epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адвечны лёс

Час спраўляе свой баль,

Лад мяняе і нас.

І у вёскі, на жаль,

Завітаў новы час —

 

Незапрошаны госць,

Нібы той знак бяды.

Калі новае штось —

Лепшае не заўжды.

 

Вёскі стогнуць, хоць плач,

Без ніякай віны.

І пад націскам дач

Адступаюць яны.

 

Свой бяздушны ўжо лад

Між платоў, сцежак, меж.

І растуць паміж хат

За катэджам катэдж.

 

Што ж благога у тым,

Што ёсць гмахі-дамы?

Ды ў катэджы «крутым»,

«Я» вышэй за ўсе «мы».

 

*

 

У вёсках моладзі

няма амаль,

Адвечны лад жыцця

пайшоў наўскос.

Ўсё той жа час няспынны,

зноў, на жаль,

Абезмалодзіў

Нашых вёсак лёс.

 

Сум змардаваны

каля хат брыдзе,

Паміж платоў

пахіленых, старых.

І ўсё-ткі засталіся,

Дзе-нідзе,

Дзяўчаты, хлопцы,

хоць і мала іх.

 

Вось і ў маленькай

вёсцы Слабада,

Праблемы гэтай

час не абмінуў.

Час вымыў моладзь,

як пясок вада,

Але дзяўчыну

захаваў адну.

 

Яна не памяняла

родны кут

На абяцанкі

гарадскіх уцех.

Ёй пасля школы

значна лепей тут,

Сярод палёў,

Лясоў,

Платоў,

Застрэх.

 

Каля бацькоў,

на сцежках светлых мар,

Дзе родны сэрцу

кожны далягляд,

Дзе поўніць свет душы,

душы абшар,

Вясковага жыцця

адвечны лад.

 

Юнацтва тут яе,

яе вясна,

Тут

Лепшыя гады яе прайшлі,

І адчувае тут

сябе яна

Часцінкай гэтай

продкавай зямлі.

 

Ішлі,

Жыццём напоўненыя дні,

За што й падзяка

часу-кавалю.

Штогод

Пускала Ганна карані

Усё глыбей

у гэтую зямлю.

 

*

 

Ніхто не хоча жыць,

Каб жыць абы,

Ўсе рупяцца —

хто ўкраў, хто з мазаля.

Катэджы вырасталі,

як грыбы

І ў Слабадзе,

яны відаць здаля.

 

Катэдж ля хат —

сучасны антыпод,

Ён вёсцы —

ні прыяцель, ні радня.

А хаты ля яго —

Наадварот:

Утульнасць,

Натуральнасць,

Цеплыня.

 

І людзі ў іх,

як кажуць, розны сорт —

Аднолькавых

Ніколі не было.

Ў катэджах хто —

не разбярэ сам чорт,

У хатах — шчырасць

і душы святло.

 

Далей чытайце,

суніміце злосць,

Мы ісціну

раскінем напалам.

Адзначым шчыра —

выключэнні ёсць

У вёсках і катэджах,

Там і там.

 

Дык вось —

У гэтай вёсцы Слабадзе,

Катэджнікі папаліся,

Бадай,

Культурныя, на дзіва,

як нідзе,

Хоць іх бяры,

да раны прыкладай.

 

Вітаюцца,

Пытаюць пра жыццё,

Усмешка не зыходзіць

з вуснаў іх,

Хаця, магчыма,

за душой асцё,

Ды душы нашы —

прыцемкі ва ўсіх.

 

У іх быў сын Алег —

сам, хоць куды,

Смяяліся —

Пярэйдзе мора ўброд.

Ён, як і Ганна,

вельмі малады,

Ім усяго —

па васямнаццаць год.

 

Узрост — ў якім і святы,

й шмат таго,

Што у душы

сіло спакус віе:

Спакус і небяспекаў —

Для яго,

Спакус і небяспекаў —

Для яе.

 

Алег таксама

пасля школы быў,

Такіх ваенкамат не абміне,

Бо ўвосень меўся

ў войска быць прызыў —

Лагодзіў бацька,

бо і сам служыў:

— Хай лета перад гэтым адпачне.

