epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адамы і Евы

Іван быў гулёна вядомы,

Гульнуць для яго, як забава.

Ад жонкі ён бегаў без стомы,

Бывала, налева, направа.

 

У гэтым — мужчына ён хваткі

Ён спіс кожны дзень новай поўніць,

Ён спраўна, нібыта пальчаткі,

Мяняе сваіх палюбоўніц.

 

Пры гэтым, запальна і звонка

Смяецца сябрам, пры народзе —

А вось ад мяне мая жонка

Налева ніколі не пойдзе.

 

Аднойчы на працы Віталю

Іване зрабіў прапаноўку:

— Я зноў закадрыў адну кралю,

З сабой яна возьме сяброўку.

 

Прыходзь, адарвёмся папоўнай,

І секс будзе з намі, і шкалік.

Але нечакана, раптоўна,

Сваё прапануе Віталік

 

— І я закадрыў! Во чувіха!

Яна саладзей будзе мёду.

Закупім спіртнога і ліха

Махнём ўчатырох на прыроду.

 

Там будзем Адамы і Евы,

Там будзем Рамэвы й Джульеты.

Мы там пад птушыныя спевы

Унікнем у сексасакрэты.

 

Ў прызначаны час на вакзале,

Каб ехаць да Мінскага мора,

Сябры сваіх краляў чакалі,

Якіх закадрылі учора.

 

Хіснуліся сем’яў двух шалі

Канфузна й зусім нечакана —

Дзве жонкі прыйшлі — вось дык кралі,

Віталікава і Івана.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.