epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

А-яй! О-ёй!

Ёсць праца — ад яе не збочыць,

Як не хавайся ў хатцы.

І хоць палохаюцца вочы,

А рукі ўсё ж у працы.

 

Вясна прыйшла. Усе мы рады,

Бярэм рыдлёўку ў рукі.—

А-яй! О-ёй! Якія грады!

Калі ж дасі ім рады?

 

Ускопваеш і рук не чуеш,

Ў сярэдзіне ламóта.

І ўсё-ткі на зямельцы днюеш

Да сёмага аж поту.

 

У восень на стале не пуста,

Для ўцехі ёсць прычына —

Ай бурачкі! Ай ды капуста!

І бульбачка, і хлеба луста —

Які я малайчына!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.