epub
 
падключыць
слоўнікі

Сцяпан Александровіч

Карусь Каганец

 

 

На вуліцах губернскага Мінска ў канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзя можна было сустрэць прысадзістага, барадатага чалавека ў сялянскай вопратцы. Зімою ён звычайна быў у жоўтым кажусе, падпяразаным поясам, у высокай аўчыннай шапцы, у юхтовых ботах. Улетку таксама нічым асаблівым не вылучаўся сярод сялян з-пад Койданава, хіба толькі тым, што паверх палатнянай кашулі заўсёды насіў суконную світку, каб не так кідаўся ў вока горб. З усімі, нават панамі і падпанкамі, гаварыў ён толькі па-беларуску. Ва ўсёй яго постаці і ў абліччы адчувалася моцная сіла волі чалавека працы, з глыбокім пераконаннем гаварыў ён любімыя словы: «Беларусь трэба падымаць!»

Такі быў Карусь Каганец — вядомы беларускі грамадскі дзеяч, драматург, паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, аўтар першых беларускіх падручнікаў, перакладчык, вучоны-мовазнаўца і фалькларыст, здольны мастак і скульптар. Псеўданімы Каганец і Будзімір добра перадавалі змест і ідэйны напрамак разнастайнай творчай дзейнасці таленавітага пісьменніка, які ўсё сваё кароткае жыццё распальваў у народзе святло асветы, будзіў яго да сацыяльнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы.

Сапраўднае прозвішча Каруся Каганца — Казімір Карлавіч Кастравіцкі. Нарадзіўся ён 29 студзеня (10 лютага) 1868 года ў Табольску. Бацька яго паходзіў з даўняга баярскага роду і быў раднёю Міхаіла-Апалінарыя Кастравіцкага, дзеда вядомага французскага паэта Гійома Апалінэра, але ў сярэдзіне XIX стагоддзя валодаў толькі фальваркам Навасёлкі пад Койданавам, да якога было прыпісана 6 сялянскіх двароў, што плацілі чынш. За ўдзел у паўстанні 1863 года бацька быў высланы ў Сібір, а зямля і маёмасць у Навасёлках канфіскавана. У Табольску бацька знайшоў службу (ён меў агранамічную адукацыю), да яго ў скорым часе прыехала жонка. Калі сыну Казіміру споўнілася чатыры гады, Кастравіцкія атрымалі дазвол вярнуцца на радзіму. Бацька купіў коней і сані, і ўся сям’я сваім ходам дабіралася з Табольска ў Маскву, а пасля цягніком да Мінска.

Кастравіцкія знайшлі прытулак у вёсцы Засулле, недалёка ад Стоўбцаў. Бацька ў хуткім часе раптоўна памёр, малому Казіміру прыйшлося наняцца ў Засуллі пастушком. Жыццёвыя нягоды сям’і ўсугубіліся калецтвам Казіміра: яшчэ ў Табольску ён вываліўся з высокага акна на вуліцу і моцна пакалечыўся. Пазней, у Засуллі, на яго ўпалі цяжкія вароты, і ў Казіміра вырас горб (бацька яго быў гарбаты ад нараджэння).

Неўзабаве маці ўзяла прымака — мясцовага селяніна. Потым сям’я пераехала ў Юцкі (Прымагілле) каля Койданава, дзе на Казіміра, як на аднаго са старэйшых, лёг увесь цяжар гаспадарскіх клопатаў.

Вучыўся К. Каганец спачатку дома, пасля ў Мінскім гарадскім вучылішчы, скульптурным майстэрствам авалодваў у Маскве і Пецярбурзе, але вучобу там не закончыў, бо не было сродкаў. Прыйшлося зноў брацца за плуг і касу.

Вясною 1899 года К. Каганец ажаніўся з Г. Пракаповіч і асеў ва ўрочышчы Лісі Норы ў Прымагіллі. Біёграф і даследчык творчасці аўтара «Моднага шляхцюка» Мікалай Каспяровіч у 1928 годзе зрабіў здымак хаты Каруся Каганца з пазнейшай дабудоўкай злева1. Саламяная страха, два падслепаватыя акенцы хата без сонцаў, уваход праз хлеў, дзе стаялі коні,— так несамавіта выглядала сядзіба пісьменніка-селяніна. Не толькі кепскай была хата, але і пясчаная зямля радзіла слаба,— гэта прымушала шукаць яшчэ і дадатковага заробку. К. Каганец працаваў у мастацкай майстэрні ў Рызе, у Мінскім таварыстве дабрачыннасці, служыў дзесятнікам у Лідзе на будаўніцтве чыгункі Балагое — Сядлец.

