epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Александровіч

Цішка Гартны

Творчая спадчына Цішкі Гартнага — вядомага пісьменніка, грамадскага, палітычнага і культурнага дзеяча — цікавая і змястоўная старонка ў гісторыі беларускай літаратуры. Яго дакастрычніцкая творчасць развівалася і фармавалася ў рэчышчы рэвалюцыйна-дэмакратычнай літаратуры пад жыватворным уплывам Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама традыцый рускай класічнай і рабочай паэзіі. Цішка Гартны — у 1912—1913 гг. супрацоўнік бальшавіцкай «Правды». Маніфест Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада, якім 1 студзеня 1919 года была абвешчана Савецкая Беларусь, напісаны і падпісаны рукою Зміцера Жылуновіча — Цішкі Гартнага.

На агульным фоне беларускай дакастрычніцкай паэзіі Цішка Гартны выдзяляўся як пясняр рабочай тэматыкі, у яго вершах упершыню загаварыў «рабочы-гарбар, рыцар працы цяжкой». Інакш кажучы, у творчасці Цішкі Гартнага адлюстраваны нялёгкія і супярэчлівыя шляхі станаўлення грамадскай свядомасці беларускага пралетарыя — учарашняга селяніна. У лепшых вершах са зборнікаў «Песні працы і змагання» і «Урачыстасць» паэт перадаў жывы подых бурлівых рэвалюцыйных падзей, паказаў новага чалавека, яго велічныя і будзённыя справы, даў жывы і вобразны малюнак горада, звярнуўся да распрацоўкі інтэрнацыянальнай тэмы.

Значны ўклад зрабіў Цішка Гартны ў беларускую савецкую прозу. Лепшыя яго апавяданні са зборнікаў «Трэскі на хвалях» і «Прысады» прасякнуты сцверджаннем рэвалюцыйнай рэчаіснасці, вызначаліся багаццем і навізною жыццёвага матэрыялу, паказам суровага драматызму і героікі грамадзянскай вайны, стваральнай працы новага чалавека, характар якога гартаваўся і фарміраваўся ў барацьбе за Савецкую ўладу. Важным здабыткам на шляху станаўлення беларускай эпічнай прозы быў раман Цішкі Гартнага «Сокі цаліны», у якім пісьменнік узнімаў некранутыя пласты беларускага народнага жыцця, прасачыў шляхі фармавання вобраза пралетарыя, адлюстраваў нарастанне класавай барацьбы ў краіне напярэдадні і ў часе Кастрычніка.

Шырокі дыяпазон публіцыстыкі і крытыкі Цішкі Гартнага. На старонках першай беларускай савецкай газеты «Дзянніца», у «Савецкай Беларусі», у часопісе «Полымя» і ў іншых выданнях ён змяшчаў падарожныя нарысы, крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, успаміны пра рускіх і беларускіх пісьменнікаў.

* * *

Цішка Гартны (Зміцер Хведаравіч Жылуновіч) нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. у мястэчку Капыль у сям’і беззямельнага селяніна, які займаўся адыходным промыслам, асушаў балоты на Палессі. Маці ткала палатно ці хадзіла на падзённую работу да местачковых багацеяў.

Між лясных пагоркаў і высокіх курганаў у ціхай правінцыяльнай глушы, далёка ад прамысловых цэнтраў ці больш-менш вялікіх гарадоў, далёка ад чыгункі, далёка нават ад бойкай шашы прытаілася ў зеляніне клёнаў і ліп маляўнічае мястэчка Капыль. Старое высачэзнае замчышча, каля яго невялікая плыткая рачулка Каменка, якая нібыта некалі была глыбокай, як Нёман, і абмывала замак мясцовых князёў Алелькавічаў з усіх бакоў, клала своеасаблівы легендарны адбітак на гэты непаўторны кут Случчыны. Па-свойму выглядала і мястэчка. У цэнтры царква, недалёка касцёл, некалькі сінагог, крам-мураванак з чырвонай цэглы, крыху збоку мячэць ва ўсходнім стылі, некалькі дзесяткаў пакручастых вуліц і вулічак з драўлянымі дамамі, брукаваны пляц, на якім па чацвяргах і нядзелях збіраліся велізарныя кірмашы, асабліва славіліся кірмашы на коні і каровы. Сушаную рыбу прывозілі ажно з Петрыкава.

Мястэчка Капыль вызначалася яшчэ і тым, што тут здаўна ў шчырай дружбе і сапраўдным міры жылі беларусы, яўрэі і татары. Звычайна татары-гарбары выраблялі аўчыны і скуры, яўрэі шылі кажухі і боты, беларусы абраблялі зямлю. Было ў Капылі многа малазямельных ці нават зусім беззямельных сялян. Каб неяк пракарміць сям’ю, мужчыны ішлі на заработкі на адыходны промысел, наймаліся на чыгунку, капалі магістральныя каналы каля Любані, асушаючы непраходныя балоты, шукалі парабчанскага месца ў панскіх маёнтках.

Фармаваліся ў Капылі свае літаратурныя і грамадска-палітычныя традыцыі. Тут у сярэдзіне XIX стагоддзя пачаў творчую дзейнасць класік яўрэйскай літаратуры Мендаль Мойхер-Сфарым (Шолам Абрамовіч). У Капыль хоць у адзінкавым экземпляры, але траплялі «Отечественные записки», «Дело», «Слово», «Устои» і іншыя прагрэсіўныя выданні. Значыцца, былі тут і чытачы Някрасава, Салтыкова-Шчадрына, Глеба Успенскага, Пісарава, Шалгунова, Міхайлоўскага, Дарвіна. Вядома, такую літаратуру чыталі сынкі багацеяў — студэнты, семінарысты, сапраўдная тутэйшая інтэлігенцыя. Але і сярод простых людзей былі пісьменныя, яны ўжо ведалі пра існаванне нелегальнай літаратуры. Таму ў 80-я гады ў мястэчка нясмела, а потым і смялей пранікаюць народніцкія ідэі; недалёка ад Капыля, у вёсцы Пукава, знайшліся сяляне, якім слуцкі гімназіст чытаў агітацыйную брашуру марксісцкага напрамку «Бацька Шымон» — «Дзядзька Антон». Нарэшце трэба адзначыць яшчэ адзін важны і цікавы момант: пра Капыль ведаў У. І. Ленін1.

«Калі меў 12 г.,— успамінаў пасля Ц. Гартны,— бацька аддаў мяне за пастуха ў сваё мястэчка, дзе я праслужыў пяць год. Летам ганяў каровы ў поле, а зімой вучыўся: спачатку ў «дарэктара», а пасля ў народным і двухкласным вучылішчах»2. У 1905 годзе скончыў Капыльскае двухкласнае вучылішча і ўлетку таго ж года зрабіў першае падарожжа «ў людзі» — паехаў у Кіеў, дзе меркаваў уладкавацца на працу і надрукаваць у газеце «Кіевские отклики» першыя вершы. Але ні адно, ні другое не атрымалася. Прыйшлося вярнуцца дамоў і пайсці працаваць у гарбарную майстэрню. Пасля Цішка Гартны ўключаецца ў грамадска-палітычнае жыццё свайго мястэчка, уваходзіць вясною 1906 года ў Капыльскую арганізацыю сацыял-дэмакратаў, чытае нелегальную літаратуру, захапляецца творамі М. А. Някрасава, Л. М. Талстога, Максіма Горкага. «Толькі адна дарога дасталася мне. Гэта — барацьба і змаганне да апошніх маіх дзён. І ў маім сэрцы не згасла вера, што прыйдзе панаванне свабоды»,— пісаў ён сябру. Душа яго рвалася да асветы. Ён спрабуе паступіць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, але яго там не прынялі. Знайшліся ажно дзве прычыны: нібыта перарос і не мае на руках дакументаў пра «благанадзейнасць».

Летам 1908 года Цішка Гартны даведаўся пра выданне ў Вільні беларускай газеты «Наша ніва», пачаў не толькі чытаць яе, але пасылаць у яе допісы, а потым і вершы. Першы верш «Бяздольны», прысвечаны Янку Купалу, апублікаваў у № 2 за 1909 год.

