай. Ня стой ты, а яшчэ лепш - бяжы за жанчынай, яна адыйшлася не далей, як на сто крокаў, і сачы за ёю, каб упэўніцца, ці Кіра яна? Спатрэбіцца - перапыні яе, нешта прыдумай, каб, у выпадку памылкі, сказаць ёй: выбачайце. А калі, усё-такі, акажацца, што яна... ну...» - ён павярнуў наўскасы, папоцемку абмінаючы клічучых на дапамогу. Каля платоў наскочыў на Сьцяпана сабака, чорны як ноч, зь белым грэбенем зубоў, і, дастаўшы абцасам па носе, працягла заскавытаў.

На ненармальна апусьцелай вуліцы Сьцяпан пабег, з радасьцю сьцьвярджаючы, што наперадзе нікога няма.

Дома зьдзівіла Сьцяпана ня тое, што Кіра даводзіла сябе да парадку, вычышчваючы спадніцу й папраўляючы прыгожую прычоску, але - яе вочы. Пасьпешна зачыніўшы за сабою дзьверы, ён сказаў: - Добры вечар, Кіра.

Паміж імі, мажліва, няхутка дайшло-б да пераломнай размовы, й, некаторы час, маўчалі-б яны кожны пра сваё, калі-б не яе ўмельства валодаць сабою, на хаду пазбывацца разгубленасьці.

- Дзе гэта ты быў? - адказала яна на яго прывітаньне. - Глянь, якія ў цябе нагавіцы! Мо' валяўся...

- Я не тваёй натуры, - адсек ён.

- Што ты маеш на ўвазе?

- Хочаш ведаць?

- Ня скажаш мне?

- Падумаю, - Сьцяпану ўсё здавалася, што ўблытваецца ён у лішняе. І непапраўна шалёнае, у чым будзе потым шкадавацца.

- Дзякую табе за тое, што хоць у дачыненні да мяне ты думаеш, - зьедліва адказала яму Кіра. Гэта быў яе намёк.

Сьцяпанам панесла:

- Я не пацярплю, Кіра, твайго зазнайства, круцельства й, наогул, адносінаў да мяне звысоку!

- Го-го, - паківала яна галавою, не адхіляючыся ад люстра. - Ты дасканала ахарактарызаваў сябе. Не дасьціпна, праўда, ды затое коратка. Наступную тыраду прашу вымаўляць цішэй - людзі сьпяць.

- Можаш мне сказаць, дзе ты была? - ён запытаў яе амаль шэптам. Яму перасохла ў горле.

- Пра тое-ж я запытала цябе, - зашаптала яна, крыўляючы яго зь неспадзяванай весялосьцю.

«Яна шчасьлівая!» - зразумеў Сьцяпан. Ён нахіліўся, каб разбуцца (ад запэцканых пантофляў адвальваліся камякі гразі). З-над вушэй выцякаў у яго пот, утвараючы на барадзе кроплі.

- Я, Кіра, хадзіў на шпацыр і бачыў, як вываліліся тыя два на матацыклі... - ён паглядзеў на яе спадылба, ня могучы разьвязаць шнуроўку, якая безнадзейна зашмаргнулася.

- Вываліліся?.. Дурні!

Гаварылі яны далей шэптам. Ды ня гэта ўразіла Сьцяпана; яна, адразу прыкмеціў ён тое, страціла на сваёй самаўпэўненасьці і ўзялася, зусім бяз сэнсу, прырэзваць свае маляваныя пазногці. І ўся яна неяк адразу стаілася.

- Я клікаў цябе, - махляваў Сьцяпан. - Ты ня чула мяне?

- Не-а, - Кіра ня здолела сабрацца ў сабе, пстрыкала манікюрнай прыладаю, прыкідваючыся ўважлівай да робленага. - А дзе ты мяне клікаў? - яна не падняла галавы. У яе чырванела шчака.

- Калі ты не пачула, дык рэшта няважная, - адказаў ён галасьней: «Божа мой, я суцяшаю сябе тым, што Кіра не захлусілася? Што ёй не ўдаецца вылгацца й яна выдае сябе? У яе няма прадуманай хітрасьці, якая зьнішчае пачуцьці. Але, што здарылася?» - Кіра, скажы, ты разьлюбіла мяне? - Сьцяпану падабалася расейскае «разьлюбіла». (Маці, часамі, сьпявала падчас сваяцкіх застольляў пад Беластокам...)

- Гэта што? - адказала Кіра. - Новы варыянт тваёй барацьбы за шчасьце? Ці мо' гэта спроба перавыхаваць жонку, якая зазналася? Шантажам! - яна падыйшла да шафы. - Адыйдзі, дай мне месца...

- Гэта спроба, Кіра, запытаць цябе, чаго ты сядзела ў доміку на агародах? - выказаў ён словы, якіх баяўся. Яна павярнулася да яго з адчайнасьцю ў вачох:

- Ах, во, што цябе мучыць... Сочыш ты за мною? - глуха крыкнула яна на яго. - Нічога лепшага ты ня ўмееш рабіць?! Чалавек вялікай амбіцыі, ха-ха, зважае, каб ня стацца раганосцам, ха-ха-ха... Маніфэст усекаапэратыўнай рэвалюцыі павесіў ён на цьвічок і стрымгалоў паімчаў за нявернай палавінай, каб адпужаць ад яе ў поле магутнага адзінца, што самотна рохкае ў разорах. Які ўпадак!

- Жартуеш! - бялеў Сьцяпан.

Ён, пастрашнелы, выпрастаўся ва ўвесь рост.

- Гэта ты жартуеш, калі ня ведаеш таго, - яна падступілася да яго ўпрытык. - Заводзіш гульню ў дабрадзея, за якую іншыя плацяць. Табе няясна, га? Ах, табе нішто й ніколі ня будзе яснае, - Кіра раптоўна адвярнулася ад Сьцяпана й выйшла ў пакой, скідаючы зь сябе блюзку. - Няшчасная я...

- Адну хвілінку, - пратэставаў Сьцяпан. - Ты, Кіра, мае справы кінь і адказвай на пытаньні. Чуеш?

- Што гэта значыць, твае справы й мае справы?

- З кім ты сустракаесься?

- Хочаш запытаць: каму я яшчэ даю, апроч цябе?

- Не грубіянь...

- Ты, Сьцяпан, мае справы таксама кінь, - яна аглянулася на яго ад атаманы. - Так будзе нам лепш.

- І гэта гаворыць мая жонка?

- Як і ты, мой муж...

- Я маю права ведаць...

- Як і я, чаму ў цябе мокрыя нагавіцы!

- Ішоў я цераз збожжа...

- Прытуляючы дзеўку да грудзей?

- Якую дзеўку?! Я... я...

- Ведаю - ты нюхаў за мною, бы чырвананосы сышчык, - сказала Кіра са спакоем. Яна расьсцілала пасьцель.

- Ня буду я з табою спаць.

- Слушна. Другім быць - ня гонар.

- Хто ён?

- Малады, моцны і сьвядомы сваёй мэты.

- Гэтай мэтай зьяўляесься, вядома, ты?

- Яму - так.

- А табе - ён?

- Не.

- Не?

- Не.

- Дык хто? Або - што?

- Не, хто. Ты!

- Я?

- Ага.

- Скажы мне гэта яшчэ раз, - ён заціснуў кулакі.

- Калі ласка: ты!

- Як гэта я павінен разумець?

- Звычайна, стасуючыся да тваёй тэрміналёгіі - зло перамагаю я... злом!

- Ты, мабыць, п'яная?

Сьцяпан нацэліўся ўдарыць Кіру па шыі, ззаду. Перашкодзіў гэтаму вокліч цешчы: «Лягайце вы спаць! Ужо ноч сьвятая!»

- З маладым можна прахліснуць і паўлітра, - Сьцяпан сказаў гэта Кіры з абыякавай іроніяй. - Тады адбываецца сьмялей...

- Так?

- Пытаеш?

- У вопытнага - чаму-б не?

- Кіра, не рабі зь мяне такога, як сама ты.

- Згодна. Хоць адно з нас захавае чысьціню.

- Я цябе не пазнаю, Кіра. - У яго галаве мацнеў шум, і, ад слабасьці, яму падкошваліся ногі. - Што з табою?

- Сачыў-жа - ведаеш.

- Але: чаму, чаму?

- Чаму? - яна зьняважліва надзьмула губкі. - Бо я не жадаю стацца саламянай удавою! Не разумееш, што я ратую цябе ад змураванага яшчэ за царом беластоцкага цэнтрала? - Кіра спалохана змоўкла; энергічна падбіла падушку, ажно пасыпалася зь яе пер'е.

- За што?!

- За абняслаўленьне старшыні ўчынілі-б яны табе наступны суд. Сьведкі ўжо падрыхтаваныя. І дакумэнтацыя.

- Дакумэнтацыя? Якая?

- А такая, на падставе якой было-б табе даказана, што ты публічна ганьбіш добрае ймя кіраўніка ўстановы, трэба дадаць, узорнай установы. Сьцяміў?

- Гм, - зьдзівіўся Сьцяпан.

Кіра расшпіліла станік.

- Ёсьць пісьмовыя паказаньні наконт таго, як ты ляпаў языком розную ерась ды неверагодніцу пра каапэратыў і яго старшыню, актывістаў і кіраўнічых работнікаў, у рэшце рэшт, і пра асобы, выконваючыя ўладу... Яны, твая сябрына, на ўсе чатыры капыты каваныя, Сьцяпан, - яна апусціла майткі й, голая, скамандвала: - Падай мне піжаму, я памыюся...

- Хі...

«І як цяпер цалаваць яе, адбымаць, туліцца? Гэта-ж будзе ашуканае каханьне! Падробленае яно, бы мёд ад пчолаў, якіх круглы год кормяць нечым штучным, цукрам, - боль пранізваў Сьцяпана, быццам пазалетась, перад вясельлем, калі, пакутуючы ад запаленьня падкосьніцы, апынуўся ён у інстытуце зубной хірургіі, дзе з дапамогай доўгіх шпілек праводзілі яму блякаду нерваў сківіцы. Халодны боль! - А з кім-жа яна? Божа, дай мне цярплівасьці! Стары гаварыў, што разводу ня будзе. Мо' й ня будзе?.. Прызналася яна аднаму мне? Я-ж кахаю яе, халеру! - Сьцяпан заплакаў нема, па-мужчынску. - Ну, Кіра фізычна аддалася... Якая розьніца - ва ўяўленьні ці фізычна? Або хіба раз я марыў пра тое, як гэта наваліцца-б на тую ці іншую прыгажуню! І, несумненна, сталася-б яно так, калі-б была на тое нагода. Так. Але з жанчынай, кажуць, іначай... У яе не бывае раздваеньня душы й цела, у ёй гэта - адзінае. Яна, чаго добрага, гатовая спадабаць і гвалтаўніка, калі ён праявіць невядомае ёй умельства. Гм, да чаго-ж можна дадумацца! - ён выцерся насавой хустачкай, бруднай і прапацелай. - Кіра хоча мяне, й гэта самае галоўнае. Ды чаму яна пайшла да якогасьці мужчыны? Кажа: гэта я ратую цябе! Як? Даючы раскошу камусьці, хто намераны спляжыць мяне? Каму, каму, каму, чорт вазьмі??!»

Кіра вярнулася з ваннага.

- Зачыні, Сьцяпан, акно. Я распараная, магу застудзіцца, - загаварыла яна, як бы ў нічым не бывала. - У нас працякае кран. Ты пазвані ў адміністрацыю, каб далі новую пракладку. Не забудзь таго, Сьцяпан.

- Ага...

- А працу давядзецца табе зьмяніць, - Кіра вярнулася да недаказанага. - І то зь першага. Заўтра пагаворым аб гэтым з татам. Хадзем ужо спаць. Позна, - па ілбе й носе расшмароўвала яна сабе крэм.

«Вада супакойвае», - Сьцяпан нічога не адказаў ёй.

Яна дадала:

- І я вазьму сабе працу.

- Ты, Кіра, ужо працуеш.

