epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адважны баязлівец

Воўк, дачакаўшыся, пакуль у вокнах патухне святло і людзі лягуць спаць, скокнуў у загародку ля хлеўчука, схапіў авечку і знік з ёй у цемры. Усё адбылося настолькі хутка, што Дзік нават не зразумеў, што да чаго. А, магчыма, ён толькі зрабіў выгляд, што нічога не зразумеў, бо па свайму сабачаму характару быў баязліўцам — асабліва баяўся начной цемры. Ды і наслуханы быў пра тое, як воўк калі-нікалі падцікоўвае ноччу да сабачай будкі, выцягвае бедалагу за ланцуг, а раніцай гаспадары толькі ланцуг і знаходзяць.

А вось гэтай раніцай гаспадар знайшоў на месцы і сабаку, і ланцуг, затое не далічыўся авечкі. Ён убачыў у загарадцы воўчыя сляды і ўсё зразумеў.

— Праспаў, злыдзень! — напусціўся ён на сабаку.— Хоць бы голас падаў, хоць бы разок яўкнуў. Забіць цябе мала!

Сабака, апусціўшы галаву, моўчкі выслухваў папрокі.

«Усё правільна,— думаў ён.— Адна справа днём, у прысутнасці гаспадара, «рваць» ланцуг, кідаючыся на кагосьці і паказваючы сваю рашучасць, а зусім іншая ноччу аднаму, нос у нос з воўкам».

Ён згодзен быў вытрываць і папрокі, і нават лупцоўку, але словы «забіць цябе мала», Дзіка вельмі палохалі — ён іх успрымаў літаральна.

— Не! Мне тут не жыць больш! — уздыхнуў сабака, парваў ашыйнік і падаўся ў лес.

Страшна было ў лесе, асабліва ноччу ды і голадна.

Аднойчы Дзік нос у нос сутыкнуўся з Зайчыхай, якая бачыла ваўкоў толькі здаля. А паколькі сабака мае падабенства з ваўком, бедная Зайчыха палічыла, што трапіла амаль у пашчу лютаму драпежніку.

— Не еш мяне, воўк! — узмалілася Зайчыха.— Не рабі маіх дзетак сіроткамі. Злітуйся з нас!

Сабака ледзь не зарагатаў ад чутага, але, паколькі быў засмучаны сваім бяздомніцтвам і вельмі хацеў есці, сумна адказаў:

— Ды я зусім не воўк! Перастань дрыжаць. І хоць я галодны, есці цябе не збіраюся.

Зайчыха працягвала трэсціся ад страху і спыталася:

— А хто ты?

— Я — Дзік.

Цяпер ужо Зайчыха, каб не была моцна напалохана, рассмяялася б, бо дзікоў яна не раз бачыла і ведае, як яны выглядаюць.

— Які ж ты дзік? А дзе ж твае капыты? Дзе твой лыч? Не-е-е! Ты — воўк, я цябе пазнала.

— Ну, добра... Няхай сабе я воўк,— стомлена згадзіўся сабака.— Ідзі сваёй дарогай да сваіх дзетак, няма ў мяне ахвоты за пусты мех спрачацца.— І Дзік абмінуў зайчыху, якая без аглядкі плетанула да сваіх зайчаняткаў.

— Дзеткі родныя! — захлёбвалася яна ад шчасця.— патрапіла я ледзь не ў пашчу да самога ваўка, а ён аказаўся такім добрым, такім жартаўніком — дзіком прыкідваўся. Але не з’еў мяне, пашкадаваў вас рабіць сіроткамі.

— Ура! Ура! — запляскалі ў ладкі зайчаткі.

Зайчыха іх абняла і папярэдзіла:

— Вы сядзіце тут ціха, а я збегаю да людзей на грады і, можа, морквачкі прынясу вам,— і знікла.

Дзік ціхенька з-за куста назіраў за шчаслівым сямействам і не мог намілавацца на зайчанятак — такія яны былі прыгожыя.

А яны працягвалі радавацца:

— Ура! У нас будзе морквачка! Дзякуй ваўку-жартаўніку! Ура добраму ваўку!

