epub
 
падключыць
слоўнікі

Шарль Пэро

Прыгажуня ў сонным лесе

Жылі сабе кароль з каралевай, і не было ў іх дзяцей. Так яны сумавалі праз гэта, так сумавалі, што і сказаць няможна. Ужо і ўсе святыя крыніцы на свеце пааб'ездзілі, і маліліся, і бажыліся, і пацеры ўвесь час казалі - чаго толькі не рабілі, а ўсё дарма. Але нарэшце каралева такі зацяжарыла і нарадзіла дачку. Хрэсьбіны справілі пышныя. За хросных маці да маленькай прынцэсы паклікалі ўсіх чараўніц, якіх толькі ўдалося знайсці ў каралеўстве (а іх аказалася сем). Бацькам хацелася, каб кожная паводле звычаю, які тады быў у чараўніц, надзяліла іх дачку якім-небудзь дарам і каб прынцэса, такім чынам, мела ўсе найлепшыя якасці, якія сабе можна ўявіць.

Пасля хрэсьбінаў госці ўсёй кампаніяй вярнуліся ў каралеўскі палац, і там чараўніцам зладзілі вялікі банкет. Перад кожнай паклалі раскошны футарал з чыстага золата, а ў ім ляжалі залатыя лыжка, відэлец і нож, аздобленыя дыяментамі і рубінамі. Калі ўсе сядалі за стол, у залу раптам увайшла старая варажбітка, якую ніхто не запрашаў, бо яна больш за пяцьдзесят гадоў не выходзіла са сваёй вежы і ўсе лічылі, што яна памерла ці ляжыць там зачараваная.

Кароль загадаў прынесці кувэрт і ёй, але залатога футарала больш не знайшлося: іх зрабілі толькі сем - столькі, колькі было запрошана чараўніц. Варажбітка палічыла, што яе зняважылі, і пачала бурчаць скрозь зубы розныя праклёны. Маладая чараўніца, якая сядзела побач, пачула гэтае бурчанне і зразумела, што старая можа наклікаць на прынцэсу якое-небудзь ліха. І таму, калі ўсе ўсталі ад стала, яна адразу адышла ўбок і схавалася за фіранкай, каб гаварыць апошняй і мець такім чынам магчымасць крыху ўхіліць ліха, якое зробіць старая.

Тым часам чараўніцы пачалі надзяляць прынцэсу дарамі. Сама маладая паабяцала, што прынцэса будзе найпрыгажэйшая дзяўчына ў свеце; другая - што розум у яе будзе светлы, як у анёлка; трэцяя - што яна будзе майстрыха на ўсе рукі; чацвёртая - што яна будзе цудоўна танцаваць; пятая - што голас у яе будзе, як у салавейкі; а шостая - што яна будзе дзівосна граць на сама розных інструментах. Калі ж настала чарга старой варажбіткі, яна, трасучы галавой - не так ад старасці, як ад злосці, - сказала, што прынцэса ўколе руку верацяном і памрэ.

Ад такога страшнага выраку госці аж скалануліся, і ніхто не здолеў стрымаць горкіх слёз. У гэтую хвіліну з-за фіранкі выйшла маладая чараўніца і гучна прамовіла:

- Супакойцеся, кароль з каралеваю! Вашая дачка не памрэ. Праўда, я не маю такой улады, каб зусім зняць чары старой варажбіткі, і прынцэса ўсё ж уколе руку верацяном. Але яна не памрэ, а толькі засне глыбокім сном, які будзе доўжыцца сто гадоў. А потым прыйдзе малады каралевіч і разбудзіць яе.

І ўсё ж, нягледзячы на гэтае абяцанне, кароль вырашыў зрабіць усё, каб запабегчы бяды, наканаванай старой варажбіткай. Ён выдаў загад, які пад пагрозаю смерці забараняў усім і кожнаму прасці верацяном ці нават проста трымаць верацёны дома.