- Перастань, Сьцёпа! - абліла яго гнеўным позіркам. - Не мая ў гэтым віна, і трэба забыць...

- З кім ты дабілася таго?

- Я не казала табе?

- Не.

- Са старшынёю.

- З гэтым падлам?!

- А з кім ты думаў?

- Гэта яго агарод там? - дапытваўся ён. Адчуваў Сьцяпан, як у ім усё недзе апускаецца, як мярцьвеюць яму ступні і дзеравянее патыліца, па-дзіцячаму дрыжыць барада.

- Яго.

- Я заб'ю цябе, Кіра.

- Але перад тым - пасьпі.

- Кіра-а!!.

Яна схапілася.

- Мама!! - крыкнула Кіра, упёршыся плячыма ў сьцяну. - Не дурэй, Сьцяпан, ну!

У дзьвярох зьявілася цешча. Яна шмат чула, й гэта было відаць па яе зусім ня сонным твары.

- Чаго ты хочаш ад яе? - старая грузна прасунулася дапераду. - Ня муч ты нас! Адкуль і ўзяўся ён такі? Ах, Божа мой, Божа!..

- Хто каго тут мучыць?! - выскаліўся Сьцяпан.

- Ты што хацеў ёй зрабіць?

- Даць, курве, па мордзе!

- Што ты сказаў?! - загрымеў з глыбіні спальні цесьць.

- Тата! - віскнула Кіра, й гэтага было ўжо дастаткова.

Сьцяпан ступіў да жонкі й замахнуўся на яе.

- Ста-ань!!! - цесьць з ашаламляльнай лёгкасьцю падскочыў да Сьцяпана й схапіў яго за грудзі. - Табе жыць абрыдла, га?!

- Пусьцеце-е! - вытузваўся Сьцяпан. - Я йду ад вас.

- Нікуды ты ня пойдзеш, паганец! - прасіпеў стары.

- Але. Змарнаваў дзяўчыну, й цяпер ён пойдзе сабе гуляць, - сакатала цешча. - Хто яе зноў замуж возьме? Разумны які знайшоўся!

- Я болей ня муж ёй.

Кіра закурыла. Яна выглядала на курку, якую выгналі з рассадніка; ад крыўды забылася выкрычацца.

- Ну, гаўняк, абсядзь, кажу табе! - цесьць цяжка адступіўся, як бы спадзеючыся разьюшанай бойкі. - А ты дзе ўночы цягалася?! - вызьверыўся ён на дачку. Сьцяпан здагадаўся, што стары карыстаецца прыёмам нікому не прызнаваць рацыі; знакаміта суцішыў ён авантуру. - Куды ты бегала, цябе пытаю?!

Спрытная, Кіра вінавата маўчала.

- Ну, Кірачка...

- Выйдзі, Альбіна, - цесьць у гневе называў старую Альбінай, пасьля чаго яна не адзывалася. З гэтым імем зьвязаная, відаць, абразьлівая ёй прыгода.

Наступіла цішыня, у якой чуліся перабрэхі сабакаў у панадворках.

Калі засталіся ўдваіх, Кіра сказала:

- Сьцяпан, выслухай мяне да канца.

І гэта паўстрымала яго.

- Слухаю.

- Памятаеш, Сьцяпан, як старшыня гасьцяваў у нас у Каляду?

- Так.

- Ён быў тады адзін.

- Так.

- Бяз жонкі.

- Каб прымерыцца да цябе, - упікнуў яе Сьцяпан.

- Тут і ўся загадка, - Кіра не прыняла яго выкліку.

- Якая?

- Ён - імпатэнт, - сказала яна грубую дурноту, але з крышынкай зьдзеклівасьці на вуснах.

- Гэты буйвал? Не хлусі, Кіра! - ухапіўся ён за нешта нечуванае.

- Сьцяпан, - яе аблічча пасуровела. - Я не здрадзіла й ня здраджваю табе. Прашу: павер ты мне. І калі-б ня гэтая няшчасная выпадковасьць, нам лягчэй даўся-б той паварот жыцьця, на якім абое мы апынуліся. Я ўчыніла табе, Сьцяпанка, гідасьць не таму, што яна сапраўды адбылася, але таму, што ты наткнуўся на яе.

- Усё роўна, што на каровін ляпняк, - ён зласьлівіў ёй. Яго хіліў сон, і гэта была добрая пазнака.

- Бачу, што няхутка мы зможам быць сардэчнымі сабе.

- Сардэчнымі? - Сьцяпан усьміхнуўся пад ногі. - Столькі разоў мы сказалі сабе ўсё, што было галоўным кожнаму з нас паасобна... Суду, значыць, ня будзе?..

- Ня будзе, Сьцяпанка, мілы мой! - ажывілася Кіра. - Старшыня накіруе справу так, што страты ад падпалу яго машыны акажуцца невялікімі й цябе засудзяць толькі ўмоўна...

- Цудоўна!

- Сьмейся ты з суду, які абыйдзецца без турмы! Дадуць табе, скажам, тых умоўных восем месяцаў, ну, год. От, скажаш суду, што незнарокам... Зрэшты, дакладна абмяркуем яшчэ...

- Са старшынёй?

- Ня будзе ўжо патрэбы гаварыць зь ім, Сьцёпа.

- Пазлавалі, пазлавалі, і пасьцелька пагадзіла іх - заўтра скажа пра нас твая маці. Маладыя, зялёныя... Вырастуць, дык і скура пацьвярдзее ім. Да Кірушкі маёй дабраўся сівы дзед, ды што ён мог зрабіць ёй, дзеўцы як рэпа. А зяцёк, булава, як ня вырачыўся на яе, быццам сямёх яна на сабе вазіла! І было гэта за што, Альбіна, га? Свары, крыкі на цэлую вуліцу... Людзі падумалі пра ліхое, - крыўляў Сьцяпан.

- Адстань ты ад маці.

- Эт, нічога благога я пра яе асабіста не сказаў.

- Слухай, дарагі: пасьля бойкі рукамі не махаюць. Спрабуй ты пабыць справядлівым і дадумайся да таго, што ва ўсім гэтым рызыкую я й толькі я! Па ўласнай, непрымушонай волі.

- У мяне, Кірушка, узьнікла зараз дапушчэньне, што ты вынайшла аргумант, надта-ж зручны табе аргумант, якім пакарыстаесься, калі Бог дасьць табе здароўе, зь любасьцю. Пры маім характары нагоды для таго, ой, будуць.

- Сьвіньня!!!

- Асьмельваюся заўважыць, шаноўная дама, што ўжылі вы слова жаночага роду, якое ня надта падыходзіць да мяне, мужчыны. Але я разумею вашу заклапочанасьць: як-жа прыраўнаць мяне, напрыклад, з...

- Сьці-і-хні-ііі!!! - яна заткнула вушы, й зь яе вачэй сыпаліся сьлёзы, трохі як у лялькі, якую вырабляюць немцы. - Сьці-іхні!.. Сьціхні...

Цешча ўрачыста прачыніла дзьверы.

- Дакуль ты, Сьцяпан, будзеш гэтак зьдзеквацца над ёю, - прамовіла яна.

- Шок, - тлумачыў старой Сьцяпан, - паскудны шок у яе, якіх тысячы штодзень. Аміяку ёй, Кіры, пад нос! Няхай дыхне ім, дык умомант зрэнкі пакруглеюць ёй. Ого, аміяк. Зараза! - гаварыў ён са сьцішнаватай дабрадушнасьцю. - Ну, я пайшоў...

- Дочанька, Кіранька, ты чуеш мяне? Кіра, ня трэба... Ну, ня трэба... Ляж, а я каля цябе, ну, ціха, ша-а... Вось так, адпачні... Я пагашу сьвятло...

 

27

 

Сьцяпан беспамылкова трапіў у вагарод старшыні. Ён узламаў сьмешны замок на хісткіх дзьвярох альтанікавага доміку, запаліў лямпачку ў ружовым абажуры, распрануўся да трусоў ды разьлёгся на турысцкім ложку са скрыпучымі спружынамі. Губы сьпякліся яму ад смагі; ён устаў, каб напіцца вады з крану, й, тады, угледзеў банку з фарбай. Пашукаў пэндзля, зьдзертага й шырокага; ім напісаў пад стольлю СТАРШЫНЯ+КІРА, а знадворку - ад вугла да вугла - ІМПАТЭНТ. (Эмаль абцякала, дарабляючы літарам сьцёблы; Сьцяпан некалькімі падоўжанымі мазкамі вывеў гарызанталь, прыдаючы ўсяму выгляд дзівацкага квяцістага арнаманту.)

У якімсьці задворку сьпяваў адурэлы певень. І не знайшоўся другі, які-б адказаў яму.

На ўсходзе паясьнела неба, і Сьцяпана змарыў сон.

Адзін з тых сноў, падчас якіх не было яму адпачынку; галава запаўнялася думкамі. «І што ты пра ўсё гэта скажаш? - пытаў Сьцяпан у Сьцяпана, якім ужо перастаў быць. - Твая Кіра зусім не дзіва нейкае, - азваўся той Сьцяпан. - Мая, напрыклад, Ніна мела сон, у якім я загадаў ёй легчы з начальнікам аддзелу камунальных кватэраў. Думаеш, абурылася яна на тое? Мы пяты год жылі кватарантамі, з маленькімі дзяцьмі... - А пасьля, дык што яна сказала табе? - пацікавіўся Сьцяпан. - Нічога. Начальнік, на шчасьце, вельмі хутка стаміўся, - адказаў той за Ніну. - Заснуў? - дапытваўся ён падрабязьней у таго Сьцяпана. - Але, ды мая Ніна, нябога, да белага дня й вока не заплюшчыла, праклінаючы ўрадаўскага слабака, - прызнаваўся далёкі Сьцяпан. - А ты, дык што? - ён не дазваляў яму зьнікнуць. - Я? Плакаў, зачыніўшыся ў туалеце, і вырашыў заўтра, у ваддзеле, запатрабаваць за гэта ордэр на кватэру яшчэ ў жніўні», - адказаў той Сьцяпану.

- Далі?

- Гэта быў сон, Сьцяпан, - прыпомніў яму іншы Сьцяпан. - Ён запамятаўся мне таму, што жонка расказвала яго за сьнеданьнем і паклала на маю талерку лішнюю порцыю вэнджанай шынкі. Яна, ведаеш, скупая - дазваляе мне курыць толькі танныя папяросы, а ў нядзелі дае сем злоты на піва, мутнае, бо дайлідзкае...

- Мая справа, дарагі, - гэта ня сон, - ад перажываньняў Сьцяпанка амаль прачынаўся. - У мяне ўсё сапраўднае!

- Сапраўдным мы прызвычаіліся лічыць марныя спробы ажыцьцяўленьня думак, - адказаў Сьцяпану іншы Сьцяпан. - Твая Кіра, во, здрадзіла табе ў нашым значэньні, але гэта чыстая выпадковасьць. Трэба, аднак, задумацца нам над тым, ці не сутыкнуліся мы ў ёй з дарослай вернасьцю? Жонка, магчыма, у чымсьці, э, перавысіла цябе... Мужчыны ў пытаньнях зайздрасьці застаюцца пераважна юнакамі, э, ведаеш...

- Хто ты?! - крыкнуў Сьцяпан, ахоплены страшэнным прадчуваньнем.

- Я, э, твой старшыня, падла ты! Хэ-хэ-хэ...

Сьцяпан схапіўся, успацелы да кончыкаў валасоў. На пяць хвілін да пачатку працы.

Ён дапаў да ўмывальніка, але ў ім не было вады - кран псычэў па-зьмяінаму. Пальцамі працёр Сьцяпан закарэлыя вочы; на ўслончыку (вясковага вырабу) стаяў бляшаны кубак з запыленым павуціньнем. Сьцяпан ліхаманкава заглядаў у рознае начыньне, парасстаўлянае па памяшканьні. Яго зараз неспакоіла адно - як пачысьціць зубы?! Падумалася яму, што ў вагародзе расьце радыска...