У пошуках работы Цішка Гартны вандруе па Беларусі, Літве, Украіне і Латвіі. У 1909—1912 гг. яму давялося працаваць у гарбарных майстэрнях Вількаміра, Шаўляя, Панявежыса, Жлобіна, Васількова, Белай Царквы, Дзвінска, Мітавы, Магілёва, Лоева, Жлобіна і іншых гарадоў. Аднак ён не парываў сувязі з капыльскімі сацыял-дэмакратамі і амаль штогод наведваў роднае мястэчка.

У 1910 годзе пры актыўным удзеле Цішкі Гартнага ў Капылі пачынае працаваць рабочы гурток «Самаадукацыя і самаразвіццё», які наладжвае выданне рукапіснага літаратурнага часопіса «Заря», у наступным годзе выходзіць «Голос низа», а пры ім беларускі дадатак «Вольная думка».

«Вольная думка» вызначалася, паводле звестак Л. Клейнбарта, багатым літаратурным зместам. Былі тут вершы-заклікі, адрасаваныя беларускаму народу:

 

Уставай, беларус! Пратры свае вочы,

Ужо годзе цярпець у няволі...

Запей весялей сярод цёмнае ночы,

Запей песню шчасця і волі...

 

Былі публіцыстычныя творы з адраджэнскімі матывамі: «Уставай, брат-мужык беларус! Ты загнаны, пакрыўджаны ўсімі! Уставай, затрасі сваёй чорнай працоўнай рукой. Няхай твае тыраны задрыжаць у сваіх палацах, няхай пазнаюць, што і ты чалавек... Ты ўладар свету ўсяго! У цябе ўся сіла, уся моц! Смела гавары ўсюды аб волі, аб сваім жыцці нявольным. Уставай! Уставай! Уставай за зямлю, за волю, за роўнасць, за брацтва!».

У дадатку «Вольная думка» разглядалася беларуская паэзія ўвогуле, асобна вызначалася месца Я. Купалы і Я. Коласа ў ёй: «гэта зорачкі, якія загарэліся ў самай глыбі жыцця».

Вясною 1913 г. малады паэт праводзіць на радзіме збор сродкаў у фонд бальшавіцкай «Правды» і неўзабаве становіцца рабочым пецярбургскага ліцейна-механічнага завода «Вулкан». Так складваецца ў сталіцы своеасаблівае капыльскае літаратурнае зямляцтва: Леў Клейнбарт, Цішка Гартны, Алесь Гурло, Хведар Станілевіч. Леў Клейнбарт піша пра Ц. Гартнага ў часопісах «Современный мир» і «Вестник Европы»; Алесь Гурло друкуецца ў «Нашай ніве» і наведвае літаратурныя сходкі на кватэры рускага пісьменніка А. П. Чапыгіна; Хведар Станілевіч, які друкаваўся ў бальшавіцкіх выданнях, сябраваў з вядомым рускім паэтам Аляксеем Гасцевым, нават жыў з ім на адной кватэры.

Дэмакратычная накіраванасць, палымяны пратэст супраць сацыяльнай несправядлівасці, глыбокі аптымізм і вера ў сілы народа, паэтызацыя чалавека працы, заклік да нацыянальна-вызваленчай барацьбы — усё гэта збліжала творчасць Ц. Гартнага з паэзіяй Янкі Купалы і Якуба Коласа. Герой яго твораў — прыгнечаны і бяспраўны чалавек, якому «цяжка жыць без долі», але які верыць, што «надыйдзе пара — знемажэнне міне»:

 

Сонейка вечна зіяе,

Нядоля ж не вечна жыве,—

І да нашага любага краю

Шчасце вясны прыплыве...

 

«Сацыяльны бок найбольш мяне інтрыгаваў, хоць я адчуваў выразна, што ідэя нацыянальнага вызвалення сваёй краіны залягла ў маім нутры досыць грунтоўна»,— пісаў пазней Цішка Гартны. Спалучэнне сацыяльных і нацыянальных імкненняў — характэрная рыса ранніх вершаў маладога паэта, яго хвалюе шчасце і доля роднай старонкі:

 

Я люблю гэты вобраз краіны,

Дзе Дзвіна й чысты Нёман плывуць —

Між лясоў, паміж гор, праз лагчыны

Свае воды у мора нясуць,

Дзе раскінулісь шэрыя вёскі,

А ў іх родныя песні чутны,

Песні — долі людской адгалоскі,

Песні — жальбы загнанай душы.

 

Цішка Гартны паэтызуе працу чалавека («Песня жняі», «Каваль», «Ткачыха»), паказвае, што гэтыя людзі ўсведамляюць сваю ролю і месца на зямлі. Вось выйшаў на луг, дзе косы «песняй срабрыстай звіняць», волат-касец, у яго «радасць у сэрцы іскрыцца», ён повен сілы і энергіі:

 

Гэй, разыдзецеся, рукі,

Косы так востра бяруць,

Цела не ведае мукі,

Ногі спачынку не ждуць!

 

Але ў вершах Цішкі Гартнага побач з традыцыйным вобразам мужыка — «пана сахі і касы» — упершыню ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі паказаны рабочы — «рыцар працы цяжкой». Чалавек гэты моцны сілаю і духам, ірвецца з чатырох сцен закуранай майстэрні на «сонца і прастор» — такі лірычны герой паэтычнага цыкла — своеасаблівай сімфоніі «Песні гарбара»:

 

Сагнуўшыся, я ля вярстата стаю —

Скуру ўвесь дзень без спачынку я гну,

Я скуру ўсё гну,

Нядолю кляну —

І песню пяю.

 

Успамінаючы пра сваю працу ў гарбарных майстэрнях, Цішка Гартны пісаў: «Я адчуваў сябе пралетарыем-творцам... Праца, якой я заняўся, была страшэннай. Але яна з першых крокаў здалася мне маім прызваннем. Я адразу ўбачыў у працэсе яе многа той красы, якая чакае свайго песняра. З аднаго боку, чад, дзёгаць, смурод, закасаныя да плеч мускулістыя рукі рабочых, з другога — сонца за сцяной, чыстае паветра — усё гэта кантрасты — кантрасты двух светаў...» Жывыя назіранні дазволілі паэту напоўніць цыкл «Песні гарбара» хараством і музыкай працы, сваім рытмічным малюнкам, унутраным дзеяннем, у якім паэтычная думка нарастае, узмацняецца, уздымае на барацьбу:

 

Я рабочы-гарбар,

Рыцар працы цяжкой,

Я з жалезнай душой,

З сэрцам палкім, як жар.

 

Вобраз рабочага-гарбара падаецца ў развіцці, у дынаміцы. Калі спачатку ён пакорліва нясе свой крыж, то потым смела гаворыць: «я здружыўся з трудом, я ў ім рос, я ў ім крэп»; ён сам падбадзёрвае сябе: «не здавайся, гарбар!». Яго не страшыць цяжкая праца, ён мае «жалезную душу», «сэрца палкае, як жар», і разумее сваё прызначэнне:

 

Для братоў, для людзей

Шчасце і долю кую.

 

Па сваёй сацыяльнай вастрыні да гэтага цыкла прымыкае верш Цішкі Гартнага «Песня грабара». Тут таксама паэтызуецца стваральная праца чалавека:

 

Я ўсё жыццё сваё, дзень у дзень, год у год,

Землю цяжкай лапатай капаю, як крот,

І так многа, я многа яе накапаў!

Направодзіў шырокіх і доўгіх канаў,

І прарэзаў я цэлыя мілі равоў:

Шмат, ой, шмат я са свету балотаў так звёў

І багата вады праз равы прапусціў,

А ў ваду тую шмат я крыві свае ўліў...

 

Умее Цішка Гартны паказаць і штодзённыя будні, беспрацоўе («Гарбар на вандроўцы», «Без работы»), спявае рамантычна-ўзнёслыя гімны свабодзе. Робячы агляд кніг таго часу, Янка Купала пісаў: «Цішка не «майструе вершы», а пяе, пяе ўсёй сваёй набалелай душой, усім сваім сэрцам гарачым, кіпучым» («Наша ніва», 1913, № 50).

Вядомы беларускі крытык і публіцыст Лявон Гмырак пісаў 6 красавіка 1911 года ў рэдакцыю «Нашай нівы»: «Найлепей мне падабаюцца «Песні жальбы», «Жалейка» і «Адвечная песня»... з другіх, каторых вершы з’яўляюцца часамі ў «Нашай ніве», мне падабаецца Цішка Гартны».

