epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адной мы долі

Ад беднаты, ад самапасу,

Я прадзіраўся ў гэты свет.

Я — сын зямлі, людзей і часу,

Душы агеньчык між планет.

 

Я творчасцю свяціў праз хмары,

Спяліў духоўнасць на крыле.

Я спадзяваўся — так я марыў,

Што я патрэбны ўсім, але...

 

Я марыў там, дзе лішні трэці —

Агеньчык міжпланетны згас.

Я — пасынак на гэтым свеце,

Чужы, на жаль, і свет, і час.

 

Я — сын зямлі, адной мы долі.

Яна, як маці, ў час бяды,

У векавым сваім прыполе

Мяне прытуліць назаўжды.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.