Быў засеяны ёю загонік пад яблыняй. Калісьці хлопцы з Садовай, памятаў Сьцяпан, на загуменьні Казырскага пад Васільковам кралі яе й давалі дружнага драпака за сажалкі, пад вадапомпу, дзе ў дзікай траве трымалася раса, якой абмывалі яны сабе рукі й драпежна запэцканыя зямлёю твары, качаліся па зелені ды рагаталі да болю жывата ад дурной радасьці, што ўдалося ім, што ніхто ня гнаўся за імі і што цёпла сьвеціць сонца...

Сьцяпан, скінуўшы кашулю, ухапіўся за пакірачаныя галіны яблыні й з усяе сілы закалаціў дрэвам. Яму пасыпаўся на плечы й сьпіну гусьценькі дождж, крапаючы й на лісьце гародніны, быццам гэтак зьнянацку выпаўшы з хмурынкі ў пагодны дзень. Ён задрыжэў ад холаду, заварушыў лапаткамі й, выгнуўшыся, пачаў абцірацца хустачкай, мяркуючы пры тым, што было-б лепш зрабіць тое сподняй часткай кашулі. Казытала яму ў карак трэска сухападзіны; калі Сьцяпан угледзеў, што гэта вусеніца, ахапіла яго гідасьць.

Ён выплюнуў недажаваную галоўку радыскі й, ледзь трапляючы кулакамі ў рукавы, апрануўся. Доўга ня думаючы, Сьцяпан пералез цераз плот і наўздагад, сьцежкамі, бягом пайшоў да далёкага прыпынку ў канцы Зялёнай, разы два аглянуўшыся ў бок доміку; там іскрыўся ранак.

Яму пашанцавала пасьпець на «шасьцёрку».

Перад скрыжаваньнем з Васількоўскай мільганула ў шыбе бяздарная шыльдачка цырульніка, й Сьцяпан схамянуўся, што едзе ён на працу непаголены. Гэта зьнясьмеліла яго, а нават - засаромела. «Усё-такі, нядобра, ой, нядобра!.. Скажу, што запускаю бараду, дык пачнуць яны сьмяяцца зь мяне паміж сабою: у знак пратэсту перад судом Сумленевіч перастаў галіцца?! Чулі - ён зноў дэманструе! Глядзеце вы на гэтага дзівака!» Сьцяпан гладзіў шчокі, як бы спадзеючыся, што такім чынам, магчыма, пазбавіцца шчаціньня; пад далоняй адчуваў прыкрую колкасьць.

Калі, з падробленай упэўненасьцю, ішоў ён у свой габінэт, калідор пуставаў: быў гэта час ранішняга чытаньня «Сучаснай газэты». Сакратарка знаходзілася ў надзвычайным водпуску - нехта зь яе радні жаніўся? - і Сумленевіч, прыпазьніўшыся звыш паўгадзіны, зьявіўся на працы, можна сказаць, незаўважаным. Як зазвычай, сеў ён за пісьмовы стол і, апёршыся локцямі, цяжка задумаўся. Усё, навокал бачанае ім, раптам выдалася яму ня тое, што не сваім, да якога маюцца абыякавыя адносіны, але наогул непрысутным. Нерэальным! Хаця-б той канфэрэнцыйны столік, пра які любіў ён пажартаваць, што прадасьць яго ў музэй неадухаўлёных сьведкаў важных зьдзяйсьненняў, зараз уяўляўся Сьцяпану чымсьці выпадковым у полі яго зроку. Шышкай на ўсё роўна якой яліне.

Брала яго ахвота аберуч згарнуць у вадно горбачкі службовых паперынаў, ненавісных яму, ды, расчыніўшы акно, вышпурнуць іх на вуліцу, на галовы адзінокага натоўпу... Пагамоўваючы ў сабе мацнеючае шаленства пасьля неверагоднай ночы, Сьцяпан з натужлівай замаруджанасьцю аднаўляў здарэньне з пажарам кватэры на сёмым паверсе вышыннага будынку, ля якога, аднойчы, праходзіў ён (купляў тады лімоны ў краме ля Складоўскай). У павевах ветру было відаць, як на тым бальконе, ахутаным густым дымам, панікуе чалавек, кідаецца ён у бакі, быццам дрэнны актор у вадэвільнай сэне. Тратуарная публіка бавілася нечаканым відовішчам і спрачалася наконт колькасьці паверхаў; прыімчалі пажарнікі. Бухнула полымя - і блізка зазьвінелі асколкі шкла. Нешчасьлівец - пра яго ўжо ведалі, што ён раганосец, алькаголік і псіхічна хворы - даволі спрытна апусьціўся на ніжэйшы балькон, на якім ён пахіснуўся й ня здолеў утрымацца, пакаўзнуўшыся там, напэўна, на якімсьці ламаччы; яшчэ зачапіўся аб тэлевізыйную антэну на ўзроўні трэцяга паверху й павалок яе за сабою, нагадваючы зьбітага лётчыка зь нерасчыненым парашутам. «Ляснуўся ён аб асфальт, бы жаба жыватом», - са смакам перадаў зьвестку Сьцяпану хлопец у акулярах, доўгавалосы й з кніжкамі пад пахаю, губасты. За ягонымі плячыма, калі ён адварочваўся ад Сьцяпана, праскавытала карэтка «хуткай дапамогі»...

Тэлефон зьвінеў доўга, пакуль Сьцяпан працягнуў руку па трубку. (Ён, мабыць, не прыняў-бы яго, калі-б згледзеў, што гэта ўнутраны апарат.)

- Тося? - пачуў Сьцяпан у трубцы й адразу здагадаўся, што гэта звоняць яго сакратарцы; у яе, праўда, іншае ймя, але жанчыны любяць перахрышчвацца.

- Пані Тося сёньня не працуе, - адказаў ён камусьці.

- Прабачце мне, пане загадчык, што вас патурбавала: тэлефаністка так спалучыла...

- Нічога ня здарылася, - перабіў ён галасок з галоўнага сакратарыяту; адтуль званілі. Сьцяпану разанула ў грудзях, і ён, невядома чаму, забаяўся, што ў яго зараз пачнецца крывацёк. - Нічога... Бывайце шчасьлівыя, - ён у такіх выпадках расказваў анэкдот. Бывала, дзеля гэтага дурылі яго прадпрыемлівыя беларучкі.

- Я, пане загадчык, павінна перадаць вам ліст. Дазвольце зайсьці.

- Калі ласка.

І толькі пасьля падумаў Сьцяпан, што яму трэба было адцягнуць яе прыход настолькі, каб мець час выйсьці ў горад пагаліцца (цырульні ля Варшаўскай адчыняюцца ад дзесяці), набыць туалетны камплект; прыпарадкавацца.

Яна ўвайшла, хуткая й на модных абцасах, зусім ня гледзячы на Сьцяпана.

- Дзякую, - сказала, калі ён неадкладна расьпісаўся на копіі атрыманага ім лісту, і гэтак-жа энэргічна выйшла.

Пакінула яму благі дакумант. Ня трэба было быць псыхалёгам, каб адчуць тое па гэтай жанчыне. Больш таго: Сумленевіч быў у стане прыблізна сказаць, чаго, менавіта, датычыла аштампаваная паперка з выкрутастымі подпісамі, характэрнымі тым, хто хварэе на малазначнасьць.

Пакратаўшы ўказальным пальцам чарніліцу з пэгасаўскім пер'ем, чортведама кім і адкуль прыдбаную сюды, Сьцяпан, ня могучы ўседзець проста, круціўся ў крэсьле, машынальна выціскаючы прышчыкі на носе. «От, заразы!» - ён суцішыўся на хвілю, вывучаючы спачатку тыя подпісы (карацюткі тэкст). Так, гэта была пастанова ўправы каапэратыву аб пераводзе Сумленевіча з пасады загадчыка аддзелу на рэфэрэнта. Пераўтварылі яго ў маленечкага, ад сёньня заўсёды трусьлівага, чалавечыка, як сказаў-бы пра становішча Сумленевіча адзін зь яго сэзонных сяброў (зь нятоенай, вядома, задаволенасьцю).

Зрэшты, хтосьці зь іх - канкрэтна не запамяталася гэта Сьцяпану - адведаў яго, бадай, у той-жа дзень. Паводзячы сябе бы наведнік заапарку, ён з жартаўлівай, але досыць праўдзівай, асьцярогай падаў Сумленевічу руку.

- Ну й зарос ты, Сьцяпан, быццам воўк у клетцы!

Так: у той дзень.

- Воўк?! - зьдзівіўся Сьцяпан. - Ваўку, хіба, трэба абрастаць?

- Гэ, бадай, не, - ён усьміхнуўся па-бабску, з пляткарскай сымпатыяй. - Ты нікуды не паказваесься, таму й падумалася мне пра зьвера... - гаварыў Сьцяпану шмат і ахвотна.

Ён не прыйшоў дамаўляцца зь ім на выпіўку; здаецца, што - ад некаторага часу - і ня піў (зноў пачаў прысядаць ён да чаркі, як потым сказалі Сьцяпану, у пэрыяд рэарганізацыі, якую, усё-такі, правялі).

- Сьцяпан, - загаварыў ён з аглядкаю. - Сьцяпан, кідай ты пад халеру каапэратыў і бяжы адсюль, куды цябе вочы панясуць!

- У чым справа?.. - запытаў яго Сьцяпан. Гаварылі яны да сябе па імені; у яго было рэдкае ймя - Анастас?

- Гэ, муж нявернай жонкі даведваецца аб усім апошнім... - і ён расказаў Сьцяпану пра вельмі важнае.

Але Сьцяпан ня чуў яго, задумаўшыся над сьпісаным алоўкам. Таму ён і перапытаў размоўцу, перш папрасіўшы ў яго папяросу (забыўся купіць пачак «спортаў»):

- Ага, прабач... Як ты сказаў?

- Ня верыцца табе, га?

- Чаму? Цікава...

- Цікава, кажаш? Браток, тут табе ўцякаць трэба! Бегчы, няхай сабе й зь дзьвярыма на плячох - пазбудзесься дошкі з клямкай на вуліцы, калі прыпынісься, каб пераканацца, ці не даганяюць цябе, гэ... На, закуры яшчэ, - ён падаў Сьцяпану дзівосна тоўсьценькую папяроску, даўкую. - Сам я чуў усё наконт цябе, яны ня тояцца з гэтым. Больш скажу: спэцыяльна гавораць яны пра тое ўголас, каб падрыхтаваць настрой сярод так званага калектыву. Нябось, недурныя госьці, гэ... Што? Думаеш - я махлюю?

- Ты, калі ласка, паўтары мне...

- З табою, Сьцяпан, размаўляць горш, чымсьці з бабуляю, - гаварыў ён зь бестактоўнай весялосьцю. - Слухай: яны ўчыняць над табою грамадзкі вэрхал, іначай - агульны сход працаўнікоў установы закляйміць цябе, як небясьпечнага хулігана й вырадня! Сьцяміў? Гэта называецца пазытыўна паўплываць на незалежны ў сьвеце суд, на які, несумненна, аддасьць Сумленевіча гэтая хэўра. Сьведкаў - падрыхтавалі. Ты ня сьпі ў шапку, пагаліся, браток, і, плюнуўшы на дурны штат, салідна акопвайся са сваёй бандай - чыя акажацца яна большай, таго й праўда будзе, - ён змоўк у чаканьні ўражаньня.

- Ты, мабыць, добра кажаш.

- Як самому сабе, браток, га.

- Будзеш маім сьведкам?

- Я?

- Ну.

- Я аб нічым ня ведаю, дарагі.

- Раскажаш ты, от, пра мяне, як пра чалавека, суду і людзям, - у далоні Сьцяпану зламаўся аловак і выступіла кроў; пакалечанае прыткнуў ён да вуснаў.

- Я не магу табе нічога пэўнага абяцаць, - ён адказаў яму сіпеючым голасам. - Я, бачыш, выкупіў пуцёўку ў вадпачынак, гэ...

Ад нязначнай ранкі на руцэ пашыраўся боль. Ад гаючай пякучасьці сьліны.