Гадоў праз пятнаццаць ці можа шаснаццаць кароль з каралевай паехалі ў адзін свой летні маёнтак; і аднойчы прынцэса, бегаючы там па палацы - з пакоя ў пакой, з паверха на паверх, - залезла аж пад самы дах адной вежкі, дзе ў невялічкай каморцы ўбачыла старую бабульку, якая прала на верацяно. Гэтая бабулька і чуць не чула, што кароль наклаў на верацёны строгую забарону.

- Бабуля, што вы тут робіце? - спытала прынцэса.

- Праду, маё дзіцятка, - адказала бабуля, якая не ведала, што перад ёю прынцэса.

- Ах, як гэта цудоўна! - сказала прынцэса. - А як гэта вы робіце? Дайце, я паспрабую, можа і ў мяне выйдзе.

Узяла прынцэса ручайку - а дзяўчына яна была няўрымслівая, дый гарэзніца добрая, а тут яшчэ над ёй панавала воля чараўніц, і таму - ледзь толькі яна гэта зрабіла, як адразу ўкалола руку верацяном і ў той самы момант самлела.

Бабуля вельмі спалохалася, пачала крычаць, клікаць на паратунак. На крык з усіх бакоў збегліся людзі - і ў твар вадой прынцэсе пырскаюць, і гарсэт распускаюць, і па далонях пляскаюць, і скроні вугорскім воцатам труць, ды ніяк да памяці яна не прыходзіць.

Тады кароль, які таксама прыйшоў у вежу на крык, успомніў пра наканаванае чараўніцамі ды падумаў, што, калі ўжо яны так сказалі, дык усё роўна ад лёсу нікуды не дзенешся. І загадаў ён, каб прынцэсу паклалі ў найлепшым пакоі ў палацы на ложку, вышываным золатам і серабром.

Прынцэса ляжала, чыста анёльчык, такая яна была прыгожая; непрытомнасць зусім не змяніла яе свежага тварыка: шчочкі ў яе былі пунсовыя, вусны - нібыта з каралаў, і толькі вочкі былі заплюшчаныя. Але па яе роўным, ціхім дыханні можна было зразумець, што яна не памерла. Кароль загадаў, каб нішто не турбавала прынцэсінага сну, пакуль ёй не прыйдзе час прачнуцца.

Калі здарылася гэтая бяда, добрая чараўніца, якая ўратавала прынцэсе жыццё, замяніўшы смерць стогадовым сном, была ў некаторым царстве, у далёкім гаспадарстве, за цэлы тузін тысяч вёрст. Але вестка пра няшчасце была ёй перададзеная ў адно імгненне, і зрабіў гэта карлік, у якога былі сямімільныя боты (а гэта былі такія боты, у якіх адным крокам можна было прайсці ажно сем міль). Чараўніца адразу рушыла ў дарогу і ўжо праз гадзіну пад'язджала да палаца на вогненнай калясніцы, запрэжанай цмокамі.

Кароль выйшаў яе сустракаць, падаў руку і дапамог сысці з калясніцы. Чараўніца ўхваліла каралёвыя загады, але як бо была вельмі прадбачлівая, падумала, што прынцэса засмуціцца, калі прачнецца ў старым палацы зусім адна. І вось што яна зрабіла.

Яна дакранулася сваёй чарадзейнаю палачкай да ўсяго, што было ў палацы (апроч караля з каралевай): да гувернантак, фрэйлін, пакаёвак, кавалераў, служак, дварэцкіх, кухараў, кухарчукоў, брамнікаў, пажоў, лёкаяў. Яна дакранулася таксама да коней у стайнях і да канюшнікаў, да вартавых сабак на птушыным двары і да маленькага Пуфіка, прынцэсінага сабачкі, які ляжаў каля ложка. І ледзь яна да іх дакранулася, як усе адразу пазасыналі, каб прачнуцца разам са сваёй гаспадыняй і быць гатовымі ёй служыць, калі ў тым будзе патрэба.

Нават ражны ў печы разам з нанізанымі на іх курапаткамі ды фазанамі - і тыя заснулі, і агонь - таксама. Усё гэта адбылося ў адну хвіліну, бо чараўніцам не трэба шмат часу, каб зрабіць сваю справу.