К. Каганец прымаў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху, быў членам Беларускай сацыялістычнай грамады, рабіў захады яшчэ ў 1904 годзе адносна выдання ў Мінску беларускай газеты «Палессе». Таму ў гады рэвалюцыі 1905—1907 гг. ён на самым пярэднім краі барацьбы з царызмам. За агітацыйную дзейнасць сярод сялянства Койданаўшчыны К. Каганец трапіў у снежні 1905 года ў Мінскую турму і праседзеў там да мая 1906 года. Пасля ён жыў выпадковымі заробкамі, працаваў у лясніцтве ля Крычава, выкладчыкам малявання ў Вільні.

У 1910 годзе Віленская судовая палата прыгаварыла К. Каганца за ўдзел у рэвалюцыі 1905 года да зняволення ў Мінскай крэпасці, дзе ён з 26 ліпеня 1910 года адседзеў роўна год. За турэмнымі сценамі пісьменнік не падаў духам, многа пісаў і маляваў (дарэчы сядзеў ён у крэпасці разам з Якубам Коласам).

Пасля К. Каганец доўгі час не мог знайсці працу і толькі ў 1912 годзе атрымаў, нарэшце, службу ў фальварку Жортай на Барысаўшчыне, дзе быў аканомам у пана Копаця. Вясною 1918 года ў яго абвастрылася даўняя хвароба лёгкіх, ён паехаў з Жортая да брата ў Прымагілле, але там пачалося запаленне лёгкіх. К. Каганец памёр 20 мая 1918 года, пахаваны ў вёсцы Навасёлкі.

Літаратурную дзейнасць Карусь Каганец пачаў у канцы XIX стагоддзя. У далёка няпоўным архіве пісьменніка, які захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і старадрукаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна, самыя раннія творы яго датуюцца 1893 годам. Упершыню апрацоўкі народных легенд і артыкулы К. Каганца былі апублікаваны на беларускай мове ў 1902 годзе ў газетах «Минский листок» і «Северо-Западный край».

Пры жыцці пісьменнік друкаваўся мала. На гэта было многа прычын. Адна з іх: жыццёвыя ўмовы складваліся так, што пісаць мастацкія творы, шліфаваць, заканчваць іх не было калі, трэба было думаць, як зарабіць кавалак хлеба. Другая — К. Каганец, увесь час адстойваючы свой погляд на асаблівасці беларускага правапісу, ставіў, пасылаючы свае творы, умову: «...друкуйце, як яны напісаны, не зменьваючы правапісьма». Гэта часам закрывала дарогу ў «Нашу ніву» ці ў іншую выдавецкую суполку.

Творчая спадчына Каруся Каганца ў поўным выглядзе да нас не дайшла. Асобным выданнем выйшлі пры жыцці пісьменніка толькі «Беларускі лемантар» (1906) і вадэвіль «Модны шляхцюк» (1910). Невялікая частка яго твораў раскідана па розных беларускіх газетах, альманахах і календарах. Матэрыялы з архіва К. Каганца друкаваліся пасмяротна ў газетах «Вольная Беларусь» і «Беларусь» (1918—1920), многія нумары якіх, на жаль, сталі бібліяграфічнай рэдкасцю ці зусім загінулі...

Карусь Каганец — цікавы і самабытны празаік. Большасць яго празаічных твораў — гэта своеасаблівая апрацоўка фальклорных матэрыялаў: народных легенд і гістарычных паданняў, казак і жартаў.

