epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

У адным няскончаным асабняку

- Найагідней мне наш уласны хам, бо ён хам з хамаў! - балбатнуў Алекс, ды яны наогул не зразумелі яго. Ён зашапацеў пачкам папяросаў «Вэга», ненатуральна прагна закурыў. - Ну, што ён такі дзецям сваім пакіне, боўт, апрача грашыскаў тых або і мураванкі?.. Чуеце?

Бугаіна ж са Слепаком - а кажы ты сабе што хочаш! - выпілі, аблізваючыся, яшчэ па шклянцы жытнёўкі, купленай за долар.

- Та-ак, - сказаў сваё Бугаіна і разваліста ўстаў ад стала, збітага з аполкаў. Каб пахадзіць; другі месяц будзе, як не курыць. Ён вышуквае гідраўлікаў для тых, хто будуецца пад Жарабцовай гарою; дакладней, не хваліцца гэтым сваім пасрэдніцтвам. Калі ж гаварыць пра Слепака, дык карысці сабе ён дабіваецца на плантацыі чорных парэчак, пра якую ніхто толкам нічога не ведае. Робіць яму на ёй - некалі сам жа выгаварыўся - дзядзька, якога забраў сабе з бальніцы для псіхічна хворых.

І Сляпак падаў голас:

- Угу-у...

Яны з'ехаліся да Алекса, у гэтую яго незакончаную вілу. Да кожнага з іх знайшлася неблагая справа. Бугаіна здагадваўся ў сваім, а Сляпак круціўся на зэдліку ад прыгневу на Алекса за тое, усё-такі, што ў яго надалей не выходзіць «прасіць у сакрэт» так, каб без сведкі. Чаго добрага, возьмецца гутарыць зараз наконт пазыкі. «Пра якую гэта ты мне пазыку?» - вышчарыцца ён у адказ Алексу, косячыся на Бугаіну. Яму, якому не раўня нават разам узятыя Бугаіна са Слепаком, пану такому, што любіць быць з тугім кашальком у кішэні! Зварыць яму галава: «Я вас, хлопцы, запрасіў да сябе, паслухайце, каб пачаставаць адмысловаю жытухаю, экспартавай. Вы ў мяне вартыя таго... Дык прахліснем!» І яны насцябаюцца яе, але неяк без радасці: Алекс, вядома, так сабе скажа тое, дзеля прыліку. Шчыраваць жа з імі мог бы на яго месцы хіба што цалкам балванец.

- Бывала, Алекс, бывала, - неўпапад загаварыў Бугаіна акурат, як той, чаго чакае прыемнае, і яму такому ўсё роўна, пра што азвацца.

Сляпак жаваў вэнджаную рыбіну, нешта ўвесь стуліўшыся ды паплёўваючы асцюкамі на ўсмечаную падлогу. Ягоная часіна пакуль не настала, ён зойдзе да Алекса пасля, заўтра ці мо з нядзелі.

Алекс зламаў у попельніцы (з перакуленай кафлі) папяросіну і вяла ды моўчкі прыкурыў ад яе другую.

- Грукатні тае будзе ў мяне тут, слухай, на тыдзень які, - угледзеўся ён у Бугаіну.

- Та-ак...

- Твайму паўбандыту гэтаму няхай не здасца часам, што я азалачу яго і за абы-халтуру: долары ў мяне не для хамутоў!

- Ясна-а...

- І хачу бачыць яго ў мяне на рабоце цвярозым ды штодзень! Вось так, чуеш?

- Чаго тут не чуць? Ну, будзе... Гэты дурань усё ўмее, што трэба.

- Скажы, а форсу ён ужо капічыць ці адно толькі хочацца яму таго? - крыва заўсміхаўся Алекс. «Прымітыў заўсёды свету за грашыма не бачыць».

- Чаму гэта ты так? - Бугаіна зноў захадзіў з кута ў кут, а Сляпак наставіў вушы.

Алекс шпурнуў недакураную «Вэгу» ў заваконне.

«Там жа стружак поўна, возьме і пажару начаўпе, - падумалася Слепаку. - От, хай жа згарыць, сабака!»

- Я пайшоў, - катэгарычна буркнуў ён Алексу.

- Пачакай жа, гавару, - Алекс востра зірнуў на яго і дакончыў Бугаіне: - Ты мяне ведаеш: за цану я з чарнамазнікам ніколі не таргуюся. Аднак жа не дарую, калі хто з іх, слухай, не ўшануе мяне...

- Ну годзе: прыйдзе ён і ўсенька паробіць табе. Памочніка ж мае, Алекс.

- Каб словы твае, Бугаіна, у праўду змяніліся.

- У панядзелак, значыць, зрання і начэквай.

- Бугаіна, у вас, халопаў, столькі і думкі тае, каб як і каго абхітрыць.

- Няма прычыны ў цябе, Алекс, вёску абражаць.

- А я не пра яе, Бугаіна. Я пра халопаў, вось. Яны ж, слухай, у горадзе, на хлеб служкаў ды цванікаў пазляталіся.

- Ат, гаворыш... Кожны жыве, як рады даець.

- Каб жа давалі, Бугаіна, - пачырванеў Алекс.

