epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

А мы не дажылі да Перамогі

Яшчэ вятры свінцовыя гулі

І праз агонь вайны вялі дарогі,

А нам не ўстаць з апаленай зямлі,

А мы не дажылі да перамогі

 

Трымаючы ля сэрца жах нямы,

Чакала маці звестачкі ад сына.

Лісты ж адправіць не паспелі мы,

Хто паў ля Брэста, хто — каля Берліна.

 

Світанак мірны — найвялікшы цуд,

Ды толькі да яго дажыў не кожны.

І нам не завітаць у родны кут,

І нам салют не ўбачыць пераможны...

 

Сучаснасць палымнее ад падзей

І новы, светлы час ляціць над імі,

Каб будучыня мелася ў людзей,

Мы застанемся вечна маладымі.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.