 

Знаёмства іх —

без нейкіх там інтрыг:

— Я — Ганна:

— Я — Алег.

— Пакуль!

— Бывай!

І ўсё-ткі іскра

ўспыхнула між іх,

Яна была —

Хавай ці не хавай.

 

Не мог ён не заўважыць

Гэты цуд,

Дзяўчыну-краску,

ў вачах вясна.

Заўважыць лёгка,

асабліва тут,

Яна тут, быццам,

на зямлі адна.

 

У горадзе —

Сябры,

Дзяўчаты,

Тлум,

Усё калейдаскопіць

паўз вачэй.

А тут —

Салодкі, рамантычны сум,

Ўсё тут больш натуральна

І ярчэй.

 

Дый Ганна выглядала

што ні раз,

Як зорка ў небе,

як вясной бутон.

І зразумеў Алег

праз хуткі час,

Што у дзяўчыну

закахаўся ён.

 

І Ганне быў ён,

хоць і ўпотай, люб,

І Ганны ўпотай

ён наведваў сны —

Такі, пачуццяў патаемных

Шлюб,

Пачуццяў, у якіх жылі яны.

 

Ды доўжыцца так

доўга не магло —

Душа імкнецца

да душы жывой.

Яны ў спакусаў

трапілі сіло,

Як кажуць —

безаглядна, з галавой.

 

Што ў іх было?

І як яно было?

Не будзем лепей лезці

ў душы ім.

Пра гэта

Мы забыліся даўно,

А калі не —

без сведак лепш дваім.

 

Каханню, як абраза,

наш падгляд,

Яго трыумф —

не для чужых вушэй.

Каханне не выводзяць

На парад,

Яно спрадвек было

ўсяго вышэй.

 

*

 

Ах лецейка!

Не вечнае і ты —

Міналі дні й падзеі,

як у сне.

Вясны не стала —

спалены масты,

І ты мінаеш,

як і ўсё міне.

 

Алег і Ганна йшлі —

рука з рукой,

Ўсё лета для сустрэч

спрыяў ім лёс.

Зязюля кукавала за ракой,

Яны лічылі

жартам і ўсур’ёз.

 

Яны былі

Шчаслівыя ўжо тым,

Што разам,

што збылася мэта мэт,

Што сёння,

у юнацтве залатым,

Толькі для іх вакол

ўвесь гэты свет.

 

*

 

Яны луналі ў марах,

Не ішлі,

Высока над зямлёй

іх крылы неслі,

Здавалася —

Ляціць вакол зямлі

Мелодыя кахання —

вечнай песні.

 

Яны прыселі

ля рачной вады,

Алег абняў яе,

зірнуў у вочы.

— Ты, Ганначка,

вясёлая заўжды,

А сёння ты,

як набліжэнне ночы.

 

Ты прад сабой глядзіш,

як з-за вугла,

Што так гняце?

Скажы мне, не хвалюйся.

Яна з сябе

ледзь выдыхнуць змагла:

— Алежык, родны...

я сказаць баюся...

 

Ці нам спрыяе?

Ці карае Бог?

Ці мы з табою ў радасці?

Ці ў горы?..

Алега раптам

ахапіў спалох:

— Што, любая, з табой?

Аб чым гаворыш?

 

Што хочаш ты сказаць мне?

Не трывож!

Якога я пазбаўлены

Сакрэта?

— Што я хачу сказаць?..

Я мушу ўсё ж...

Цяжарная, Алежык я...

Вось гэта...

 

Але збялеў

З навіны-адкрыцця,

Затрос яе за плечы

Нечакана:

— Сказаць ты хочаш?..

— Будзе ў нас дзіця,—

Яму у вочы

абвясціла Ганна.

 

Алег раптоўна перайшоў на крык:

Дзіця?!

Нашто дзіця?

Мы ж самі дзеці! —

Затым пахаладзеў,

абмяк, панік,

— Што ж гэта, Ганна,

робіцца на свеце?..