Ён брыняў якойсьці мутнай злосцю ці то на іх, ці то сябе, на нешта даўняе, аднак жа застрэмленае ў ім жа. Можна сказаць: на іхнюю падатлівасць, нейкую такую лішнюю ў Бугаіны і Слепака, якім чамусьці і імёны свае былі няважнымі, абыякава забывалі або, звычайна, існавалі яны ў безыменнасці. Ці з такімі магчымае сур'ёзнае штолень? - Слухай ты: глянь на дзіцяткі-неўдалоткі ў тых, ад маленства ж заражаных комплексам хама на паркетах! Усе, да апошняга, без адчування сваёй Малой Айчыны; сірочасць у іхніх душах, бацькоў хавацьмуць ціха і спехам.

Сляпак сапацеў, быццам хочучы агрызнуцца: «А нагаварыся ты сабе!»

Бугаіна, як гэта ў гутарнечу, якая заходзіла далей ягоных заробкаў, браўся пазяхаць ад нядосыпу. Выйшаў ён, урэшце, ад Алекса з зусім непрадчувальным неспакоем і, бы на бяду якую, адразу напатраціў часу на пэцканіну ў маторы сваёй легкавушкі, што, не ўпершыню ж, заглух. Каб не выбег за ім Сляпак з няпрошанай дапамогаю ўсё лепей ведаючага, дык і не выбрантаўся б.

- Індуктара, угу-у, даканаў ты. Унукам на цацкі аддай яго, дапхнуўшыся дахаты, - пакепіў з яго Сляпак на развітанне.

Бугаіну заткнула ад здагадкі, што ў Алекса больш справаў да Слепака, мяркуючы па гэтым раптоўным гумары ў гамата. І ён не падзякаваў яму за падмогу, аб чым успомніў ажно пад светафорамі на скрыжаванні. «Я ж поўзаў жыватом па асфальце тут, з тратуара Выгодаўскай вываліўшыся тады, у спякотнасць тую памятную з імянінаў так у Алекса, відаць, сэрца замоцна паганяўшы. Дапаў я да дабра гэтак у яго, як галадранец які, саланіну гатаваную лыжкай чэрпаючы сабе, кілбасу шынкай закусваючы і перагонам запіваючы. Божа, як жа ж матчынай зямля, калі на яе немач ліхая пакоціць цябе! - круціўся Бугаіна. - У чым жа гэта я не даспадобы Алексу? Чаму ён усё так і так да мяне, быццам да бабы, выхапленай з абдымкаў?! Адвеку ж у людзей не іначай: мала напрацавацца, затое шмат узяць! Майстра ў нас платай слаўны, а не працаю за яе...» - І на тым ён скончыў, усвядоміўшы сабе, што сядзіць жа за рулём машыны сам ды на салідным падпітку. У такіх выпадках цягне яго, тройчы ўдаўца, да тае ландастай Польці, патаемніцы ў завулку П'яны Вугал.

Алекс тым часам абрабляў Слепака, які няхутка загаварыў у лад. «Не можа гэтага быць, каб я ў яго пазыкі не вытузнуў, - цішэў Алекс ад заядласці, даючы Слепаку выжаліцца на безграшоўе. - Ён жа яшчэ з тых, хто памятае смак кіслага беларускага хлеба ды поснага боршчыку; не рашыцца на непатрэбнасць сваю ў мяне. Ёсць у мяне і бізунец на яго, і ён ведае пра гэта, і ведае нават, які менавіта. Грошы ў зубах мне прынясе!»

Алексу не шанцавала ў інтарэсах, пакуль ён лічыўся з тымі, што прыходзілі да яго. Падводзілі яны Алекса пад дурнога хату, зусім не па злой волі найчасцей, як пасля высветлілася. «Сумленныя сёння мала прыдатныя!» - казаў ён сабе.

- Сляпак, паслухай, я не зычу табе, каб ты з постам еў. Аднак калі мяне не ўспамагацьмеш, дык і я цябе...

- У сераду, Алекс, я буду з грашыма ў цябе.

- Ты, Сляпак, не гарачыся. Хто ведае, ці не лепей табе было б без мяне?

- Хто шчыра дае, Алекс, той удвая дае.

- Ты, бачу, сёе-тое зразумеў у сваім жучыным, перыферыйным жыцці...

- Дай Бог, Алекс, для мяне твой розум.

- Калі пачне даваць яго табе, Сляпак, то ты мігам бяры!

- Я не жартую, Алекс.

- А ці ты, Сляпак, калі жартаваў? Да жартаў адно некаторыя дарастаюць...

«Дзічэю! Ажаніцца б? У гэтай маёй будовы так і не відаць канца! - скурчыла Алекса. - Усё рыхтуюся жыць, а калі жыць жа? Толькі, каб не ўтрэскацца ў якую смяцюшку з паняццямі зацюканай служанкі. Дамачку ж навабагатую займець у пасцель, тады і даходаў тых маіх потым хопіць? Ну і гэты мой кульцік Беларусі бокам вылазіцьме...»

Алекс неяк сцішнавата парагатаў пад маўчанне Слепака.


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com