epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

А калі...

Як жа пасля смерці

Не хапаць мне будзе,

Сонейка і зорак...

Будзе не хапаць

Вас, каго пакіну,

Дарагія людзі,

Я па ўсім, што зведаў,

Буду сумаваць.

 

Я па кожнай красцы

Буду сумаваці,

Па расінцы кожнай,

Па лясным «ку-ку»,

Па таму, як тонка

Пахнуць сенажаці,

Па кароўцы божай

І па матыльку.

 

Па агні ля рэчкі,

З трапяткою вудай,

Дзе зару палошча

Соннай водзі гладзь.

Па парошы снежнай

Сумаваць я буду,

Дожджыка грыбнога

Буду ўспамінаць.

 

Без птушыных песняў

Востры сум адчую —

Эх, як спеў салоўкі

Хваляваў мне кроў.

Без каточкаў любых

Дужа засумую,

Без жывёлін хатніх,

Без лясных звяроў.

 

Мілыя бярозы!

Бор мой задуменны!

Залатыя нівы,

Траўныя лугі,

Ў квецені вясенняй

Сад мой белапенны,—

Родная старонка!

Край мой дарагі!

 

Думку напаследак,

Як гару, нясу я —

Жыў я,

Мітусіўся,

Марыў — а калі...

А калі па мне

Ніхто не засумуе,

Значыцца нікчэмна

Жыў я на зямлі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.