epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Скроўба

Скроўба, рыскун горадзенскі, здзівіўся быў, калі наказалі яму рушыцца ў Крынкаўскую пушчу на дасвецці, нават не памаліўшыся на завутрані ў Каложы, з вупаланянкамі гожагалосымі, што спявалі ў клірасе. З рыскуноў усіх на замку ён адзін заставаўся, зялёны пакуль у змыслай справе роспытнай; хто ў заполлі Белай Русі падаўся, дзе вялікі гаспадар нядаўні Свідрыгайла бушаваў жа, згнаны з пасада віленскага, а хто з іх і пад кардон крыжацкі, у паазер'і яцвяжаўскім. Тутака ж, у Русі Чорнай, гаспадарыну новаму на Вільні пакланіліся, Зыгмунту Кейстутовічу, і - Богу дзякаваць! - супакой усталяваўся; кароль Уладзіслаў Ягайла, як гэта таемна вядома стала, паляваў сабе ў дрымотніках белавежскіх удостальна.

Скроўбу не трэба было і ніяк нельга ведаць пра тое, чаго менавіта павінен апынуціся ён ажно за старажоўляю ўзмежнай у Крынках, у бездарожжы лясоў ды балотаў на прамечы да візненскае воласці акольнічай у Мазоўшы.

Служба ягоная ёсьць зразумелая: на абодва вушэй і вачэй глядзець ды чуць і зведамляць пра грознае не пазней, як да вочы другое слугам старасцейскім або і намесніку самому ў Горадні.

Рыскун Скроўба памятаў аб тым, з паганасці якое стаў узвышаным да людзей служылых. Ён - сын смерда нявольнага або ж і байструк Глебавічаў ваўкавыескіх, па праву першаночы зроджаны. Таму лепей не падумваць занадта яму, уголас, прынамсі. Нямаш горш ад таго, калі ты сябе пераканаеш да чагосьцека ў жыцці небяспечнага! «Каб язык твой не прадаў цябе», - Скроўба ўтомна абцёр пот на лбе, расхваляваўся ж.

Ехаць дык ехаць; узяўся ён за рыхтунак у дальнапуцце. Доспехі свае ўласныя меў напагатове няблага: меч адно навайстрыць не звадзіць, а то і пяском паздзерці іржынкі на ім, попелам пачысціць па чаранішча самое. Скроўбу злосць бурклівая заела на тое, што ў галаву, вось, лезе абцэсам усялякае. Хаця б пра таго Свідрыгайлу, які спадзяецца надарэмна падмогі і сабе ад Русі Белай, сам у Полацак збягаючы. Моц найвялікшая не там яна.

Ягайла, вунька, у Ваўкавыеску, прымаючы карону польскую, ведаў, нябось, што рабіць і ў які ж бок пахільваецца мус. Калі пабіць каго няма змогі ў цябе, прыяцельства з такім ладзь!

Мечыска, на пабоішчы крыжацкім ля Наваградка паднятае, ззяла мутна; незадоўгае і паручнае.

Харчунку прыдбаць яшчэ ў мех: кумпячыны дымленай, саляніны свіное пяддзяў шэсць, найбольш сухароў з прыпечку, бобу сушанага прыгаршчаў, солі з вузельчык (дзеля рыбы печанае). Купля таго - у жывінабойцаў, у склепнікаў меставых, у прыкупчыкаў; а грашоў жа небагата. «Калі гэта клікалі на плацеж?» - Скроўба пасмутнеў: на піва, пахляптаць, не стане ўжо.

Слуга старастаў прыйшоў з напамінам:

- Ты, Скроўбчык, за Крынкамі паблукайся да святога Рыгора дня. На лугавішчы Супраслі яко і Сакалды зважай тамака, адкуль злое ўсяк-усякае забягае ў воласці рускія, разлогамі Бобры і Бярозавае асабліва даходзячы...

«Гу-гу-гу! - цюкнула Скроўбу. - Важлівае нештачкі здумана, раз загадышамі гэткімі напуцілуюць мяне...»

Ён з Горадні выбіраўся, бы на той свет які: у рыскуны ўведзены, набыў умельства з тропу прадчутага не збівацца. Нюх задушэўны нядобрае наветрываў яму. Намеснік горадзенскі са Свідрыгайлам, мабыць, перамовіўся, сам веры рускае жа ж будучы - закруціўся Скроўба ў сядле. Спадары са спадарамі, як тыя паны польскія, самі ад сябе жонак сілком не пабяруць, разуваць да пасцелі не прымусяць іх, дачок беларускіх на смехату людскую не пазагольваюць, горлаў не пападрэзваюць узаемна; пацалункамі ханскімі ўгоду між сабою апавясціўшы, навалу ўсенькую дружыннікаў чортапалохіх на вёскі звядуць дзеля здзерстваў ды ганьбы сялянкам, воям апрычным рагатню абяцаючы, роспуст разбойны па хатах платаю робячы ім за вернасць ды стойкасць бойкую... Ой, пасыплюцца дзіцяты зноў жа і ад дзяўчынятаў, войніцкія, не ведаць, чые смургелі... Ну, улада ёсць улада: на глум людзінаў!

Самому жа Скроўбе жаніцца жадалася. Зофку-пскавянку займеў ён на прыкмет свой, але ж і страхацеў перад мілаю яму хацечаю, міру начэкваў усё, каб, злітуйся Ўсявышні, жонку маладую не акабылілі найміты збройныя, віном і бабамі ўз'ятраныя для гарадзішчаў узяцца, як гэта на войнах пажарных бывае. «Найлягчэй, пэўна ж, не сваімі слязамі расквітвацца, - падумваў рыскун, больш як быццам целам, ды пужаўся. - Нечага ты, Скроўбчык, не зразумеў, морда твая жмудзінская».

Да Бераставіцы дабрыў ён на гнядым Ветрагоніку пад поўнач, нясхоўна, шляхам умерзлым. За Індураю недалеча, у верхнім лесе, выла ганьё воўчае, відаць, наетае падалішчам звярыным. А мо таму, што счула яно абоз, за якім Скроўба міжвольна пасочваў ад самае Горадні амаль жа, Купцоўскі і дарожжа блізкага, без лучнікаў, у Іслач або да меншчыкаў ваўкавыескіх, што тавар трымаюць аж з Рыгі. А маразеча ўстаялася лютаўская, трэскат палоззя санінаў чутно на стайні і коней цяглавых похрапы, дый возчыкаў воклічы так жа. У селішчы ж самым, бераставіцкім, пад карчму Івашкавіча яны навалакліся, дзе лучыны ў мутняках ваконцавых гарэла досыць, не найлепшыя пухірыны валовыя тоўстыя падсвятляючы; брахаў піскліва дварняк.