Апавяданні «Прылукі», «Засульскія турэ», «Машэка», «Вітаўка», «Навасадскае замчышча» створаны паводле мясцовых легенд і даносяць як бы ў даслоўных запісах мовы расказчыкаў жывы подых народных уяўленняў паходжання геаграфічных назваў. Гістарычна-легендарны каларыт у гэтых творах не толькі ў адпаведнай лексіцы, але і ў рытмічна-сказавай манеры апісання: «Дарога задуднела, і на ўзмыленым кані паявіўся ўвесь запылены княжны ганец і, сукланіўшыся баярству, павяшчае нядобрую навіну, што вораг рубеж перайшоў і дужа наш край пустошыць... Баярын рад чыну даказаць, сабе славы прыдбаць; хутка сабраў сваю дружыну і паехаў»(«Прылукі»). Пра іх Максім Багдановіч пісаў: «Рэзка індывідуальную фізіяномію маюць творы К. Каганца, ад іх вее язычаскай Руссю»2. У іншым плане напісаны апрацоўкі «Чым болей хто мае, тым болей жадае, або адкуль мядзведзі на свет узяліся», «Бутрымава прыгода», «Скрыпач і ваўкі», «Ваўчок», «Адкуль зязюля ўзялася» і некаторыя іншыя. Тут таксама бачна фальклорная першааснова, але аўтар на свой лад, ярка і дынамічна перадае сюжэт, напаўняе яго трапнымі мастацкімі дэталямі, пружыністым дыялогам. Увогуле ў творчасці К. Каганца заўважаецца моцны ўплыў жывой гутарковай мовы, а ў апрацоўках народных казак гэта відаць асабліва. З якой экспрэсіяй і ўнутранай напружанасцю перададзена гісторыя са скрыпачом, які ўваліўся ў яму, дзе сядзеў воўк: «Ахрэм усё іграе. Ніколі яшчэ ён так шчыра не іграў, як цяпер, бо думаў, што як кіне іграць, то воўк зараз да яго ды з’есць. Калі гэта адна струна — дзын! — дый парвалася. Няма чаго рабіць,— трэба іграць на трох. Калі і другая дзын! — і тая парвалася» («Скрыпач і ваўкі»).

Некаторыя апрацоўкі беларускіх народных казак («Журавель і чапля», «Што кажух, то не вата») і вельмі ўдалыя па зместу і форме навукова-папулярныя нарысы («Вандроўка кроплі вады», «Год», «Нашыя птушкі»), відаць, напісаны былі для школьнай чытанкі. Выдавецтва «Загляне сонца ў наша аконца» заказвала К. Каганцу чытанку, але яна па нейкіх невядомых прычынах не выйшла з друку. У гэтых творах пісьменнік выступае як самародак-педагог, які ўмела і проста тлумачыць дзецям складаныя жыццёвыя і прыродныя з’явы.

Сярод празаічных твораў К. Каганца трэба выдзеліць апавяданне «Бывалы Юр у Мінску». Гэта крытычны погляд бывалага селяніна на гарадскія забаўкі. Арыгінальна пабудавана апавяданне: дзеянне разгортваецца толькі ў форме дыялога Юркі з Пракопам.

Ёсць у К. Каганца цікавыя бытавыя апавяданні («З нашага жыцця», «Тры алешыны», «На сплаве» і іншыя). Яны вызначаюцца не толькі жывымі малюнкамі побыту плытнікаў і леснікоў, у іх выразна адчуваецца сацыяльнае завастрэнне («На сплаў»), зрэдку трапляюць і сатырычныя матывы («Ахота віцгубарнатара на вядзьмедзя»).

Асобна трэба сказаць пра К. Каганца-публіцыста. У артыкулах «Прамова», «Думка», «З рэферату на калядны сход беларускай грамады 1903 года» ў цэнтры ўвагі праблемы нацыянальнага адраджэння, развіцця беларускай культуры, мовы, асветы. Ацэньваючы публіцыстычныя творы К. Каганца, іх моцныя і слабыя бакі, трэба мець на ўвазе канкрэтна-гістарычныя ўмовы і абставіны часу, якія выклікалі палемічную завостранасць некаторых выказванняў пісьменніка. Сёння гэтыя выказванні ўспрымаюцца як ідэалізацыя гістарычнага мінулага беларускага народа і сведчанне пэўнай абмежаванасці поглядаў К. Каганца. Але ў свой час яны былі абумоўлены ідэйнай барацьбой, што вялася паміж прагрэсіўнай грамадскай думкай і афіцыйнымі выданнямі, якія праводзілі палітыку царскага самаўладства і адмаўлялі беларускаму народу ў праве на развіццё сваёй нацыянальнай культуры. Каб актывізаваць перадавыя грамадскія сілы на барацьбу супраць «старой Расіі», за «вялікі саюз свабодных народаў», К. Каганец, як і Ф. Багушэвіч у прадмове да зборніка «Дудка беларуская», звяртаўся да фактаў далёкай гісторыі, часам атаясамліваючы тэрыторыю Беларусі з межамі колішняга Вялікага княства Літоўскага («Прамова»).

Ідэйная пераклічка К. Каганца з Ф. Багушэвічам адчуваецца не толькі ў публіцыстыцы, дзе ёсць многа аналагічнага і блізкага, але і ў паэзіі. Розніца хіба толькі ў тым, што аўтар «Дудкі» і «Смыка» гаварыў ад імя селяніна, а вуснамі К. Каганца прамаўляў сам селянін, чалавек працы.

