epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адукаваная свіння

Свіння была звычайнаю свіннёй,

Але да той пары,

Пакуль не скончыла свінфак

На свінаферме

І не займела ў рэшце рэшт дыплом.

Цяпер яна свой лыч ад свінства верне

І на сябровак, што ў гразі ляжаць,

Рох-рохне:

— Як вас можна паважаць?

Ваш знешні выгляд

Ў гэтым брудзе гіне

Вы — форменныя свінні.

Звярніце на мяне увагу,

Вам бы цяпер вучыцца ад мяне,

Я проста так у гразь не лягу,

Не!

Бо я ў навуцы свінскай маю толк —

Я, перад тым, як легчы ў гразь,

У лужыну, ў равок,

Кладу дыплом пад бок.—

І — плюх! — адукаваная свіння

На свой дыплом, у гразь,

Ляжыць у ёй па вушы —

І так штодня.

_________

 

Калі ў мазгах скразняк,

(Прабач мне Божа)

Тады й дыплом не дапаможа.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.