epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ад родных вытокаў

Ці тысячы вёрстаў,

ці некалькі крокаў

Адолены — і за плячыма,

Пачатак дарогі —

ад родных вытокаў,

Дзе маці-калыска — Радзіма.

 

Душа, чым далей ад Радзімы,

ад дома,

За марамі ўслед адлятае,

Тым больш настальгічна,

нязменна,

свядома

Да родных вытокаў вяртае.

 

*

Ілля скончыў школу,

юрфак за плячыма,

Шчаслівец — працуе юрыстам.

Хоць скокнуць вышэй

галавы немагчыма,

Лічыў сябе максімалістам.

 

У свет прававедаў

адчынена века,

У мудрую скарбніцу нацый.

І ён літаральна —

правы чалавека

«Высмоктваў» з усіх дэкларацый.

 

«О, я маю права!» —

магічныя словы.

Ілля ведаў кошт свайму праву —

За права ўварваць

ён валтузіць гатовы

За грудзі жаццё і дзяржаву.

 

А тое, што ёсць

у жыцці пастаянна

Не толькі правы — й абавязкі,

Хаваўся за жарты,

адказваў туманна:

«Дык гэта ўсё бабіны казкі».

 

З уласным сумленнем

ён вёў паядынак,

Паклаўшы яго на лапаткі.

Натхняўся дэвізам

нямногіх адзінак:

«Кар’ера — вышэй роднай маткі!»

 

*

Не склалася штосьці ў жыцці,

не збылося,

За вокнамі май — сэрца ў лютым.

Штодзённа быльнёг

у жыццёвым пракосе,

Штоноч — не душа, а пакуты.

 

Ці д’ябал заблытаў усё,

ці Ўсявышні,

Ці наменклатурных аблога?

«Я тут не патрэбен нікому,

я — лішні,

Скрывілася лёсу дарога...»

 

Ад думак такіх

адмахнуцца няпроста,

Хоць лоб расхвашчы, хоць маліся.

Яны да Іллі, як смала,

як кароста,

Прыліплі, у ім прыжыліся.

 

Жыццё — не жарэбчык,

не схопіш за грыву,

Не падпарадкуеш падзеі.

Туман бессэнсоўя

глынуў перспектыву.

Свет — клінам, крыж-накрыж надзеі.

 

Ён выйце шукаў

мітусліва, нервова,

Ледзь нёс крыўдай створаны клунак.

Ды той, хто разгублены,

той памылкова

Знаходзіць душы паратунак.

 

О, сцежка памылак,

амбіцый дарога —

Гарчэй самых горкіх урокаў.

Адводзіце ўбок вы

ад шляху прамога,

Далёка ад родных вытокаў.

 

Памылак трагічных

няўмольныя краты

Чакаюць нябачна і грозна.

І толькі пасля

беззваротнае страты

Угрыз бы за локці — ды позна.

 

*

Ах, гэта ўжо «шлюб па разліку» —

кар’ера...

Ілля з кар’ерызмам —

адно, спарышы.

Для хлопца кар’ера —

ікона і вера,

Па сутнасці ж гэта —

хвароба душы.

 

Хоць ісціна шчыльна

хлуснёю спавіта,

Ды ўсё-ткі, яна —

па жыцці ля руля.

А тое, што белымі ніткамі шыта,

Стракаціць у вочы,

прыкметна здаля.

 

Звычайнасць і роўнасць з другімі —

злавала,

Дый самаўлюбёнасць

душу абжыла.

Хоць рос ён на працы —

а ўсё было мала.

І сквапнасці крыўда

мацнела, расла.

 

І думкі, якія цяклі крывабока,

Мацней нахілялі

душы перакос.

Ён, як і задумаў,

ад родных вытокаў

У бок «дэмакратый»

кіруе свой лёс.

 

Зямля, што яго ўзгадавала —

няміла,

Ён бег, як сябе суцяшаў,

з-пад замкоў.

Ён плюнуў у студню,

якая паіла,

Мінуламу здрадзіў,

зняважыў бацькоў.

 

*

Ілля ўсе паперы

аформіў «галопам»,

Сабраў ліхаманкава

сціплы багаж.

Нарэшце збылося —

замежжа, Еўропа!

Ён дыхаў свабодай —

харызма, кураж!

 

Раскоша фасадаў!

Шыкоўныя крамы!

Кафэ, казіно,

рэстараны — штокрок.

Чужая гаворка,

шматквецце рэкламы

П’янілі душу,

зачароўвалі зрок.

