epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Восеньскае сонца

Жылі сабе дзед з бабаю: Рыгор з Карусяю. Рыгор застудзіўся ў капаньне бульбы. Паліла гарачка.

- Дзе сын? Дзе мой сын? - трызьніў ён.

Пры памяці маўчаў.

Выў сабака. Месяц выскаліўся ў вакне, бы злыдзень. Каруся выйшла на ганак. Зьнізу, ад зямлі, пацягнула каплічным холадам - сівеў прымаразак. Вялікая Мядзьведзіца сядала на загуменьні, а неба заплывала мацнеючай яснотаю.

Дрыпаючы ў склеп па бульбу сьвіньням, Каруся думала: дачка далёка, сын у Беластоку. Да дачкі нічога ня мела - дочкі йдуць туды, куды іх бяруць.

Заграбаючы ў кошык бульбіны, праклінала здухамэнтамі жыцьцё.

Хтосьці - пачула - адчыніў дзьверы ў хлеў. Каруся вылезла са склепу й паглядзела: у дзьвярох Рыгор.

- Чаго цябе выперла з ложка! - закрычала.

Рыгор не адвярнуўся; Каруся падыйшла, каб накрычаць на яго. І змаўчала: ён плакаў.

Зьбягаліся куры, бляялі авечкі, рыкала карова. Каруся павяла Рыгора ў хату, паклала яго ў пасьцель. Яна першы раз не тлуміла сабе галавы галасамі галоднай гаспадаркі. Заціхла ля Рыгоравай галавы. Яе вочы мілавалі Рыгора й па-за ім ня бачылі ды ня помнілі нічога.

Сьвятлела раніца.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com