epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Аддай вячэру ворагу

Сняданак з’еў я сам,

а ворагу — вячэру,

І спаць галодны ўклаўся, нашчака.

Пасля чаго я дактарам і прымаўкам не веру,

Бо вораг той, што з’еў

усю маю вячэру,

Салодка спаў, выводзіў храпака.

 

А я ўсю ноч не спаў,

я перажыў нямала,

Ускокваў, клаўся зноў сярод начы.

У страўніку маім, то выла, то вурчала,

Хацелася так есці,

Хоць крычы.

 

Ды кажуць нездарма,

што лоб шукае гуза,

І я знайшоў у прымаўцы хлусню.

Цяпер я перад сном сілкуюся ад пуза,

І сплю да ранку,

І чарцей не сню.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.