epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Вёскішча, багіня ганьбы

За агнямі Беластока, за яго апошнімі вуліцамі, расшчэпленымі на трэскі прыгародніх сьцежак-дарожак, у даліне, што за пагоркамі, цямнее вёска. У ёй не відаць тае бліскатнечы гораду, - толькі зарыва, якое падсьвятляе зоркі на небе, зайздросьлівыя мігатлівіцы ў марозную ноч. Не стаю я ў гэтую цемень на грудзе за гумнамі, сяджу сабе за цёплым акном, у хаце, і гляджу богведама куды. Я тут на вясельлі брата.

Усе паўставалі й сьпяваюць «Сто лят», а мне ад таго сумна чамусьці.

Адбываецца сялянскае вясельле: за сталамі з сотня гасьцей, якім падаюць вульгарныя літроўкі, ля парога шпараць свае кавалкі ўжо падпоеныя музыканты, чуецца песьня за песьняй, мужчыніскі падгаворваюць бабаў піць «да канца», а рагатухі - «да дна». Гавораць усе адразу, усе да ўсіх - сусед да суседкі, суседка да суседа, і ніхто нікога ня слухае.

Вясельнасьць разьвясельваецца.

А мне маркотна, хоць ты забіся! Няўжо гэта ад таго, што вясельнікі са скуры вылузваюцца, каб усяму прыдаць нейкі рэстаранны тон, выветраць адсюль сялянскасьць, зьбіцца на чужы лад, як зь нечым удала пазычаным. «Забалела ты, мая галованька...» заціхла ў шматгалосьсі рэнаў рольскіх, вайцехаў млынарскіх, ірэнаў сантар, азнавураў, санджэрсаў, якія прыбіліся сюды нейкім тлумам укормленых дачнікаў на лета надрэчнае. Красамоўны сват неўзабаўку папярхнуўся «актамі вэсэльнымі», «прошапанствамі» ды яшчэ чымсьці такім, - сёньня не спамятаць мне, менавіта чым (?). Аднак, напэўна, не ягоным, не сваім, затое-ж бліскучым, бы той багэмскі пярсьцёнак у вітрыне, што ля цэнтральнае вуліцы, дзе нэоны й аўтамашыны, і напарфумаваныя тратуары.

Вясельле, усё-такі, сялянскае яно, бо іншых няма на сьвеце (гарадзкія не бываюць). Словам, вясельле!

Дружкі-сваячкі ў дарагіх сукнях, упрыгожаныя пераконанасьцю ў тым, што яны - не сялянкі, ганарацца сваімі пасадамі на заводах. Дружбанты-сваякі ў чорных касьцюмах для большае сьвяточнасьці, відаць, дрэнна адчуваюць сябе ў хамуце манераў, падгледжаных у патомных мяшчанаў, але яны не пацеюць да пятае ці бо й сёмае чаркі. Гэтыя таксама не сяляне. Адны старыя пачуваюцца імі, і таму па іх тварах скачуць грымасы вінаватасьці. О, яны добра разумеюць, што ўсенька непрыгожае можна выкінуць толькі ад іх. Нехта з маладзеччыны, на выгляд дзіўна скромны, нечакана загаварыў да старога па-свойму, па-беларуску ўголас, і той бядак пачырванеў ад гэткае ганьбы ды хутка-хуценька адказаў ён хлопцу па-гарадзкому, па-панску, «інцілігентна»!..

На вясельлі за Беластокам нешта плялі пра багіню каханьня, Вэнэру, але побач яе я ўбачыў і багіню ганьбы, Вёску, дакладней - Вёскішчу. А мо яна ёсьць няшлюбнае дзіцё Вэнэры? Так, вядома, было-б лепей, бо нашто-ж нам тая багіня ганьбы?

Нарэшце вось я сьцяміў свой дзівацкі сум: гэта-ж усе чакаюць сьмерці Вёскішчы! І, як пра нябожчыцу, якую грэх памінаць ліхам, пад раніцу на вясельлі запяялі - «ручнікі плылі..», «...а ў полі...», «Я Іванка так мілую...». Праўда - ня столькі бяздарна, колькі безнадзейна паныла, з такім няясным роздумам ці шкадаваньнем у п'яных, чаго абавязкова будуць яны саромецца потым.

Пачалі разьяжджацца - хто да аўтобуснага прыпынку, а хто да чыгуначнага, каб пасьпець на фабрычную гадзіну работы, вельмі пасьпешліва разьвітваючыся з маладою параю, усё роўна што баючыся пачуць ад яе: «Забярыце нас адсюль, молім, забярыце!..»

У такі час, калі праводзіш вясельнікаў за вёску, у дарогу, і, дайшоўшы зь імі аж да Відушчае гары, паглядзіш на віднеючы ўдалечыні начны горад, дык ці ня здасца ён табе вялізным могільнікам у Сьвята Памёрлых зь безліччу сьвяшчэнных вогнікаў у густы лістападаўскі вечар?


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com