 

Для многіх, звычайна,

канчаецца казка,

Як толькі канчаюцца

грошы ў жыцці.

— Гатэлі? Кафэ? Казіно? —

калі ласка!

Абноўкі? Начныя уцехі? —

плаці!

 

Усіх не злічыць,

не адведаць прысмакаў

Й «грашовым мяшкам»,

што жыруюць на ўра.

А што, калі грошай,—

як кот той наплакаў?

Ні працы няма,

ні кала, ні двара.

 

Мацней на Іллю цісне думка,

з каторай,

Хоць сорам прызнацца,

з’яднаўся даўно:

«А дома жылося-былося не горай —

Ці ж там рэстаранаў няма,

казіно?

 

І там, як і тут,

сонца кожнаму бачна,

Жыццё калярова пульсуе, гудзе...»

Успомніў Радзіму Ілля,

дзе няўдзячна

Паводзіў, хоць жыў

нібы рыба ў вадзе.

 

Што ж, рана ці позна

кладзецца на шалі

«Учора» і «сёння»,

падзенне, узлёт...

«Заначка» — уласныя «еўрыкі» —

талі,

І ладзіў пратэсты

падцяты жывот.

 

У пошуках працы

прыцьмянелі мары,

Ніхто не працягваў

падтрымкі руку.

Ілля прававедам быў —

гуманітарый,

А тут і свае —

«на галодным пайку».

 

І недасканалае веданне мовы,

І, як тут казалі,

драўляны дыплом,

І «іхні» закон выжывання суровы,

Ілля адчуваў —

сталі ў горле калом.

 

Раскрыліся вочы

на многія рэчы —

Ты свой на Радзіме сваёй.

Толькі там!

І ставілі крыж на надзеі сустрэчы

З людзьмі без Радзімы,

такімі, як сам.

 

Шукальнікі шчасця

свой дом нелюбімы

Узносяць цяпер

хмарачосаў вышэй.

І кажуць скрозь боль,

што адзінай Радзімы,

Як роднае маці —

няма даражэй.

 

У пошуках шчасця

ёсць штосьці ад спорту —

Камусьці шанцуе,

а некаму — не.

І ўсё ж эмігранты —

не першага сорту,

Яна, другасортнасць,

адзінкі міне.

 

І тыя адзінкі,

займеўшыя працу,

І грошы, і кут,

што сяк-так прыхінуў,

Употай, ды моляцца

першаму шанцу,

Які б іх да родных вытокаў вярнуў.

 

І шанец той стаў

падсвядомай патрэбай:

— Назад!

У мінулае!

Толькі туды!..

І жолуд, адною прарошчаны глебай,

У глебе другой

будзе жыць не заўжды...

 

Ілля абураўся:

— Чаго я тут? Дзе я?

Ці зможа тут сэрца прыжыцца?

Наўрад!

І мара,

і мэта,

і супернадзея

Адна засталася —

вярнуцца назад!

 

Каб колісь чытаў

у «страшылках» шматтомных,

Што ён дажывецца

да чорнага дня,

Калі прыбрыдзе

у прытул для бяздомных,

Каб там заначлежыць,

Сказаў бы: — Хлусня!

 

Ды я — самы-самы!

Ды я — маю права!

Свабода!

Правы чалавека!

Ды я!..

І ўсё-ткі сустрэла яго неласкава

Чужая дзяржава —

чужая сям’я...

 

А раптам крутнецца

жыцця каляіна,

Скіруе наўзлёт,

не пакіне ў бядзе,

І паразумнеўшага

блуднага сына

Да родных вытокаў —

дамоў прывядзе.

 

*

Для іншых замежжа —

як маніякальнасць,

Палоніць пачуцці,

атручвае кроў.

Замежжа — не казка,

замежжа — рэальнасць,

З праблемаў —

не толькі са «шведскіх» сталоў.

 

Замежжа працуе

ад ранку да ранку,

І там не даецца нішто задарма.

А дома, дзе сэрцам

пачуў калыханку,

І роднай зямлі сваёй —

лепей няма!

 

На жаль, гэта ўсё разумеюць —

ды позна

Шукальнікі райскай

замежнай маны.

Жыццё іх карае

няўмольна і грозна —

Яны сябе самі

караюць — яны!

 

І плачуць, і стогнуць

па роднаму краю —

Без родных карэнняў

не жыць і галлю.

І слёзы няўцешныя,

слёзы адчаю

Сцякаюць нягучна

ў чужую зямлю.

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.