epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Абразок

Нашу я ў сэрцы абразок

Святы — сваёй матулі

Вярнуцца мне б хаця разок

Ў дні, што даўно мінулі.

 

І папрасіць бы у яе

Святое прабачэнне —

Даруй памылкі ўсе мае,

Дай мне ад іх збавенне.

 

Я заплачу цаной любой,

Жыццём, здароўем, воляй

Я вінаваты прад табой —

Любіў цябе...

Мог болей.

 

Я грэўся ад вачэй тваіх,

Ўдыхаў любоў жывую.

Табе ж я не сказаў услых,

Як сам цябе люблю я.

 

Запознены наш самасуд —

Нярэдка й сёння драма.

Любоў матуль — вялікі цуд,

А наша ім?

Таксама.

 

Не далюбілі колісь мы,

Хаця любілі шчыра.

І вось гняце нас боль нямы

Хоць маці нашы ў свет зімы

І адляцелі ў вырай.

 

Так, я рабіў усё, што мог,

А ўсё, здаецца, мала.

Я, мама, вобраз твой збярог

Жывым у сэрцы — бачыць Бог,

Калі цябе не стала...

 

Нашу я ў сэрцы абразок

Сваёй матулі свята.

І чую раптам:

— Ты, сынок,

Ні ў чым не вінаваты.

27 студзеня 2020 г.

34 гады як не стала мамы



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.