epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адным днём

Мы, пакуль маладыя,

Шчыруем і мала бядуем.

Ды аб чым бедаваць?

Мы пакуль што пасевы не жнём.

Мы жывём адным днём,

Хоць і планы надоўга будуем,

Хоць сто год пражываем,

А ўсё-ткі жывём адным днём.

 

Мы жывём з вамі сёння,

А заўтра збіраемся толькі.

Мы жывём адным днём,

А «ўчора» — яно ўжо было.

І гады, што прайшлі —

Нібы тыя далёкія зоркі,

Ад якіх нам «у сёння»,

Ні цёпла, ні ззяе святло...

 

Як мой брат паміраў,

Ён цішком уздыхнуў развітальна,

І апошнія словы,

На дзіва, без болю былі.

Ці мяне супакойваў.

Ці проста сказаў памінальна:

— Не такое й малое

Пражыў я жыццё на зямлі...

 

Эх, Кастусь дарагі,

Мы жывём адным днём — унікальна,

Ты жывеш... дажываеш...

У гэту хвіліну, цяпер.

А ў мінулым — нішто,

Успамінаў тваіх віртуальнасць,

А наперадзе... хутка...

Рэальнасць — магілы ашчэр...

 

Я жыву адным днём,

Што зраблю, тое й зроблена будзе,

Не жыву я «ва ўчора»,

А заўтра ці буду — мо й не.

Я жыву ў гэты дзень —

Ў гэтай радасці, тлуме і гудзе,

А закончыцца дзень —

І жыццё з ім, магчыма, міне.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.