epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адкрыццё

Жора, якога сябры звалі Жорам-абжорам, называў сябе Джорджам. Гэта, як ён лічыў, набліжала яго да цывілізаванага замежжа і ў вачах знаёмых надавала вагу. Жораву смехатворнасць з уласным імем можна лёгка зразумець, а, зразумеўшы, яшчэ лягчэй дараваць, бо не дадало яму ў жыцці росту, абдзяліла яго прыгажосцю, ды і розуму крыху больш не пашкодзіла б. У дадатак да пералічаных недахопаў яму да зарэзу падабаліся дзяўчаты зусім іншага «каленкору» — прыгожыя ды высокія. Вось тут і жыві!..

Адсутнасць знешняй прыгажосці ў чалавека ці яго нізкаросласць лёгка кампенсуюцца інтэлектуальнымі і духоўнымі якасцямі, бо не заўсёды знешняя прыгажосць пераважвае прыгажосць душы. Хутчэй — наадварот. А паколькі гэта «наадварот» да Жоры не мела ніякага дачынення, ён, як кажуць, што меў, тое і меў — ні менш ні больш.

А што ж рабіць з тымі прыгожымі ды высокімі ці, як іх яшчэ называюць, даўганогімі?

Падыходзіў Жора да іх то з аднаго, то з другога боку — дзе там! — на яго нават не глядзелі, а кідалі звысоку:

— Каціся ты адсюль, бо яшчэ наступім!

І Жора каціўся да сваіх душэўных пакут і штодзённай безвыходнасці.

Аднойчы, у хвіліну самых балючых перажыванняў, Жора паскардзіўся лепшаму сябру на бязлітаснасць лёсу:

— Лішні я чалавек на гэтым свеце!..

— Якая дробязь! — здзівіўся сябар.— Даўганогія кралі?! Ды яны будуць усе твае, ты толькі памяняй тактыку!

— Як?! Што зрабіць?! — ледзь не захлынуўся ад захаплення Жора.

— А вельмі проста! Завучы некалькі сказаў ці розных слоў па-замежнаму...

— Я ж па-замежнаму ні бэ ні мэ,— прызнаўся Жора.

— А ты сам прыдумай і складзі з нейкай тарабаршчыны што-небудзь, трымай у памяці гэта і падыходзь да дзяўчат. Загавары з імі на гэтай тарабаршчыне — паглядзіш, які будзе эфект! Самі да цябе будуць ліпнуць — не адгоніш. Дзяўчаты замежнікаў любяць усякага росту і ўзросту. Уцяміў?

— Не ведаю,— разгубіўся Жора,— які з мяне замежнік...

— Безумоўна, аднаго імя Джордж мала,— разважаў сябар,— пажадана мець баксы... Іх можна нават не траціць, але, як бы выпадкова, трэба дастаць іх з кішэні і зноў схаваць — так, каб гэта бачылі кралі... Уцяміў?

Назаўтра Жора, прабачце, Джордж, апрануўся па апошняй модзе, пачапіў на нос цёмныя акуляры і, пыхкаючы цыгарэтай у зубах, «падруліў» да дзвюх даўганогіх прыгажунь. Не дастаючы з зубоў цыгарэты, запытаўся:

— Пліз энд ес амэрыкен, вас іздас?

Дзяўчаты перапынілі гаворку, пераглянуліся:

— Што ён хоча? — спыталася адна з сябровак.

Жора, не пачуўшы ад прыгажунь звычайнага «каціся адсюль», натхніўся і працягваў:

— Ес я пліз піпл маны... энд баксы гуд...

— Дык гэта ж замежнік! — зашыкала другая прыгажуня.— Які клас!

— О, кляс, кляс! — падхапіў Жора.

— Вітаем вас, таварыш...

— Які ён таварыш, дурная! — перахапіла гаворку сяброўка.— Вітаем вас, містэр! — І сяброўкі кінуліся да Жоры, як галодныя каты да мышы.

— Я ес амерыкэн,— спрабаваў Жора працягваць гаворку, але даўганогія моцна трымалі яго з абодвух бакоў пад рукі і не сціхалі:

— Мы зразумелі, вы — амерыканец... О, Амерыка! Свабода, долары, негры!

— Я ні ест негр! Я ест бізнэс!

— О, бізнэс! О, долары! — захапляліся дзяўчаты.— Вы прабачце, мы па-вашаму нічога не разумеем... А вы? Вы па-нашаму размаўляеце?

— О, я ес да! Я много ездзіт, я люблю Беларус!

— І мы любім Амерыку! Мы любім рэстараны! А вы? — І дзяўчаты перамігнуліся.

— О ес, рэстараны! — усклікнуў Жора, пасля чаго дзяўчаты пацягнулі яго ў бок рэстарана, ды так хутка, што Жора ледзь паспяваў перастаўляць свае кароткія ногі.

У рэстаране пазнаёміліся.

— Я — Марыя, можна Мэрылін.

— А я — Каця, можна Катрын.

— Я — Джордж! — з гонарам назваўся Жора-абжора.

— О, Джордж! — у адзін голас усклікнулі сяброўкі.— Які прыгожы кавалер! Якое цудоўнае імя!

Жору ажно распірала ад гонару — ім захапляюцца такія прыгожыя кралі. Ён дастаў з кішэні тры стодоларавыя купюры, якія пазычыў дзеля такога выпадку ў свайго сябра, нядбайна памахаў імі каля твару, нібы веерам, і зноў паклаў іх у кішэню.