Тады кароль з каралевай пацалавалі сваю дарагую дачушку, што спала нязбудным сном, і, пакідаючы палац, загадалі, каб ніхто да яго блізка не падыходзіў. Ды гэтага й не трэба было загадваць, бо ўжо праз чвэртку гадзіны парк вакол палаца зарос такім густым хмызняком, калючымі цернямі, ды вялікімі і маленькімі дрэвамі, што праз іх не змаглі б прадзерціся ні звер, ні чалавек. Палац зусім схаваўся за гэтым зараснікам, і цяпер можна было ўбачыць адны яго вежы, дый тое здалёк. Ніхто не сумняваўся, што і тут чараўніца паклапацілася, каб прынцэса спала спакойна і каб яе не турбавалі ніякія цікуны.

Праз сто гадоў давялося паляваць у тых краях сыну караля, што кіраваў тады каралеўствам (а паходзіў ён ужо не з таго роду, з якога была прынцэса). І вось, калі прынц убачыў па-над лясною гушчэчай нейкія незнаёмыя вежы, ён пачаў пытацца ў людзей: што гэта такое? Кожны адказваў па-рознаму: адны казалі, што гэта замак, у якім жывуць здані, другія - што сюды на шабас з усяго наваколля збіраюцца ведзьмары і вядзьмаркі. Але большасць былі ўпэўненыя, што ў замку жыве людаед, які хапае маленькіх дзетак і зацягвае іх у сваё логвішча, каб спакойна есці, не баючыся пагоні, бо ніхто, апроч яго, не можа пралезці скрозь такую непралазную нетру.

Прынц не ведаў, каму даваць веры, і тут да яго падышоў адзін стары селянін і сказаў:

- Мой гаспадару, гадоў таму пяцьдзесят, а мо й болей, чуў я ад свайго бацькі, што ў гэтым палацы ляжыць найпрыгажэйшая ва ўсім свеце прынцэса і што яна павінна праспаць сто гадоў. А потым яе, нібыта, разбудзіць малады каралевіч, якому яна і будзе суджаная.

Пры гэтых словах прынца як агнём апаліла. Ён зразумеў, што пакласці крэс гэтым чарам, без сумнення, выпадае яму. І, прагнучы кахання і славы, ён пастанавіў, што зараз жа пойдзе і ўбачыць прынцэсу. Ледзь толькі ён рушыў да зарасніка, як усе дрэвы, і хмызняк, і калючае церне самі сабой расступіліся і далі яму дарогу. Ён пабег да замка, які віднеўся ў канцы гэтага вялікага праходу, і яго толькі трошкі здзівіла, што ніхто з яго світы не здолеў пайсці за ім, бо як толькі ён ступаў крок наперад, дрэвы за спінаю ў яго зноў спляталіся шчыльнай сцяной. Але ж таму, хто малады і закаханы, нічога не страшна, і прынц смела ішоў наперад.

Неўзабаве ён апынуўся на вялікім двары перад палацам. Тое, што адкрылася тут ягоным вачам, магло б кожнага ўвагнаць у жах: тут стаяла страшная цішыня, паўсюль паўставалі выявы смерці, вакол ляжалі нерухомыя целы людзей і жывёл... Але зірнуўшы на прышчавыя насы і чырвоныя твары брамнікаў, прынц адразу здагадаўся, што яны зусім не памерлі, а ўсяго толькі спяць, і што, калі іх адолеў сон, яны проста мірна пілі віно, бо і цяпер яшчэ ў руках у іх былі недапітыя кубкі.

Прынц прайшоў праз другі двор, брукаваны мармурам, падняўся па лесвіцы і ўвайшоў у вартаўнічую залу. Там са стрэльбамі на плячах роўнымі шэрагамі стаяла варта і храпла сабе на ўсю моц. Прынц рушыў далей, адну за адной праходзячы залы, у якіх - хто стоячы, хто седзячы - спалі прыдворныя кавалеры і дамы. Нарэшце ён увайшоў у залачоны пакой, і тут яго вачам адкрылася такое хараство, якога яму яшчэ ніколі не даводзілася бачыць. На ложку з рассунутымі фіранкамі ляжала прынцэса. З выгляду ёй было гадоў пятнаццаць-шаснаццаць, і ўся яна нібыта свяцілася дзівосным, незямным бляскам.