- Сьведка можа апраўдаць сваю непрысутнасьць перад судзьдзёю толькі цяжкай хваробай, - сказаў Сьцяпан.

- Ты ня зробіш мне такога, - устаў цэлы Анастас (ён - Сьцяпан не памыляўся - меў мянушку Глянцпаперчык).

- Не паратуеш, дружа, мяне?

- Як, браток? - загарачыўся ён і ляпнуў: - Цябе я не абараню, а сам прападу. Зразумей, яны, - ён панізіў голас, - так прыціснуць цябе, што ўсе мы з табою насамі ў зямлю зарыем. Нешта не даводзілася мне сустрэцца з фактам, калі начальства прайграла справу ў судзе...

- Разумею. І не крыўдую я на цябе.

- Ну, браток, бывай.

- Да пабачэньня.

Глянцпаперчык разьвітаўся са Сьцяпанам без намеру калі-небудзь пабачыцца зь ім. У першую хвіліну жадалася Сьцяпану ўстаць і выйсьці разам зь ім, нават сказаўшы: «Пачакай, і я йду». Ад млоснасьці, аднак, яму адбірала ногі, а ў горле брыняў камяк, які меў смак радыскі.

Баючыся званітавацца, Сьцяпан прымусіў сябе ўявіць рэчку й поле, купаньне на чыстых глыбінях са жвірыстым дном. Прохаладзь! Сьпеў матчыны: «Ой, рэчанька, рэчанька...»

- Да пабачэньня...

Дзьверы, незачыненыя за ім, паскрыпвалі ад скразьняку.

 

28

 

Сумленевіч пагаліўся ў цырульніка, што адчыніў сваю майстэрню ў надта дарэчным месцы - у парт'ерні гарадзкой лазьні. Ад нядбайна востранай брытвы пякла яму скура й хацелася піць. І памыцца - вылежацца ў ваньне, ва ўсьпененай вадзе дакладна адкарэць, абмыцца й нацерці цела шурпатым ручніком; смачна пакурыць потым у чакальнай залі.

Прабыў ён у ванным пакоі мо' з гадзіну. Апранаючыся, зь недаверам зноўку прагледзеў тую паперку. «Вось табе й развод», - успомнілася яму гутарка зь цесьцем. Ён скамечыў дакумант і шпурнуў яго ў сьмятнічку, а неўзабаве - падняў адтуль, выгладзіў ды паклаў у партфэлік з грашыма.

У каапэратыў вяртаўся ён ціхай Старабаярскай (тут чуваць было гудкі паравозаў на Фабрычным вакзале).

У галоўным сакратарыяце, калі Сьцяпан прачыніў туды дзьверы, было незвычайна спакойна.

- Шэф - на месцы? - запытаў ён у сакратаркі, аж тая зьдзівілася гэтым.

- Старшыня зараз заняты, - адказала яму. - Я пазваню вам, пане Сумленевіч...

Дзяўчына пужліва ўздыхнула.

- Дзякую вам. Ня трэба - я сам, - кіўнуў ён галавою, як бы перадаючы загадзьдзя дамоўлены сыгнал.

Сьцяпану зрабілася горача. Ён зразумеў, што падсьвядома сам прыкідваецца прыніжаным, пераўтварае сябе ў жаласьлівую ахвяру чыёгасьці самавольства ў той час, калі мае ў сваім распараджэньні спосабы супрацівіцца.

«Я скажу яму пра Кіру», - вырашыў Сьцяпан. Але не адразу ён учыніў тое, да дробязаў разглядаючы габінэт, быццам нейкі мэмарыяльны пакой, прысьвечаны памяці пісьменніка або вучонага.

- Алё, - ён пачуў праз мэмбрану сухі голас старшыні, які, відаць, дагаворваў з кімсьці тэрміновае. - Так...

- Я хачу пагаварыць з табою.

- Так... А хто гэта, э, звоніць?

- Ты не пазнаеш мяне? Я - Сьцяпан.

- Як?

- Сьцяпан!

- Сьцяпан? - і, затым, старшыня да таго кагосьці: - Вы, э, прабачце мне... Алё, я слухаю, слухаю вас.

- Сьцяпан Сумленевіч тут, - вымавіў ён з расстаноўкай, набіраючыся заедлівага гневу. - Су-мле-не-віч... Чуеш ты мяне?

- Гм, э... Паслухайце вы: у мяне зараз, э, няма часу на размову. Пазванеце мне, прашу я, э, вас, заўтра раніцай, калі ласка.

- Заўтра - гэта доўга.

- На жаль, э, сёньня ў мяне крайне запоўнены дзень. Э, так.

Сьцяпан цярпліва прапанаваў:

- Я зьяўлюся ў цябе ў дзевяць гадзінаў раніцы. Добра? - ён ужо як бы пабойваўся таго, што шэф, вось, пачне сыпаць сьмехам і скажа: «Пацалуй ты мяне, ведаеш, дзе?..»

- Вы перш пазванеце мне...

- Нашто? Ці ня можна нам зараз дамовіцца?

У тэлефоннай трубцы заглохла; яе засланілі далоняй.

- А ў чым, э, справа, калі гэта не таямніца?.. - запытаў старшыня, і Сумленевіч пазнаў па яго голасе, што ён сьмяяўся.

- Дробязь: Кіра перадае табе сардэчныя вітаньні й нешта такое, што хачу я ўручыць табе асабіста, - Сьцяпан дадаў: - Калі так можна сказаць, уласнаручна...

- За вітаньні ад вашай жонкі я дзякую, э, але не разумею іх? - адказаў яму старшыня. - Адносна-ж вашай просьбы аб сустрэчу са мною, дык, э, калі ласка, званеце мне вы, э, прыкладна, у восем гадзінаў раніцы. Заўтра.

- Ты запамятай сабе, што ад сёньня мы зьяўляемся шваграмі, гэта значыць, ад мінулай ночы, і будзем карыстацца між сабою формай «ты».

Старшыня выключыўся.

- Звалата! Круцель! Паганец! - Сьцяпан ператрасаў шуфляды пісьмовага стала ў сьляпой надзеі знайсьці там ладны недакурак; часамі валяліся яны ў звалцы ўсялякіх алоўкаў. - Дурная Кіра! Дурныя бабы! Дурны сьвет! А найдурнейшы - Глянцпаперчык! Ён, гэта тая людзіна, што нічым ня стане рызыкаваць. А чаго-ж ты, брацец-Гляньцец, даб'есься ад свайго лёсу бяз рызыкі, га? Сярэдняй пэнсіі на старасьць, ня болей. І горка сам заплачаш перад сьмерцю, што так недарэчна жыў столькі гадоў, столькі гадоў... Да чаго-ж гэта ўжо даходзіць: штораз больш людзей дрыжыць за кавалак чагосьці ім дадзенага, - бушаваў Сьцяпан, аднак-жа, не падпускаючы да сябе поўнай пераконанасьці да выказанага, каб не разгубіцца. Не ашалець! - Бач ты яго, Глянцпаперчыка: знайшоўся ён мне дарадчыкам! Ты, маўляў, Сумленевіч, уцякай з гэтай працы на іншую. Калі ня зробіш таго - загінеш! Яны, бандыты, наладзяць над табою гэткі глум за нішто, якога ты да канцавіны сваіх дзён не забудзеш. А я, ідыёт, што й казаць, прыняў яго словы да сэрца, прыпужаўся, забыўся на тое, што мне якраз трэба публікі, публікі мне трэба, публікі!.. Сказаць - перад усімі - праўду патрэбна мне, выкласьці яе ўвачавідкі. Я разумею, што праўда можа й сто гадоў ляжаць, быццам багэмскі пярсьцёнак, гэтае прыдуманае нібы-золата. Выклічуць мяне на грамадзкі суд?.. Гэтым яны самі падлезуць пад нож! Бог ім розум адабраў... Кіра ўсё гэта падказала казлу, абдурыла яго, каб такім чынам адпомсьціць яму? Не, яна разьлічвае на дзеяньне хабару: просьценька, паслухмяна, даверліва. Улада прайдзісьветаў трымаецца, а як-жа, на тым, што звычайны чалавек ня верыць у тое, што найжахлівейшае паскудзтва можа сабою прыкрываць яшчэ больш жахлівае. Задам я ім пытлю на іх судовым фарсе, скрозь зямлю яны праваляцца! Пачну я сваё выступленьне з этычна-маральнай характарыстыкі шэфіка. Кіраю ён не паслужыцца... Могуць, халеры, апамятацца ды раздумаць інсцэнізаваць апавяшчэньне грамадзкай анатэмы супроць мяне. Што тады мне рабіць? Як гэта будзе можна заахвоціць іх для таго, каб пачуліся яны зусім упэўненымі... Трэба мне прыкінуцца перапалоханым? Хоць гэта й птушыны, але - неблагі спосаб. Заўтра, у старшыні мо' нат удасца й расплакацца?.. Ах, у мяне больш шчасьця, чымсьці розуму...

 

* * *

 

Адбылося інакш.

Цяпер Сьцяпану зразумела, што старшыня - у сапраўднасьці - забаўляўся. Гэта была спрэчка паміж гадзіньнікавым майстрам, які ведае мэханіку часу, і яго кліентам, які ўмее толькі злавацца на тое, што ўсё часьцей ён плаціць за рамонт паношанага.

У сваю апошнюю, ранішнюю, гутарку зь ім Сумленевіч, як гэта яму ўяўлялася, хітраваў цэльна.

Сказаў ён нягодніку:

- Я вельмі дзякую вам, пане старшыня, за тое, што вы схацелі прыняць мяне. Прашу прабачыць мне ўчарашняе маё грубіянства; я непатрэбна расхваляваўся, але гэта ніякае апраўданьне маё. Вінаваты я! І нават, калі вы па сваёй ветлівасьці й дабрыні пачнеце супакойваць мяне, дык усё роўна застануся я ў смутку... - Сьцяпан гаварыў і гаварыў, чакаючы слоўца рэплікі ад старшыні. Успацелы, ён змоўк.

Тое, што старшыня не папрасіў яго сесьці ў крэсла, Сьцяпан палічыў спрыяльнай яму праявай, уданым паглыбленьнем задумы.

- Я слухаю, э, вас, - азваўся старшыня да Сьцяпана, папіваючы чорную каву з узорыстага кубачка.

Складвалася нешта па-вялікапанску абражальнае; аб лепшым разьвіцьці падзеяў Сумленевіч і ня мог марыць: «Цудоўна! Каб адно не папсавала ўсяго тут тэма Кіры...»

- За гэты няшчасны падпал я ня толькі гатовы, але й павінен адпакутаваць, пане старшыня! - вярэдзіў яму Сьцяпан. - Прашу я вас аднаго: забудзьце вы пра мае сьмешныя ідэйкі! І паверце мне: за гэтыя дні я шмат чаго перадумаў. Зараз стаў я іншым чалавекам. Вы не палічэце маіх словаў, крый мяне Божа, як намёк на спагаду... Суд вызначыць меру маім учынкам. І калі я чаго баюся, дык паблажкі...

Сьцяпан недзе даў маху.

Гэты балван, перад якім ён спавядаўся, перабіў яго:

- У мяне, э, няма часу. Ці гэта ўсё, э, што вы хацелі мне сказаць? Э...

- Гэта ўсё. Дзякую вам. Я вельмі вам дзякую, пане старшыня! - маласловіў Сьцяпан. Яму адбірала дых радасьць, радасная палёгка, яе тандэтны гатунак.

Пагрозьлівасьць, праўда, ён адчуваў, але падобную да пагарды.

Грамадзкага суду над Сумленевічам старшыня не зьбіраўся наладжваць, у чым Сьцяпан, аднак, ня меў пэўнасьці. Распускаючы чуткі пра свайго дзіўнага супрацоўніка, ён, як шэф, меў на ўвазе ізаляваць яго ад асяродзьдзя. Страхам!

І гэта стала ясным зноў-жа пазьней.

 

29

 

Сьцяпана чакала позва ў пракуратуру. Кіра, прыняўшы яе пад распіску, ня ведала, дзе шукаць мужа. Яна папрасіла дапамогі ў старшыні.

