epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адлегласць

Пачатак і канец...А што між імі?

Чым ён запоўнены, жыцця сусвет?

Адзін пятляў дарожкамі крывымі,

Таптаў зямлю — і не пакінуў след.

 

А хтосьці пеў сярод зімы і лета,

Пеў салаўём, зязюляй кукаваў.

Ды тут, як кажуць, песня яго спета,

Бо ён не пеў, а іншым падпяваў.

 

Ды і ў мяне не складвалася гладка —

Раскідваўся гадамі малады.

Жыццё, на жаль, не распачнеш спачатку —

Цяпер спрабую даганяць гады.

 

Народзіны і смерць...Адлегласць гэту

Ні вёрсты вымяраюць і не час.

Магчыма й за імгненне здзейсніць мэту,

А век жыццёвы змарнаваць за раз.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.