Асобна трэба сказаць пра вельмі цікавую старонку ў да рэвалюцыйнай творчасці Цішкі Гартнага — яго супрацоўніцтва ў бальшавіцкай «Правде». У 1912—1913 гг. друкаваліся ў «Правде» вершы беларускага паэта: «Лишь только фабричный гудок прогудит», падпісаны псеўданімам Давид Скорбящий, «Песня кузнеца» і «Говор волн» за подпісам — Д. Жилунович. Сярод гэтых рускіх вершаў Цішкі Гартнага ёсць смелыя і вострыя радкі:

 

Наковальню стальную свою

Приготовил давно под удары,

Из железа — смягчилось от жара —

Острый меч для себя я кую.

 

* * *

Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю Цішка Гартны сустрэў з радасцю і творчым уздымам. Ужо ў лютым 1918 года ён сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР, адзін з рэдактараў першай беларускай савецкай газеты «Дзянніца», у кастрычніку 1918 года ён прыняты ў члены Камуністычнай партыі. Пасля абвяшчэння Беларусі Савецкай рэспублікай 1 студзеня 1919 года Цішка Гартны — Старшыня Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада. Плённую літаратурную дзейнасць пісьменнік і ў далейшым спалучаў з актыўнай грамадска-палітычнай і дзяржаўнай справай: працаваў у штабе 14 арміі, у палітаддзеле Заходняга фронту, быў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», а пасля часопіса — «Полымя», займаў адказныя пасады ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, Народным камісарыяце асветы, Галоўмастацтве; з 1928 года Цішка Гартны — акадэмік АН БССР.

Цішка Гартны не толькі закладаў асновы беларускай рабочай паэзіі. Ён адным з першых адлюстраваў жывы подых бурлівых і велічных падзей Кастрычніка, уславіў героіку і пафас барацьбы, паказаў небывалы энтузіязм і мужнасць тых, хто са зброяй у руках абараняў заваёвы Савецкай улады:

 

Гары ж, агонь Кастрычніка, гары!

Свой промень зыркі раздувай.

Няхай ён ззяе з краю ў край!

Хто спіць да гэтае пары —

Уставай! (1918)

 

Пра шырокі дыяпазон творчасці Цішкі Гартнага ў перыяд грамадзянскай вайны і першыя гады мірнага будаўніцтва сведчаць старонкі газет і часопісаў таго часу. Здзіўляе незвычайная аператыўнасць і творчая актыўнасць пісьменніка: пад рознымі псеўданімамі3 ён у кожным нумары змяшчаў па некалькі публіцыстычных артыкулаў ці мастацкіх твораў. У вершах «Чырвонаармейцы», «Маёй песні далі тоны», «Гадавіна 25 кастрычніка 1917 г.» чуецца суровае дыханне векапомных дзён, урачыстыя маршавыя мелодыі, радасная песня перамогі:

 

Ціха рэе —

Палымнее

Сцяг чырвоны,

Пад ім роем

Чынным строем

Рэюць тоны

Песняў волі... (1919)

 

Гартнаўскія творы апалены полымем Кастрычніка і грамадзянскай вайны, яны з’яўляюцца своеасаблівым летапісам барацьбы за Савецкую ўладу на Беларусі, паэтычнай хронікай дзяржаўнага будавання маладой рэспублікі. Аднак адлюстраваць новае, бурлівы ход жыцця было не заўсёды так лёгка і не так проста, бо многае было яшчэ ў руху, у зменах. Таму ў некаторых вершах Цішкі Гартнага, напісаных па гарачых слядах падзей, часам шмат просталінейнай плакатнасці, рыторыкі і схематызму:

 

Ракетай зыркай бліснулі імкненні,

З сярпом скрыжаваўся гартованы молат,

Вялікасць сусвету ў касмічным спляценні

Спусціў да зямлі разняволены волат (1924).

 

Яшчэ ў зборніку «Песні працы і змагання» творчага поспеху Цішка Гартны дасягаў там, дзе ад агульных і абстрактных разважанняў пра Рэвалюцыю, Свабоду, Камуну з вялікай літары пераходзіў да будзённых з’яў штодзённага жыцця («Сельскі рэўком», 1921), да стварэння вобраза новага чалавека («Будаванне», 1921, «Сельскі мітынг», 1922), да паказу слаўных традыцый парыжскіх камунараў («Сцяна федэралістаў», 1921). Гэтыя якасці набываюць далейшае развіццё ў кнізе вершаў «Урачыстасць». Садзейнічала гэтаму само жыццё, якое патрабавала мастацкага адлюстравання не проста рэвалюцыйнага пафасу і энтузіязму ўвогуле, а паказу звычайных фактаў і жывых прыкладаў новага.

Праўда, у некаторых вершах Цішкі Гартнага савецкі чалавек — «разняволены волат», вяшчун «агнязыркі, крылаты, здарэнняў вялікіх нязмерны дазорны» ператвараўся ў нейкую міфічную істоту:

 

Гартуй жа сілы, ўстаўшы Сфінкс!

Хай попел вецер вольны сее...

Няволі доўгай рабскі чынш

Знялі ўжо рукі Праметэя (1923).

 

Асобна трэба адзначыць цыклы вершаў Ц. Гартнага «Берлін» (1922), «Горад» (1924), «Чырвоная Радзіма» (1925). Зварот да канкрэтнага факта, публіцыстычная завостранасць думкі і ўсхваляванасць, лірычнае праламленне бачанага — усё гэта выдзяляла цыклы сярод іншых вершаў паэта.

У цыкле «Берлін», які, дарэчы, з’яўляецца самым раннім зваротам беларускай паэзіі да інтэрнацыянальнай тэмы, увагу паэта прыцягваюць рэзкія сацыяльныя кантрасты капіталістычнага горада. Цішка Гартны бачыць цяжкую веліч гмахаў і «разрэзы цесных, вузкіх вуліц», дзе віруе жыццё і «роскаш скрозь завабай вас абманнай дорыць». Паэт заўважыў вельмі трапную дэталь: калі ў людскую плынь шырокаю ракою ўвальюцца пасля гудка рабочыя, дык тады здаецца, што камяніцы горада толькі часова стрымліваюць магутную сілу, якая хутка «шугне паводкай, вадаспадам і змые загарадзь наўкруг».

Урбаністычныя матывы, гарадскія малюнкі арганічна суседзяць з непаўторнымі краявідамі роднай Капыльшчыны і Случчыны. У вершы «Капыль» Цішка Гартны звяртаецца да легенды пра мінулае роднага мястэчка:

 

Капля за капляй точаць каменні,

Іскра разводзіць пажар...

Колькі свабодзе ўжо пакаленні,

Колькі прынеслі ахвяр!

Ўгору высока раслі магілы,—

Нёман убок пахіліў,

Покуль над сівым буйным Капылем

Волю вяшчун пратрубіў...

 

Лепшыя вершы са зборніка «Урачыстасць» сведчылі, што паэт шчыра імкнуўся пераадолець агульную лозунгавасць і аднабокую рамантычную абстрактнасць, праўдзіва паказаць канкрэтныя праявы новага жыцця, рысы новага героя — савецкага чалавека.

* * *

На 20-я гады выпадае перыяд самай актыўнай і плённай літаратурнай дзейнасці Цішкі Гартнага. Не пакідаючы працы над паэтычнымі творамі, ён усё часцей звяртаўся да прозы, якая неўзабаве заняла асноўнае месца ў яго творчасці. Трэба сказаць, што першыя празаічныя творы Ц. Гартнага з’явіліся ў друку яшчэ ў 1909 годзе, адразу пасля публікацыі першага верша «Бяздольны».

