epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адно мне...

О як я не зайздрошчу таўстасумам,

На залаты прысеўшым унітаз,

Тусовачным, карпаратыўным тлумам

Узнесеным на хліпкі свой Парнас.

 

Яны жывуць, але жыцця не бачаць,

«Царуюць», ды ў бяздушшы царства іх.

Іх вычвурным, шматпавярхоўным дачам

Далёка да заможнасцей маіх.

 

Мне так утульна ў хатцы нізкастольнай,

Дзе нос казыча печы курадым,

Дзе сняцца казкі, дыхаецца вольна,

Дзе мару з успамінамі ў абдым.

 

На ганак выйду — тут каток прыблудны,

Ён ласункá чакае на двары

А ў хаце, за спіной маёй — «шматлюдна»,

Прытуленых бяздомнікаў — аж тры.

 

Ўжо прыжыліся — Плюшка, Пуфік, Вася,

Не мала дзён са мною і начэй.

Чатыры будуць у маім «калгасе»,

Не праганяць жа гэтага з вачэй.

 

А вунь жа, верабейчыкаў сямейка.

Сямейка? Іх тут больш за пяцьдзясят.

А воддаль вунь, сарока, як зладзейка,

Здаля цікуе, прыляцела ў сад.

 

Прадзім’е... Ўсім ім хочацца паесці,

Ужо і дождж занудзісты імжыць.

Ды і зіма не за гарамі — дзесьці,

Без дапамогі як бяздомным жыць?

 

Ды горш за ўсё сабакам-небаракам,

Прагнаным з хат і прадзімовых дач.

Скарынка хлеба будзе ім прысмакам —

Такі вось боль душы вакол, хоць плач.

 

Іх ад сябе не адпіхнуў ні разу,

Мне іх карміць прыемна, бачыць, чуць.

Яны са мной шкадуюць, пэўна, разам,

Што раз на месяц пенсію даюць.

 

Дзялюся з імі я, мяне не ўбудзе,

Адно мне — каб усе яны жылі...

Ці ведаюць багаценькія людзі,

Што столькі ёсць гаротных на зямлі?

 

Ці ўспомнілі хоць раз аб іх, нябогах,

Наеўшыся ад пуза за сталом?

О як жыццё іх абдзяліла многіх,

Не, не грашамі, а душы цяплом.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.