Заміраючы ад зачаравання, прынц падышоў да ложка і ўкленчыў перад прынцэсай. У тое ж імгненне чарам настаў канец, прынцэса прачнулася і так пяшчотна зірнула на прынца, што на чалавека, якога бачыш упершыню, так паглядзець, бадай, і немагчыма.

- Гэта вы, мой прынц? - сказала яна. - Як жа доўга я вас чакала!

Зачараваны гэтымі словамі, а яшчэ больш - тым голасам, якім яны былі вымаўленыя, прынц не ведаў нават, як выказаць сваю ўдзячнасць і радасць. Ён пачаў тлумачыць, што кахае прынцэсу больш за сябе самога, словы блыталіся ў яго, але праз гэта толькі яшчэ больш падабаліся дзяўчыне - бо чым менш красамоўства, тым болей кахання.

Прынц быў разгублены мацней за прынцэсу, і яно зразумела, бо ў прынцэсы было ўволю часу абдумаць усё, што яна скажа, калі прачнецца. Можна не сумнявацца (хоць гісторыя пра гэта маўчыць), што за такі доўгі сон добрая чараўніца навеяла ёй нямала прыемных мрояў.

Так ці іначай, але яны прагаманілі ўжо чатыры гадзіны, а не выказалі і паловы таго, што было ў іх на сэрцы.

А тым часам усё ў палацы прачнулася разам з прынцэсай. Кожны ўжо займаўся сваёю справай. Але таму, што закаханыя былі не ўсе, многім дужа хацелася есці. І адна фрэйліна ажно так згаладалася, што не вытрывала і ўголас абвясціла, што абед даўно на стале. Прынц адразу дапамог прынцэсе падняцца, бо ляжала яна апранутая, і ў вельмі прыгожай сукенцы. Прынц, праўда, змоўчаў, што сукенка гэтая нагадвае вопратку ягонай бабулі і што каўнер у яе стаяком: прынцэса і ў гэтых строях была не меней прыгожая.

Яны прайшлі ў люстраную залу, дзе іх чакаў абед. Прынцэсіны лёкаі падносілі ім стравы, а скрыпкі і дуды гралі старую, але чароўную музыку, якую сто гадоў нідзе ўжо не чулі. Пасля абеду, каб не марнаваць часу, святар павянчаў іх у замкавай бажніцы, а фрэйліна паклала іх спаць і захінула на шлюбным ложку фіранкі. Спалі яны мала, бо ў прынцэсы вялікай патрэбы ў сне не было. А раніцай прынц развітаўся з ёю і вярнуўся ў горад, дзе бацька-кароль ужо, напэўна, пачаў за яго хвалявацца.

Прынц сказаў бацьку, што, палюючы, заблудзіў у лесе і правёў ноч у хатцы ў аднаго вугальшчыка, які накарміў яго чорным хлебам і сырам. Кароль быў чалавек добры і прастадушны і паверыў сыну, але каралеву ягоныя словы зусім не пераканалі. Калі ж яна заўважыла, што сын амаль кожны дзень пачаў ездзіць на паляванне і кожны раз, па дзве-тры ночы праводзячы не дома, прыдумляе гэтаму нейкае апраўданне, яна наогул упэўнілася, што недзе ў яго завялася каханка. На той час прынц жыў з прынцэсаю ўжо цэлыя два гады, і ў іх ужо нарадзілася двое дзетак. Першую, дачку, назвалі Заранкаю, а другому, сыну, далі імя Дзень, бо ён быў яшчэ прыгажэйшы за сястру.