Гэта былі лірычныя замалёўкі, блізкія да вершаў у прозе («На ўсходзе сонца», «Думкі», «Скошаны луг», «Думкі беларуса», «Пустуючы шнурок»). У іх глыбокі роздум над жыццём, мужыцкай доляй, сацыяльнай і нацыянальнай няроўнасцю, уменне смела і востра гаварыць пра супярэчныя праявы ў прыродзе, спадзяванне на перамены. Ц. Гартны гаворыць пра цяжкую долю свайго героя: «Ты — сын зямлі, нуднай, горкай зямлі, ты — нявольнік жыцця, цяжкога, горкага, паднявольнага; ты — ахвяра бяды, няшчасця і нядолі!»...4. Бачыць ён «гэныя палоскі, гэныя вузенькія шнурочкі,— гэта багацце мужыка; яны кормяць і гадуюць яго, сям’ю, даюць хлеб усяму свету. Гэта ж тая самая зямелька, палітая крывёй і гарачым потам мужыцкім...»5.

Аднак яшчэ ў ранніх празаічных творах пісьменнік не абмяжоўваецца традыцыйнай сялянскай тэматыкай, ён упершыню стварае вобразы прадстаўнікоў рабочага класа. Гэта беспрацоўныя гарбары Ігнат і Цімох, якія едуць на заработкі ў Кіеў («Шукаючы працы»). Тут і рабочы Анупрэй, у свядомасці якога абуджаюцца чалавечая годнасць і пачуццё грамадскага абавязку («Штрэйкбрэхер»).

Першаадкрывальнікам новых падзей і новага чалавека Цішка Гартны выступае не толькі ў паэзіі, але і ў прозе. Ён паказаў чырвонаармейца ў апавяданні «За свабоду», сельскага камуніста («Загадзе»).

Сярод празаічных твораў гэтага часу трэба звярнуць увагу на апавяданне «Чырвонаармеец Панкел Ліпа» (1920), бо ў ім уздымаецца праблема перавыхавання чалавека. Герой твора надзелены жывымі рысамі персанажа таго пераломнага перыяду, калі толькі абуджалася і складалася палітычная свядомасць селяніна. Цішка Гартны паказаў, што ў Панкела пад салдацкім шынялём б’ецца сэрца клапатлівага бацькі, ён сумуе па сваёй сям’і, успаміны пра дзяцей трывожаць і непакояць яго. Каб пабачыцца з сям’ёю, чырвонаармеец гатовы нават пайсці на злачынства: збегчы з часці, дзе ён служыць. Панкел Ліпа паддаўся на ўгаворы ворагаў, у дадзеным выпадку Прова, што задумаў перабегчы на бок белых, але ў крытычную хвіліну зразумеў сваю памылку і застаўся верны грамадскаму абавязку. Паставіўшы вобраз чырвонаармейца ў востра драматычную, можна нават сказаць у трагічную, сітуацыю, Ц. Гартны раскрыў супярэчнасці фармавання яго характару як новага чалавека.

Калі ў паэзіі Ц. Гартнага быў адлюстраваны пераважна ўрачыста-святочны бок бурлівых дзён рэвалюцыі і амаль не відзён рэальны чалавек — творца новага жыцця, дык у апавяданнях, напісаных у гады грамадзянскай вайны і першыя пасляваенныя дні і сабраных у першым празаічным зборніку пісьменніка «Трэскі на хвалях» (1924), выразна адчуваецца суровы і велічны час, жывы подых небывалага энтузіязму і актыўнасці народных мас, паказаны пераўтваральнікі свету на новы лад. Героі апавяданняў Ц. Гартнага — гэта салдаты, якія змагаліся і гінулі на франтах грамадзянскай вайны, былыя чырвонаармейцы, што вярнуліся на родныя папялішчы, нізавыя партыйныя работнікі, актывісты савецкіх устаноў, якія прыехалі ў саўгас пачынаць гаспадарчае і культурнае будаўніцтва.

Цішка Гартны ўбачыў і паказаў не толькі жахлівыя сляды вайны, якая прайшлася па беларускіх вёсках і гарадах («На руінах»), ён адлюстраваў першыя арганізацыйныя крокі Савецкай улады, стварыў вобразы камуністаў — сельскіх актывістаў, на плечы якіх ляглі ўсе цяжкасці адбудовы. Чалавекам непахіснай волі і адданасці справе рэвалюцыі выступае Платон Гічка («Больш за ўсіх»). Захоплены бурлівай плынню новага жыцця, ён можа нават занадта актыўна аддаецца рабоце ў рэўкоме. Для яго нічога не існуе, апрача партыйных даручэнняў, «дзеля рэвалюцыі ён ахвяраваў пачуццём кахання», «дзеля рэвалюцыі ён забываў бацькоў». Платон астаецца да канца прынцыповым і тады, калі паўстала пытанне, паслаць ці не паслаць бацьку ў абоз. Не можа ён адмовіцца і ад прапановы павятовага рэўкома паехаць на працу далёка ад роднага мястэчка, хоць дома астаецца адна хворая маці.

Асабліва значным па задуме і ў ідэйна-мастацкіх адносінах у зборніку «Трэскі на хвалях» з’яўляецца аднайменнае апавяданне. Пісьменнік заўважыў і стварыў праўдзівую і палемічна завостраную сітуацыю з жыцця местачковай інтэлігенцыі ў першыя пасляваенныя гады — першыя гады мірнага будаўніцтва. У апавяданні добра перададзены суровы подых часу: мітынгі і сходы ў халодных і пракураных памяшканнях, вострыя дыскусіі і спрэчкі ў вузкім коле сяброў. Гэта быў складаны і цяжкі для некаторых перыяд ломкі старых поглядаў, станаўлення новых перакананняў, класавага размежавання інтэлігенцыі.

Галоўны герой апавядання — былы настаўнік Сідор Браварка, які яшчэ да рэвалюцыі «выбіўся» ў людзі і трапіў у вышэйшае, як ён думае, «кола грамадскага жыцця». Пра той час у яго засталіся ружовыя ўспаміны: «Гульні з паповымі і станавога дочкамі, пачосткі, балы, вечарыны. Прамільгнулі палкія летуценні, жаданні і мары, якія выглядалі перад ім якімсьці раем»6. Але рэвалюцыя разбурыла гэты «рай», і Сідор Гарасімыч страціў колішні спакой і раўнавагу. Усё гэта зрабіла яго лютым ворагам Савецкай улады, ненавіснікам усяго новага ў жыцці. У пошуках сяброў і аднадумцаў прыехаў ён у сваё роднае глухое мястэчка Вікуры, спадзеючыся адпачыць тут ад мітынгаў і дэманстрацый. Але новае жыццё прыйшло і ў мястэчка. Яго былы сябра Андрэй Камель, цяпер загадчык аддзела асветы, у брудным пакойчыку з разбітымі вокнамі і пашарпанымі шпалерамі займаецца школьнымі справамі. Нават звычайная вечарынка, на якую Сідор ішоў з надзеяй адвесці душу, ператварылася ў вострую дыскусію пра ролю інтэлігенцыі ў грамадскім жыцці.

Вуснамі настаўніка Андрэя Камля пісьменнік выносіць прысуд мяшчанскаму свету, тым людзям, якія сталі нікчэмнымі трэскамі на бурлівых хвалях новага жыцця: «Сідор астаўся тым, які і восем гадоў таму назад пяяў на клірасе «Спасі, госпадзі», а ў станавога «Божа, цара храні!»... Ён, пэўна, думаў, што гэты матыў шуміць і над усімі Вікурамі. Дзеля таго і трапіў сюды, але памыліўся. Мы выйшлі з-пад гэтага матыву. Нам звіняць новыя песні». Сімвалічны сэнс мае канцоўка апавядання «Трэскі на хвалях»: Сідор, як «нацкованы воўк, безаглядна бег у цемнату вуліцы».

Неўзабаве выходзіць другі зборнік апавяданняў Цішкі Гартнага «Прысады» (1927). Вызначальныя рысы творчасці пісьменніка, якія выявіліся ў кнізе «Трэскі на хвалях», цесная сувязь з жыццём, актуальнасць праблематыкі — у зборніку «Прысады» ўзбагаціліся больш глыбокім і шматгранным паказам духоўнага свету савецкага чалавека. Новы чалавек выступае тут ва ўсім багацці і складанасці свайго характару і пачуццяў, поўны аптымізму і веры ў светлую будучыню.