 

Твае бацькі...

Сказала ты ім?

— Не...

— І не кажы!

Утойвай, сцісні зубы,

Магчыма, ўсё абыдзецца,

Міне...

Сказала Ганна горка:

— Што ты, любы?

 

Такое не міне

само сабой...—

Алег пакпіў:

— «Каханне» у двухкоссі...

Якія, Ганна,

мы бацькі з табой?

Дый армія, лічы,

ў мяне на носе...—

 

На сонца раптам

хмары напаўзлі,

Нібы, каб падпсаваць

настрой абоім.

Сказала Ганна ціха:

— А калі...

Калі мы гэта

ад бацькоў утоім?..

 

— Як, Ганначка? —

Алег падскочыў,— Як?

Пачуўся голас Ганны,

ў боль уросшы:

— У вёсцы... як яе?

Прамы Бальшак,

Былы там фельчар ёсць...

Вось ён... за грошы...

 

— За грошы! —

Засвяціўся аж Алег,—

Ды грошы — цьфу!

Я іх вазьму у продкаў!

Ды грошы —

самы лепшы абярэг,

Вазьму й машыну ў бацькі —

Сказ кароткі!

 

*

 

Алег і Ганна

Спешна — так ні так,

Хацелі скінуць груз

з душы хутчэй.

Прыехалі яны

ў Прамы Бальшак

Напрыцемку,

Каб менш было вачэй.

 

Той фельчар іх прыняў,

як мае быць,

Спачатку грошы

падлічыў не раз,

— Цяпер ты, хлопец,

у машыну выдзь,

Пакінь дзяўчыну мне

на нейкі час.

 

Я хуценька,

Раз плюнуць — і няма

Ніякіх непрыемнасцяў у вас.

Я ўсё раблю

амаль што задарма,

Убачыце —

Работа першы клас.

 

Быў захад сонца

кідкі, як пажар,

Алег вакол машыны

віў кругі.

Яго то ў холад кідала,

то ў жар,

Сціскалі сэрца

думак абцугі.

 

У горле —

Невядомасці камяк,

Не разумеў,

Ў жыцці гэта ці ў сне.

Там недзе ў хаце Ганна.

Што там? Як?

І гэты доктар...

доктар ён ці не?

 

Хадзіў нервова — ўсё туды-сюды,

Не ведаў,

Як і чым дапамагчы?

Цягнуліся імгненні,

Як гады,

Цягнуліся хвіліны

Хоць крычы.

 

Алег раптоўна

ў жудасці абмёр,

Пачуўшы ў хаце

стук і мітусню.

Адразу ж фельчар

выскачыў на двор,

І крык адчаю

знішчыў цішыню.

 

Ён нават не крычаў,

а дзіка роў,

Здзіраючы ў крыві

халат з плячэй:

— Хутчэй яе ў бальніцу!

Свішча кроў!

Я не магу спыніць яе.

Хутчэй!

 

Алег машыну гнаў,

як толькі мог,

Шаптаў няспынна:

«Ганначка, жыві!»

Яна уся,

Ад галавы да ног,

Ляжала

На сядзенні у крыві.

 

Імчаў Алег

Да дактароў ў начы,

Ён чуў,

Як слабасць слоў яе дрыжыць,

Не разабраць іх...

Ён прасіў: — Маўчы!

Захоўвай сілы,

будзеш, будзеш жыць!

 

Бальніца вунь —

дасць Бог, бяда міне! —

Прыбеглі да машыны

Дактары.

Але ляжала Ганна,

як у сне,

Заснула назаўсёды

Без пары.

 

*

 

Хавалі Ганну

цэлай табалой —

Бацькі, радня, вяскоўцы,

Пэўна, й Бог.

Яна тут пачынала

жыць малой,

Й пайшла з жыцця

праз вечнасці парог.

 

Каго вініць

за непапраўны жах?

Каханне?

Непадсуднае яно,

Бо у кахання —

свой адвечны шлях,

Адвечны лёс —

вядома ўжо даўно.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.