Скроўба скапыціўся: уведаць могуць яго тут, гарцамі бражкі зачаставаць подступна дзеля волі языку нейкія служкі, богведама ці не мазавецкія якія! У абарозе сена заначаваць яму, што на поплаве аддаленым Бераставічанкі, скуры пухкія на сабе меўшы, хоць Ветрагоніку не даспадобы гэта ж на выпадак збегу ваўкоў ад багнаў. О, доля ты псячая, рыскунская: ціхам усё зроблівай.

Мясіва пажаваўшы, ён здрамнуў чуйніста, ахап травы надранае з абарожыны падкінуўшы Ветрагоніку нанач, перш аўсом падмацаваўшы каня. Даляталі малавеле да слыху ягонага погаласы ў зімень зорную; півашнікі буянілі ў Івашкавіча. Глыбачней залёг ён у цяплынь улеглую.

Сон сасніў Скроўба жахотны! Яго падклікаў да сябе нібы сам гаспадар вялікі Зыгмунт Кейстутовіч, вярхом на каніску рыцарскім седзячы, у белым цэлым плашчы з крыжамі чорнымі чамусьці на ім: «Скроўба, а Скроўба! Капцы гаспадарству беларускаму Свідрыгайлы-князя! Да мяне пераходзь жа ты, нос сабачы, грыўняў табе надам за тое ды паланянку пакладзістую сам выберу табе такую, што кроў з малаком у ёй, і ад нікога яшчэ не нарадзіўшую...» Скроўба ўпаў на калені. «О спадарыску мой вялікі а добр! - узмаліўся. - Я за табою быў заўжды і буду, ды нашто згадваеш мне, о светлач мая, пра Свідрыгайлу, ворага ж свайго? Я - не яго ёсць...» Загрымеў гаспадар на рыскуна: «Змоўкні, смерд ты, ні слова болей пра панства так, бо Свідрыгайла - брат мой і не раўня ты яму, і памоўліваць аб ім не пасмейвайся! Не твайго роду ды розуму дзеянні ягоныя...»

І Кейстутовіч батагом размахнуўся, каб смердзюка здзяжыць.

 

...Скроўба, успацелы ад маркоты, расплюшчыўся і спачатку адчуў, чымсьці сцяміў, што жуд зараз знадворку ўшчынаецца і пограз: Ветрагонік задам да яго таптаўся, галаву апусціўшы да зямлі самюткае, і хроп ён натужліва, а бліз вогнікі мільгалі жаўтлявыя і цені імклівыя шнырылі. «Ваўчэча!» І завыў Скроўба, бы ваўчыца, якую мядзведзь разрывае, разбуджаны з бярлогі. Ён абарваў выццё гэтае несусветнае, знячэйна перамяніўшы яго рыкам шаленізным бурага; і драпежнікі ад такога ў хмызы падалі.

- Каб Бог даў выратаванне ад пекла на тым свеце асочніку таму з-пад Бярэсця, што адхрышчваўся быў ад рыскунецтва мазаўшанскага і вывучыў мяне выць так у аблозе, а якога, аднак жа, стрэбілася агнём спечваць, бо ў нічым па-добраму не прызнаваўся ён, упарцец.

 

Скроўба згаварыў пошаптам малітвенку за спачын лёгкі сабе ды апусціўся паспаць блаславена.

 

* * *

 

На старажоўню крынскую выехаў Скроўба ўрослымі гушчэчаю алешнікавай логамі Крынкі плыцезнае, паболей ускраямі пагорыстымі бору. Ён чуваў стукат дрывасецкі, недзе ад сяла Служкі. Яму нельга совацца на відавок людскі. Накіраваўся ў гушчавіны, што ў бок баяр путных Уснаршчыны, каб шляху шырознага цераз Калодзежнае ды ў Гарадок не перабягаць або ў полі Вострава не выявіцца крый Божа і Пяруне магутнейшы! Пастаяў ён быў трохі, з Ветрагоніка ўпрэлага злезшы, і на вышку па-над Крынкамі глядзеў, на якой шчытнік з дзідаю цікаваў тырчма; на полудзень бралася ўжо, з дымнікаў хацінаў, што, на прызамчы, страваю пахацела ды печанню. Вароты цвердзі расчыніліся, і гайню татараў выпусцілі з іх, няйначай, з Белагорцаў або жа Цюймічаў ці бо Ліпкаў, якія пры Вітаўце там пасаджаны, на пустэчы прыкардоннае, між Іслаччу і Лідзянкаю-рэчкамі.

Скроўбу есці скручвала, гарачага паспытаць. Ён згадваў, што рыскуны, не ў адной бядзе бывалыя, прыгаворвалі: няма дыму без агню, а дзе агонь, тамака і чалавеча ёсць. «Пацярпі жа, кіндзюк мой, будзе табе агнішча і ежа, як да багнішчаў дзеразінскіх адно даеду, дзе калі каго і напаткаю, дык хіба што недабойка яцвяжскага ці то - не дапусці да таго, Пяруне! - зграю збродную пажыткаў у пошуках».

Ветрагонік, толкам згаладнелы, на мяшок тугі з аброкам касіўся; рыскун гэта за сядлом, вось, прытарочыў. Адкуль яму, коніку загнанаму, ведаць і пра тое, каб натрусу якога не пакідаць пасля слядоў гэткіх здрадных. Грудзі боязь схаладзіла Скроўбу ад прыкмеціны дрэннае, што вось аб'явілася: над палянамі астраўскімі, паміж бярэзнікамі, во, магільнік кружыць! Мерцвячыну мо - арол рэдкі, што налётамі з Палесся заяўляецца, - узмеціў? «Трэ чакаць усякага: татары не без дай прычыны ў замчык крынкаўскі заязджалі. Зноўку сумятня, а як жа бы не так, у гэтыя землі прыбілася, - разважаў ён, праныраючы ў мясцінкі пад'ялінавыя незавейныя, бы ў схоўні ўсё роўна. - Слугі намеснікавы, відаць, ад службаў лістоўных весці ўзялі несуцешлівыя... Або і горш! Ну, без шпегуноў у ліхоцце цяперашняе валадарам ніяк не абысціся; жарты, нарокі пабеглі з Горадні на самую Белую Русь, і да мяне, у Яновічы, збочыў нехта з іх, хоць у Віцебску, і далей жа, у Полацку, гаспадар сагнаны, Свідрыгайла, уставы свае ўсё наводзіў, сілу збіраючы з падтрымкаю маскоўскаю, проці Вільні, Трокаў зрушыцца, і Горадні той жа з Новагарадком, у Чорную Русь пайсці з палкамі і аж да Падляшша дабрацца».