Начальнік раённай міліцыі Астап («Прысады») не падобны на просталінейнага і аскетычнага вясковага актывіста Платона («Больш за ўсіх»), гэта паэт у душы, улюбёны ў красу беларускіх краявідаў. Ён таксама адданы справе рэвалюцыі, самаахвярна выконвае цяжкую і турботлівую службу, але Ц. Гартны заўважыў і паказаў у вобразе Астапа новыя адносіны да працы, сапраўдныя клопаты пра чалавека. У раёне яшчэ поўна бандытаў, на кожным кроку яго чакае бандыцкая куля, але ён марыць аб тым часе, калі радасна і шчасліва будзе жыць селянін на беларускай зямлі. І гэта не проста мары і летуценні рамантыка, а рэальныя планы, пераконаная вера ў вялікую пераўтваральную сілу Савецкай улады. Едучы па гразкай дарозе і бачачы парадзелыя прысады, гэты рамантык думае не пра небяспеку, якая чакае яго, а пра той час, калі можна будзе заняцца стваральнай працай: «Вось хай адно акрыяем крыху, заменім шляхі шашою. Абсадзім маладымі прысадамі»7.

У вобразе Астапа пісьменнік раскрывае новыя рысы характару савецкага кіраўніка: яго чулыя адносіны да чалавека, імкненне выхаваць у селяніна гаспадарлівыя адносіны да прыроды, новую свядомасць. Астап гуманна адносіцца да сялян, якія ссеклі бярэзіну, вядзе справу так, каб вінаватыя самі зразумелі, што абакралі саміх сябе, і далі абяцанне вясною пасадзіць маладыя дрэўцы. Нават ранены з кулацкага абрэза, ён не расстаецца са сваёй марай пра новыя прысады, якія ў апавяданні становяцца сімвалам стваральнай працы новага чалавека.

Многа агульнага з вобразам Астапа ёсць і ў дэмабілізаванага чырвонаармейца Вінцуся Шавеля — героя апавядання «Свае блінцы». Праўда, гэта людзі рознага складу, рознага, так сказаць, жыццёвага палёту. Загадчык разбуранага млына Шавель не можа сядзець, склаўшы рукі, і чакаць, калі прыйдзе чарга ўзяцца за рамонт млына, а прымае ўсе захады, каб зрабіць гэта як найхутчэй для карысці народа і на злосць нэпману Хаіму Крокесу. Вінцусь Шавель — гэта ініцыятыўнасць, беражлівасць у адносінах да дзяржаўнага дабра, высокая палітычная свядомасць нізавога кіраўніка. Адбудовай млына Шавель хоча не толькі «стукнуць» па нэпману, але і паказаць, што Савецкая ўлада думае пра простых людзей. Трапна выкарыстана для характарыстыкі вобраза Вінцуся Шавеля сцэнка, калі ён даведаўся пра асігнаванне грошай на рамонт млына: тут і радасць, тут і трывога, што начальства можа перадумаць. Затое радасцю і гордасцю гучаць яго словы, калі нарэшце млын ажыў: «А чуеце, як трашчыць лесапілка, ажно па ўсіх Махаўцах рэха ідзе? Крокеса пабіў, і той на ладан сапе. Мялю і лепш і танней... Пілую да дваццаці хвой у дзень. Вальцую сукно, крупы раблю...»8.

Па-свойму цікавае і апавяданне «Таварыш інспектар». У дзіцячым доме працуе маладая прыгожая настаўніца Грыпіна Вядзерка. Усё сваё сэрца аддае яна бедным сіротам, як клапатлівая маці, даглядае дзяцей. Але ў пачуццях гэтай працавітай і сціплай дзяўчыны, што знебылася ў адзіноце і чаканні чалавека, з якім можна будзе «падзяліць радасць жыцця», наспявае канфлікт.

У апавяданні яркія партрэтныя характарыстыкі, ёсць дынаміка дзеяння, трапныя мастацкія дэталі і сатырычныя сцэнкі, замест доўгіх і складаных перыядаў просты сказ з эмацыянальнай афарбоўкай, унутраны маналог, пружыністы і ёмкі дыялог. Наогул, трэба сказаць, што калі ў некаторых творах, напісаных у самым пачатку 20-х гадоў («Больш за ўсіх», «Сымонка-інжынер» і інш.), пісьменнік гераізаваў, уздымаў вобразы, пазбаўляючы іх індывідуальнага ў характары і пачуццях, дык у апавяданнях «Дыягназ» і «Таварыш інспектар» наглядалася «зніжэнне» героя, паказ яго паводзін пад уплывам «вечных» біялагічных законаў прыроды.

Зборнікамі «Трэскі на хвалях» і «Прысады» Цішка Гартны значна пашыраў ідэйна-тэматычны дыяпазон маладой беларускай савецкай прозы, прынёс разам з Якубам Коласам, Максімам Гарэцкім, Кузьмой Чорным вельмі важную якасць — паглыблены псіхалагічны аналіз. Але, праяўляючы вялікую творчую актыўнасць, жыва адклікаючыся на актуальныя тэмы, паказваючы разбуджаную рэвалюцыяй беларускую вёску, праўдзіва акрэсліваючы вобразы новых людзей, пераважна сельскіх актывістаў, пісьменнік не заўсёды знаходзіў тыя разнастайныя стылёва-выяўленчыя сродкі, каб адлюстраваць увесь драматызм жыцця і стваральнай працы савецкага чалавека.

Тлумачылася гэта рознымі прычынамі: з аднаго боку, маладосцю беларускай прозы ўвогуле, а з другога — асаблівасцямі стылю Ц. Гартнага-празаіка. Свядомае супрацьпастаўленне лірыка-эмацыянальнай і сказанай плыні маладнякоўскай прозы ўраўнаважанага эпічнага стылю прыводзіла часам пісьменніка да залішняй дэталізацыі, фіксацыі жыццёвых і бытавых падрабязнасцей, што тармазілі развіццё дзеяння ў творы. Праўда, у зборніку «Прысады» заўважалася больш старанная і патрабавальная праца пісьменніка над мовай, у ім значна менш дыялектызмаў вузкага ўжывання ці проста «каструбаватых» слоў, цяжкіх словазлучэнняў.

З ростам савецкай літаратуры ўдасканальвалася і паглыблялася майстэрства Гартнага-навеліста. Лепшыя яго апавяданні са зборнікаў «Трэскі на хвалях» і «Прысады» — значнае дасягненне беларускай прозы на шляху сцверджання рэвалюцыйнай рэчаіснасці і праўдзівага паказу характару савецкага чалавека.

* * *

Пяру Цішкі Гартнага належыць вялікі эпічны твор «Сокі цаліны» — першы беларускі раман, які складаецца з чатырох квадраў-кніг: «Бацькава воля», «На перагібе», «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы».

«Сокі цаліны» — гэта раман пра вялікія працэсы абуджэння чалавека, пра выспяванне рэвалюцыйнай свядомасці, пра той час напярэдадні Кастрычніка, калі «багатая сокамі цаліна агромністай краіны расціла маладыя пасынкі» — стойкіх і мужных барацьбітоў за новы грамадскі лад. Пісьменнік прасачыў не толькі шляхі рэвалюцыйнага пралетарыя, ён разгарнуў шырокія малюнкі завадскіх будняў, местачковага побыту, закрануў многія праблемы грамадскага і палітычнага жыцця Расіі, што было новым для беларускай прозы.

У цэнтры рамана «Сокі цаліны» вобраз Рыгора Нязвычнага, які выйшаў з местачковага сялянскага асяроддзя і стаў рабочым — прафесійным рэвалюцыянерам. У асобе Нязвычнага Цішка Гартны паказаў кіруючую ролю партыі ў збіранні і гартаванні рэвалюцыйных сіл, самаахвярную адданасць яе лепшых сыноў вялікай справе вызвалення працоўных. Рыгор — натура валявая, арганізатар народных мас, чалавек, поўны бурлівай энергіі; ён заўсёды наперадзе, у самым віры падзей, там, дзе найбольш цяжкі і адказны ўчастак барацьбы.

Рыгор Нязвычны — гэта чалавек з непахіснай верай у перамогу народа, верай, якая акрыляе яго, памагае пераносіць цяжкасці, адольваць перашкоды: «Хто спаў — прачынаецца, а хто маўчаў — пачынае гаварыць: хто цярпеў — пратэстуе, хто паддаваўся — змагаецца, песні жалю змяняюцца песнямі перамогі... Наперад да боек!»9. Дзе б ні быў ён — сярод сілцоўскіх сяброў, рыжскіх ці пецярбургскіх рабочых, у турме ці ў высылцы,— рэвалюцыйны аптымізм не пакідае Рыгора, які сваім асабістым прыкладам уздымае «новыя парасткі» на змаганне.