Часта, каб выцягнуць у сына прызнанне, каралева казала яму, што юнаку, маўляў, дазваляецца часам пашукаць у жыцці ўцех. Але прынц ніяк не адважваўся раскрыць ёй свайго сакрэту. Ён любіў сваю маці, але яшчэ болей - баяўся яе, бо яна паходзіла з людаедскага роду. І кароль, калі і ажаніўся з ёю, дык толькі дзеля яе незлічонага багацця. Сярод дворні нават хадзілі чуткі, што ў яе і цяпер засталіся людаедскія звычкі і, калі яна бачыць маленькіх дзяцей, дык ледзь стрымліваецца, каб на іх не накінуцца. Таму прынц і не хацеў ёй нічога расказваць.

Але калі кароль памёр, а гэта здарылася праз два гады, і прынц заняў яго месца на троне, ён абвясціў усім пра свой шлюб і ўрачыста выправіўся ў лясны замак па сваю жонку. У сталіцы маладой каралеве наладзілі вельмі пышную сустрэчу. А прыехала яна адразу з дзецьмі.

Колькі часу пазней паехаў малады кароль на вайну са сваім суседам, царом Канталабутам. Каралеўства ён даручыў старой каралеве і вельмі яе прасіў даглядаць яго жонку і дзетак, бо на вайне меўся прабыць усё лета.

Ды толькі ён ад'ехаў, як старая каралева выслала нявестку з дзецьмі ў далёкі маёнтак, што стаяў сярод дрымучага лесу. Яна разлічвала, што там ёй будзе лягчэй здзейсніць свой пачварны намер. Праз некалькі дзён яна і сама прыехала ў той маёнтак і аднойчы ўвечары загадала кухару:

- Заўтра на абед прыгатуеш мне малую Заранку!

- О, пані.., - сумеўся кухар.

- Я так хачу, - сказала каралева тонам людаедкі, якой карціць паесці свежае чалавечыны. - І загадваю, каб ты падаў мне яе з добраю поліўкай!

Небарака-кухар адразу ўцяміў, што жартаваць з людаедкай не варта. Ён узяў вялікі кухонны нож і пайшоў у пакой, дзе жыла Заранка.

Дзяўчынцы тады ўжо споўнілася чатыры гады. Калі яна ўбачыла кухара, яна подскакам кінулася яму насустрач, весела абняла за шыю і папрасіла цукерку. Кухар заплакаў, і нож сам выпаў у яго з рук. Тады ён пайшоў у загарадзь, зарэзаў маленькае ягня і прыгатаваў яго з такой выдатнаю поліўкай, што старая каралева потым бажылася, што нічога смачнейшага ў сваім жыцці не ела. А Заранку тым часам кухар завёў да сваёй жонкі і сказаў, каб яна схавала дзяўчынку ў сама дальняй каморцы.

Праз тыдзень злая каралева зноў паклікала кухара і загадала яму:

- Хачу, каб на вячэру мне быў прыгатаваны малы Дзень!

Кухар не стаў ёй пярэчыць, а вырашыў ашукаць, як і першы раз. Пайшоў ён да маленькага Дня і бачыць: той са сваёй дзіцячаю шабелькай ваюе вялізную малпу, а было ж яму тады ўсяго тры гады! Кухар занёс хлопчыка да сваёй жонкі і схаваў разам з Заранкаю. А сам замест Дня прыгатаваў на вячэру старой каралеве казляня, якое людаедцы вельмі ўсмакавала.

Дагэтуль усё ішло добра, але аднаго вечара злая каралева раптам сказала кухару:

- А цяпер прыгатуй мне саму маладую нявестку, ды з такой самай поліўкай, што і ейных дзяцей!

Тут ужо кухар страціў усякую надзею, што яму зноў удасца ашукаць людаедку. Маладой каралеве было ўжо тады за дваццаць, калі не лічыць тых ста гадоў, што яна праспала. Цела ў яе было яшчэ прыгожае і белае, але ўжо не такоё мякенькае: дзе ж знойдзеш у гаспадарцы жывёлу з такім грубым мясам? Рабіць нічога не заставалася, і каб уратаваць сваю шыю, кухар вырашыў каралеву такі зарэзаць і пайшоў да яе ў пакой, каб адным мехам з усім пакончыць. Па дарозе ён знарок распаляў у сабе злосць і ў такім настроі, з нажом у руцэ адчыніў дзверы ў спальню да маладой дзяўчыны. І ўсё ж кухару не хацелася забіваць каралеву знянацку, і спачатку ён сумленна ёй расказаў, які загад дала яму старая людаедка.

