epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Аднагодкі

Фінал жыцця —

далёка не салодкі.

Вось ельнік —

і над ім гады гулі.

Мы з ельнікам амаль што аднагодкі,

Спачатку мы —

плячо ў плячо раслі.

 

Ніякага няма тут чараўніцтва.

Мы аднагодкі з ім?

Чаму і як?

Калісьці вучняў нас,

вялі ў лясніцтва

Высаджваць на дзялянках маладняк.

 

Вось ён і рос,

пасаджаны і мною,

Той, пад нагамі ледзьве бачны “лес”.

А сёння ён узрос,

стаіць сцяною,

Вяршынямі імкнецца да нябес.

 

З’яднаны мы

адной жыццёвай нішай,

Для нас закон прыроды —

не сюрпрыз.

Яму — мацнець, расці

ўсё вышай, вышай,

А мне — слабець, слабець,

расці уніз.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.