epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ахвяры

Людзі вякамі ламалі галовы,

Сёння ламаюць — і будуць ламаць:

Дзе той адзіны напрамак жыццёвы?

Дзе адшукаць яго? Як распазнаць?

 

Ткнуцца ў адны... у дзесятыя дзверы...

Там — не патрэбен, а там — не тваё.

Па чалавеку, згубіўшаму веру,

Лупіць і лупіць жыцця пугаўё.

 

Рэдка каму адшукаць удаецца

Toe, адзінае месца ў жыцці.

He адшукае — сагнецца, сап’ецца,

Будзе бязвольна па ветры брысці.

 

Будзе дамучвацца — гэтак не гэтак —

І не пытацца — за што і чаму?..

Гэта — дарослы... А кволы падлетак?

Як берагчыся ад бруду яму?

 

Многіх жыццё сустракае сурова,

Цягне да лёгкага хлеба, псуе.

Сталых падтрымка — і прыклад, і слова,

Як паратунку для іх нестае.

 

Вунь іх «настаўнікаў» колькі, дарадцаў,

«Бітых» равеснікаў, цёртых не раз.

Хутка «памогуць» яны разабрацца,

Знойдуць на ўсё і расказ, і адказ.

 

Самых складаных пытанняў абойму

З ходу, як семкі, яны лузгануць.

Што і адкуль — растлумачаць па-свойму,

Груба, нядбайна, а сэрца крануць.

 

*

Вера марнела пад цяжкасцю долі,

Гэтая ноша — з гадамі гарчэй.

З мужам, здавалася, з’елі пуд солі,

А разышліся — не стала лягчэй.

 

Ён, хоць і піў, а напіўшыся — біўся,

Але спачатку хоць штосьці рабіў.

Потым — збадзяўся, зусім апусціўся,

Сам даканаў і сям’ю загубіў.

 

Цьмяна смылелі гады, як лучына,

Сёння — больш цьмяна і чадна смыляць...

Вера — яшчэ маладая жанчына,

Росквіт жаноцкасці — ёй трыццаць пяць.

 

Праўда, на выгляд — сталейшая значна,

Росквіт з’ядала жыццё на хаду.

Кожнаму з першага погляду бачна —

Мае ў кішэні на хлеб і ваду.

 

He, не намуляў кішэні ёй лішак,

Вецер завёўся там — наадварот.

Стала заглядваць жанчына ў кілішак,

Лёс паляпшала, як кажуць, праз рот.

 

Людзі ж вакол, і яна —

не пустэльнік,

Вечар — знаёмства,

наступны — ізноў...

Хутка знаходзіўся ёй сабутэльнік,

Стала штовечар цягаць іх дамоў.

 

Вера спачатку вяла іх нясмела,

Дома нязручна — адзін быў пакой,

Дома тырчала дачка яе Эла,

Потым... махнула на гэта рукой.

 

Эла шаптала, чужых баючыся:

— Мама... урокі вучыць... позні час...

— Марш да сябровак! Ці ў кухні зашыйся!

Злосцю напоўнены чуўся адказ.

 

Эла на кухні не раз начавала,

Рукі — на стол, а на іх — галаву.

Ды скрозь дрымоты ёй чуліся з залы

Шоргаты, цмоканні, шум «рандэву».

 

*

Эле — пятнаццаць, а ў ёй прыжыліся

Рысы, якія жаноцкасць дае:

Пругкасцю грудзі яе наліліся,

Сталі акруглымі бёдры яе.

 

He закахацца ў яе немагчыма,

І хоць яна прыгажэла штодня,

З выгляду толькі была як дзяўчына,

А у астатнім — амаль кураня.

 

Праўда, і чула, і бачыла многа —

Відзікаў — мора, а тэма — адна.

Ды і ад маці сваёй «дапамога» —

Вочы раскрыла на «ён і яна».

 

Што ўжо казаць пра сябровак са школы?

