epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Аднаногі конік

Руслан быў з выгляду хлопчык як хлопчык. Нічым не адрозніваўся ад вучняў свайго класа. Але гэта толькі з выгляду. Акрамя знешнасці, у кожнага чалавека, існуе яшчэ нябачны ўнутраны свет. І хоць унутраны свет Руслана лічыўся нябачным, але ён калі-нікалі праяўляў сябе даволі відавочна. Руслан любіў у школе цягануць за касу дзяўчынку, ды цягануць не з лёгкім жартам, а так, каб у дзяўчынкі слёзы цурэлі з вачэй ад болю. Ці зпадцішка падстаўляў падножку таму ці той, хто з усіх сіл даганяў каго-небудзь альбо ўцякаў ад некага. Вядома ж, ён ставіў падножку таму, хто быў слабейшым за яго і не мог даць здачы. Звычайна, пасля падножкі, бедалага збіваў нос ці калені ці, у лепшым выпадку, набываў на штанах прыкметныя дзіркі.

Аднаго разу ён з імправізацыйнай «рагаткі», якая ладзіцца на двух растапыраных пальцах з дапамогай тонкай гумкі, патрапіў туга скручанай паперкай у вока аднакласніку. У вока ён, магчыма і не цэліўся, але ад гэтага параненаму не лягчэй і зрок яму з цяжкасцю ўратавалі.

Усё гэта вельмі забаўляла Руслана і ён, пасля кожнай сваёй каверзы, гучна рагатаў.

Такія паводзіны ў любым узросце завуцца дурнымі жартамі, але яны, як сведчыць жыццё, часцяком перарастаюць у жорсткасць.

Калі такія свае паводзіны з сябрамі Руслан лічыў бяскрыўднымі, дык адносіны яго да катоў, сабак і іншай дробнай жыўнасці, многія, нават яго лепшыя сябры, называлі не інакш, як безсардэчнымі.

Руслану падабалася вырваць у жука ўсе лапкі, акрамя адной і з захапленнем назіраць, як той на паперы выпісвае кругі вакол сваёй восі, адпіхваючыся адной лапкай. Ці ён лавіў матылька, упіхваў яму ў брушка сухую травінку і з асалодай назіраў за тым, як бедалага спрабуе ўзляцець.

У нармальнага чалавека такія паводзіны выклікаюць унутраны пратэст супраць садызму. Менавіта такі пратэст даволі эмацыянальна выказаў Руслану яго сябар Іван пасля таго, як Руслан злавіў у траве коніка і адарваў адну ножку. Конік адчайна пстрыкаў на пакінутай ножцы і завальваўся ўвесь час у бок. Зноў пстрыкаў, і зноў куляўся на бок. Руслан ад смеху хапаўся за жывот.

Іван ускіпеў:

— Ты глянь, якога скакуна-весялуна скалечыў! Навошта? Ты думаеш яму не баліць? А каб табе адарвалі нагу — як бы ты сябе адчуваў?

— Ха-ха-ха! Хто мне адарве нагу? Хахмач ты, Іван!

Такія паводзіны Руслана закранулі Івана за жывое:

— Я не разумею тваёй чэрствасці, Руслан! Лічы, што мы больш не сябры! — і хлопчык падаўся прэч.

Руслан наўздагон крыкнуў, цяпер ужо былому сябру:

— З-за нейкай казяўкі ты рвеш сяброўства! Ну і каціся!

Іван ішоў узрушаны, нават моцна раззлаваны. Як уратаваць сябра? Што б яму такое сказаць ці зрабіць, каб ён ачысціў сваё сэрца ад жорсткасці, каб прасвятліў сваю душу?

Тут ён успомніў ці легенду, ці байку, якую не раз чуў і ад старых, і ад моладзі. Трэба, згодна той байкі, падысці да старой, каранджакаватай вярбы, што схілілася над сажалкай, прытуліцца шчакой да яе кары і сказаць нейкае заклінанне, тады ўсё, што загадаеш, споўніцца.

Як патанаючы хапаецца за саломінку, так і Іван ухапіўся за легенду пра вярбу. Праўда, заклінання ніякага ён не ведаў.

І вось хлопчык баязліва наблізіўся да пакручанай часам вярбы, абняў яе глыбока маршчыністы ствол, моцна прыціснуў шчаку да вострых рэбраў кары і прашаптаў:

— Бабуля-вярба! Я не ведаю ніякіх заклінанняў, баюся гэтым пакрыўдзіць цябе, але без тваёй парады і дапамогі мне не абысціся. Не ведаю, байка гэта ці праўда пра тваю чароўную сілу, але ўсё роўна выслухай мяне...

І Іван, хвалюючыся і блытаючыся, расказаў старой вярбе пра свайго сябра, пра неабходнасць выратавання яго ад відавочнай хваробы, назву якой Іван дакладна не ведаў.

Хлопчык паведаў вярбе нават пра тое, як у злосці параўнаў свайго сябра з аднаногім конікам і ў душы пажадаў яму паскакаць на адной назе...

Нічога не адказала вярба хлопчыку, але, не гледзячы на поўную бязветранасць, яе шаўкавістыя, пасівелыя ад часу косы, усхвалявана загойдаліся над вадой.

Хлопчыку раптам, быццам увесь боль яго сэрца забрала сабе вярба, зрабілася лёгка і светла на душы, як бывае ў першы дзень летніх канікулаў.

— Дзякуй табе, бабуля-вярба, дзякуй табе! — з цеплынёй усклікнуў Іван і пабег дамоў.

Дома маці ў яго спыталася:

— Ці чуў ты, Іванка, што толькі што твой лепшы сябар Руслан зламаў нагу? Павезлі яго ў бальніцу накладаць гіпс. Лічы, ён усе летнія канікулы праскача на адной назе... Бедны Руслан.

Івану падалося, што па яго спіне папаўзлі мурашкі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.