Пракурор - лысы й, відаць, ня надта здаволены кар'ерай, - паводзіў сябе зласьліва. Ён прачытаў Сьцяпану міліцыйныя матэрыялы й, непрыемна камэнтуючы іх, запытаў:

- Грамадзянін Сьцяпан Сумленевіч - ці вы пацьвярджаеце пачутае тут вамі?

- Пацьвярджаю.

Пракурор адламаў палавінку таннай папяросы й, замацаваўшы яе ў люльцы, з натхненьнем закурыў.

- У мяне ёсць да вас пытаньне, грамадзянін Сумленевіч.

- Слухаю вас, пане пракурор.

Прыплюшчыўшы вочы, ён зацягнуўся дымам.

- Скажэце мне, так напраўду, за што вы, грамадзянін Сумленевіч, хацелі адпомсьціць свайму шэфу?

- Перш чым адказаць вам на гэтае пытаньне, дазвольце мне, пане пракурор, закурыць...

- Прашу, - ён ветліва працягнуў Сьцяпану папяросьніцу, шчыльна запоўненую. - Курэце, калі ласка.

- Дзякую вам, пане пракурор, - Сьцяпан дастаў свае. - Я прызвычаены да слабейшых. - І прыкурваючы: - Пане пракурор, пра гэта ўжо пыталі ў мяне іншыя, - ён выдыхнуў салідную порцыю дыму, ад якога закалола яму ў мазгох. - Каб не займаць вам, пане пракурор, шмат часу, я хачу адразу заявіць, што прычыны падпалу мною машыны старшыні знаходзяцца далёка ад якіх-небудзь асабістых або прыватных справаў.

- Напэўна?

- Напэўна, пане пракурор.

- Ой, людзі, людзі... А пратакол вы, грамадзянін Сумленевіч, праслухалі ўважліва?

- Матыў жончынай здрады, пане пракурор, надта-ж прыйшоўся даспадобы сяржанту, які дапытваў мяне, - Сьцяпан усьміхнуўся са зьняважынкай на вуснах. - Ну й каб зрабіць яму прыемнасьць, а ўсур'ёз кажучы, каб хутчэй давесьці справу да ведама суду, я згадзіўся...

- Дарагі пане, вы забываеце, перад кім гэта гаворыце! - ён прыкурыў наступную палавінку папяросы. - Калі з вас такі змагар за ідэю, дык скажэце, навошта вы размалявалі вось гэты аб'ект? - і пракурор выклаў на стол перад Сьцяпанам буйнага фармату здымкі з тымі эмалевымі яго надпісамі. - Ну?!

- Узяла мяне злосьць...

- Я разумею - падпал легкавой машыны пажылога набабніка, спроба пабою нявернай жонкі, урэшце, абразьлівыя надпісы - усё можна зразумець. І за ўсё гэта вы адкажаце перад судом, як за незаконныя ўчынкі. Вось, калі ласка, пачытайце паказаньні сьведкаў.

Сумленевіч, бадай, тры разы прагледзеў паказаньні цесьця. Кароткія, амаль агульныя, яны, папраўдзе, уяўляліся яму кулаком, якім пагрозьліва махаюць, але яшчэ ня б'юць.

- Я зараз вам усё растлумачу, - сказаў Сьцяпан: «Мне трэба было наведацца дамоў, а не адразу бегчы ў пракуратуру, як да спачувальнай цёткі!» - Тут, у паказаньнях сьведкаў, другараднае пераўтворанае ў галоўнае, пане пракурор. Падпальваючы халерную машыну старшыні, я меў на ўвазе завалачы злодзея якраз у суд. Не на тое, каб яму даказваць яго злачынствы, бо такіх магчымасьцяў у мяне няма, але публічна акампраметаваць і гэтым перашкодзіць у ганебнай яго кар'еры. Нічога больш. А пра Кірыну здраду я тады й ня чуў, пане пракурор.

- Акампраметаваць, пашкодзіць... О як-жа любім мы рабіць гэтае! А для грунтоўнай дзейнасьці дык нам розуму й не хапае. Толькі крычым, крычым, бо гэтак лягчэй, не? - хваляваўся пракурор. - Хі, адсюль блізка да дзівосных высноваў, якімі вы тут частуеце мяне: суд павінен быць куратарам грамадзка-гаспадарчага жыцьця, узвысіцца над ім і г. д. Я не раблю памылкі, разьвіваючы вашы думкі, грамадзянін Сумленевіч? - Пракурор памаўчаў. - У вас, прабачце мне за вострае параўнаньне, наглядаецца гутарковае разуменьне ролі судаводзтва, якое ня можа й не павінна прэтэндаваць да нечага вышэйшага, чымсьці злачынства й пакараньне. Вы дапусьціліся глупства, па сваёй маладосьці й непісьменнасці ў законах...

- Не, пане пракурор, пра ніякае тут глупства ня можа быць і гаворкі. Усё гэта, што вы сказалі, я ведаю або - дакладней кажучы - ужо ведаю. Скажу большае вам дзіва: я баяўся, што шэф не дапусьціць да судовага разгляду майго выбрыку, добра ведаючы, да чаго я ва ўсім гэтым імкнуся. Я не хуліган, не п'яніца, не валакіта ці дурман, што цягаецца з курвамі. Мне трэба пераканацца, пане пракурор, наколькі структура грамадзскага жыцьця зьяўляецца здольнай самарэгуляваць сябе, самаліквідаваць аварыі або прадпасылкі, што спараджаюць іх, - Сьцяпан, не пытаючы пра дазвол, наліў сабе з графіну паўшклянкі газаванай вады й выпіў з неэстэтычным пожлуктам (бы конь з карыта ля калодзежа). - Мая жонка, Кіра, ня вытрымала ўзьніклай сытуацыі. Яна здалася. Я - не. Скажу асьцярожней - пакуль не. Маёй задуме суд, праўда, не дапаможа, але хоць крыху паслужыць ёй. Настолькі, наколькі дазволіць яму ягоная частковасьць. Мо' я й дзівак? Скажу вам, пане пракурор, што ўчыніў я шмат, каб даказаць сваю рацыю службовымі шляхамі. На жаль, безвынікова. І так, я й мой шэф, бы два жарабцы, гойсаем побач сябе, спрабоўваючы адзін аднаму забегчы дарогу. Каму з нас гэта ўдасца - пабачым. Калі над чымсьці задумоўваюся я зараз, дык над самім сабою: адкуль у мяне такая заўзятасьць? І трывожуся - ці я ня быў-бы такім-жа, як ён, калі-б апынуўся ў яго становішчы? На яго пасадзе. Карацей кажучы: у якой меры чалавек можа стацца незалежным ад умоваў? Быць сабою. Мяне неспакояць, заўважце, памеры зьявы, а не сама зьява, - ён сьціснуў далонямі скроні.

- Так, - пракурор нешта дадумоўваў. - Ваша патрывожанасьць суцяшае мяне.

- Я, мабыць, выказваюся не на тэму, але іначай не магу, пане пракурор.

- Нічога страшнага. Вы, калі ласка, гаварэце...

- Мне моцна баліць тое, што зрабіла Кіра, мая жонка. Не паверыце, але мяне ня вельмі ўразіла яе сэксуальная нявернасьць. Я ня ўпэўнены, ці ў дадзеным выпадку можна гаварыць пра шлюбную здраду мне зь яе боку. Божа, колькі разоў я ў думках здраджваў ёй! Гэта старшыню можна абвінаваціць, мабыць, у згвалчаньні маёй жонкі, у выкарыстаньні яе слабасьці... Ёй здаецца, што магчыма выпрасіць сабе лепшы лёс!

- Ён звабіў яе да сябе? - перапыніў яго пракурор.

- Не, гэта яна прыйшла да яго, каб такім чынам паўплываць на бег афэры...

- І калі гэты дождж перастане падаць, - пракурор адыйшоўся да акна. Сьцяпан няўцямна змоўк; ён потым, апавядаючы пра гэтае ў час адной зь п'янак, сустрэўся з рэплікай: «Бо ён, пракурор, не пажадаў слухаць твайго, булава, даносу на родную жонку!»

- Ведаеце, пане пракурор, у рэагаваньні маёй Кіры - я далей кахаю яе! - абурыла мяне нават ня тое, што яна ўсумнілася ў мужа. У яе пачынаньнях, накіраваных на дапамогу мне, наткнуўся я, надта зьнянацку й прыкра, на ўсё тое жахлівае ў нашым грамадзтве - ізаляваньне адзінак, якія намагаюцца супрацьдзейнічаць распаду грамадзянскіх асноваў. Зь іх паўсюдна сьмяюцца й кпяць! Да чаго даходзіць: маральнае здароўе лічыцца ненармальнасьцю! Жыць у супольнасьці абазначае верыць у сапраўднасьць застольных сьцвярджэньняў: «Міліцыя арыштоўвае цябе не за тое, што ты ўкраў, але за тое, што ня ўмеў украсьці!» Вам, пане пракурор, гэта новае?

- Не.

- Я ўжо ня ведаю, дзе я й хто я?..

Пракурор пацёр пальцамі нос, стрымліваючы пазяханьне. Ён сеў у крэсла, высунуў шуфлядку зь пісьмовага стала і ўзяў адтуль колькі пратакольных блянкаў; націснуў на пятку даўгапісу.

- Вернемся да справы, грамадзянін Сумленевіч. Вы прызнаяце сапраўднымі абвінавачаньні, якія сфармуляваныя супроць вас? Так?

- Я-ж казаў...

- Раскажэце, як вы падпалілі легкавую машыну... - ён назваў дзень здарэньня й прозьвішча старшыні. - Вы добра падумайце над матывацыяй свайго ўчынку. Прашу вас памятаць: ад таго, што вы скажаце тут, будзе залежыць, мабыць, свабода шмат якіх асобаў, якія знайшліся ў нашым полі зроку. Ці вы, грамадзянін Сумленевіч, напэўна кіраваліся выключна грамадзкімі інтарэсамі?

- Я ня ў стане добрасумленна адказаць вам на гэтае пытаньне. Як у прыродзе няма чыстых рэчываў, без аніякіх дамешак, так і ў дзеяньнях людзей...

- Менавіта, менавіта... Паміж вамі й старшынёй былі, скажам, непаразуменьні амбіцыйнага характару?

- Чаму-ж гэта магло іх ня быць? На службе яны - норма!

- Напрыклад?

- Ну, для прыкладу кажучы, старшыні спадабаўся я ў якасьці матэрыялу на стукача, - сказаў Сьцяпан і прыкмеціў, як губы ў пракурора скрывіліся. - Ён, ведаеце, палічыў...

- Канкрэтна, канкрэтна...

- Старшыня сам мне пра гэта казаў!

- Менавіта?

- Што супрацоўнікі давяраюць мне й таму я арыентуюся ў настроях калектыву, у паасобных апініях ды меркаваньнях... Самі ведаеце.

- Ён запалохваў вас?

- Не, не запалохваў. Ён абяцаў мне залатыя горы.

- Вы далі яму сваю згоду?

Пракурор перастаў пытаць.

Ён раскідзістым почыркам запісваў фармуляры, складваў пратакол, час ад часу падымаючы на Сьцяпана пасьлепянелыя вочы. Калі закончыў, ён крадком зазірнуў сабе пад рукаў, дзе блішчэў наручны гадзіньнік.

- Чытайце, вось, пратакол допыту і падпісвайце кожную старонку асобна ды чытэльна, імем і прозьвішчам, калі ласка.

Сьцяпан уседліва чытаў.

- Вы, пане пракурор, нічога дадатковага не напісалі тут, - сказаў ён.

- А чаго вы, грамадзянін Сумленевіч, хацелі?

- Ну, таго, што я вам гаварыў, - няўпэўнена заўважыў Сьцяпан.

- Тое, што вы гаварылі, шаноўны грамадзянін, трэба яшчэ даказаць. Гэта, па-першае, каб вы ведалі й памяталі. А па-другое, зьмест вашых тлумачэньняў ня мае простага дачыненьня да справы. Калі-б суд браў такое пад увагу, дык было-б магчыма апраўдаць кажнюткае злачынства. Сьвет заўсёды вінаваты ў вадносінах да адзінкі, а адзінка - у вадносінах да сьвету, - ён зьнецярплівіўся: - Кантэкст, які вы, грамадзянін Сумленевіч, прыдаяце справе, - беспрапарцыянальны да яе сутнасьці. Вось так.

- Колькі мне ўлепяць?

- З гэтым пытаньнем вы да мяне не зьвяртайцеся.

- Я разумею, пане пракурор. Але - калі можна - скажэце мне, якую кару за мае ўчынкі вы прадбачваеце? - Сьцяпан трымаў на языку: «Або спадзеяцеся».

- Хі, падумаю, пане Сумленевіч. А так, праўду кажучы, дзіўны з вас чалавек. І наіўны. Так, наіўны.

- Бо я выжываю поскудзь?

- Поскудзь?

- І вы мяне, таксама, не зразумелі.

- Я вас зразумеў, прынамсі, так мне здаецца. Я не сумняваюся ў вашай альтруістычнай адданасьці, аднак-жа, ня вам гэта брацца за барацьбу супроць злоўжываньняў.

- Справядлівасьць патрабуе спэцыялізацыі?

- Што вы маеце на ўвазе?

- Гэта, пане пракурор, я дагаворваю вашу характарыстыку мяне. Значыць, я павінен лічыць сябе самадзейнікам у галіне перамаганьня адмоўных зьяваў у грамадзкім жыцьці, у галіне сямейнага шчасьця, таксама ў галіне каханьня, у галіне сэнсу працы і ў галіне веданьня самога сябе... Ва ўсім ёсць спэцы?

Пракурор засьмяяўся - ні то пацешліва, ні то злосна.

- Што-ж, эпоха выбарных судзьдзяў мінула, відаць, беспаваротна. І публічных абвінаваўцаў некалі выбіралі шляхам галасаваньня. Я не пярэчу, што гэта мела свае добрыя бакі, але яно было сэнсоўным толькі тады, калі чалавечы розум мог яшчэ быць Леанардам да Вінчы. Ня зараз, не.

- Мяне, здаецца, палохае тое, што разьвіцьцё чалавека адбываецца ў кірунку яго частковасьці, якая нагадвае ракавую апухліну. Мы, вось, сядзім перад сабою: я - самадзейнік у галіне заканадаўства, а вы...

 

30

 

З пракуратуры выйшаў Сьцяпан з пачуцьцём уласнай бездапаможнасьці. На ратушавай вежы шугаў замацаваны там сьцяг, быццам апавяшчаючы навіну. Паміж крамамі снавалі натоўпы, а далейшыя вуліцы выглядалі паўпустыннымі, зь ледзь прыкметнай смугою далечыні. Мутна паблісквалі калюгі.

Ад «Асторыі» заносіла кухоннымі араматамі.

Ён пералічыў грошы - на абед і да абеду.

У парт'е Сьцяпан папрасіў пачак смагавітых «кармэнаў».

У залі, дзе падавалі звычайную гарэлку, рагаталі яскравыя прастытуткі. Іх ляпалі па азадках здаравезныя тыпы ў шафёрскіх куртках. Яны ўладжвалі сваё.

Сьцяпан заказаў катлетку з перамолатага мяса, маскоўскі боршч, мінэральную ваду й сто грамаў.

Яму хапіла й на другую сотку.

У шэрую гадзіну завалокся ён у свой былы габінэт, яшчэ нікім не заняты, і перанёс туды падарожную торбу, каб пераначаваць там.

«Спаць! Я змучаны, і мне трэба спаць: адасьплюся, дык будзе відней, што рабіць, куды падацца, якое выйсьце знайсьці», - Сьцяпан, не распранаючыся, кладавіўся на падлозе, на дыване з казачнымі ўзормі. Ён падаслаўся піжамай, прыхінуўшыся галавою да тае торбы. І было яму добра...

...Зашумела-загудзела ўгары, і са столі вылузаўся чорт валахаты.

- Ах, во куды ты забіўся, гэ-гэ-гэ, - раскірачыўся ён над Сьцяпанам, сыплючы наўкола смуроднымі іскрамі. - Ну й як? Як табе сьпіцца? Маўчыш. Не жадаеш размаўляць са мною. Сказаць табе прымаўку? Скажу, паслухай: «Языком хоць і сраку ліжы, а рукам волі не давай». Га? Нядурна кімсьці запрыкмечанае, га? Я зараз яшчэ адну прымаўку...

- Пайшоў вон, рагаты! - крыкнуў Сьцяпан. - Пырскаеш мне ў вочы ядавітай сьлінаю, бадзяга!

- Добра, даражэнькі: мой кліент - мой пан! Зраблю я так, як ты загадаеш мне, - чорт адыйшоўся да бібліятэчкі й з асалодаю пачухаўся капытцам па жываце. - Сьпіш? Змарыўся ты, дамоў не пайшоў, а я чакаў цябе на рагу Садовай. Стаяў там, выглядаў, а Сьцяпана Сумленевіча ўсё не было... Думаю сабе, куды гэта ён мог падзецца? Давай я шыбаваць па-над Беластокам, праляцеў над вакзалам раз і другі ў надзеі, што пабачу цябе ля піўнога кіёску. Адзін знаёмы мне праваднік, калі я сеў на плячо яму, нараіў: «Ты, чарнамазы, у міліцыю або пракуратуру наведайся. Няйначай, як гэта туды твой Сумленевічык паімчаў шукаць апоры для праўды, мазгаўнёю ягонаю выдуманай». Так я й зрабіў: залятаю я гэта ў камісарыят, а там, гляджу, п'яніцу валакуць за каўнер і лаюць... Гідкае відовішча! Давай я нюхаць па сяржанцкіх пакоях, але ў іх даўно прапаў пах, э, тваёй справы. Дык зьлётаў я ў пракуратуру. Вельмі, э, прыкрае пра цябе давялося мне пачуць там! Пракурор, ведаеш ты, копціць тыя свае палавінкі ды ходзіць з кута ў кут, пагаворваючы: «Непраўдападобнае! Усяго на сьвеце я паспытаў, але такога балвана не сустракаў у сваёй практыцы!..» Ён, як трапна ты здагадваесься, меў на ўвазе тваю асобу, дарагі Сьцяпанка, - нячысты прыгледзеўся, з кашэчай чуйнасьцю, да Сьцяпанавых рук. - Нічога, фраер Сумленевіч, ня падай ты духам. Сторажы законнага ладу яшчэ не адзін раз вырачаць вочы на, э, твае ўчынкі. А ты не аглядайся на іх - чаўпі сваё, гэ-гэ-гэ... Сумленевіч ня быў-бы Сумленевічам, калі-б узяў ды раптам уціхамірыўся.

- Падла ты, а ня чорт!

- Гэ-гэ-гэ, дзеля таго я і ёсьць, каб людзям не падабацца. Мы, я з табою, як бы ў нечым і падобныя да сябе, э... У чым, га? О ля, я ўжо ведаю, ведаю: мяне любяць толькі некаторыя - і цябе, Сьцяпанка, таксама. Таксама, таксама... Так, ты не пярэч гэтаму. Во калі мне высьветлілася твая загадка! Усё думаў я й думаў, э, чаму ў сьціжме народу якраз з Сумленевіча не магу зьвесьці вока? Ты мяне, кроўны, ужо ў свае юнацкія гады абнадзеіў. Зьдзіўляесься? Разумею, пра дрэннае вы неахвотна памятаеце на Зямлі - але ад чаго-ж гэта мы, чэрці! Такая наша служба. Я табе зараз прывяду на памяць выпадак, дзякуючы якому, можа, э, пасябруем мы... Было гарачае лета тысяча дзевяцьсот шэсьцьдзесят чацьвертага году. Сьцяпанка купаўся ў Супрасьлі за Васільковам, за гэтым разбойніцкім мястэчкам. На беразе стаяла чарада гусей, якія мірна паскубваліся. Наш малойчык - гэта было добра відаць з-за чорнай хмары - ціхенька падплыў да тых бязьвінных хатніх птушак і, намацаўшы на плыткаводзьдзі ўчарнелую дубовую крывулю, шпурнуў цяжменю ў пародзістага гусака. Белы птах роспачна залапатаў крыламі ад нечаканага ўдару й неўзабаве сканаў, задзёршы лапкі ўгору. Тым часам наш герой, адплыўшы на прыстойную адлегласьць, зь любасьцю прыглядаўся, як чужы чалавек, выпадковы сьведка зладзеяньня, мітусіўся ў пошуках забойцы...

- Няпраўда! - выстагнаў Сьцяпан. - Я адганяў таго гусака, каб ён не задзюбаў малых гусянятаў! І незнарокам...

- Апраўдваесься! Ты майстар на гэта, але, пакуль, э, няхай твой чорт будзе старэйшы, калі другога маеш... Возьмем іншае здарэньне. Сьцяпан Сумленевіч, вучань шаноўнага тэхнікума, аднойчы дакладна засланіў вокны, як толькі яго маці выйшла з дому. Калі-б гэта было ўвечары, дык я, мабыць, прасьляпіў-бы як-жа каштоўную рысачку да біяграфіі майго падапечнага... На дварэ стаяла міготкая гарачынь? Сьлізгануў я ў комін, каб з попельніка ў печы падгледзець, чым гэта хлопчык займаецца. Цюкнула мне нядобрае, і я не памыліўся: Сьцяпанка, э, замест урокаў пісаў ананімку клясаваму выхавальніку, у якой ён страшыў яго, што пакончыць самагубствам, атруціцца, калі той паставіць Марысі двойку па хіміі...

- Чорце ты, чорце! - задрыжэў ад абурэньня Сьцяпан. - Ты нават дзіцяці не даруеш.

- Напісанае застаецца, дарагі, э, пагаворвалі старажытныя рымляне. Рэкі маюць крыніцы свае, а людзі - дзяцінства. Пакажы мне дзіця й хібы ягоныя, а я прадкажу яму будучыню. Чалавек - як расьліна, зь якой ён, дарэчы, і выйшаў: усё ягонае ў зярняці знаходзіцца. Вырастаюць зь яго ня якасьці, а памеры гэтых якасьцяў. Вывучай генэтыку, э, брацец...

- Я кахаў Марысю! - вывіскнуў Сьцяпан. - Кахаў яе, як толькі можа кахаць хлопец сваім першым чыстым пачуцьцем...

- Безумоўна, безумоўна... Назаві ты мне такога, які ня ведае, што такое - першая дзяўчына. І старшыня меў першую, э, і бухгальтар, э, і член камісіі. І нікому зь іх гэта не перашкодзіла стацца сабою - аднаму старшынёй, другому бухгальтарам, трэцяму членам камісіі. Хочаш, я складу дасье іх дзяцінству? Хочаш?

- Не-е-э-э!!!

- Ня хочаш, э, хоць аж дрыжыш ад цікавасьці да гэтага. Баісься ты, што я маю рацыю наконт цябе. Бойся, бойся... Страх, калі не ачышчае, дык прынамсі запруджвае ручаіну нечысьці, якая ўліваецца ў душу. Стварае ён ілюзорны ратунак. Поскудзь усё роўна разьліваецца паводкай, якая мае тую ўласьцівасьць, што размывае й затапляе яна ў кароткае імгненьне...

- Я цябе паб'ю, чорце лазаты!

- Брава, брава!.. Нарэшце ты прарваўся.

- Ня муч мяне!

- Крыху пацярпі, мой ты душэўны абадранец.

- Як доўга?! - узмаліўся Сьцяпан.

- Ужо хутка будзе па ўсім, пакутнічак ты безгаловы. А цяпер я прапаную пяць хвілінаў адпачынку, - і чорт уключыў радыёпрыёмнік, што стаяў на паліцы.

