epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адкажуць стагоддзі...

Чытаю афішу: —

«Сустрэча з народным паэтам».

Афіша сумуе —

нікога няма ля яе...

Я верыў заўсёды —

дый ведае кожны аб гэтым:

Вясною салоўка

без званняў высокіх пяе.

 

І любяць яго — «нізы»,

і «вярхі», і «праслойкі»

Без гучных указаў

і без непатрэбных афіш.

О, каб нам паэзіяй жыць,

як не жыць без салоўкі —

Ніколі не ўбачыў бы свет

на духоўнасці крыж.

 

А я — не народны паэт,

і ўсё-ткі не антынародны

І я без даведак і шыльдаў

пішу пра народ...

Што ў года пытацца:

ён шчодры прыйшоў ці бясплодны?

На гэта адкажуць дакладна

стагоддзі — не год.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.