- Дык рабіце ж свой абавязак, - адказала маладая каралева і падставіла шыю, - выконвайце дадзены вам загад. Цяпер я ўжо хутка ўбачу маіх бедных дзетак, якіх я так любіла!

А пасля таго, як яе дзеткі нечакана зніклі, каралева лічыла, што яны ўжо нежывыя.

- Не-не, Васпані, - адказаў зусім расчулены небарака-кухар, - вы не памраце! І дзетак сваіх вы ўбачыце! Хадземце да мяне, я іх схаваў у сваёй каморцы. А старую каралеву я яшчэ раз ашукаю і замест вас дам ёй на вячэру маладзенькую касулю.

Ён зараз завёў каралеву ў сваю каморку і пакінуў там мілавацца ды плакаць з дзеткамі, а сам пайшоў гатаваць касулю. Людаедка з'ела яе з такім смакам, быццам гэта была сапраўды маладая каралева. Яна вельмі радавалася свайму лютаму ўчынку, а каралю, калі ён прыйдзе з вайны, збіралася сказаць, што ягоную жонку з дзецьмі з'елі шалёныя ваўкі.

Аднойчы ўвечары, як звычайна, пайшла старая людаедка пагуляць. І пачала бадзяцца сюды-туды па маёнтку ды вынюхваць, ці не пахне дзе чалавечынаю. І раптам з нейкай каморкі пачуўся голас маленькага Дня - той плакаў, бо маці хацела яго адлупцаваць за свавольства. А потым пачуўся і голас Заранкі, якая прасіла прабачэння за свайго браціка. Пазнала людаедка галасы каралевы і яе дзетак і вельмі раззлавалася, што яе ашукалі. Страшным голасам, ад якога ўсе ажно здрыгануліся, яна загадала, каб заўтра ж раніцай на сярэдзіну двара вынеслі вялізную кадушку, напоўнілі яе рапухамі, гадзюкамі, вужакамі і іншымі змеямі, а потым укінулі туды каралеву з дзецьмі і кухара з яго жонкай і служкаю, звязаўшы ім за спінаю рукі.

І вось падвялі іх ужо да кадушкі, і каты збіраліся ўжо іх кінуць да змеяў, калі раптам на двор конна ўехаў кароль. Так рана яго зусім не чакалі. Кароль быў вельмі здзіўлены, калі ўсё ўбачыў, і спытаўся, што азначае ўвесь гэты жах? Але ніхто не адважыўся сказаць яму праўду. І тут людаедка, ашалеўшы ад такой сваёй няўдачы, узяла раптам дый кінулася сама потырч галавой у кадушку, дзе яе адразу закусалі брыдкія гадзюкі, якіх яна загадала туды панакідаць. Караля вельмі засмуціла гэтае здарэнне, бо ўсё-такі яна была яго маці. Але жонка і дзеці хутка яго супакоілі.

 

Мараль

 

Перад вяселлем трошкі пачакаць,

Каб мужа добрага, прыгожага спаткаць, -

У тым няма ніякае навіны.

Але чакаць сто год і спаць спакойным сном?!

Цяпер такой санлівае дзяўчыны

Не знойдзем мы нідзе і днём з агнём.

Яшчэ, здаецца, казка нам даводзіць,

Нібыта повязі, што вяжа Гіменей,

Калі на час разлучаны, не робяцца слабей

І што чаканне тут нікому не зашкодзіць.

Але прыгожы пол з такім імпэтам

Хутчэй імкнецца свой вясельны справіць баль,

Што духу не стае аб гэтым

Такую вывесці мараль.

 

 

Каментары

 

Пераклад зроблены з выдання: Perrault Charles. Contes. Paris: Hazan, 1928.



Пераклад: Зьміцер Колас