Аднак, паказваючы некаторыя тыповыя рысы новага чалавека, Гартны не змог яшчэ стварыць яркі і жывы вобраз рабочага ва ўсёй глыбіні і складанасці яго характару. Справа ў тым, што пісьменнік не пазбавіўся канчаткова той схемы паказу прадстаўніка пралетарыяту, калі рэвалюцыйныя і сацыяльныя рысы засланялі ў ім звычайныя чалавечыя пачуцці. З другога боку, аўтар паставіў перад сабою складаную і адказную задачу — стварыць не проста вобраз радавога барацьбіта, а правадыра, трыбуна рэвалюцыі, што яшчэ больш прымушала «гераізаваць» Рыгора Нязвычнага, адрываць ад рэальных абставін, усяляк і ўсюды падкрэсліваць яго незвычайнасць.

Ц. Гартны шукае і выбірае толькі такія дэталі, якія, на яго думку, павінны падкрэсліваць і сведчыць пра высокую рэвалюцыйную свядомасць Рыгора. Але пісьменнік часам не раскрываў у ім самага важнага — тых непаўторных індывідуальных рыс чалавечага характару, без якіх персанаж не можа стаць тыповым. Таму атрымлівалася, што Рыгор Нязвычны мясцінамі паказаны ў рамане вельмі ілюстрацыйна і статычна, а плакатнасць і ненатуральная выключнасць не ўзвышаюць, а, наадварот, збядняюць яго як мастацкі вобраз.

Але пры ўсіх пэўных недахопах Рыгор Нязвычны з’яўляецца даволі цікавай і каларытнай фігурай. У апошняй кнізе рамана пісьменнік ставіць свайго героя ў такія сітуацыі, якія больш раскрываюць яго пачуцці, чуласць і таварысцкую ўвагу. Нарастанне велічных грамадскіх падзей прымушае Нязвычнага задумацца над чалавечым лёсам, бліжэй адчуць людское гора. Ён балюча перажывае трагічную смерць Гэлі, забойства Рудольфа Шульца, памагае ўладкавацца даўняму сябру — Сёмку, дбае пра долю бежанцаў.

Сярод шматлікіх жаночых вобразаў найбольш удаўся вобраз Зосі, яна вабіць шчырасцю і хараством сваёй душы. Але яе лёс і хвалюе нас сваім драматызмам. Яна, дачка даволі заможных местачковых сялян, сябруе не з багацеямі, а з тымі, хто спачувае «дэмакратам». Шчырая і працавітая Зося пакахала ўсім сваім сэрцам сына беднай удавы — Рыгора Нязвычнага. У гэтым каханні раскрыліся і лепшыя рысы яе характару і з другога боку — яе слабасць, нерашучасць ісці супроць бацькавай волі. У Зосі з’яўляецца нават думка кінуць бацькаву хату і паехаць з Рыгорам у горад. Яна на раздарожжы, не ведае, што выбраць: «Там каханне і разам — беднасць, недахваты, праклёны бацькоў; а тут — дастатак, багацце і нялюбы чалавек»10. Прыйшлося выбіраць апошняе — багацце і нялюбага, бо ніхто не падтрымаў дзяўчыну, не памог ёй вырвацца з местачковага балота, да канца пастаяць за сваю чалавечую годнасць.

У рамане «Сокі цаліны» створаны каларытныя і яркія вобразы местачковых багацеяў. Вось самавіты местачковец Васіль Бераг. Скупымі, але яркімі мазкамі даецца ў рамане яго партрэт: «Сутулы і касы, з лёгкім рабаціннем на белым пляскатым твары». Яшчэ лепш відаць яго аблічча ў такой дасціпна выпісанай сцэнцы: «У цэркві ж ён любіў стаяць ад пачатку да канца службы, і кожны чалавек, хто толькі калі ні заходзіў у цэркву, заўсёды мог бачыць Васіля Берага, які стаяў ля правага кліраса, прычэсаны, прылізаны, і шчыра жагнаўся на кожнае слова папа і дзякана, а затым голасна падводзіў дзяку»11. Тут, як на далоні, увесь Васіль Бераг са сваёй кулацкай фанабэрыяй, паказным выхваленнем багацця і «бацюшкавай ласкай». Ён самаўпэўнена лічыць, што ніхто з местачковых хлопцаў яму не роўня, тым больш лапатнік і галадранец Рыгор, Васілю Берагу здаецца, што кожная дзяўчына паквапіцца на яго гаспадарку, у тым ліку і Зося. А што яна яго не кахае, дык гэта справа малаважная... Лагічным завяршэннем жыццёвай дарогі местачковага багацея з’яўляецца сцэнка ў чацвёртай кнізе: паліцэйскі Васіль Бераг конна гарцуе на вуліцах у Петраградзе, разганяючы дэманстрацыю рабочых.

Яшчэ больш яркімі сатырычнымі фарбамі акрэслены вобраз дзядзькі Васіля — Хлора Берага, якога ў мястэчку лічаць разумным і хітрым чалавекам. Чаго варты толькі яго партрэт: «Хлор, важна седзячы, закаціўся бесклапотным задаволеным смехам, ажно яго маленькія, кноразавы вочкі, упаўшыя глыбока ў тоўсты сыты твар, заплылі вільгаццю слёз і брыты гладкі падбародак заварушыўся, а на шчоках заметна абмаляваліся роўныя круглыя ямачкі»12. Для Хлора сватаўство пляменніка звычайная чарговая камерцыя; як пры куплі каня, ён заядла таргуецца за пасаг. З выглядам знаўцы жыцця ён нахабна і цынічна выкладае свае погляды на людскія пачуцці: «Каханне як туман: перад вачыма стаіць, а збоку зірні — пуста...» У яго ёсць свой погляд на грамадскія падзеі, на іх вытокі: «Усюды пайшлі розныя сацыялісты, басяччо, галадранства — усё з нянавісцю на знатнейшых людзей, з зайздрасцю — узяць чужое, спаганіць, згнюсіць людскую чэсць»13.

Прага да багацця вызначае ўчынкі і паводзіны Міколы Прыдатнага. У яго свая «мерка» на людзей, варты ўвагі толькі той, хто мае шмат грошай і зямлі, астатнім грош-цана: «Тады я за цябе аддам сваю дачку, калі ты будзеш мець у тры разы больш, чым яна мае». Ён прагне парадніцца з заможнымі і знатнымі людзьмі і тлумачыць сваёй дачцэ: «Падумай толькі, нябога! Берагі. Жарты сказаць! У адным гэтым слове хаваецца столькі паважнасці, столькі самавітасці, што ўсім на завіду...»14.

Увогуле, трэба сказаць, што ў рамане «Сокі цаліны» вобразы местачковых людзей паказаны ярка і жыва. Пісьменнік знаходзіць трапныя бытавыя дэталі, надзяляе сваіх герояў жывой народнай гутарковай мовай. Сілцы і сілцоўскія жыхары — гэта родны Капыль і дарагія капылянцы. Тут Цішку Гартнаму было з каго «спісваць»; як жывыя, стаялі ў яго перад вачыма землякі.

Іншая справа, калі ён ствараў вобразы рабочых. У распрацоўцы рабочай тэматыкі, у раскрыцці вобраза новага героя Цішку Гартнаму выпала быць першапраходцам, прыйшлося першаму пракладаць сваю сцежку ў беларускай прозе. Гэта, зразумела, надало наватарскі характар раману «Сокі цаліны». Але гэта абумовіла і пэўныя слабасці.

Ідучы ад рэальных падзей, жыццёвых назіранняў, Цішка Гартны не заўсёды, на жаль, выбіраў найбольш істотнае і важнае, без належнага творчага асэнсавання, а падаваў некаторыя падзеі ў «сырым» выглядзе. У рамане побач з яркімі жанравымі малюнкамі местачковага побыту, паказам масавых сцэн (дэманстрацый і мітынгаў у сталіцы напярэдадні рэвалюцыі, паэтычнымі карцінамі вясковай працы — касьбы і жніва) ёсць, на жаль, малавыразныя і прыземлена-хранікальныя старонкі. Гэта ў сваю чаргу абумовіла кампазіцыйную рыхласць рамана, вяло да аслаблення ўнутранага драматызму і напружанасці дзеяння.

