epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Абыякавіч

Жыў-быў... не, ні цар, ні пан, а зусім звычайны чалавек.

Вой, што я кажу, звычайны?! Наадварот, зусім незвычайны, бадай, самы страшны за ўсе, якія толькі былі часы, чалавек.

Думаеце, злодзей? Не!

Думаеце, забойца? Зноў не!

А-а, цяпер вы падумалі, што гэта — людаед? Не, не і не!

Гэта быў з выгляду сціплы, ціхі, малапрыкметны чалавек, але абыякавы да ўсяго. Абыякавы да падзей, якія адбываліся ў жыцці вакол яго, абыякавы да чужога гора і болю, ды і чужая радасць яго не кранала.

Як жа яго нам назваць?.. давайце дадзім яму прозвішча Абыякавіч.

Сустрэўся аднойчы гэты Абыякавіч са сваім знаёмым і распачалі яны размову. Гаворка ішла пра штодзённыя жыццёвыя справы. Вось падчас гэтай размовы, знаёмы Абыякавіча, між іншым, заўважыў:

— Вецер сёння штосьці ўзмацніўся... Пэўна на дождж.

Абыякавіч абыякава адказаў:

— Па мне дык, што ёсць вецер, што яго няма — мне ўсё роўна.

Вецер гэта пачуў і пакрыўдзіўся:

— Я табе пакажу, калі я ёсць, калі мяне няма!

Знаёмы Абыякавіча здзіўлена спытаўся:

— Ну, а дождж? Няўжо і ён для цябе не існуе?

Абыякавіч, не мяняючы інтанацыю, адказаў:

— Па мне, што ён ёсць, што яго няма...

Пачуў гэта дождж і яго агарнула крыўда:

— Як такое можна было сказаць? Без мяне ўсе расліны на зямлі загінуць. Без мяне спыніцца кругазварот вады ў прыродзе і тады наступіць канец усяму жывому, без мяне... Вось я табе пакажу, што значыць жыць без мяне!

— Нейкі незразумелы ты чалавек, Абыякавіч,— паціснуў плячыма яго знаёмы.— Ці ж можна такое казаць? З прыродай трэба жыць у суладдзі, у згодзе, паважліва ставіцца да яе. Мы з табой, Абыякавіч,— частка прыроды, можна сказаць, яе дзеці. А хіба ж можна сваю маці не паважаць?

— Ну і паважай. Хто табе не дае? — Абыякава адказаў Абыякавіч.

— Эх ты!..— махнуў рукой яго суразмоўца.— Жывеш сярод людзей, а не па-людску разважаеш. У цябе ж, я ведаю, такія прыстойныя і добрыя суседзі...

Але і тут Абыякавіч застаўся самім сабой:

— А па мне, што ёсць суседзі, што іх няма — без розніцы. Яны свой хлеб ядуць, я — свой...

Суседзі, у адрозненні ад ветру і дажджу не пачулі гэтага, інакш, хутчэй за ўсё, і яны пакрыўдзіліся б...

Можна было б і забыцца пра тую размову Абыякавіча са сваім знаёмым, але далейшыя падзеі не дазваляюць гэтага зрабіць.

Памятаеце, вецер абяцаў паказаць Абыякавічу, хто ёсць хто? І паказаў! Разгуляўся так, што паваліў плот у Абыякавіча і здзёр са страхі некалькі шыферын.

Вецер мог бы і больш нарабіць шкоды, але баяўся закрануць суседнія пабудовы.

Абыякавіч упершыню не стрымаўся:

— Во чортава безгаловіца наляцела! Лепш бы цябе век не было.

Вецер гэта пачуў і ўсміхнуўся:

— Добра! Паглядзім, што ты запяеш без мяне!

Напаўзлі аднекуль хмары на ўсё неба, закрылі сабой сонца і — ні з месца. Вісяць хмары і дзень, і тыдзень, і месяц. Пахмурна і няўтульна зрабілася, ды і холадна стала. Не разумеюць людзі, што гэта за праява такая. І Абыякавіч сцяміў, што без ветру неба не ачысціцца ад хмар.

— Эх, хоць бы лёгкі ветрык падзьмуў... — уздыхнуў ён.

Пашкадаваў вецер людзей і пагнаў хмары ў іх вечную вандроўку вакол зямлі.

Але разам з хмарамі пакінуў гэтыя мясціны і дождж. Цяпер ужо — і дзень, і тыдзень, і месяц — ні кроплі з неба. Патрэскалася зямля, пагарэла трава, схілілі галовы дрэва, пажухлі гароды. Нават вада ў студнях знікла.

Зноў Абыякавіч з надзеяй пазірае на неба і, як малітву, шэпча:

— Хоць бы хмарачка, хоць бы дожджычак...

І дождж злітаваўся з людзей і раслін — напаіў зямлю жывіцельнай вільгаццю.

Пачухаў патыліцу Абыякавіч:

— Відаць, дарэмна я ставіўся да прыродных з’яў абыякава... Прырода — сапраўды матухна наша.

Але канчаткова адкрыліся вочы ў Абыякавіча на жыццё пасля таго, як ноччу нечакана загарэлася яго хата. Абыякавіч спаў і, пэўна, згарэў бы жыўём, каб не суседзі. Але добрыя людзі — яго суседзі, своечасова заўважылі загаранне, разбудзілі гаспадара і дапамаглі патушыць хату.

Вось тут Абыякавіч успомніў усе свае выказванні і ў адрас прыродных з’яў, і ў адрас людзей.

Цяпер ён з пашанай і замілаваннем успрымае і ветрык, і дожджык, і ўсмешкі сустрэчных людзей.

А яшчэ — ён напісаў заяву ў ЗАГС з просьбай змяніць прозвішча Абыякавіч на Руплівец...

О, як было б добра, каб гэта быў апошні Абыякавіч на нашай зямлі!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.