Як вядома, большая частка жыцця Каганца прайшла ў беларускай вёсцы, сярод працоўнага сялянства: «...разам пасвіў, разам гуляў, разам працаваў і цяпер маю між імі сваякоў»,— прызнаваўся пісьменнік. Гэта акалічнасць наклала свой адбітак на яго паэзію. У ранніх вершах К. Каганца праўдзівыя і простыя малюнкі сялянскай працы і народнага побыту, скарга на нялёгкую долю («Песня зіме»3, «Палессе»). Часам ціхая скарга пераходзіла ў ваяўнічы заклік:

 

Адважна, брацця, наперад ідзіце

Цвёрдай і правай ступою!

Кожнаму смела ў вочы глядзіце,

Праўду нясіце з сабою!

 

Адклікаўся паэт і на грамадскія падзеі. Жывым водгукам на руска-японскую вайну былі вершы «На мабілізацыю» і «*** Які ж то вецер буйны грае»:

 

Мы тыя бедныя

рэкруты,

Гарматна мяса

на вайну,

Каторых цар і

доля люта

Жане за мора

ў чужыну.

 

Вялікае месца ў паэзіі К. Каганца, як і ў яго публіцыстыцы, займалі нацыянальна вызваленчыя матывы («Плач беларуса», «Наш покліч», «Наш сымболь»), пісаў ён вершы на гістарычныя тэмы («Сцяты камень», «Нёман», «Згадка пра Галубка»), займаўся перакладамі польскага паэта Б. Залескага («У тры шляхі ідуць ляхі»). Шкада, што не захаваўся своеасаблівы прыродаапісальны цыкл вершаў паэта «Каханне Каганца». «Яго мілая — гэта кветка ў траве, птушачка ў лесе, што лашчыць вока сваёй красой і вуха сваёй песняй»,— характарызаваў гэты цыкл М. Каспяровіч4.

Заканчваючы гаворку пра К. Каганца-паэта, трэба адзначыць, што найбольшага поспеху ён дасягаў у творах, якія вырасталі на здабытках беларускай народнай песні, тады, калі творча выкарыстоўвалася фальклорная паэтыка. Узорам такога верша беларускага складу быў вядомы «Кабзар», высока ацэнены М. Багдановічам: «...рэч самародная, веючая народным духам і накідаючая моцнае ўражанне»5.

У творчай спадчыне К. Каганца вялікае месца займае драматургія. Ён аўтар вядомага вадэвіля «Модны шляхцюк» (Пецярбург, 1910), а таксама бытавых драм «У іншым шчасці няшчасце схавана» і «Двойчы прапілі», няскончаных твораў на гістарычную тэматыку «Старажовы курган» і «Сын Даніла».

У камедыі «Модны шляхцюк» К. Каганец ярка і жыва адлюстраваў жыццё беларускай засцянковай шляхты. Трапны сатырычны вобраз ганарлівага і сквапнага на добры пасаг шляхцюка Пранцішка Карчэўшчыка, дасціпная заключная сцэна, сапраўдны дынамізм дзеяння, багацце мовы, умелае выкарыстанне народных прыпевак,— усё гэта спрыяла выключнаму поспеху вадэвіля, асабліва ў дарэвалюцыйны час. Цікава адзначыць, што з вадэвілем К. Каганца пераклікалася купалаўская «Паўлінка» (1912), дзе ў вобразе Адольфа Быкоўскага далейшае развіццё і завастрэнне атрымлівае тын мясцовага шляхцюка пустазвона, які выракаецца ўсяго роднага.

На вялікі жаль, засталася няскончанай вялікая бытавая драма ў 4 частках «Двойчы прапілі» (1910). На шырокім фоне народнага побыту драматург праўдзіва паказвае сялянскае жыццё, сацыяльную няроўнасць, бічуе п’янства. Дзеянне ў драме адпавядае яе назве: заможны селянін Пракоп — бацька Хоўры — пад чаркаю згаджаецца выдаць дачку замуж за гультаяватага і падкага на выпіўку Атрыхона, а той за добры пачастунак уступае дзяўчыну другому — беднаму хлопцу Іўку. Такім звілістым шляхам ідзе да свайго шчасця Іўка...