Калі ў кнізе «Бацькава воля» недахопы ў кампазіцыі рамана выявіліся не так выразна, бо ў аснову твора пісьменнік узяў востры сацыяльны канфлікт, дык адсутнасць вострай сюжэтнай калізіі ў другой і трэцяй кнігах зрабіла іх вельмі хранікальнымі, апісальнымі. Многа траціць раман (асабліва кнігі «На перагібе» і «Крыжавыя дарогі») ад таго, што, апрача вобразаў сілцоўскіх багацеяў, свет, варожы народу, паказаны чамусьці ў безасабовым, абагульненым выглядзе. Гэта акалічнасць значна абмежавала магчымасці аўтара драматызаваць дзеянне, сутыкнуць характары і паказаць бурлівыя сацыяльна-гістарычныя падзеі праз лёс герояў, праз абвастрэнне класавых супярэчнасцей.

Наватарскі па задуме раман, у якім пісьменнік смела ўзяўся за асэнсаванне новага жыццёвага матэрыялу для беларускай прозы, вызначаўся яркімі рэалістычнымі малюнкамі, публіцыстычнай завостранасцю. Звяртаючыся да багатых жыватворных крыніц народнай мовы, Цішка Гартны ўмела карыстаўся бытавой лексікай з выразным дыялектным каларытам роднага Капыля. Вось жывая мова местачкоўцаў: «Няўжо ж ты думаеш, што Рыгор табе раўня? Хто ж Рыгор з сябе? Лапатнік, балагол, галадранец. Ну, ушчаміў капялюх, дык ужо, думаеш, і паніч. Невялікая мацыя, невялікі хвэрт, нябось Мікола зразу раскусіў — калі і заікнуцца не дае аб ём...»15.

З сапраўдным майстэрствам выпісаны пейзажныя малюнкі. Вось пачатак касьбы: «Перш рэдкія нясмелыя стукі паляцелі з аднаго двара, адгукваючыся праз вуліцу ў другім, а пасля часцей і часцей, пераскокваючы з двара на двор, з вуліцы на вуліцу, пакаціліся яны срэбным шротам усцяж вуліц, праз гароды і сады, па ўсім мястэчку... Птушкі, што не паспелі вылецець у поле, гавяда, што асталася пры доме, дзеці і старыя, што не адлучаліся з мястэчка — усе замоўклі і прыслухоўваліся да ўрачыстых зыкаў кляпання кос. Нават дзярэўцы ў садах настаражыліся і не трапяталі лісцем; нават ветрык, зранку павяваўшы, прыціх паміж платоў... Толькі цёплае паветра, раскалыханае самым стукам, нервова трапяталася пад асвечанымі капяжамі хат, над зелянінаю гародаў, у шчылінах загарадзі. Мэрам бы ўцякала кудысь к лесу, за мястэчка, на прастор, дзе б не гудзелі гэтыя сталёвыя восы»16. Удаліся Ц. Гартнаму і урбаністычныя замалёўкі: «Вось ён, Пецярбург! Горад камення і жалеза! Горад палацаў ды фабрык. Гняздо абсалютызму і калыска рэвалюцыйнага руху. Кузня культуры і засценак сярэдневякоўя... Пецярбург гудзеў кіпучым жыццём. Адзін за другім праносіліся стройныя вагоны трамвая, свісталі аўтамабілі і траскацелі рамізнікі. Паводкаю ліліся людзі ў адзін бок вуліцы і ў другі, насустрач і ў бакі»17. Трапна перадае Ц. Гартны ў рамане грамадскія падзеі: «Расія жыла пад знакам вайны. З усіх канцоў краіны накіроўваліся да яе заходняй граніцы сотні эшалонаў салдат, аружжа, адзення, ежы. Па асірацелых сёлах затупала апусценне, заняпад. На свежых пожнях глыбей у зямлю палезлі карэнні былля, дзікатраўя. Загойсала здань недастач, разладдзя ў хатах. Настаражыліся сірочыя сэрцы ў чаканні вестак з франтоў чынных армій. Зацяжна, кружнымі шляхамі паўзлі яны, акрываўленыя, авеяныя смерцю, у белых канвертах, з няроўна выведзенымі літарамі да закінутых вёсак, у сумныя хаты. Цёплыя прывітанні бацькам, жонкам і дзецям з далёкіх мясцін стылі ў непрагляднай жудзе, енках і жалю»18.

Крытыка 20—30-х гадоў высока ацэньвала першы беларускі раман «Сокі цаліны», а Гартнаму-раманісту адводзіла адно з першых месц сярод беларускіх белетрыстаў. З вышыні ідэйна-мастацкіх дасягненняў сучаснай прозы відаць пэўная ўмоўнасць і перабольшанасць такой ацэнкі, але «Сокі цаліны» займаюць значнае месца ў гісторыі развіцця беларускага рамана.

* * *

Прозай і паэзіяй не вычэрпваецца творчая спадчына Цішкі Гартнага. Сацыяльна-бытавыя драмы «Хвалі жыцця» і «Сацыялістка», прысвечаныя паказу размежавання класавых сіл на вёсцы, не вызначаліся ні жыццёвымі канфліктамі, ні сцэнічнасцю. Спрошчана і павярхоўна напісаны «сцэны з жыцця прамысловага цэнтра» «Дзве сілы».

Найбольш актыўна і плённа працаваў Ц. Гартны ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства. Яшчэ летам 1918 года ён прачытаў у Беларускім народным універсітэце ў Маскве цыкл лекцый пра беларускую літаратуру. Пазней на старонках газет «Савецкая Беларусь» і «Літаратура і мастацтва», часопіса «Полымя» ён змясціў шмат артыкулаў і рэцэнзій. Ц. Гартны пісаў пра творчасць В. Брусава і А. Блока, Л. Талстога і А. Міцкевіча, М. Горкага і А. Пушкіна, І. Бехера і В. Елана (Блакітнага). Вясною 1928 г. друкаваўся з працягам вялікі артыкул «Полымя» на Украіне»19. Гэта былі нататкі пра паездку Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, М. Чарота, М. Зарэцкага на Украіну, сустрэчы з украінскімі пісьменнікамі А. Вішнем, А. Капыленкам, С. Піліпенкам і многімі іншымі літаратарамі, агляд і аналіз літаратуры братняга народа. У гэтым жа годзе выходзіць зборнік крытычных артыкулаў Ц. Гартнага «Узгоркі і нізіны». Аснову гэтай кнігі складаюць даследаванні манаграфічнага характару, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Міхася Чарота і Алеся Гурло. Артыкул «Янка Купала»20 вызначаецца імкненнем паказаць рэвалюцыйны змест і цесную сувязь дакастрычніцкай лірыкі паэта з жыццём і думамі беларускага народа. Цікавыя назіранні пра асаблівасці паэзіі і паэму «Босыя на вогнішчы» Міхася Чарота ёсць у артыкуле «Рэвалюцыйным шляхам».

Шмат фактычных матэрыялаў у крытыка-біяграфічным нарысе пра Алеся Гурло («У надзеях над прасторамі»).

Творчыя інтарэсы Ц. Гартнага-крытыка вельмі разнастайныя і шырокія. Тут успаміны пра супрацоўніцтва ў бальшавіцкай «Правде», першыя сустрэчы яшчэ ў дарэвалюцыйны час з Якубам Коласам, рэцэнзія на раман П. Галавача «Праз гады», гісторыя выдання газет «Дзянніца» 1916 года і 1918 года.

Апрача артыкулаў на літаратурныя тэмы Ц. Гартны актыўна выступаў у друку па пытаннях мовазнаўства, тэатральнага майстэрства і музыкі. Аб чым ні пісаў бы ён — пра адкрыццё тэатра ў Віцебску, удакладненні беларускага правапісу, выдавецкія справы — заўсёды відаць былі яго гаспадарлівыя клопаты аб развіцці беларускай нацыянальнай культуры. Праўда, у асобных артыкулах адчуваўся вульгарны сацыялагізм, спрэчныя ці памылковыя думкі (пазіцыя Ц. Гартнага ў так званай «тэатральнай дыскусіі»).