Скроўбу здогады ўпыніў тупат спадцішны долам; лугавінаю закусцелаю ватажка коннікаў пагойсала. Не страж польная ані татары-ліпкі тыя паімкнулі так, на Сакалду болей. Ой, акольнічыне крынкаўскай блага, адбываецца небяспечнае тут ад захаду!

- Ветрагоні, ляж! - шапнуў ён верхавому ў вуха, які, вывучаны гэтаму цярпліва, спачатку панюхаў чагосьці перад сабою, на зад асеў і паваліўся на бок.

- Малайчына ты, - паляпаў яго па шыі, паказытаў яму за пашчэнкаю.

І ўсё вачэй не зводзіў рыскун з галіноўя, за якім шапкі лісіныя ўводдаль паскоквалі, плечы з лукамі і з калчанамі знізу. «Паспрабую я за імі ўслед падацца. Нячыстае прадчуваецца яксьці, бо чаму яны абралі сабе глушмань пушчанскую дзеля пераходу ў раннепомрачнасць зімавезную, і калі хмары завалокаю вісяць, снегападдзе прадвяшчаючы? - прашэптваў ён ледзь дослышна. - Языка ад іх звалачы знагодзіцца, тады і ўведаю, хто ды чаго прыпёрся, ага, сюды. Скроўба не з тых, што паражняком вяртаюцца...»

Ён, без скупечы зараз, задаў Ветрагоніку аўса; мацаты яму хай прыбудзе. А і сам паеў, без печаніны жарнае. Асцеражненства ёсць закон рыскуна; вораг не шкадуе яго, ды і свае выракуцца такога ўвалілы, калі што.

Пагоду наносіла зменлівую, завіруха ўзнімалася, у якую толькі і ўцякаць удана перад пагоняю. І яму, Скроўбу, таксама, на выпадак чаго благога. Значыць, за невядомцамі паспяшаць мусіць ён не адкладваючы, хоць і не надта настойліва, каб з гарачага не напароцца на іх хітрэчу нейкую. Ды і падумаць пра тое, што начлегам пастануць яны ў старалессі цішным пэўна, дзе і цяплечы тае крыху і звяр'я ўстрашнага меней. Мазаўшанамі акажуцца - не дальш, як на гоні Скроўба зможа падысці да стойла іхняга. Ветрагоніка расцугленага ў лагчыну адвёўшы, каб не знюхалі яго, а сам падслухаць гаману іхнюю. Раз'ятраныя яздою безагляднаю, шмат аб чым разгаворацца тыя між сабою жа ў адлежванне перадышнае, як гэта зазвычайна.

Удача не пакідала Скроўбу, але ж дабіваўся ён яе, рук не пакладаючы. Уследак ездакоў рухаўся маячліва, апазнаючы, дзе спех быў у іх жа, а дзе і спавольна прабіраліся яны паўз накурганішчы стромныя або ў цяснінах паміж бураломінамі; да ночы зусім. Урэшце ж і таптаніны капытныя натоўпістыя паказаліся сюд-тут ды і адбегі звілістыя ў астаронне водшыбнае дзеля розглядаў, відавочна за прытулішчамі ў купах дрэўя, каб злегчы ад стомы. Яно так і было; ватажнікі таямнічыя часам тым, вось, на Лысай гары, за вывараценем сабе ўгняздзіліся, неасцярожна нічога трывоглівага не прызаўважыўшы. Рыскун гэта з побліскаў дальнечных ад касцёрыка ўспалымнелага між імі своечасова ўстанавіў быў; у пушчы, як ад цуду якога, рассвятлялася. «Бясстрашша ўступіла ў іх, - адзначыў сабе Скроўба. - Цяперака і хапаць каторага вазьмуся, калі дзе хто адлучыцца адзін. Жа ж каб звяруга з прыблуду поначнага не начаўпла перапуду! Усенька тагды сапсуе. Каб не ваўкі хоць!» - Абломец сухара пагрызваў ён; бобу ў рот падсыпаў. Ветрагонік жа, ад няма чаго рабіць стоячы, траву напаўзялёную з-пад змярзліны выдзіраў сабе, бо на Ласіным падбагонніку са здраямі прыступіліся, ён і чалавек з сядла, пра якога хтосьці мог бы казаць, што ў яго шчасця больш ёсць, чымсьці розуму.

Скроўбу пашчасціла. Падпаў пад ягоныя кулакі дзяцюк малабароды, амаль жа хлопчык, якога даканаў, горла заціснуўшы яму пальчыкамі сваімі валасатымі, шыю курачую, як быццам. Вываліў той бельмакі, рукамі памалаціўшы ўсляпую, бы валянтоўшчык без духу, і абціх без гуку, змякнуў, як мех з зернем, што ў свірончыку ссыпаюць у скрыню. Звязаўшы яго рамянём, вусны завязаўшы яму скуркаю зайчынаю з лапкамі, а затым жа ўзваліў сабе на плечы ды, у грумаках грузнучы дзе-як і па пояс, данёс стрымгалоўна да Ветрагончыка. Застагнаў быў неўдалота. Скроўба, пераваліўшы яго жыватом цераз хрыбет конскі, узяў цуглі і крануўся пешкі, на Дзеразін дрыгвяністы зразу, пакасіўшы потым упрамак Мазуровае паляны, памятаючы мець Вялікую Мядзведзіцу ўсё лявей ад пераду. Ужо і зняў быў павязку з рота палоннага, узамен далоні яму абматаўшы ёю замест рукавіцаў, што ў клубаваніне з ім зацярушыліся.