Затое Астап («У іншым шчасці няшчасце схавана») не толькі страціў каханую, але і сам трапіў у турму, бо панічу ўсё можна рабіць, а парабку зачынена дарога ў жыццё. Шкада толькі, што гэтая сацыяльна-напружаная драма засталася канчаткова не завершанай.

Цікавымі па сваёй задуме былі і няскончаныя драмы «Старажовы курган» і «Сын Даніла». У «Старажовым кургане» неспадзяваны трохкутнік: ваявода, дачка карчмара Хэйна і казак Мікола. Дзеянне абрываецца на такім моманце: помсцячы Міколу, ваявода пасылае яго ў небяспечную разведку — на курган сачыць за татарскімі войскамі; там казак сустракае прыгожую дзяўчыну Вульяну... Яшчэ больш востры і нават трагічны канфлікт у драме «Сын Даніла»... Увогуле, у адной і другой драме вобразы задуманы з размахам, сюжэт вельмі арыгінальны і напружаны, добра адчуваецца сярэдневяковы гістарычны каларыт.

Увазе чытача прапануюцца старонкі эпісталярнай спадчыны Каруся Каганца. Дзякуючы шчаслівай выпадковасці захаваліся некаторыя лісты пісьменніка, датаваныя 1899—1912 гадамі. Гэта пераважна пісьмы К. Каганца да жонкі і дзяцей, перапіска, звязаная са спробамі наладзіць выданне беларускай газеты «Палессе», а таксама лісты ў «Нашу ніву». Гэтыя матэрыялы ўдакладняюць многія моманты біяграфіі пісьменніка, раскрываюць яго інтарэсы як грамадскага дзеяча, знаёмяць з працаю ў галіне выяўленчага мастацтва.

К. Каганец, заняты гаспадарчымі клопатамі, памятнай для яго вясной 1899 года за кароткі тэрмін з 2 па 20 сакавіка напісаў ажно чатыры лісты Г. К. Пракаповіч (неўзабаве яна стала жонкай пісьменніка). Побач са шчырымі прызнаннямі («Пішы, Гануська! Будзь ласкава, бо мне дужа цяжка...») суседзяць празаічныя гаспадарчыя навіны: «Каштана і сівую кабылу я прадаў, кабылу то яшчэ як-небудзь, а што Каштана, то з утратай... Дровы ў лесе засталіся, а тут цяпер і няма на чым вывезці, бо коні ўсе маладыя, а катора сталейша, то та жарабіцца мае...» (12 сакавіка 1899 г.).

Пятнаццаць лістоў напісаны К. Каганцом з мінскай турмы. У яго турэмных пісьмах няма ні слова скаргі ці наракання на свой лёс. Больш таго, ён імкнецца развеяць жончын смутак і яе невясёлыя думы, умее падтрымаць у цяжкую хвіліну нястач і гора: «Старайся, галубка, захаваць сваё здароўе, бо яно вельмі дарагое; а тады і мыслі весялейшыя будуць і надзея заяснее... Без надзеі і жыццё — не жыццё» (10 лістапада 1910 г.). У другім месцы ён зноў суцяшае і абнадзейвае яе: «Адно ты, Ганулька, не бядуй!.. Нашай матцы горш прыходзілася, аднак пагадаваліся. Не ў багацтве шчасце, а ў чыстым сумленні. І лепей, што нашы дзеці разумецьмуць, што е гора на свеце; нечага другім будуць спагадаць» (7 мая 1911 г.). Клапатлівы і ўважлівы бацька — вязень мінскай турэмнай крэпасці — амаль у кожным лісце да жонкі робіць асобныя прыпіскі для дзяцей, пасылае ім свае малюнкі. Яго турбуе вучоба старэйшага сына, меншым дзецям ён наказвае любіць працу, шанаваць маці.

Піша К. Каганец пра турэмныя будні, свой штодзённы занятак, рэдкія навіны. Для нас цікавасць мае і такая вестка пра Якуба Коласа: «...Адзін паэт, што пісаў у «Нашу ніву» і завецца Якуб, тутака» (пачатак жніўня 1910 г.). Скупа паведамляе, што час не марнуе, а займаецца творчай справай: «Маляваць я маляваў усё найболей беларускія тыпы, ажно два малюнкі з турэмнага жыцця, а то нарысаваў 12 рысуначкаў Якубу Коласу да яго твораў» (18 снежня 1910 г.).

