epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ачышчальная крыніца

Дарога ў Храм ляжыць цераз душу,

Дарога ў Храм праз сэрца пралягае.

Адно я ў Бога для сябе прашу —

Няхай маю любоў не адвяргае.

 

Я шмат грашыў, пакуль прыйшоў у Храм,

Было сляпым блуканне-падарожжа.

Я свята веру, што прыйшоў не сам,

А ты мяне прывёў у Храм, о Божа!

 

Хрысціўся я, як толькі грымне гром,

Міналі хмары — зноў спіной да Бога.

І вось стаю я перад алтаром,

Як блудны сын ля роднага парога.

 

Нічога не прашу — наадварот,

Іду сюды з удзячнасцю схіліцца,

Бо ажыла ў душы на схіле год

Святая ачышчальная крыніца.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.