epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Абрыдла ты

Я заблудзіўся ў гарадскім раздраі,

Сярод бязлікіх твараў, мін і спін.

Мне холадна душою, я ў адчаі,

Тут цесна ад людзей, а я адзін.

 

А я адзін, нібыта у пустыне.

— Дапамажыце выйсці мне адсюль!..

Хтось прамаўчыць,

Хтось на хаду штось кіне,

А большасць — на мяне увагі нуль.

 

Я ў лабірынтах тлумных і каменных

Блукаю.

Зноў скразняк з пад’ездаў-нор.

О колькі змарнаваў бясцэнных,

Блукаючы,

Тут страціў лепшы твор.

 

Абрыдла ты, о клетка гарадская,

Я састарэў ў тваіх абдымках тут.

Я чую! Чую, як мяне гукае

Адзіны родны мой, Лагойскі кут.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.