Ціха зайграла музыка, даючы блаславёны спакой. Сьцяпан услухоўваўся ў таемныя гукі, і перад яго вачыма перасоўваліся пушчанскія зацішшы й квяцістыя лугі, празрыстыя завадзі з чародкамі рыбы й пясчаныя берагі, ваколіца, замкнёная аблавай ядлоўцаў на ўзьлесьсях, і зарэчны галёп каня, што ўцякае ад паўднёвай заедзі. Спаленая лесьнічоўка ля гасьцінца з Букшталю ў Супрасьлю й тужлівы профіль матчынага твару...

- Стоп! - перапыніў Сьцяпана чорт і ўдумліва пакалупаў кіпцюром у аброслых ворсаю храпах. Ён запытаў: - Цябе, Сьцяпан, бачу я, цікавіць сьмерць твайго бацькі? Вось, э, Сьцяпанка...

- Прашу зьвяртацца да мяне: пане Сумленевіч!

- Калі ласка, э, пане Сумленевіч. Не пачнем-жа мы з-за такога глупства ўзаемна варагаваць. Я ўшаноўваю вашы нявыяўленыя, сакрэтныя, э, пажаданьні, журботнасьць...

- Кінь, чорце, намёкі, калі ня хочаш дастаць ад мяне па сваіх сьлепнякох!

- Кідаю, кідаю... Ага, значыць, спыніліся мы на таямніцы пагібелі вашага, э, пане Сумленевіч, бацькі. А яна мае простае дачыненьне да вас.

- Да мяне?!

- На жаль, на жаль... Нельга сказаць, пане Сумленевіч, каб вы надта кахалі свайго, э, родзіча...

- Што гэта ты пляцеш?!

- Я толькі сьцьвярджаю, - насупоніўся чорт. - І, калі ласка, вы дазвольце мне закончыць выказваньне. Дык вось: ваш бацька, пане Сумленевіч, не беспадстаўна лічыў, што вы як сын, э, недалюблівалі яго. Па гэтай прычыне паміж ім і маці здараліся сутыкненьні, якія паглыблялі ў ім апатыю ды абыякавыя адносіны да свайго жыцьця. Мо' жадаеце прад'явіць вам доказы?

- Не выдумляй, страшыдла паганае!

- Факты вызначаюцца надзвычайнай упартасьцю, пане Сумленевіч. Перш за ўсё таму, э, што іх нельга зьнішчыць. Можна забыцца на іх або прытаптаць, але яны ад таго не прападаюць. Вось так.

- Чаго ты да мяне прычапіўся?

- Старасьвецкае пытаньне, пане Сумленевіч. У сучасную эпоху наш брат ужо не ганяецца за паасобнымі душамі. Мы, чэрці, зараз не такія адсталыя, э, якімі нас усё размалёўваюць манастырскія мастакі. Мы пайшлі з духам часу, поруч з дваццатым стагодзьдзем, і, не хвалячыся, таленавіта перанялі найгоршае, чаго дабілася чалавецтва з часоў сівой мінуўшчыны па сёньняшні дзень. Пэрыфразуючы дасягненьні, э, напрыклад, каапэратыву, магчыма коратка выкласьці наш прынцып дзейнасьці: кожны прападае сам, як толькі можа! Зь некаторым сумам хачу вам сказаць, э, пане Сумленевіч, што ваш спосаб самазьнішчэньня, усё-такі, банальны. Ня гневайцеся за тое, што я вам скажу: вы нудзіце мяне!..

- Што-о! - і Сьцяпан расьсьмяяўся, па-дацэнцку, са зьняважлівай стрыманасьцю. - Бач ты яго, чорта: у няшчасьці шукае ён атракцыі! Пайшоў ты вон!

- Гэта нічога, пане Сумленевіч, што я д'ябал. Вы лепш услухайцеся ў мае словы: шчасьце адзінкі, у вадрозьненьне ад яе няшчасьця, мала інтрыгуе пабочныя асобы. Здавалася мне, што вы разумееце гэта. Люцыпар меў рацыю, калі ён супыняў мяне: «Будзь, слуга ты мой, асьцярожны ў апазнаваньні мэтаў пана Сьцяпана Сумленевіча. У яго можа яшчэ ня быць іх зусім, як у васабовасьці выразна нясьпелай. І зважай ты, не засяроджвайся на яго грамадзкім фанатызьме, гэтай дзіцячай хваробе маладога службоўца, э, якога занадта ўчаставалі крышынкамі ўлады. Ён уяўляў-бы сабою значную каштоўнасьць у якасьці ілюстратыўнага матэрыялу, калі-б затрымаўся ў сваім разьвіцьці. Аднак-жа, э, слабая надзея на тое: Сумленевіч вырасьце на неблагога кар'ерыста, нічога асаблівага», - чорт пазяхнуў і аблізаўся.

- Люцыпар памыляецца! Чуеш, ён памыляецца! Памыляецца!!!

- Не крычы так, - страпянуўся чорт. - Вішчыш ты, бы ў шэсьцьдзесят першым годзе, э, калі ў краме, памятаеш, сам украў цукерку й прадаўшчыца...

Сьцяпан ударыў чорта нагою ў дыхавіну, ажно той скруціўся.

- Яшчэ слова - і я цябе заб'ю! - Сьцяпан патрос кулаком яму перад мордаю.

Рагаты, не разгінаючыся, соп.

Сьцяпан, злавесна пастаяўшы над ім, вярнуўся да логава.

- Такая, вось, удзячнасьць чалавека за сказаную яму праўду! - выпаліў чорт, і, быццам на магутнай спружыне, скакануў ён на абажур электрычнай лямпачкі пад стольлю. - Раз зь цябе гэткі аблуднік, э, дык больш нічога ты не даведаесься ад мяне, - скардзіўся ён. - Ты...

- Пан Сумленевіч! - Сьцяпан пагрозьліва прыўзьняўся.

- Пацалуйце мяне ў хвост, пане Сумленевіч!

Сьцяпан, азьвярэўшы, абхапіў пісьмовы стол і зь дзіўнай лёгкасьцю кінуў ім у пачвару. Затым, упёршыся рукамі ў сьцяну, ён захістаў пакоем.

- Разваліш будынак, жывіна! - крычаў чорт, ушчаперыўшыся ў абажур (ён высока паставіў свой хвасьціска, каб Сьцяпан да яго не дастаў). - Абціхні, чуеш! З турмы ня выйдзеш, э, выскачка!!!

- Яшчэ ты, чорце, калісьці падлезеш пад мой кулак, - Сьцяпан стомлена апусьціў руку; другая-ж аніяк не адставала яму ад сьцяны.

І як Сьцяпан ні выкручваўся, тая рука з расшчэмленымі пальцамі не паслаблялася, наадварот, як бы прастрамляла яна мур навылет. Сьцяпан згодліва аглянуўся на чорта, які з удаванай заклапочанасьцю чысьціў сабе капытцы. Рабілася страшна. «Пане чорт!» - Сьцяпан разявіў рот, каб лісьліва аклікнуць... Ён прачнуўся.

 

31

 

У вакно сьвяціла сонца.

Сьцяпан з панікай паглядзеў на гадзіньнік: стрэлка ўказвала дакладна сёмую; ён хуценька прыпарадкаваў няхітрую пасьцель.

Яму цяжка было выпрастацца - ад невыгоднага ляжаньня спруцянеў карак. Сухія яго вусны паліла гарката ад выкураных папяросаў.

З калідора наляталі ўрыўкі размоваў; пачынаўся працоўны дзень.

У габінэт, у гэтую начлежню Сумленевіча, ніхто не заглядваў, і ён мог спакойна пагаліцца. Сьцяпан, быццам вопытны кансьпіратар, на слых улавіў зручны сабе момант, каб ціха шмыгануць у мужчынскую прыбіральню, да ўмывальніка, са шчотачкай і зубной пастай.

Убягаючы туды, ён з разгону сутыкнуўся з маладою супрацоўніцаю, якая выходзіла якраз адтуль з поўным чайнікам вады (у дамскай прыбіральні быў папсаваны кран над умывальнікам, з чым усе звыкліся). Начыньне выпала перапалоханай дзяўчыне з рук, і, са страшэнным грукатам, выкацілася яно, менавіта, у калідор, непрыстойна заліваючы паркет. А сама яна, не ўстаяўшы на высокіх абцасах, упала на плечы. Сьцяпан машынальна быў прытрымаў яе за грудзі; далікатная блюзачка на ёй разьдзерлася ад таго.

Ашаломлены, ён застыў над паўголай жанчынай, якая, ня страціўшы памяці, нема закрычала: - Рату-ун-ку-у-у!!

- Выбачайце мне, - прамовіў Сьцяпан. - Выбачайце...

- Ратунку!!! - яна галасьлівіла, як матацыкл у тунэлі. - Ратуначку, людкове.

Нехта за сьпінаю Сумленевіча аддаў загад:

- Пане Валодзька, званеце ў міліцыю. Мігам!

Перад уваходам у туалет сабраўся гурт.

- Нумар! Нумар які?! - заікліва пытаўся той Валодзька.

- Дзевяцьсот дзевяноста сем! Ну!!!

Іншыя - шапталіся: «Гэта-ж Сумленевіч... Так, Сьцяпан... Гэта ён... Ай-яй-яй...»

Сьцяпан нахіліўся над няшчаснай, каб вынесьці яе адсюль, але яна, ашалелая, укусіла яго за локаць (мела вострыя зубы).

- Мужчыны! - прарэзьліва заенчыў бабскі голас. - Чаго вы стаіце?! Ён заесьць яе тут!

На Сьцяпана накінуліся; чыесьці кулакі адпіхнулі яго прэч у закутак.

- Дагуляўся, бунтаўшчык!

- Ня дайце яму ўцячы, мужчыны! Трымайце яго, трымайце! Вяжэце!!!

Сьцяпан моўчкі заміргаў павекамі, бы зацюканы злодзей.

- Я таго й спадзяваўся па ім, - здаволена скрывіўся працаўнік адміністрацыйнай сэкцыі. - Бачыце, да чаго ён дажыўся...

- Канцы яму тут! - прарочыў рэфэрэнт з аддзелу паслугаў, якога здобіў высокі лоб інтэлігента.

- Халеры на яго! - ускіпеў нядаўні сябар Сьцяпана. - Ён-жа абяцаў мне дамагчыся павышэньня зарплаты, шыбенічнік!

- Хадзіў, лазіў ён, бы дырэктар які, і ўсё законы свае ўводзіў у нас, - зьедліва загаварыў шматгадовы працаўнік сэкцыі па справах грамадзкага самакіраваньня.

- То яму мыла таго мала было, то ручнікоў, то ладу й парадку, то яшчэ чагосьці, - намесьнік бухгальтара, ад усьцешанасьці, ажно пачысьціў сабе вуха, дбайна насучыўшы дзеля таго на запалку шматок першакляснай туалетнай паперы.

- Будзе яму цяпер, будзе, - праквакаў старэнькі працаўнік гаспадарчага рэфэрату.

- Ой, што ён зробіць у турме бяз жонкі?! - піскнула сакратарка з галоўнага сакратарыяту.

- Даволі наслухаліся мы ягоных павучэньняў: нягодна паводзіце сябе, падлізваецеся начальству, не шануеце свайго «я», жывяце мудрасьцю рабоў... І гэтак далей, - выжаліўся працаўнік аддзелу кадраў і сацыяльнага забесьпячэньня.

- Ах, як надакучыў ён нам, ад малога да старога, - з палёгкай выдыхнула сваё прыбіральніца, якую Сьцяпан прыймаў на работу як маці шматдзетнай сям'і.

- З усіх зьвяроў толькі чалавек умее сьмяяцца, хоць мае дзеля гэтага найменш прычынаў, - ніякавата выказаўся якісьці незнаёмец. На яго паглядзелі, і ён, не аказваючыся, выйшаў са зборышча.

- Што гэта той сказаў?

- А чорт яго ведае?! Нічога ня робіць, адно ходзіць ды ўсё думае. Мо' ён які-небудзь сваяк Сумленевіча?..

- То-ж але, пане інспэктар! Панапрыймаюць гэта на работу невядома каго, дык, потым, о колькі бяды! - заключыла жанчына, якую можна падазраваць, бадай, не болей як у дурноце.