- Пусці ты мяне ісці на вяроўцы за канём тваім, а то закалею я ў маразіска такі. - Папасыпалася, і рыскун запаволіў хаду, паўздыхваючы ад злягчэласці. «Дадуць Бог і Пярун усемагутны - у нядзельку святую ў Каложы маліцца буду і шчокі любашчыя Зофчыны глядзець».

- А ты, нябось, з-пад Тыкаціна або Візны жа будзеш?

Вязнец такі скалануўся:

- Ага...

- Чаго ж гэта прыгнала вас сюды, га? - папытаў Скроўба з хітрай няхітрасцю.

Ветрагонік тупаў знурыўшыся, быццам гэта яго, во, вядуць у склеп згніваць па-пакутніцку.

- Мяне?! - уздзівіўся той звягліва.

- І цябе.

- А, пакупцаваць без мыта здумалі мы... ну, скуркамі дарагімі.

- Якімі жа, калі гэтак кажаш?

- А, бабровымі...

- Уразумлеў: за балвана мяне маеш, васпане! Сака ў Горадні паглаголіць з табою не так, як я: спаважна ды пры горане кавальскім, што і ад застуды вылечыць цябе за тым жа заходам, а і павыеш сабе, маці-бацьку пападзякуеш за тое, што на свет белы вылупіўся ты ў іх, змярзляк, гэ-гэ-гэ...

Па тым, як маўчаў гэты спайманец няўрымслівы, Скроўба разгадваў яго вопытнасць. «Калі яна ёсць у яго, дык няблага ён пачынае, язык за зубамі трымаючы, бо ж хоць і расказаў бы ўсянютка праўдзіва адразу мне, то і так галяком мучыць прывяжуць да лавы, падкову, у вуголлі распаленую, да заду прыкладуць яму, бакі галавешкаю падсмаляць. Прызнаецца ён дачыста, накшталт наванітаў пасляперапойных!»

У рассвітанак пагрэліся яны на паляне Асовая Яма, сухаголля дзеля бяздымнасці агню Скроўба пазнаходзіў. Да полымя сабе пагаманілі па звычцы старадаўняй, пра лясунскіх дзеваў-лоймаў, і тады ж у дзецюку гэтым - мардатым, як убачылася тое ў блісках, - штось як бы трэснула. Сказаў ён няспытаны:

- Чуў, казалі нашы: Ягайла-кароль у Крынкі і далей, у Літву, наведаецца, ага... Гаспадар вялікі Кейстутовіч упрасіў яго, ці што?

Скроўба знямеў, але ж спакойна адказаў яму:

- Брэшаш, ды годзе.

- Каб я так здароў быў, калі няпраўду перагаворваю вам!

- Здароўем ты не падкідайся вельмі, чуеш. Яно спатрэбіцца табе моцна... - І злагоднеў да яго: - А чаго ж знадобілася вам хэўрай цэлаю ў тыя Крынкі, га? Караля сустрачаць, ці як?

- Я ж не казаў, што ў Крынкі мы!.. Я казаў ужо: з бабрамі...

- Бач ты яго, як ён гэта на мяне разявіўся?! - рагатнуў Скроўба знарок гідліва. - Ну, уставай, хопіць балбатаць, у замку, во, пад бізунамі нашчабечашся, гэ-гэ-гэ! Хвост твой на кілбаску прыздобяць, ніхто не стрымаў гэткіх прыемнасцяў... Ад татараў, брацец, навука такая пайшла па Русі, - а ўсё назіркам паводзіў сябе рыскун: «За дзень да вечара раздумае, сабака. Цісні яго, Скроўбчык, пакуль не пацвярдзеў ён, бы тое мяса ад пасолу!»

Скроўбу і прыкра было неяк ад таго, што язык размоўлівым выдаўся. Палахлівец на катаванні наверашчыць усялякага: што ведае і ня ведае. Павераць і не павераць яму, скажуць: якое ты нам, Скроўба, звалок плятунскае? Адкажа ім: хацелі б вы такога, які боляў шмат перанясе, каб ману, выстагнаную ім, за праўду праўдзюткую ўспрынялі? Будуць яны гаварыць: ну-ну, гэткіх на свеце нягуста пасеяна, ну, не ўдачнілася табе, бывае, але дзякуем за тое, што і ёсць... не злуй жа на гаварэнне нашае.

Вятрыска са снегам вывальваўся клубамі з прагалаў, вочы залепліваючы. Ад адлігоцця ныццё па ўсіх касцях распаўзалася, млеўкасць адольвала, калі павіднела канечна.

- Го-го-оо-ооо, як табе тамака?! - загудзеў Скроўба. «Нам разлогінкаю стока Бельшчанага ісці б, а не ў міждрэўі церціся, бы чэрці тыя балотныя. Чаго добрага, у блудава ўб'ёмся». - Го-го, ты стаптаўся, мабыць...

Мазаўшанец як стаў, так і прыхіліўся да елкі, усё роўна што да падцішша прыпаўшы ў віхурыску, знянацку шугануўшую. Ветрагонік жа супыніўся як укопаны, каніска разумлівы.

- Што, зноўку сабе пабяседзім? - падышоў да яго Скроўба, перш Ветрагоніка радзюжкаю накрыўшы і з сябе павеіны паабтрэсваўшы. - Надумаўся, га?

Той на рыскуна зірнуў, як трус чырванавокі са стуленымі вушамі. І не адказаў ён нічога, але адчувалася ўжо, што загаворыць усё ж. Скроўба рукі сабе ў кішэні засунуў і ўсё зроку свайго з яго не зводзіў, вырачыўшыся, бы вуж на жабу.

- Як бяда ў хаце, то аднае мала. Трэба, каб была і другая...

- Ну! - рыскун пад нецярплівіка падшываўся, бо так трэба было. «Перад такімі дурнеюць мякуны», - адзначыў ён сам сабе.

- ...З чалавекам адным слугове кашталяна візненскага ўзбачыцца вінны былі, а пэўнасці не было, ці той ён шчыры ёсць і ці не падманнік або падвойны які...

- Важны хто гэта?

- Сказаць - не скажу, бо ў заставу паслалі былі мяне, погудам пугачоўскім меўся я пра небяспечнасць папярэджваць, калі згледзеў бы каго, як з дарогі ў Гарадок зварочвае...

- Ты мне тут не выплятай плецені, васпане, што не бачыў ніяк чалавека змоўнага таго!

