epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сакрат Яновіч

Выезд у смутак

У ноч з суботы на нядзелю даязджалі мы да першага на ўсход ад Польшчы мільённага гораду. Не было гэтага відаць па зубарэдкіх агнёх у захмараным даляглядзе, але мелася намі добрая, амэрыканская, мапа. Наш «форд» нарэшце выскачыў зь беларускае дарогі на нешта даволі шырокае й гладкае; на аўтастрадку... Джэк Іванюк падціснуў газ да ста васьмідзесяці; вялізнымі пацеркамі замільгацелі за шыбінамі слабамоцныя машыны тубыльцаў. Джордж Анісімовіч заўзіраўся ўзад, ці ня села нам на хвост нейкая раўня; яго не пакідала шпіёнаманія.

Заставаліся квадрансы, каб дабрацца да базы, што на адной з пэрыфэрыяў, дзе начэквалі нас з начлегам. Нельга заблудзіцца ў гэтай заходнярускай сталіцы нерасейскай дзяржавы, валодаючы ненавіснай у ёй беларускай ды экзатычнай ангельскай мовамі; напытваючы адрас, маглі-ж напароцца на шавіняка кантынэнтальнай імпэрыі. Арыенцірам паслужыць пляц з помнікам Чорнаму Чалавеку; за ім - сказалі нам яшчэ перад выездам сюды - узвышаецца мадэрны комплекс, не пабудаваны якраз на Манхэтэне.

Мяне праймаў мінорны настрой. Выгледжваў я цёмныя вёсачкі ў сяк-так асьветленай - ужо ў прыгарадзе - паласе таго магістральнага шляху, ціха зьдзіўлены, што ў іх усё нехта жыве; млява сьвяцілася ў просьценькіх вокнах. Не хацелася ехаць у гэтую мацярынскую мне краіну, якой напляваць на дзеці. Падкусіў-жа ліхі пакінуць свой дом пад вішняю ў яблыневым садзе, у даліне са старадаўняй мясьцінаю, і выперціся з Джэкам ды Джорджам; замануўся ім, вось, рызыкоўны бізнэс. У такую понач я-ж цёпла кладавіўся-б спаць у рагавым, блакітным, пакоі, пачытаўшы ў фатэлі, што пад фікусам, кавалак «У палескай глушы» або кніжыцу «Жменя сонечных промняў». Назаўтра-ж, для пярэдыху пасьля працяглага пісаньня, заграбаў-бы высахлае ў палацьцё бабамі пустазельле й паліў-бы яго з бульбоўнікам ад скарасьпейкі (дым малочнага адценку валіў-бы ў разбуялы маліньнік, што ў нізку).

Разьмясьцілі нас на высокім паверсе жыльлёвага корпусу, у акуратнай на першы выгляд кватэры, адкупленай фірмаю на гасьцёўню. Як быццам усенька было ў ёй, нават душ. Зусім ня горш, чымсьці ў чыкагаўскім Джэкстаўне, дзе эмігранты дабра нажылі ды ўнукаў, прыемна распанелых, прычакалі (на славу Амэрыцы, вядома). Ранкамі наведваліся двух у капелюшох, трохі як блізьнюкі, і прыносілі ежу, каб ніхто ад нас ня бегаў у пустыя крамы з бурклівымі прадаўшчыцамі (мы не дадумаліся, што тут мець грошы - гэта яшчэ далёка не ўсё). Сытна пасьнедаўшы на кавалерскі манер - хлеб, кілбаса, масла, сыр, - усядаліся ў сваю сэнсацыйна доўгую й бліскотную аўтамашыну ды кіравалі пад казённыя палацы, праводзіць там перамовы настолькі нялішнія, як візіт жаніха да бацькоў цяжарнае нарачонай... Пасьля чаго - балаганна, але смачна, абедалі ўсё ў тым рэстаране для замежнікаў (рублі даставаліся за бесцань). Прыцемкам заходзілі невялікімі шайкамі да нас прыветныя тыпы, ставілі гарэлку (з попахам нафты), і мы заводзіліся зь імі на мэтысізаванай мове. Калі на пяты дзень будаваньня гешэфтаў у гэтым безнадзейным староньні ў мяне пачаліся прыступы мэлянхоліі, мы, бы на крылах, павярнулі дамоў.


1981-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com