Сьцяпан ступіў дапераду й прамовіў:

- Людзі! Трэба даць паратунак нашай супрацоўніцы, - ён паказаў на дзяўчыну, якая, скромна стуліўшы калені, валялася на халоднай падлозе, адкінуўшы галаву аж пад пісуар. Яна не магла даўмецца, як ёй быць далей. - Дапамажэце мне занесьці пацярпелую ў нейкае памяшканьне, каб...

- ...згвалціць! - ускочыў Сьцяпану ў слова бамбіза з выглядам мядзьведзя, які, у недасьледаваных навукай абставінах, ачалавечыўся.

- Гэ, гэ, гэ... - яго падтрымалі рогатам.

- Як вы сябе адчуваеце? - запытаў Сьцяпан у дзяўчыны. Яна называлася Зіна. - Ці вам рэжа ў галаве?

- Ёй не ў галаве рэжа, гэ, гэ, гэ...

- Гэ-гэ-гэ-гэ-гэ-га-га...

- Як вам ня сорамна, людзі?! - гнеўна рэплікаваў Сьцяпан. - Як вы так можаце?!

- Тое, што ты мог, гэ-гэ-гэ, дык і я, гэ, гэ, ма-а-агу-уу, га-га-га-га!.. Не, Зіна? Лічы - на тваё вясельле мы зьбегліся, га-га-га...

Яна, наліўшыся крывёю ад абурэньня, зграбна ўстала й, не пасаромеўшыся адкрытых грудзей, падыйшла да гэтага Локіса (так празывалі яго мядзьведзепадобенца).

- Я табе, Локіс, морду наб'ю, - і яна ляснула далоняй па яго надзьмутай шчацэ. Удар атрымаўся гулкі; тлум загудзеў у знак прызнаньня. - Ты лепей сабе нагавіцы падперажы, бо на кульшы апусьціліся яны...

- Брава! - начны стораж лёгка выклікаў авацыю. - Брава, бра-ава-а-аа!..

Зіначка паўтарыла ўдар.

- Міліцыя! - крыкнулі дзесьці, відавочна, на ўсходах.

Учынілася гвалтоўная звалка, калі ўсе кінуліся да сваіх пакояў.

- О Божа, ногі! - рыкнуў барытон.

- Рука! Руку мне паломіце!.. - пішчаў галасок.

- Пусьці маю спадніцу, асталопень! - прабубніла баба.

- Зубы! Растопчаце зубы, быдла! - круціўся стары й разьлезлы.

- Ах, зноў абцас адваліўся.

Няхутка зьявілася двух пад службовымі шапкамі і ў сініх плашчох, пераціснутых ганаровымі пасамі з капыламі кабураў. За іх плячыма радасна буркаў кадравік.

- Гэта ён - вас? - зьвярнуўся старшы сяржант да Зіны, кіўнуўшы галавою ў бок Сумленевіча.

- Што - ён мяне? - насьцярожылася яна.

- Яшчэ пытаеце?! - паморшчыўся старшы сяржант.

- Ён! Ён! - пацьвердзіў кадравік. - Так, ён.

- Ну, дык як? - карпянеў службовец.

- Усё гэта няпраўда! - плакліва прастагнаў Сьцяпан. Ён даходзіў да сябе.

- Вы, дазвольце ведаць, што маеце на ўвазе? - ступіла да старшага сяржанта Зіна, няўклюдна засланяючы ахлапінкамі матэрыі цалкам кругленькі станік.

Малодшы сяржант аслупянела чмхнуў, аж заскрыпелі ад таго рамяні на ім.

- Вы ня бойцеся яго, - сурова заявіў старшы, бліснуўшы вокам на Сумленевіча. - Колька, стань каля гэтага тыпа! - загадаў ён малодшаму, які, неяк скрадліва, наблізіўся да падазронага. - Пойдзем, грамадзянка. Усё высьветлім у камісарыяце. Колька, выклікай па радыётэлефоне крымінальнага тэхніка, каб склаў сытуацыйны плян здарэньня.

- Адну хвіліначку, пане сяржант, - пратэставала Зіна з зайздроснай энэргічнасьцю. - Чаму гэта ганьба й людзкі сьмех павінны на мяне адну асесьці?! Узважце, сяржант, што ў гэтай скандальнай бойцы ўдзельнічалі шматлікія асобы. Досыць кінуць вокам на запарожжа, каб здагадацца, што я не выдумляю таго, - яна накіравала зрок міліцыянтаў на страшэнны натрус: скаліўся зубны пратэз, гібеў адарваны абцас, скруцілася вужакай панчошная гумка, дзьмуўся чайнік, які намачыў пад сябе, і іншая драбяза. - Во, колькі дабра...

- Яна жартуе, пане старшы сяржант, - кадравік пасунуўся зьбіраць пагубленае. - У яе грудзі парваныя... Яна... яна...

- Не чапайце! - супыніў кадравіка старшы. - Няхай усенька ляжыць, як ляжыць.

- Аж гэтулькі насыпалася з вас... - зьдзіўляўся малодшы сяржант.

- Ён абражае мяне, пане старшы! - яна тыцнула пальцам у міліцыянта. - Мне дваццаць гадоў, калі хочаце ведаць...

- Добра, добра, - старшы сяржант вытрашчыўся. - Што вы тут рабілі ў мужчынскім туалеце ды хто распаласаваў вам блюзку, га! І чаго з вамі тут гэты грамадзянін? - ён паглядаў: то на Зіну, то на Сьцяпана. - Адказвайце!

- Я ўцякла сюды! Каб мяне не забілі! - яна павярнулася да Сумленевіча: - І гэты недарэка, відаць, забіўся ў туалет, замест хвастаць па пераносіцах...

- Ён дабіраўся да цябе! - расхваляваўся, бы певень, кадравік. - Пра якую гэта бойку ты гародзіш пану?

- Я не магу таго слухаць, пане старшы сяржант! Каму я што дрэннае ўчыніла, каб плёткамі мне сьвет завязваць? - абараняла сваю рэпутацыю дзяўчына. - Самі, пане міліцыянт, паглядзеце, што счаўплося...

Старшы сяржант прыгледзеўся да кадравіка.

- Не, гэта сон, - балбатаў кадравік. - Нечуванае махлярства...

Малодшы сяржант зайшоў кадравіка ззаду й стаў за ім, раскірачыўшыся.

- Гаварэце, што тут здарылася? Хто з кім біўся?

- А чорт іх ведае, пане сяржант! Блюзку, во, змарнавалі...

- Ніякай бойкі, пане, не было... Зьбегліся, каб...

- Зьбегліся? Колька, выклікай крымінальнага тэхніка! Звані: групавы пабой, - і да дзяўчыны: - Хто вас пакрыўдзіў?

- У замяшаньні хіба ўгледзіш, хто, каго й за што?

- Цікава, цікава... - сяржант падыйшоў да Сумленевіча.

- Я, пане сяржант, ішоў зубы пачысьціць...

- Каму? - не ўтрываў перад Сьцяпанам малодшы сяржант. Ён па-хлапечаму расьсмяяўся й, прысеўшы на крэсла, узяўся выклікаць па радыётэлефоне камэндатуру.

Тым часам Сьцяпан тлумачыў, выймаючы з кішэні пінжака шчотачку й зубную пасту, як гэта ён намерваўся адбыць у прыбіральні ранішні туалет.

- Вы, дык што: дома не начавалі?

- Не.

- Ага...

- Яго судзіць будуць за разбой! - паскудзіў Сьцяпану кадравік. - Ён, пане сяржант, легкавую машыну спаліў, шэфа апаганіў, жонку сваю адлупцаваў, бунт у нас падыймаў, людзей добрых бухторыў!..

- Я ня вас пытаю, - суцішыў крыкуна старшы сяржант. - Лепш скажэце мне, грамадзянін, дзе тая згвалтаваная жанчына?

- Я...

Міліцыянты нічога не ўстанавілі. Яны забралі з сабою Зіну й Сьцяпана. Допыт у камісарыяце таксама ня даў вынікаў; пад вечар дзяўчыну выпусьцілі. «А вы - пасядзеце», - сказалі Сумленевічу. І ён ціхмана прайшоў у арыштанцкі пакой. Уночы разбудзілі яго й завялі да сьледчага, які ўжо шмат ведаў пра ўсё.

Сумленевіч - ні то ад страху за далейшыя наступствы, ні то застаючыся ляяльным у дачыненьні да дзяўчыны, - не адступіўся ад узьніклай вэрсіі падзеі. Назаўтра былі прад'яўленыя яму паказаньні сьведкаў - працаўніка адміністрацыйнай сэкцыі, рэфэрэнта з аддзелу паслугаў, працаўніка сэкцыі па справах грамадзкага самакіраваньня й інш.

Сьцяпан не раскалоўся.

Ён выратаваў перш за ўсё самога сябе. (Нядаўна расказвалі яму, як старшыня, даведаўшыся пра здарэньне зь Зінай, папрасіў дзяўчыну да сябе ў габінэт і намаўляў яе, каб яна абвінаваціла Сьцяпана ў згвалтаваньні: дэкляраваў ёй павышэньне на службе. Адказала яму: «Я, пане старшыня, не раздумала выйсьці замуж».)

 

32

 

На працу Сьцяпан Сумленевіч не пайшоў. Не вярнуўся ён і дамоў - спачатку ня могучы прабачыць Кіры, што яна не даведвалася, дзе ён і што зь ім.

Штосьці каля тыдня начаваў Сьцяпан у знаёмых, ад якіх наслухаўся ён усякай усячыны.

Пераначаваў - і ў члена камісіі, які афіцыйна паведаміў Сьцяпана:

- Вас шукаюць з позвай на суд. Ну, адпачывайце ў мяне, а я пайшоў - трэба абкапаць бульбу.

Позву, у той-жа вечар, Сьцяпан паквітаваў на цэнтральнай пошце; хатні адрас на ёй быў закрэсьлены і, відавочна, лістанош надпісаў: «Адрасат невядомы».

Адбыўся суд.

Суд як суд. Адвакату абвінавачаньня засьвяціліся вочы, калі пачуў ён тлумачэньні Сьцяпана, падсуднага. «Высокі суд! У васобе Сьцяпана Сумленевіча мы можам наглядаць тое бессаромнае круцельства, патанаючы ў якім да самога дна, абвінавачаны не завагаўся чыстае й высакароднае зьмяшаць зь нізкім, брудным і подлым...»

Усё прышылі яму.

Уляпілі Сумленевічу дзіўна нямнога, гадоў нешта паўтара. Нечуванае: без грашовай рэкампэнсацыі пацярпеламу!

Турэмны выхавальнік неяк наладзіў дыскусію аб маральнасьці, яе сутнасьці й скрыўленьнях. Сумленевіч меў палымянае выступленьне; ён моцна зьдзівіўся, калі пасьля гэтага дыспуту запрапанавалі яму працу ва ўнутраным радыёвузьле турмы. Там было ўжо двух: юрыдычны дарадчык, якога пасадзілі за камбінацыі, і будаўнічы інжынер, што пракраўся на цыманьце. Сьцяпан пісаў перавыхаваўчыя гутаркі (памерам да дзесяці хвілінаў), зь якіх яго незвычайныя супрацоўнікі рабілі жарты. Ён абураўся на іх, і дайшло да нашумелай авантуры, пасьля якой Сумленевіча перавялі ў брыгаду па будаваньню дарогаў. Непрызвычаенаму да фізычнай працы Сьцяпану Сумленевічу цяжка даўся там першы месяц - смылелі яму нават костачкі!

За прыкладныя паводзіны ён быў умоўна выпушчаны з турмы пасьля году. Зь пяцідзесяцітысячным заробленым капіталам, на той час вартым паезджанага аўта.

На ўскраіне Беластоку купіў Сьцяпан малюткую хаціну, от, пакоік з куханькай. З дрывотняй ды акрайцам агароду. Сам сяк-так змайстраваў неабходную сабе мэблю й паліцы на кніжкі, на ўсю сьцяну.

 

Беласток, 1977-1993


1977-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com