У кончык языка ўкусіўся чужак, заядласцю ад яго дыхнула неяк выбухна. Скроўбе ажно раўці напірала ад хвацкасці цяпер! Ён не абмыляўся ўжо ж такі бессумніўна ў тым, што на слядок дзеі страшнейшае напаў нязглядна, як на тое нейкае дзеўчынё, што выпадкам улавіўшы ў ягадніках чарнічных і з кашом поўным-поўным, не счэкваючы, пакаціўшы ды высмаліўшы сабе беспакарана да ўпаду самюткага віскуню выкрутную, да цемначы ўваччу, яе выенкі непадатлівасці выслухоўваючы з саладэчнасцю. - Я быць у табе, а ты, прыгажуня, казаць: я былася з табою, га-га-га...

- Важнеча запраўдная стане хіба ж збруджвацца зносінамі з гэтакімі, як мы? - пабараніўся спайманец зблажэлы.

І Скроўбу нешта благое заціснула, і лыпіў ён, вызначаючы, колькі хітруннага ў таго і даверлівасці лопушнае. Зрыўная дзьмеча мяцельная - відаць, ад заполяў астраўскіх - скуголіла, заносіла свет беласцю сыротнаю.

Струджанасць даймала яго ўсясільней, чымсьці ў дасвецце.

- Ніць ад клубка адкусваеш, уюн ты, - рыскун вышчарыўся на хлопца. - Лічыш так, што важнецкі неабавязкова павінен быць разумным і сам ён, а не цераз пасланніка свайго, аб'яўляцца перад абы-кім пачне? Каб весці ад відавочцаў нарабіліся ўдадатак яшчэ, га? - заеўся на яго. - Ты, слепачу я, мудрэчаю бегма выганішся, малака пад вусікамі не выцершы, - нагаварыў яму Скроўба небязвопытны. - Людзец першаступенны, а братка ты мой, ёсць устрашней галавы яловае; падчыну аднаго другому сутнасць тут цэлая. Ну, варушыся: устылі мы, а нямала здарожымся вось, покі пад Горадню падыдзем. Бог дасць, у сутонне...

Скроўбу лепей не прасоўвацца прыселлямі ходжанымі ці на будыны напатыкацца высмалаўскія, каб з людзінамі якімі-небудзь не пасябрацца на пагібель сваю. А і пераходамі тымі ж валэндацца ўторна памылкаю быць можа; цябе ачапіць з гушчарніку лёгка купаю. Трэба ж на Коматаўшчыну кірунак мо трымаць, паўднёвей Свідзіла двара паляўніцкага, паміж Каралёвым Стойлам і Перацёсамі выхаду пашукаць, бо ж і рыскуны крыжацкія, як ваўчугі тыя, каля селішчаў ды шляхоў сноўдаюць, і пад выглядам каго хочаш уздумваецца ім. «На пярэймы мяне служкі кашталянскія кінуцца могуць, хоць следдзе і пазасыпала! - неспакоілася яму. - Яны ж не лыкам шытыя».

Палоннік лупаты ледзьве падаспяваў за Ветрагонікам, цяпер вяроўкаю даўжэрнаю запетлены арканам на карку, што волю большую давала яму і з сілаў не выматвала яго, як дагэтуль. На незнаёмца конік пакепліваў, быццам хвілю якую здатную падбіраючы, каб капытам у лабаціну саўгануць яму. Скроўба ж, з мячом упагатовеньку, накіроўваўся нетаропка справа налева ад намечанага, шлях каралеўскі перасекчы ўспужаўшыся. Ад Вострава пабачыўшы, рыскун крутнуў на Адэльск ды Індуру, тудою, дзе азерцы ўзбагнелыя Бяздоніца і Аношкавік, што ў сяродлессі між сядзібішчамі Шудзялаў і Кныша, Гаркавіча і Карпача, Піражком празванага. Там, ад Крынак нат, і дым хатні з пахотамі хлеба свежаспечанага не даносіць завейнік усходні, на таквеле.

Сціхнасць уднеласці запаноўвала.

- Куды валачэш мяне на ўвязі гэтай?! - ні з таго ні з сяго закрычаў машаўшанец, малады, дык і нетрывушчы.

- Чаго табе там? - Скроўба тузануў повадамі. - Пацярпі, боўт, бліз Аношкавіка азярыны зляжам; люд праб'ем, рыбы нахапаем смакотнае! - І засмяяўся, сам дзівуючыся сваёй весялечы: «Гэта ад удачы так сіла нячыстая вылятае з мяне».

Пушчоўе зрэдзілася відавочна, у нізок як бы; сцежка ўзвілася ў заснежанні, звярыная бачна, але, супроціў усячнае нечаканасці, ён адбіўся ад яе, аж у завальнях занікла яна. У прагалінні прасторка выхінулася гладзюткая.

- Вось і Аношкавік табе, - прабубніў Скроўба. Поблізу дзікі гудзелі, у балоцінцы ля віроў крынічных з быстрынямі, свіння свінню кусала, з цеплаватага адгнілі логвішча выганяючыся. А дзе вэрхалу гэтулькі, туды і шэры падгалы наведваецца або і ганнё іх.

Дзяцюк, гэты дзяцючык існы, калі рыскун торбу з харчункамі развязаў, знепрытомніўся ад прагаладдзі, у грумак пагрузнеў, як старэча які бязногі, і на мякіш кумпяка высляпіўся ён, якім падсілкаваліся неўзабаўку ў ахвоту, і сухарыскі хрумстаючы, беласнежжам запіваючы, каб дзеля кіпеню пахноцця анішчанскага не напусціць у ваколле. Пераелі сабе, адзін у аднаго ўтарапелыя па-сабачаму.

- Няхай ідзецьму вольна, - сказаў юнеча, а Скроўба на тое сквасіўся, болей на пасмешку.

- Кінь ты гаварыць гэта, раз урэшце, - адказаў яму гняўліва. - Еш во, пакуль даю табе.

Той жа, яму ўперабіўкі, свой голас зноў падаў:

- Будзьце ж справядлівым!

- Справядлівасць мяне не цікавіць.

- Вы мне здаваліся мудрасным...

- Мудрыкаў шукаючы, падшыванец, памылак дапусцішся куды больш, чымсьці дурняў выгледзьваючы, - пабаўляўся Скроўба з хлапчанём.

- Вы ж ведзяце мяне на гібеліну! Самі кажаце...

- Мо і на гіблавіну... Нельга ж уладу займець, не забіваючы ды не ашукоўваючы, скажу табе. Не збрыдай мне, будзь ласкаў.

- Асобень з вас падлюгны!

- Як і патрэбна якраз, - скрозь зубы працадзіў рыскун.

Ад адмоўчвання відней стаецца.

Гаркавіча зямлю абмінуў ускраёчкам могліцаў паганскіх - хай падумае ён, што жмудзіны гэта бадзяюцца, перад ахрышчэннем уцякаючы, альбо жа яцвягі, прыжылыя сям-там па выйнях лесавіковых.

Скроўбу чарвяк падточваў душэўны, і ён стручваў яго на свой ладзішча. «Вайну сам Бог спаслаў нам, воную пару ўзвышэнняў лёгкіх кожнаму, каму сумленне не завалаю ёсцька».

Ці магчымае дрэнь-горшае надвор'е ад злігласці са сцюдзёнасцю? У нядосыпнасць! Брыдаваць так усхацелася яму, бо ж і пашэнціла, хоць ты вазьмі ад таго ды за кульшу ўшчыпні сябе самога. А мог жа богведама колькі карпець у забор'і тым крынкаўскім, як і наказана было, ды з нічым на замак вярнуцца. А ён жа духам языка закардоннага вывалак дзеля даведкі намесніку гарадзенскаму, вось, ды са скуры вылазіць, якраз пручыся з ім узважана (не за жмені ўжо павязанага, дадаткова канаплянікам, але з пятлёю засмаргнутай на каўнеры пастаўленым кажуха, што на ім, спайманцы гэтым аблавухім). Адно, каб немач ліхая не пераступіла скуль пуцішча. «Пра караля Ягайлу вярзеў ён. Няўжо ж праўдэча ў тым якаясьці? От, пачуў ён званы, ды не ўзведаў, дзе яны... Чаго ж каралю ў Літву заходзіць, калі неспакайнеча гэткая ў ёй! Гаспадары Кейстутовіч са Свідрыгайлам у сварах вялікіх між сабою застаюцца, адзін аднаго зваёўваюць неўгамонна, заўзятасна. А кароль як кароль, - на гатовае паквапліваецца, мусіць, не прымерваючы, бы сват на дзеўку ўгадованую. Хто каго перакіне, з тым і гаварыць стане Ягайла, - рабіў выснову Скроўба. - Ды што мне там да справаў паноў яснавяльможных. Я куплены імі, каб пронюхам сваім падслужваў, сюды-туды ў цікунак пранырваў спраўна...»

Прасцягі за Ўснаром адольваў праз лазавікі, што поберагам стачка Баравіковага. Прышкадаваў ён быў валакітні накласці абыходамі адсюль, а і чалавечыну на галізне гэтай ветравейнай не ўстрэнеш так, як на ўзлессі прыселішчным, і звярэча ўсялякая крыважэрная скаліцца ў пару лютаўскую каля седлішчаў сялянскіх пераважна або гасцінцаў з тропамі конскімі. На Адэльск гарэла дзесьці, зарывам іграў па-над небакраем пажар у шэрань бяссонцавую.

Пляліся абодва ж яны ў засонні як бы, быццам і не трэба было ім паспець кудысьці. Ветрагоніка свайго рыскун за поваддзе менавіта вёў цераз змярзліны балотныя, ці не з правалінамі нетрывала заледнянелымі, што на тапілах, а як жа. Пакаўзнуцца на купеньцы боязь ёсць; чужаніца чакае таго здарэння спадзёўнага, каб уміг ярмоліча свайго прыпляшчыць насмерць ды даць цягу, куды змога будзе яму, вярыгу расцяўшы. Ні за што ні пра што на той свет праехаўся нягадана так жа сябрук Скроўбаў, пад Смаленскам...

На продухавінах азерцаў лыскі і качкі зімавалі, што ў вырай сабе не паадляталі, жыруючы ў цяплечных плыцізнах тваністых, хвасты пазадзіраўшы. Лось счарнелы, аблезлы, матляхаў мардасінаю клячападобнай; патырчэў быў у макроце, зіркачы ўляпіўшы ў караванік іх жаласлівы, і пасунуўся ў прылесак на лежку. Грак, адбоек-самучок гэткі, калупаўся з поглядкам у разрыінах дзікавых, як баба тая на загонах ані чуць знепакоеная; курэла імгліца. Бязводгулле ўсюдкі ўглушылася; куды ні адвернешся, неслыхноцце такоесьці ў навалач першую лігласці (дай яшчэ дзянёк - і пачутнее).

Слабізна прадымлівала Скроўбу, вягнуў ён, бы свечка, пастаўленая лішне ўсярод дагараючых перад іконаю Божамаці ва ўсяночную велікодную, або як у п'янюгаванне знясільваючае, калі даюць ласунам піва на запойку (тады - хутка бярэ і доўга трымае!). Шыя целяпнела, бараду ж хоць ты мячом падпірай ці трохзубцамі бойнымі... «Адпачнены ў ложавіне надта ж мала дагадзіў я сабе, - сердаваў рыскун. - Павалюся тут, дык заснуць жа гатоў я, не дай Бог і Пяруне ўсямоцныя!»

- А хто ты сам будзеш, га?

Скроўба пацікавіўся ім жа, вязенцам, у перадых.

- Трэба гэта вам?

- Мне? Чаму? Не-а.

- Дык чаго?

- Сон хіліць, то і гавару...

- Замяніліся б вы са мною месцам - пажвавелі б.

- Ты... Ты зважай, да каго гэта так! Бач яго, параўнаўся, сысунец! - закіпянела ў рыскуне. «Благі з мяне служывец - з людзьмі звыкаюся. Спагада ў дзеянні дзяржаўным завяла пад тапор не аднаго ўжо ж...»

Заполля Зубрыцы трымаючыся паводдальна і Адэльск адправа маючы, Скроўба на Горадню праставаў. Праўда, у вылюддзі, калі страх той на сухастоіны прагнаць, а заедзь жа толькі пад чэрвень нахмарваецца, няма іншае нязручнасці здакучнай, як прадзірацца ўмоўна праз гушчавізну ў пустках лясістых. Бяда людская адлюбіла не па мясцінах непрытульных абівацца, а і шпікуны. Яшчэ і ў чортабалоцці! Яе на гасцінцы ды ў корчмы цягне.