— О, дарагі Джордж,— нахілілася да самай яго шчакі адна з сябровак,— тут разлічваюцца беларускімі грашыма, а гэтыя — потым... Зразумеў? — І яна цмокнула яго ў шчаку.

У Жоры пацямнела ў вачах, закалаўроціла галава, ён ужо ўсё бачыў і чуў, як праз туман.

Потым пілі шампанскае, гучала музыка, былі танцы ў абдымку з прыгажунямі, тады — зноў шампанскае, закускі і музыка.

Ніколі Жора за ўсё сваё жыццё не быў такім шчаслівым і значным. Ён пасмялеў і дазваляў сабе цмокаць у шчочкі сваіх чароўных застольніц.

Пасля чарговай бутэлькі шампанскага Катрын папрасіла прабачэння і на хвіліначку пайшла ў «адно месца», дзе, як сказала, падфарбуецца і прывядзе сябе ў парадак.

Праз нейкі час Жора пацікавіўся:

— О ес, штосьці доўга няма Катрын! Дзе яна прапала?

— А ты, дарагуньчык Джорджык, пачаў добра размаўляць на нашай мове!

— О ес, да! — усклікнуў п’яны Жора, які пачаў забывацца, што ён замежнік.— О ес, не! Не! — спахапіўся ён.

Мэрылін паднялася з-за стала:

— Я на хвіліначку... я толькі прывяду Катрын, а ты закажы яшчэ шампанскага...

— О ес! Шампанскага сюды, вашу маць! — гукнуў ён афіцыянта.— Ды хутчэй, каб усё было, як у Амерыцы!..

Доўга чакаў Жора ля шампанскага сваіх сябровак, ужо і рэстаран пачалі зачыняць, а іх усё не было.

— О ес, сволачы цыбатыя! — абураўся ён.— Збеглі на сваіх доўгіх нагах!

— Вы будзеце разлічвацца? — спытаўся афіцыянт.

— Буду, а куды ж я дзенуся! — І Жора палез у кішэню, дзе ляжалі беларускія грошы.— А колькі з мяне? — спытаўся ён.

Афіцыянт назваў суму.

— О ес, бляха-муха, можа не хапіць! — корпаўся ў кішэні «амерыканец».

— Ды кіньце вы сваё «о ес»! — раззлаваўся афіцыянт.— З вас замежнік, як з мяне акадэмік.

— О, бляха! Няма грошай! — ускочыў Жора.— Мусіць, згубіў беларускія рублі. Што рабіць? А доларамі возьмеце?

— Давайце доларамі па курсе,— згадзіўся афіцыянт.— Плаціце і гуд бай, нам зачыняцца пара, а вы затрымліваеце.

— Але ў мяне буйныя, соценныя! — удакладніў Жора.— Ці будзе ў вас здачы?

— Будзе, будзе. Хутчэй! — пачаў нервавацца афіцыянт.

Жора палез у другую кішэню і зароў:

— О, бляха!

— Што вы ўсё то «о ес», то «бляха»! Плаціце і вымотвайцеся адсюль! — не вытрымаў афіцыянт.

— Ды ты, казліна, разумееш, што ў мяне і трыста долараў спёрлі тыя даўганогія сцервы? Во пагуляў! Во падчапіў краляў!

— У нас такое бывае часцяком,— надзіва спакойна адрэагаваў афіцыянт.— Мы ўсяго нагледзеліся...

Дамоў Жора ішоў ноччу, пехатой праз увесь горад, бо капеечкі не засталося ў кішэні, не кажучы пра тое, што пакінуў у рэстаране распіску, абавязваючыся выплаціць патрэбную суму, ды яшчэ з працэнтамі.

— О ес, я дурань недапечаны! О, ху-ю-ду-ю-ду, я асліна бязмозглая! О, пліз энд, апошні я абалдуй! — пляваўся аблапошаны кавалер.

Раптам з цемры пачулася:

— Прабачце, вы замяжовец? — І да Жоры падышла мілавідная дзяўчына, крыху ніжэйшая ростам за начнога прамінатара.— Я — Алена, і вяртаюся з працы...

— А я — Джордж... ды які я к чорту Джордж! — успыхнуў ён.— Я — звычайны Жорык! Жорык-асёл! Жорык-казёл! Жорык-дурашлёп! Вось хто я!

Дзяўчына сумелася:

— Навошта ж вы гэтак на сябе? Не трэба!

Жорыку зрабілася сорамна:

— Прабачце! Гэта ў мяне сёння дрэнны настрой...

— А я думала, вы замежнік, чую нейкія замежныя словы, а зразумець нічога не магу... Дай, думаю, падыду, можа, заблудзіўся чужы чалавек у нашым горадзе...

— Які я замежнік! Я — балбес! Я — прасцячок! Я — гіцаль!

— Зноў вы на сябе,— дакорліва сказала дзяўчына.— А я пасля другой змены, іду вось з працы...

— А чаму пешшу? — спытаўся Жора.

— Грошай няма,— шчыра прызналася Алена.

— І ў мяне няма,— сумна пацвердзіў Жора.— Былі, ды ўсе сплылі.

Аказалася, што Жора і Алена — амаль суседзі, жывуць адно ад аднаго праз дом. І ўзросту яны амаль аднаго, і, як высветлілася падчас начной гаворкі, у іх шмат агульнага.

Але адбылося самае нечаканае для Жоры: ён перастаў заглядацца на даўганогіх і прывабных з выгляду дзяўчат і дзякуючы Алене адкрыў для сябе такое неацэннае хараство, як прыгажосць чалавечай душы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.