Вялікае месца ў творчасці Ц. Гартнага займае публіцыстыка. Ніхто з беларускіх пісьменнікаў не быў у гады грамадзянскай вайны і 20-я гады так цесна звязаны з газетай, ніхто так аператыўна і актыўна не выступаў у перыядычным друку, ніхто так не адклікаўся на розныя грамадска-палітычныя падзеі, як Цішка Гартны. На старонках «Дзянніцы» ён выступае шчырым прыхільнікам дружбы савецкіх народаў, вітае барацьбу беларускіх партызан на тэрыторыі, акупіраванай немцамі, выкрывае варожую дзейнасць беларускіх буржуазных нацыяналістаў.

Актыўны грамадскі і дзяржаўны дзеяч Ц. Гартны некалькі разоў ездзіў за мяжу. Наведанне Германіі, Чэхаславакіі, Францыі і Польшчы ўзбагаціла яго новымі ўражаннямі, пашырыла яго творчыя далягляды. Асабліва добра пазнаёміўся ён з жыццём і барацьбой рабочага класа ў Германіі, дзе яму давялося ў 1922 г. знаходзіцца ў працяглай урадавай камандзіроўцы (там па заказу Савецкага ўрада друкаваліся беларускія падручнікі). Уражанні і назіранні з гэтай паездкі склалі нарыс «Ад Берліна да Мінска»21.

Вельмі цікавымі і змястоўнымі атрымаліся падарожныя нататкі «Па чатырох краінах (уражанні і сапраўднасць)»22. Цішка Гартны з Міхасём Чаротам і Міхасём Зарэцкім ездзілі ў 1927 г. у Латвію (тады буржуазную рэспубліку), Германію, Чэхаславакію, Францыю для наладжвання культурных сувязей. Пачынаючы з кастрычніка 1927 года і канчаючы студзенем 1928 года ў 32 нумарах газеты «Савецкая Беларусь» друкаваўся гэты нарыс. Тут наведанне Рыгі і сустрэчы з латышскім паэтам Лінардам Лайценам, пасля многа ўвагі Берліну як прамысловаму цэнтру, дзе рабочы клас вядзе барацьбу за свае правы. Ёсць асобныя раздзелы «Спатканне з І. Бехерам» і «Гутарка з песняром Іаганам Бехерам». Цікавыя звесткі пра Чэхаславакію, славуты курорт Карлавы Вары (Карлсбад), дзе іхняя турысцкая група сустрэлася з Я. Купалам і яго жонкай, а ў Празе з вядомым чэшскім паэтам і перакладчыкам беларускай паэзіі Адольфам Чэрным, прафесарамі Мацеем Мурко і Яўгеніем Ляцкім. Амаль трэць нарыса займае апісанне Парыжа.

У часе падарожжаў за мяжу Цішка Гартны — актыўны прапагандыст пралетарскага інтэрнацыяналізму — наладзіў сяброўскія сувязі з Юліусам Фучыкам, Здэнекам Няедлым, Іяганесам Бехерам, Францам Вейскопфам, Ёзэфам Гора і іншымі, прыцягнуў іх да супрацоўніцтва ў часопісе «Полымя». У гэты ж час у перакладах на нямецкую, чэшскую і славацкую мовы друкаваліся вершы і апавяданні Ц. Гартнага. Многае зрабіў ён для развіцця творчых сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі братніх народаў СССР, перакладаў з рускай23 і ўкраінскай на беларускую мову. Перакладалі і Ц. Гартнага: у Ленінградзе выходзяць два зборнікі апавяданняў, апавяданні «Штрэйкбрэхер», «Чырвонаармеец Панкел Ліпа», «Трэскі на хвалях» і «Гаспадар» асобнымі кнігамі ў Харкаве, выдаецца кніга і на польскай мове.

Сярод нарысаў трэба адзначыць цыклы «У глыбі Беларусі» і «Са Случчыны», напісаны яны пад уражаннем наведвання роднага Капыля. Гэта нататкі пра жыццё мястэчка і вакольных вёсак, клопаты селяніна пра зямлю і ўраджай.

У іншым плане, больш схематычна напісаны нарысы, прысвечаныя працоўным будням мінскага завода «Камунар» (цяпер завод імя Кірава), сабраны яны ў кнізе «Наступ на горны» (1932). Справа ў тым, што Ц. Гартны меркаваў напісаць раман «Рассечаны вузел» з жыцця рабочага класа, і нарысы былі зборам у нейкай ступені сырога яшчэ фактычнага матэрыялу на гэтую тэму.

Большай увагі заслугоўвалі апавяданні Ц. Гартнага, у якіх ён паказваў простых рабочых, іх радасці, няўдачы і перамогі, нараджэнне новых адносін да працы («Гаспадар», «Касьян Рулін» і інш.).

Трэба адзначыць і тое, што Ц. Гартны адным з першых у беларускай прозе выступіў з апавяданнямі на антыфашысцкую тэму, паказаў жыццё і рэвалюцыйную барацьбу рабочага класа і інтэлігенцыі Германіі («Смерць Германа Васермана», 1931; «Краскі ў памыях», 1932).

Пісьменнік быў повен творчых сіл, ён падрыхтаваў даследаванне пра беларускі дарэвалюцыйны друк, распачаў працу над раманам на рабочую тэматыку, але дзейнасць яго трагічна абарвалася.

Памёр Цішка Гартны 11 красавіка 1937 года.

Цішка Гартны належыць да ліку тых, хто пачынаў будаваць падмурак савецкай літаратуры. Былі на яго творчым шляху значныя мастацкія адкрыцці, былі і няўдачы. Але творчасць Цішкі Гартнага, які ўсю сваю сілу і энергію аддаў умацаванню заваёў рэвалюцыі і развіццю беларускай нацыянальнай культуры, засталася жывым адбіткам часу, калі нараджалася і сцвярджалася новае ў жыцці і літаратуры.

 

С. АЛЕКСАНДРОВІЧ

1 Клейнбарт Л. З мінуўшчыны беларускай грамадскасці // Полымя. 1928. № 10. С. 162.

2 Маладая Беларусь. 1912. Сшытак 2. С. 72.

3 Гартны Ц. Друкаваў свае творы пад псеўданімамі: Шэршань, Беларус-камуніст, Вартавы, Сымон Друк, Сымон Смык, Васа, Авадзень, Капылянін, Змітро і інш.

4 Гартны Ц. Насустрач сонцу. Мн., 1978. С. 7.

5 Тамсама. С. 4.

6 Гартны Ц. Насустрач сонцу. С. 124.

7 Гартны Ц. Насустрач сонцу. С. 215.

8 Гартны Ц. Насустрач сонцу. С. 251—252.

9 Гартны Ц. Сокі цаліны. Мн., 1957. Т. І. С. 56.

10 Гартны Ц. Сокі цаліны. Т. І. С. 211.

11 Гартны Ц. Сокі цаліны. Т. 1. С. 48—49.

12 Тамсама. С. 135.

13 Тамсама. С. 434.

14 Гартны Ц. Сокі цаліны. Т. І. С. 80.

15 Гартны Ц. Сокі цаліны. Т. І. С. 171.

16 Тамсама. С. 300.

17 Гартны Ц. Сокі цаліны. Т. 2. С. 98.

18 Тамсама. С. 192.

19 Савецкая Беларусь. 1928. № 68, 71—73, 75, 78, 79, 81, 84, 85.

20 Упершыню друкаваўся як уступны артыкул да Збору твораў Я. Купалы (Т. І. Мн., 1925. С. 5—31).

21 Савецкая Беларусь. 1922. № 195, 199, 203—206, 208, 220.

22 Савецкая Беларусь. 1927. № 240, 242, 243, 245, 248, 250, 252, 255, 257, 258, 262, 264, 267, 270, 273, 276, 279, 281, 283, 285, 287, 289, 292, 296; 1928. № 3, 5, 7, 9, 10, 14, 15, 17.

23 Гартны Ц. пераклаў на беларускую мову першую кнігу рамана А. Фадзеева «Апошні з удэге» (Мн., 1932), пачаў перакладаць «Мёртвыя душы» М. Гогаля.


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: Гартны Ц. Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан