На ручніках, расшытых пеўнямі,
Хлеб-соль падносім для гасцей,
Вядзём за стол, каўшамі пеннымі
Частуем брагай пагусцей.
I не хаваем – дзе падзенешся? –
Сваіх пачэсных мазалёў.
А трэба – крошкаю падзелішся:
Лепш сто сяброў, чым сто рублёў.
Наш дом з адкрытымі варотамі
На скрыжаванні ўсіх дарог.
Але з нявыцертымі ботамі
Не запрашаем на парог.
Хто з каменем ішоў за пазухай,
Збіраўся сесці за наш стол
(Мо’ пабалюю ўволю раз няхай?),
I сёння корміць цвёрды дол.
Рукамі, ад спякоты чорнымі,
Што выціраць не любяць слёз,
Мы перамолвалі, як жорнамі,
Не раз, не два свой горкі лёс.
Але з пакорнымі далонямі
Мы не хадзілі па паклон,
Калі усходамі зялёнымі
Ад хцівых рук наш гінуў плён.
Спіной не гнуліся жабрацкаю...
I хоць шануем свой мазоль,
Мы дзелім хлеб рукою брацкаю,
I любяць нас,
і ў гэтым – соль!