epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ад ранку да ночы

Мэты, мары, крылы,

Воля, вышыня,

Ранак, поўны сілы,

Моц жыцця — штодня.

 

У бяскрай-прастору

Існасці прастор.

Шлях — у гору, ў гору,

Да аблок, да зор.

 

Не стрымаць нястрымны

Росквіт, не суняць —

О, каб неабдымны

Свет хутчэй абняць.

 

Свет — спрэс каляровы,

Дорыць дабрыню,

Ды запал ружовы

Саступае дню.

 

І ружовасць неба

Засціць смутку дым —

Бо другім не трэба

Твой духоўны ўздым.

 

І слабеюць сілы,

Вянуць пакрысе —

Дажывай бяскрылы,

Роўны — як усе.

 

Пахавай натхнёна

Ўсё, што ў сэрцы нёс...

Вечар, як заслона,

Месяц, як ікона,

Зоркі — кроплі слёз.

 

Час — як склеп магільны,

Лёс — як кнот смыліць.

Бог і той бяссільны

Боль душы крыліць.

 

Быццам страціў кроў я —

Ні душы вакол.

Вынік — бессэнсоўе,

Ноч, тупік і дол.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.