Жыла сабе ў адной вёсцы дзяўчынка, і была яна такая прыгожая, што ва ўсім свеце другой такой не знайсці. Маці яе страх як любіла, а бабуля - дык наогул ледзь розум ад яе не траціла. І купіла добрая бабуля сваёй унучцы чырвоны каптурок, які так упасаваў дзяўчынцы, што пачалі яе з таго часу зваць паўсюль Чырвоным Каптурком. Неяк раз спякла маці праснакі дый кажа дачушцы:
- Схадзі мо да бабулі, даведайся, як яна сябе пачувае. Бо нешта казалі мне, што яна хворая. Занясі ёй праснакоў ды гэты гарнушак масла.
Устала Чырвоны Каптурок і пайшла да бабулі, што жыла ў суседняе вёсцы. Ідзе яна лесам, так ідзе, аж раптам выходзіць насустрач ёй Воўк. Дужа захацелася Ваўку яе з'есці, ды ён пабаяўся, бо недзе паблізу працавалі дрывасекі. Тады ён і пытаецца:
- Куды гэта ты ідзеш?
А маленькая дзяўчынка не ведала, што спыняцца ў лесе ды гаварыць з ваўкамі небяспечна, і адказвае яму:
- Я іду да бабулі і нясу ёй праснакі ды гарнушак масла, што паслала ёй мая мама.
- А ці далёка жыве твая бабуля? - пытаецца Воўк.
- О, далёка, - адказвае Чырвоны Каптурок. - Вунь аж па-за тым млынам, што ўдалечыні. Там ёсць вёска, а ў крайняй хатцы ў той вёсцы мая бабуля і жыве.
- Ну што ж, - кажа Воўк, - пайду і я да тваёй бабулі. Толькі давай я пайду гэтай вось сцежкай, а ты ідзі вунь тою: паглядзім, хто з нас паспее першы.
І Воўк з усяго духу кінуўся па сама кароткай сцежцы ў лесе, а дзяўчынка няспешна пайшла па сама доўгай. Па дарозе яна збірала арэхі, ганялася за матылькамі, складала букеты з кветак.
А Воўк тым часам хутка прыбег да бабулінай хаткі і пастукаўся ў дзверы: стук-стук!
- Хто там? - спыталася бабуля.
- Гэта я, вашая ўнучка, Чырвоны Каптурок, - сказаў Воўк падробленым голасам. - Я прынесла вам праснакоў і гарнушак масла ад матухны.
Добрая бабуля, якая ляжала ў ложку, таму што ёй трошкі нядужылася, крыкнула Воўку:
- Цісні на клямку, слясак адскочыць!
Воўк націснуў на клямку, і дзверы адчыніліся. Тады ён кінуўся на бедную бабульку і ўраз праглынуў яе, бо не еў ужо цэлыя тры дні. Потым ён зачыніў дзверы, лёг на бабуліным ложку і пачаў чакаць, калі прыйдзе Чырвоны Каптурок. Тым часам дзяўчынка якраз падышла да дзвярэй і пастукалася: стук-стук!
- Хто там? - спытаў Воўк.
Але голас у Воўка быў грубы, і Чырвоны Каптурок, пачуўшы яго, спачатку спалохалася. Але потым падумала, што бабуля, напэўна, прастуджаная, і адказала:
- Гэта я, вашая ўнучка, Чырвоны Каптурок. Я прынесла вам праснакоў і гарнушак масла ад матухны.
Тады Воўк крыкнуў трошкі танчэйшым голасам:
- Цісні на клямку, слясак адскочыць.
Чырвоны Каптурок націснула на клямку, і дзверы адчыніліся.
Увайшла дзяўчынка ў хату, а Воўк схаваўся на ложку пад коўдру і кажа:
- Пакладзі, дзетка, праснакі ды гарнушак масла на дзежку, а сама хадзі прыляж побач са мною.
Чырвоны Каптурок распранулася і сабралася ўжо класціся ў ложак, але яе ўразіла, што без адзежы ў бабулі нейкі надта ўжо дзіўны выгляд. Вось яна і кажа:
- Бабуля, якія ў вас вялікія рукі!
- Гэта каб лепей цябе абдымаць, мая ўнучанька!
- Бабуля, якія ў вас вялікія ногі!
- Гэта каб лепей бегаць, мая ўнучанька!
- Бабуля, якія ў вас вялікія вушы!
- Гэта каб лепей чуць, мая ўнучанька!
- Бабуля, якія ў вас вялікія вочы!
- Гэта каб лепей бачыць, мая ўнучанька!
- Бабуля, якія ў вас вялікія зубы!
- Гэта каб цябе з'есці!
І з гэтымі словамі злы Воўк кінуўся на Чырвонага Каптурка і з'еў дзяўчынку.
Мараль
Нам гэта казка добра паказала,
Што можа быць, калі малыя дзеткі,
Галоўным чынам, панначкі-какеткі,
Гатовы слухаць ўсіх, каго папала.
Не дзіва, што ў такім выпадку
Воўк іх з'ядае часта быццам курапатку
І ўсё ж заўважыць мушу асабліва:
Не ўсе ваўкі да нашага падобны,
Такія ёсць, што з выгляду лагодны,
І нораў маюць ціхі, незласлівы,
Ды так паслужліва і так добразычліва
Плятуцца за дзяўчатамі па пятах,
Па цёмных вулачках праводзячы дахаты.
Але з усіх ваўкоў - такія
Найгоршыя і самыя ліхія!
Каментары
Пераклад зроблены з выдання: Perrault Charles. Contes. Paris: Hazan, 1928.