Апрача літаратурнай працы аўтар «Моднага шляхцюка» разгортваў актыўную грамадскую і асветніцкую дзейнасць, выступаў як вучоны-мовазнаўца, фалькларыст і этнограф. У 1904 — 1905 гг. К. Каганец рабіў захады наладзіць выданне беларускай газеты «Палессе», але не атрымаў дазволу царскіх улад. Ён склаў кнігу «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання»6, якую выдала суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», па прапанове суполкі рыхтаваў школьную чытанку, збіраў матэрыялы да слоўніка роднай мовы, пісаў беларускую граматыку. К. Каганец быў адным з перакладчыкаў кнігі «Гутаркі аб небе і зямлі» (Пецярбург, 1907).

Рыхтуючы ў 1928 годзе артыкул пра К. Каганца7, М. Каспяровіч меў магчымасць пазнаёміцца з паперамі пісьменніка, у якіх былі яго запісы беларускай лексікі, народных казак, песень, прымавак і гульняў. Слоўнікавая праца вялася вельмі мэтанакіравана: К. Каганец запісваў сакавітыя ці вартыя ўвагі даследчыка народныя словы (цэд, талька, стрынгаль, карабаты, золкі, петаваць, верадзіцца, выцяць і г. д.). Занатоўваў ён назвы сваяцтва, уласныя імёны рознага фанетычнага гучання, ласкальныя прыметнікі, займаўся пытаннямі азбукі і правапісу.

К. Каганец быў таленавітым жывапісцам, графікам і скульптарам. Яшчэ ў часе вучобы ў Маскоўскім мастацкім вучылішчы ён вылепіў бюст Івана Грознага. Гэтая ранняя скульптурная работа была вельмі высока ацэнена яго настаўнікамі. Пасля ён вырэзваў з дрэва і слановай косці. К. Каганец пакінуў шмат цікавых малюнкаў тушшу і алоўкам («Маці», «За сахой», «На ростаньках», «Буслы»), рабіў палітычныя карыкатуры, упрыгожваў пейзажамі і рознымі арнаментнымі аздобамі бытавыя рэчы, зрабіў вокладку да кнігі Я. Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». Падрыхтаваў афармленне і да свае кнігі, яна, на жаль, не толькі не выйшла з друку, але і рукапіс яе дзесьці загубіўся...

Максім Багдановіч у вершы, прысвечаным Карусю Каганцу, пісаў:

 

Змоўк пясняр, затаіў свае песні,

Ён іх болей ужо не пяе.

Але рвуцца яны, і калісь на прадвесні

Лёд халодны ў душы пад напорам іх трэсне,

І струёй лынуць вершы з яе.

Гэтак часам уходзіць у землю крыніца,

Дзесь у нетрах таемна бяжыць.

Але мусіць урэшце на землю прабіцца,

Шмат яшчэ па зямлі будзе ліцца-каціцца

І радзімаму краю служыць.

 

Засталася «радзімаму краю служыць» і спадчына слаўнага сына беларускай зямлі Каруся Каганца. Шчырыя і простыя яго творы, ўпершыню найбольш поўна сабраныя ў гэтай кнізе, раскрываюць прывабны воблік пісьменніка-дэмакрата і актыўнага грамадскага дзеяча, які стаяў ля калыскі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя. Проза, паэзія, драматургія і публіцыстыка Каруся Каганца — гэта своеасаблівае пераходнае звяно ад творчасці Францішка Багушэвіча да лірыкі Янкі Купалы і Якуба Коласа, яшчэ адзін доказ таго, што пасля «Дудкі беларускай» літаратурна-грамадскі працэс, нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі не прыпыняўся ўжо ні на хвілю...

СЦЯПАН АЛЕКСАНДРОВІЧ

1 «Наш край», 1928, № 10.

2 М. Багдановіч. Збор твораў у двух тамах, том ІІ. Мн., 1968, стар. 237.

3 У К. Каганца былі таксама вершы «Песня вясне», «Песня лету», «Песня восені», «Жняя», «Касар», «На сяле вечарам», але знайсці тэксты іх не ўдалося, бо ў друк яны не трапілі, а рукапісаў не захавалася.

4 М. Каспяровіч. Карусь Каганец. Да дзесятай гадавіны смерці. «Маладняк», 1928, № 10, стар. 85.

5 М. Багдановіч. Том ІІ, Мінск, 1968, стар. 168.

6 «Беларускі лемантар...» выйшаў ананімна, але ў архіве пісьменніка захоўваюцца матэрыялы (рукапісы і малюнкі), якія сведчаць, што аўтарам гэтай кнігі быў К. Каганец.

7 М. Каспяровіч. Карусь Каганец. «Маладняк», 1928, № 10.


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан