epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

А я падгаманю

Гамоніць лес, а я падгаманю,

Нам ёсць што з ім

праз столькі год успомніць —

І вёсны, і прадзім’я гарчыню,

І кожны лёс свой

успамінам поўніць.

 

А помніш,

Мілы дружа, хлапчука?

Жыццё ў вачах агеньчыкамі ззяла,

Вясны усход

Адбіўся на шчаках,

Ён быў увесь

з узнёслага запала.

 

А сёння...

Зазірні у вочы мне —

Агеньчыкі смыляць

няўхільнай стомай.

Нябачны хтосьці

долу плечы гне,

Я сёння іншы,

пэўна, незнаёмы.

 

І ты стаў, дружа,

іншы праз гады —

Амаль што не чуваць

птушыных спеваў,

І час не мала нарабіў бяды,

Вунь колькі палягло

у сіле дрэваў.

 

Ўзвывалі буры

Над табой і мной,

Пад корань вырывалі дрэвы, лёсы.

Ты страпянешся,

Ажывеш вясной,

А мне й вясной быць

з галавой бялёсай.

 

І ўсё-ткі сувязь

паміж намі ёсць,

Цябе люблю я,

Ты — здароў’е зычыш

Я да цябе прыходжу

не як госць,

А ты мяне

Гаспадаром не лічыш.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.