- Ой, людзі-людзі, што вы робіце?! - зняволенец пекліўся ў зласнечы, якое і сам сатана пазайздраваў бы яму.

- Чаго табе там зноў, - кепліваў добрушна Скроўба, прыхільніста гэтым убухтаваны. - Цемнача, во, ахутвае: бліскачы ты добранька, каб ражон якісьці не парнуў табе ў падлоб'е, - адказваў, як не на тое, рыскун, канец паблізелы вандровішча высмакоўваючы. - У Ветрагоніка нюх, глядзі, счуйны які: на мележы, пакінутыя індурцамі, навёў нас. Каля іх і спачын наш прывальны зладзім. Торба мая досыць поўная ўсё, дзякуй Богу. Не падгалымі ж валюхацца нам. Сёе-тое навыграбаем з яе пад зуб, нябось... Сядай жа незапоблізна мяне, вунь, на паваліну крывульную тую; ногі паабвісаюць з яе, дык і адыдуць.

- А вы нешта рады падкормліваць мяне...

- Дзівотна табе? Хачу ж цябе здаць здаравечнага тым, з замка намеснікавага. У поўнач нам там быць.

Малеча стаяў наперадзе.

- Дурасці ўзбойваецеся ад мяне, - гаварыў той, на камліску ўсядаючыся і як бы не вельмі злуючыся.

- Э там: раз ты сам згадваеш пра гэта, дык такое бяды... Ты ж і сабе не ўчыніш нядобрае, злякнешся... Скажу табе: што чалавек, то і сабака! Ваўчыскам трэба зрадзіцца, каб лапу сваю, што ў пастцы, - ад'есці, а братка ж ты мой! Ого, не хвастом вільхаць...

- Скажэць мне, вашэць, аб чым жа гэта я магчы буду зведаміць служкаў намесніцкіх гарадзенскіх? Самі жа ўзвідзелі: не такі, што трэбен, у рукі вашы забіўся!

- Такі ты ці не такі, не твая галава хай баліць! Перастань жа тут аб тым самым усё.

- Дзеля чаго вы гэтак?

- Абавязку, збалванец! І ты дзеля таго ж гэтаксама панадзіўся ў воласць нашу крынкаўскую. Не сапрэчвай! Абавязнасць у служыласць ёсць важнейшае ад выніковасці, якая не одуму нашага простага. Я чалавек усяго работны.

- Матка Боская, усё роўна як з чэляддзю бацькоў маіх гаманю я! - мазаўшанец заўсміхаўся, благотна перакасіўшы рот.

- Птушка голас свой, нарэшце праўдны, падала! - І цяпелка дурнаватае сплывалася ў грудзі Скроўбе. - Пагарднеча да саслоўя нізкага ў табе не ўсхавалася-такі, маць твая баярская!

- Пільнуйцеся вы, рыскунец шэры, каб не шкадавацца ад выразаў плюгаўных вам пасля... Гэта ж, менавіта, вашэць не раўня мне, калі да шчыравання такога ўжо даходзіць! Не рыцар вы мне, а падонак, якому і так чэсць зашмат у нечысцях грэбацца дзяржаўных...

- Гавары-маўляй, саслухаю ўсенька... А я ж байбуса гэтага пашкадоўваў нават! Ага, ладны з цябе таковіч. Згубноты маёй не прычакаеш, панятка ты! Каб мне балазе зубром не рыкаў, узведай, што баярыскі нашы ў мучыльню, ад хлява смярдзючнейшую, насоў не ўтыцкваюць, ровы зверскія адтуль не на послыхі іхныя; мы ім, прастачкі, падносім адно гатовенькае ды ў пакоі: што і як выскавытаў хтосьці праз тры дні і тры ночы нашынскія пытныя. Трупечу ж, каменнем падвязаўшы, у Нёман шпурляем, пад Пыжкамі, дзе і віры ёсць у ямах падбярэжных; вуграм, вось, у ласунак, га-га-га... Калекаў мы не выпушчаем на розгляд людскі ад сябе, а баярукоў асабліва. Гы-гы, колькі з гэтага свету звялі мы іх, - і сваіх нездаволенцаў смутоўных, і мазавецкіх, і крыжацкіх, і інфлянцкіх, і маскоўскіх, і ўкраінскіх, і валахскіх, дзецюкі ад нас жылістыя, з кулакамі абушнымі, вытрымныя, як вожыкі на змеяў шыпячых. Бога маліць давядзецца табе, каб душу сваю пахутчэй аддаць яму, кажу, а ты слухай!!!

Хлапеча да непазнакі адмяніўся, ажно да слёзнасці. «Яны, высакароднікі - падатліўцы гідныя! Даверся з утайным такому, прадасць цябе занішто мардабойніку першаму ў допытні», - усхвалёўваўся рыскун.

- На Візну павернем давайце, - спайманец устраміўся бліскачамі ў Скроўбу. - Богам вам прысягаюся, бацька мой грашоў літоўскіх коп шматвеле насыпле ў торбу вашэцю за тое...

- Во-во, горла мне першака падрэзаўшы... Хто я яму? Да ж не вой, але злодзейчык шпягунскі, у якога - ні кала ні двара! Украў я ў яго сына, і грошай за тое давай ты мне? Не, не для мяне заработня гэткая. Тут у мяне пуцце адноадзінюткае: туды і назад, туды і назад...

І пазмаўкалі, бы на мядзведзя надышоўшы. Цішнасць утлелася між імі ўсязорная. Хлапчук уцямнеў перад Скроўбам, і, здавалася, у цемрадзіве панікне ён, усё роўна што той утопленец у проглыбі на завараці рэчнай. Альбо, бы на крыгавісках удвух, раз'язджаючыся ад сябе, на заваддзі прадвеснай млынішча, калі ільды раптоўнае паўнаводдзе зрушыла з трэскам пярунскім...

Як у падобны выправунак такі дальні, гэтак і настала тым часам пара тая, якую Скроўба не тое каб злюбліваў яе - лепей сказаць: вынослівеў са стыласцю ўсяцельнай (што ў крыніцу пляснуўшыся), перастаючы сам сабою быць жа, яксьці трупянеючы. Ніякай памоўцы ўжо між імі не адбывацца ж, адны выкрыкі ім заставаліся. І адзін, і другі смерці прадвызначыўшыся, падуладнымі ёй ставаліся: хто каго ўпільнаваць мае, таму і дзеля памірання звычаіцца трэба ж.

