epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адкрыты ліст

Жыццё няўмольна прабяжыць —

He затрымаць.

Застаўся час, але не жыць,

А дажываць.

 

Наперадзе — падзей парад,

І свет надзей,

Ды азіраюся назад

Усё часцей.

 

Няўжо дзяржаўнасці каюк

Ад пугаўя?

Твайго я чую сэрца стук,

Зямля мая.

 

Было тут вольна між дубоў

Лугам раллі.

Ад розных ягад і грыбоў

Лясы гулі.

 

Маглі натхнёна працаваць

Тут, як нідзе,

Умелі сэрцам спачуваць

Любой бядзе.

 

Былі без клямак дзверы тут

І без замкоў,

Ды напаткаў мой родны кут

Бальшавікоў...

 

Цячэ, на месцы не стаіць

Рака падзей.

У іншым часе мушу жыць,

Без тых людзей.

 

Без той пяшчотнай дабрыні —

Зусім адзін.

Куды ні кінься, ні зірні —

Усюды — клін.

 

Няма дубоў, на звод пайшлі —

Калгас памог.

Растуць на колішняй раллі

Палын ды мох.

 

Замкі, завалы на дзвярах,

He дом — браня.

Жахліва днём, уночы — жах,

Дзе ж дабрыня?

 

Бяда чужая — не бяда,

Бліжэй сваё.

І кроў ліецца, як вада,—

Між нас звяр’ё.

 

Ад працы адвучылі нас

За сацгады.

І зноў нас цягнуць у «калгас» —

У нікуды.

 

*

Глядзець наперад быў бы рад,

Нібыта Ной,

Ды свет закрыў «старэйшы брат»

Сваёй спіной.

 

Хоць грэе нас, як Боскі дар,

Любоў радні,

Малодшы брат — не гаспадар —

Калені гні.

 

Тут нехта надта нахітрыў —

Во прахіндзей!

А Бог жа роўнымі стварыў

Усіх людзей.

 

Даў рукі, ногі, галаву,

Зямлю бацькоў.

І з гэтым многія жывуць

З глыбінь вякоў.

 

Жывуць! Бо іхняя радня

Жыве праз плот.

Жывуць! Бо не глядзяць штодня

Суседу ў рот.

 

Hі перад кім там чалавек

He гне спіну,

Бо кожны ведае спрадвек

Сабе цану.

 

*

Душа ў адчайнай барацьбе

Сама з сабой:

Няўжо мы ворагі сабе?..

Лёс губім свой.

 

Нас не мяняе мудры час,

Хоць трэсні ў лоб.

Адзін разумны сярод нас,

Ды не Эзоп.

 

Рэвалюцыйны запавет,

Як летам град.

Наперад час, наперад свет,

А мы — назад.

 

За нафту нейчую і газ —

Каленьмі ў гразь...

І зноў нас цягнуць у «калгас» —

У твань залазь.

 

Няўжо згадзіліся мы ўсе —

Жыццё ў адхон?

Няўжо мы ў сэрцы не нясем

Жалобны звон?

 

ГУЛАГі, краты, Салаўкі,

З касцей зямля —

Тварэнне «бацькавай» рукі —

Рукі з Крамля.

 

Было ж не ў сне, а на вайне —

Лілася кроў.

І слалі ў цынкавай труне

Бацькам сыноў.

 

Афганістан не навучыў,

He засцярог —

Крывавы дождж тады змачыў

І наш парог.

 

І вырашаў «старэйшы брат»

Усё за нас:

Каго ў кішэнь, каму — пад зад,

Хто — пад абцас.

 

*

Пішу, пішу адкрыты ліст —

Радкі надзей.

He, я не нацыяналіст —

Люблю людзей.

 

Зірну на захад і на ўсход —

Усіх люблю,

Ды больш люблю з дзіцячых год

Сваю зямлю.

 

Хачу, каб не была яна

Чужым шчытом,

Бо сёння зноў паўзе мана

У кожны дом.

 

І маці нават, хоць дзіця

Забіў душман —

У горы

І ў канцы жыцця

Прымае зман.

 

He на гульню,

He на парад

(Чакай вясцей),

А ў пекла слаў «старэйшы брат»

Чужых дзяцей.

 

І хоць прайшло не мала год

І знік ЦК,

І сёння палец дай у рот —

Бывай рука.

 

*

Багата ў нас азёр, бароў,

Хлеб з соллю ёсць,

Адкрыта сэрца для сяброў —

Нам кожны — госць.

 

Сапраўдны сябар кроў не ссе

З сяброўскіх ран,

За пазухай не прынясе

Свой камень-зман.

 

Прыстойны госць — паесць, пап’е,

Спяе — і спаць.

Ён не пачне правы свае

Чужым качаць.

 

Такіх гасцей, такіх сяброў

Сярод людзей,

Сярод цароў, правадыроў —

Усё радзей.

 

Хачу гасціць і сябраваць —

І злосць міне,

З любым суседам гандляваць —

І нараўне.

 

Руплівы птах за год-другі

Гняздо саўе...

У кожнай рэчкі берагі —

Заўжды свае.

 

*

Твайго я чую сэрца стук,

Мая зямля...

Зноў пад сабой ссякаем сук,

Каб жыць з нуля.

 

А час ляціць, жыццё імчыць,

А мы стаім.

Праспанага не надтачыць,

Хоць плач па ім.

 

Мы — па-за часам, за мяжой

Свядомых спраў.

За што нас галавой чужой

Бог пакараў?

 

Цяжар на сэрцы душыць, гне —

Сцішай хаду.

Ісці наперад цяжка мне —

І ўсе ж — іду...

1989


1989

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.