epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Вялікдзень 1971 году

Раніцу забалаганіў матацыкл - у такі холад пагнаўся жарабцом, першы раз зь зімы. Вуліца абурылася, вокны заблішчэлі шклом злосьці; узыходзіла сонца.

Цішыня вярнулася.

Я прыціскаўся да пасьцельнае цеплыні. Сьнілася мне маладая радасьць: вясельле ў Вялікіх Азяранах над Сьвіслаччу. Ускраем берага ракі нёс я на руках Тасю. Яна выкручвалася з майго ціску, і я вельмі сьмяяўся. І яна таксама аж заходзілася! У кустох узьнялася рагатня п'яных. Яны разрагаталіся да таго-ж нядобра, што мы, ухапіўшыся за далоні, пабеглі туды; дзе шумела музыка ды пыліла ад танцаў на падворышчы; гулялі да месячнага бляску.

Я абдымаў шаўковую Тасю.

Мне рупіла набіць морду аднаму такому за тое, што ён скрадваўся з каханьнем да Тасі, па-прасьцяцку захаборваючы яе безгалоўным віном і падманлівымі шакалядкамі, якія даводзяць да пацалункаў, безабаронных, як гэта зь дзяўчатамі бывае, калі нячыстая сіла заносіць іх потым на сена ў вадрыне... Біць яго ды духу слухаць за тое найбольш, што так мала яму трэба!

І я зь бяды пайшоў у луг свайго дзяцінства, ва ўквечанае бесклапоцьце, паміж ветрыкаў свавольных. У рэчаньцы забытага лета лавіў быў калюшак. Вада ў ёй мела тую прахалоду, па якой смуткуе дарослы, як па смаку чарнахлебнае скарынкі або паху сьпелага жыта. Бусел стогадовы ўсё прыглядаўся да мяне, настолькі доўга, што зашчымела ў сэрцы й чамусьці заплакаў я, і спалохаўся цішы. І таго яшчэ, што я адзін-адзінюткі.

І тае цішыні.

Калі вяртаўся я назад ды зноўку празь Вялікія Азяраны, убачыў Тасю ўжо ў пацалунках, на загуменьні. Яна адмахвалася ад іх, але рабіла гэта з какетлівай няшчырасьцю, бы тая дзяўчына, якую абсыпаюць цукеркамі...

Хутка блізіўся здалёку задыханы рохкат матацыкла, грубеў. Я з натугаю апрытомнеў і расплюшчыў вочы: па нашай вуліцы імчала ўсё тая самая жалезіна, і цішыня хавалася пад коўдру. Вокны гарэлі нянавісьцю.

Цэлы гэты жарабец зноў пагнаўся кудысьці. Цішыня выбегла паглядзець за ім, як старая дзеўка. Выкацілася, урэшце, сонца, і ўзяўся быць першы дзень велікодных сьвяткаваньняў у маім горадзе, званым Беластокам.

У Вялікдзень 1971 году.


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com