Тут ні праблем, ні сакрэтаў няма.

Тыя шапталі, гулі, нібы пчолы:

— Ты паспрабуй!

Будзеш ведаць сама...

 

Чуліся ў гуле, у шэптах, у словах

І захапленне, і зайздрасць, і злосць:

— Можна балдзець кожны дзень ад абновак!

Нам бы, Эліна, тваю прыгажосць!..

 

Элу краналі намёкі, прадмоўкі,

І хвалявалі, і пхнулі ў пасцель.

Потым пачула ад лепшай сяброўкі:

— Хочаш мець шмоткі? Ідзі на панель!

 

*

Корпус гатэля жаўцее вашчынай,

Збоку — рэклама агнямі крычыць.

Сумна стаіць ля ўвахода дзяўчына

І сарамліва вачамі блішчыць.

 

Сціпласць — у вопратцы бачна, ў дзяўчыне,

Ды не схаваць прыгажосць ад вачэй:

Стройныя, доўгія ногі з-пад міні

Могуць любога пазбавіць начэй.

 

І азіраюцца, косяць вачыма

І захапляюцца краскай-вясной.

Хто малады — з чыстым сэрцам, магчыма,

Хто пры гадах — пэўна, з думкай адной.

 

Вось пачынае кляваць на «нажыўку»

Той, хто гады не схавае свае,—

На галаве, ад ілба да загрыўку,—

Лысіна, хоць ты глядзіся ў яе.

 

Выйшаў з гатэля, прайшоў, азірнуўся,

Стаў, пакруціўся, цішком пакурыў —

І да дзяўчыны рашуча вярнуўся,

Пуза адставіўшы, загаварыў:

 

— Вечар цудоўны... Туга, адзінота...

Я ў вашым горадзе — упершыню...

Эла адчула пад сэрцам дрыгвоту:

— Што гэта? Праўда — ці я гэта сню?

 

Гэта — як чорны, бязлітасны гумар —

Прэч ад кашмару! Прачнуцца хутчэй!..

Голас даносіўся: — Зойдзем у нумар,

Там пагаворым без лішніх вачэй...

 

Эла ішла за «пузатай кадушкай»,

Ззяла ад лысіны лямпаў святло.

Білася сэрца падраненай птушкай,

Ногі дрыжалі, у скронях гуло...

 

Ліфт расчыніўся ў канцы вестыбюля,

Крок — і захлопнецца пастка. Капцы!

Эла з гатэля рванулася куляй,

Вусны скрывавілі зубы-шчыпцы.

 

Эла імчала ад бездані бруднай,

Слёзы сляпілі, душылі, пяклі.

Некуды збочыла з вуліцы шумнай —

Страшна — прытулку няма на зямлі.

 

Жудасна гэта адчуць у пятнаццаць...

Сэрца — без мары, без дому — дзіця.

Ветразь пунцовы пачаў аддаляцца,

Гінуў світанак у хмарах жыцця.

 

Дзе ён, той прынц з незабыўнае казкі?..

Кола замкнулася. Шчасце — мана.

Дома — няма ні парады, ні ласкі,

Ды і навокал — глухая сцяна.

 

*

Лёсу дарога — нярэдка крывая,

Зменіць напрамак не раз на вяку,

Зверне да бездані — хто падтрымае?

Хто ўратавацца працягне руку?

 

Недзе пад сэрцам — забітая мара

Горкага лёсу нябачнай рукой.

Вера — ахвяра і Эла — ахвяра,

Сталі ахвярамі маці з дачкой.

 

Колькі такіх — аднакрылых, гаротных,

He узляцела, як маці й дзіця?

Колькі іх ранена ў сэрца смяротна

Неўладкаванасцю, змрокам жыцця?

 

Шлюбы — не гульні, любоў — не забава...

Многія думаюць — наадварот.

Стала даўно аднакрылай дзяржава,

Хоча ўзляцець —

Ды не хутка на ўзлёт...

1993


1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.