«Яго пад зніштажэнне падводзячы, самога сябе я выратоўваю, - даўмеўся рыскунец. - Скончыцца калісьці маё выношванне тое авечак на зарэз, цэлае маё ваўкаванне, а як жа іначай, і - кабы найпазней! - урэшт такога захапачу я, які гэта мяне завядзе на сваіх жа плаху галавасецкую, што лепш ужо і будзе тады пад тапор варожніцкі шыю сваю падкладаць, бо і паслаўленне пойдзе па народзе ў Літве і Русі, а і помач сямейцы, калі мець яе саспею... Беднаму ўсё вецер у вочы, а багатаму чорт дзяцей калыша! Важнюху сазвалачэш, кастуху да сябе тым больш усцягнеш, ведай. Шышка гэткая надзьмутая ўраз на змовы запрадажныя са спадарамі тваімі паважыцца не заікнуўшыся, і пусцяць яе, як ні ў чым не бывала, здраду яе сваю напамнажаць, а табе ж, у падзякванне за ўчын твой карысці нязвыклае, булаву свае расколюць папоцемку ў закавуллі меставым, каб сведкаю перашкодным ты не хадзіў па свеце, а яшчэ, ага, вінаватнікаў збою на табе пашукоўваць накажуць з замка дзеля прыліку перад людзьмі, цямі ты добранька. Цыган, значыць, звінаваціў, а каваля ўзялі ды павесілі за тое, гэ-гэ-гэ, - Скроўба пабыстрацеў, як бы хтолень нагайіскам цераз патыліцу паласнуў яму або прысаку пад кашулю сыпануў на трыбухаціну і ніжэй. - Такое бяды са спайманцам маім: плоць ён альбо і калючка, кабы аж мазгі сушыць мне тутка было чым!»

- Давай, давай: тупай борзда, а то жыватом пашаруеш! - пагудваў узад, дзе мазаўшук поначніцы маяклівеў. Ну! А той часам гыркаў яму:

- А пацалуй ты мяне!..

Чаго добрага, адзін аднаго на вілы падняў бы! Чалавекі, з якіх выпрападала згодлівасць ад узаемнае да сябе цікунаватасці. Дужацца ім толькі, скакаць да выі, зашчэмлівацца адзін на адным, насы сабе адкусваць, сярэдзіны пераломваць, каленямі дыхавіны ўдушваць, высалапляцца харкотна, канчацца... Не разлікі, у кожнага свае паводле змушонасці, стрымлівалі іх зараз разам, ні наймалое суполле, але ярмольства Скроўбаве, перамаганне безупыннае слабейшага мацавіцейшым да богведама на як доўгую хвілечу ўпотым.. Ветрагоніку ўздаверыцца цяпер - куды больш ласкі спазнацьмеш.

Вязень пры спатыкнунку валіўся, бы нейкі пень, часцей на прагалах, дзе па вачах галіны не секлі ды ісці раўней, таму і засонак у хадзьбе атуляе.

- Ударожыўся ён, вядома, але ж не на каня саджаць яго, на Ветрагоніка (якому зусім, дарэчы, усё роўна), а самому пешкі дуць, - буркаваў Скроўба.

Павальваўся чужанец штораз дзеравянней, падымаючыся неяк па-п'янаму, як бы нехта такі, што век звекаваць сабраўся, як адзін дзень згуляць, і вось асілкаваннем знявечыўся лішнім. «Каб ты мне тут дзе не выпрасціўся», - патрывожыўся быў ён за маладзіка.

Чым бліжэй рабілася да тае Горадні, тым цяжэй ад знямогі. Яго ў трасцы ўжо кідае! Тады ж добра ёсць утлумачваць самому сабе, што болей даляў, як стаяў, і рана на тое, каб падраспрэгвацца...

Супольнасць лёсу путнага так жа пераставала ядноўваць іх. І ўсё здарэнне ўяўлялася зараз несапраўдным ад уражання даўнасці яго.

«Ну як жа мне не ведаць таго, што ты, мазаўшанец, хаця і на зямлі нашай улоўлены, лічыш мяне валахачом разбойным, якога без уздрыгу рукі зарубаў бы, як ніц. Адумайся сам, чаго ж ты крыўдаваць на мяне можаш, калі я дом свой бараню гэтым, і іншых дамоў у краіне спакутаванай. І ёсць я такім, якім і трэба, каб быў! А і ты абараняеш сваіх, і разумець мне да самое шчырасці тое. Таму мы, ты і я, у становішчы, абодвум нам спасланым, не ў змозе стацца да сябе не бязлітаснымі. У мяне права дазвольнага няма на спагаду сваю да цябе; наканавана мне думаць тутака за ўсіх, як і табе так жа ж. Не за сваё я асобніцкае на згіненне вяду цябе ж. Табе горш; ты засуджаны ўжо так менавіта, у крыві цела свайго маладзечнага выкупацца заўтра ж, на зары малітвы жахлівыя згаварыўшы. Не мінаваць таго і мне калісьці, як не заўтра, дык зазаўтра ці праз год, сказаў бы я табе гэта, але ты шчэ дурань на славеснасць узважную. Так во народы і змагаюцца людзямі свойнымі, а, братка ты мой, адны - каб жыць, іншыя - кабы нажыцца ад суседзяў альбо кагосьці. І да чаго гэта ўсё дойдзе?..»

Пад вароцішчамі замка горадзенскагаСкроўбу досыць пастаяць давялося, пакуль стражба тая з паходнямі зышла з вышкі і адчыніла ўехаць яму. Папагрымаў ён і ў дзвярыну службы намеснікавае, каб гэную здабычу сваю мазавецкую, языка таго перадаць у склепы іхняе допытні, а сам, Ветрагоніка ў стайню завёўшы, дагледжваў жывіну сваю мілавальна і піць каню не даў зразу, каб не ахваціўся гнедзенькі. Спаць жа мала-памалу заваліўся рыскун Скроўба ў сене, што за жолабам наастаронена.

Яму чамусьці не забываліся вочы візненца, якімі глядзеў ён, бы пад ваду апускаючыся невыратоўна, глыбей і далей, калі стражнікі піхалі яго ў цемень склепную.

З-за іх пасля не хапала яму духу купленае цяля рэзаць на мяса.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com