Не, гэта і не вынік,
не, гэта і не споведзь...
Што мне жыццё дало?
І што я даў яму?
Заблытанасць гадоў
мне сэрца непакоіць —
Штó я ў жыцці? Хто я?
Адказ сумненні роіць,
Адказ незразумелы розуму майму.
Што тычыцца жыцця,
Яно дало нямала.
Ці ўсё я заслужыў?
Ці меў на ўсё правы?
А тое, што яно
з маленства лёс ламала,
Упэўнены, жыццё
мяне выпрабавала,
Удзячны я яму —
я выжыў, я жывы.
Мы прагнем у жыццё
пусціць глыбей карэнне,
Каб, напаткаўшы ноч,
не знікнуць ў нікуды,
Хоць зерне захаваць —
і я не выключэнне,
Карэнні, крона ёсць,
а дзе яны, плады?