epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

А сёння што?

Жыць, не ствараючы нічога —

жыць нікчэмна.

Як важна ў справы укладаць душу.

Чытаць напісанае некім —

так прыемна,

А ці прыемна хоць каму,

што я пішу?

 

Сучасны творца — у сябе ўлюбёны,

Сваё чытае на уласным «Я».

Былі ж калісьці

паэтычныя салоны,

Збіраліся паэты,

як адна сям’я.

 

Сваё для ўсіх чыталі,

іншых адкрывалі,

Было карысна й пазнавальна ўсім.

І — у душы, бы

ў паэтычнай зале

Кіпела творчасць, панаваў уздым.

 

Духоўны быў уздым,

паэзія буяла —

Застаўся спіс імён,

для нас святых...

А сёння што?

У нас імён нямала,

Хто з рыфмаплётствам —

панібрат, на «ты».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.