epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Сьлед Сікеля

Сікелю даўно казалі людзі, што дакруціцца ён да бяды. Але, у гэтага сьвежага паляка на ўсё быў той самы адказ: «А цо-о там!» Камбінаваў гешэфт; работнікаў браў і выганяў, не заплаціўшы ім дарэшты.

Перад летам падпалілі казённы мур, у якім праводзіў Сікель капітальны рамонт. Згарэлі кроквы, пааблятаў шыфэр; заняліся ачэпы. Каб не пажарнікі, было-б і па столі з падлогаю. Тутэйшыя гультаі пілі потым у забягалаўцы Яйчыхі; за чыёсьці. Камандант паліцыі добра раіў Сікелю - ня трэба заводзіцца з галотаю. Не паслухаў, бо з абадранцамі можна не лічыцца.

Зь мястэчкам слабыя жарты фабрыканту, як калісьці пану - з халопамі. У ім усе ўсім на відавоку, і ведаюць, як і каго падчапіць, каб ня ўстаў. Не ўратуе нават польская мова; не памажаш яе галоднаму на хлеб...

Сікель-жа пайшоў на большую рызыку. Скалаціў цалюткую хэўру дармаедаў, і яны за дзень разгрузілі яму на станцыі ў Саколцы вагоны нямецкіх тавараў, якія разьвёз ён па спэкулянтах. Калі дайшло да плацяжу, Сікель сказаў, што ня дасьць ні граша, бо накраліся яны тут (выняў з дыпляматкі запісаную картку, зь якой прачытаў уголас, колькі скрынак і з чым прапала). Быў гэта цэльны блеф: не наглядаў-жа за работаю, верыў, а некаторыя, як відаць, пацягнулі сабе на бок... Сікель прамахнуўся толькі ў вадным - не дадумаўся, што злодзей злодзея бачыць навылет. Скажы такому, што ў цябе звалаклі, а ўжо-ж не памыліцца ў здагадцы, чыя гэта работа.

Яны, сьпершапачатку, напраўду абціхлі. Сікель спакойна зьехаў; жонка падала гарачы абед. За кубкам кавы ды чаркаю каньяку расказаў ён пра свой нумар з дурнямі. Абое заходзіліся ад рогату. У пасьцелі, пасьля рутыннага каханьня, пазасыналі, бы ў яму ўваліўшыся. Ранкам ня зразу агледзеліся, што з майстэрні, якая стаіць напрыканцы падворышча, кімсьці ўсянютка вынесена; дачыста, знарок не пакінуўшы й мятлы са скрыняю на адпадкі. Злоснага аўчарка павесілі на ланцугу над расчыненымі дзьвярыма ў гараж (аўтамашыну парэзалі швэйсапаратам).

Сікель зьмяніў профіль гешэфтаў: набыў вадзяны млын. Ён пэўніўся, што мужыкі не падкінуць яму агонь, а парабак будзе ўсяго адзін. Пры тым, рыба з азярыны пойдзе на даход, ды побач неблагі сенакос. Але й на гэтым ён пагарэў, фраерна не падумаўшы, чаму нарваўся на такі шанц (амаль за бесцань). Нямаш чаго й каму малоць: вёска сьперлася ў горад.

Сікель папродаў, урэшце, што мог, і эміграваў з жонкаю ў Амэрыку. Даходзілі чуткі, што там яго прыбіла хітрая машына, а пекная Сікеліха паветрала кудысьці далей у сьвет. Часам успаміналі тут яе й яго, кажучы нейкаму круцелю: «Заробіш, як той Сікель на млыне!» Даволі хутка, аднак, забыліся пра іх і цэлы род іхны. А з гадамі не было каму ўжо й памятаць.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com