Раптам з-за другога куста выйшаў на шум сапраўдны ваўчына.

— Хто тут у нас добры? — рыкнуў ён. І каму «ура»?

— Вам! Вам ура! — заскакалі зайчаняткі.— Вы такі добры, нашу маму не з’елі. Мы вас любім, дзядзечка воўк!

Воўк смачна аблізнуўся:

— І я вас вельмі люблю! Але больш моцна я буду любіць вас разам з вашай мамай. Дзе яна?

— Яна пабегла за морквай! — у адзін голас адказалі зайчаняткі.

— Морква?.. Фу, якая гадасць! — плюнуў воўк.— А хутка яна вернецца?

— Не! Яна толькі што пабегла.

Воўк зноў смачна аблізнуўся.

— Ну, тады я спачатку з’ем вас, а вашу маму пачакаю тут.

Дзік, хоць і быў баязліўцам, не мог не заступіцца за такіх прыгожанькіх і такіх безабаронных зайчаняткаў. Ён мужна скочыў з-за свайго куста і сабой закрыў ад ваўка маленькіх вушасцікаў.

— Толькі праз мой труп! — ашчэрыў сваю пашчу сабака. Іх табе я не аддам!

Воўк ад нечаканасці разгубіўся, але хутка зразумеў, з кім мае справу:

— Вой! Хто гэта?.. Гэта той, хто ноччу носу з будкі не вытыркае? А я збіраўся наведацца да цябе ды паказытаць зубамі тваё нутро. А ты сам прыпоўз на паўсагнутых да мяне. Ну, трымайся!

І яны адначасова кінуліся адно на аднаго.

Поўсць ляцела шматкамі на ўсе бакі, пена з раз’юшаных пашчаў, разам з крывёю афарбоўвала ў чырвоны колер зямлю пад імі, хрыпенне і рык аглушалі наваколле. Немагчыма было разабраць, дзе хто — адзін жывы клуб маланкава круціўся на зямлі, ламаючы кусты і сухое голле. Воўк быў мацёры і больш дужы, але за сабакам сціснуліся ў перапалоханы камячок маленькія дзеткі-зайчаняткі, чыё жыццё зараз цалкам залежала ад выніку гэтага смяртэльнага паядынку.

Нарэшце абодва — сабака і воўк, рухнулі на зямлю, як мёртвыя. Але мёртвым быў толькі адзін — воўк, а Дзік не меў сіл нават варухнуцца, бо ўсе іх аддаў дзеля перамогі жыцця над смерцю.

— Ура! — Дзеткі, я нясу вам морквачку! — пачулася з-за кустоў.

Але ніхто гэта не пачуў... Дакладней, пачулі ўсе, але ніхто не зрэагаваў. Зайчаткі — таму, што былі ледзь жывыя ад жаху за перажытае, а сабака — таму, што пакуль не было сіл радавацца ні перамозе, ні моркве.

Зайчыха акамянела ад відовішча:

— Во-о-о-ой!.. Што гэта, воўк забіў ваўка?..

Сабака варухнуўся і падняў галаву:

— Колькі разоў табе казаць, што я не воўк, а Дзік? І гэта я забіў ваўка. Я — сабака. Зразумела?

Зайчыха разгублена паціснула плячыма:

— Ага, зразумела... Дзік і сабака забілі ваўка...

Гэты адказ Зайчыхі падняў настрой у сабакі і надаў яму сілы. Дзік падняўся на лапы і зірнуў на бяздыханнага ваўка:

— Вось ты ляжыш, а я стаю на прамых лапах... А ты казаў, на паўсагнутых. А цяпер я пацягну цябе ў твой апошні шлях.— І, схапіўшы зубамі за карак ваўка, Дзік з цяжкасцю пацягнуў яго туды, адкуль нядаўна збег, будучы баязліўцам.

Убачыўшы свайго вернага сабаку ды яшчэ з такім трафеям, гаспадары абнялі Дзіка, накармілі яго і больш ніколі не дакаралі, нават за моцны сон у будцы.

З кім не бывае!..



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.