epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Абуджэнне

Ўзыходзіць сонейка —

яму не спіцца,

Наўскрайку неба

квеціць чырвань шчок

Клён з лесу выйшаў

ранкам наталіцца,

Не ведае —

ў які падацца бок.

 

За даляглядам —

тáемства завеса,

А тут —

бярозак беззаганных бель.

Аблокаў шоўк —

як ветразі, над лесам,

А лес — як велізарны карабель.

 

А вунь і мора —

ніў жытнёвых хвалі

Шлюць прывітанне

лесу-караблю.

І прасвятлелі сонечныя далі,

І новы дзень спусціўся на зямлю.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.