epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

А прыйдзецца...

Жыццё, напоўненае злосцю,

З вачэй ружовасць хутка скіне.

У кожным чалавеку штосьці

З гадамі непазбежна гіне.

 

З гадамі не ружова — шэра

У сэрцы, у жыцці штодзённа.

І ў светлы ранак гіне вера,

Як матылёк безабаронны.

 

З гадамі нішчыцца надзея,

Пятля адчаю душыць хмары,

Паўзуць у сэрца дабрадзея

Хлуснёй атручаныя мары.

 

Мяркуе хтосьці: — Што б драпежна

Схапіць, урваць любой цаною...

А прыйдзецца — і непазбежна

Жыццё напоўніць дабрынёю.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.