epub
 
падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

У мястэчку

У мястэчку жывецца ад снедання да абеду, потым хутчэй да вячэры (каб паспець да тэлевізара).

 

У руінах, што за гумнамі, абсталёўваюць куратнікі, а хвалёны Кінчыбайла, званы таксама Бамбізаю, даставіў там сабе хлевіска для сярэбраных лісоў. У паркі канец вясны кавалерка водзіць туды разбэшчаных маладзіц, у зараслі чорнага бэзу паміж недаваленымі сценамі з камянёўя ды з доўгай, сярэдневяковай, цагліны. У поўню палохае тут Белая Пані: яна з'яўляецца на аброслай бярозкамі вежышчы, якую разбірае дзеля фундаменту пад свой другі дом Кінчыбайла (сыну ставіць).

Не адзін толькі яго род пабагацеў калісьці на шнаранні ў мурах, вывезеных немцамі жыдоўскіх купцоў і фабрыкантаў. Стары Кінчыбайла, больш вядомы як Бамбіза, так і наклаў тады галавою, уначы ўцякаючы перад жандарамі ў завулкі гета і з насценным гадзіннікам у мяшку за плячыма, які, як на тую бяду, пачаў званіць. А ў другі фронт, калі снарадам набіла гусей на двары плябаніі і міна разарвала чыйгосьці кормніка, што вылез быў са схову, каб паваляцца ў балоце на скрыжаванні, - меншы Бамбізік, які зусім удаўся ў бацьку, паквапіўся акурат на пярсцёнкі на руках нябожчыка пана, днямі пахаванага ў маянтковай магільні. І падлез пад кулю нямецкага снайпера, што засеў на званіцы, адкуль цікаваў ён за савецкімі разведчыкамі.

 

Больш з іх выжыў, вызвалення прычакаўшы ў малінах. Ён млеў не так ад выбухаў на вуліцы ды пасвістваючых асколкаў, як ад таго, каб не чыхнуць хоць: прыбіліся пад яблыню за разораю бандытаватыя ўласаўцы, мацюгаліся яны і заядла матлашылі якуюсьці чужую бабу, выглядаючы штораз, бы гусакі з зялёнага аўса...

 

Усе тыя здабыткі панеслі сабакі пад хвастом, калі пры новай уладзе лепей было паказаць сябе бедняком. Найразумней, аднак, зрабілі тыя, хто, на нішто не спадзеючыся, пыльнуў у апусцелы за акупацыю горад. Гаварылася пра іх, што пасталі яны на работу і бяруць грошы. Гэтак пакіраваць сабою мог ужо стары і малы. Мястэчка гібела, але - чорт яго не браў! - аніяк не прападала. Цяпер жа ажывае: каля навюсенькіх хлявоў адгрукаў сёй-той пекную хату або нават і свежую мураванку. Унукі гэта будуюцца, зарабляючы дзе папала і як папала, абы каб многа. Іх кумпястыя жонкі сыплюць дзецярнёю, што і вырашае будучыню. Ды і вясковых бежанцаў несціхана прыбывае ў ім.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая