epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адкрыцці

Адкрыццяў многіх прарастала семя

Імгненна, раптам, як дзівосны сон —

Ньютону яблык шмякнуўся на цемя,

І вось ён — гравітацыі закон.

 

І тое векапомнае імгненне —

Трыумф! Падзея! Эўрыка! Прарыў!..

А я закон уласны прыцягнення

Не для сусвету, для душы адкрыў.

 

Я шмат дзе быў, ды там не мог прыжыцца,

Дамоў спяшаўся з-за мяжы, здаля.

Мой родны кут не адпускае, сніцца,

Бацькоўская прыцягвае зямля.

 

Для сэрца больш галоўнага закона

Няма, чым прыцягненне ў родны край.

Няхай сабе пазней, пасля Ньютона,

Яго адкрыў я для сябе, няхай.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.