epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адданы час

Мой сум, як месяца святло,

Душу і светліць, і міражыць.

І тое, ўсё, што аджыло,

Здаецца, меней важыць.

 

Я штучнай радасцю жыву

І светлым сумам натуральным.

Між гэтым лезе ў галаву

І думак рой адчайны.

 

І тлумяць галаву яны

Ўвесь час настойліва, упарта:

Гадам жыцця няма цаны

Ці не таму, што ўсе яны,

Нічога і не варты?

 

Бо дакаціўся і да нас

Забруджаны, з усяго свету,

Да творчасці астылы час,

Адданы толькі інтэрнэту.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.