epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адысея

Прачнуўся я ў добрым настроі —

І ў ванну, пад душ— любата!

А пырскі сярэбраным роем

Зляталі з грудзей, з жывата.

 

Абцёрся!

Абветрыўся фенам!

Бадзёры — на кухню. А тут:

Жульен і цяляціна з хрэнам,

І піва з арэшкамі.

Цуд!

 

Духмяную каву з вяршкамі,

Паміж дарагіх цыгарэт,

Маленькімі выпіў глыткамі,

Каб чуць непаўторны «букет».

 

Настрою спрыяла надвор’е,

Вясна і блакітнасць нябёс.

З усмешкаю выйшаў на двор я —

Нібыта анёл мяне нёс.

 

Спрыяльнасці водар запрудзіў

Дзяржаву! Куды ні зірні —

Зусім незнаёмыя людзі,

А колькі ад іх цеплыні!

 

Старыя, малыя — без спешкі,

Паволі насустрач ішлі.

Усмешкі!

Усмешкі!

Усмешкі!

Мільёнамі кветак цвілі!

 

З усмешкай — і погляд ласкавы

Праменьчыкам ззяе, гарыць.

Хацелася добрыя справы

Для кожнага і для дзяржавы

Рабіць і ад сэрца дарыць.

 

На свеце — не мала гадоў я.

І стаў заўважаць, што для нас

Галоўны здабытак — здароўе,

Яно пераадольвае час.

 

Дзівосна было б, алагічна,

Каб людзі хварэць пачалі —

Звышчыста, звышэкалагічна

На нашай заможнай зямлі.

 

І нібы каштоўны гасцінец —

Апошняя знікла турма,

Бо словаў «злачынства», «злачынец»

У слоўніках нават няма.

 

І крочым мы, хуткасць набраўшы,

Таму што, апроч усяго,

Працуе, не еўшы, не спаўшы,

Урад для народа свайго.

 

*

Сярод чорна-белых, ружовых

Адпушчаных Госпадам дзён

Мяняе уклад наш жыццёвы

Адзін гэты дзень. Толькі ён!

 

Чакаеш яго набліжэнне

І верыш, што ён прынясе

Другое тваё нараджэнне —

І скончацца клопаты ўсе.

 

«Свой» дзень прычакаў я нарэшце,

Ішоў да яго праз гады.

Хоць біце мяне, ці хоць рэжце —

Адкрыўся мне свет, сапраўды.

 

На пенсіі я!!! І не дзіва,

Што цешуся, нібы дзіця,

Што дзень распачаўся імкліва

На новай ступені жыцця.

 

Што мой кашалёк не парожні,

Бо рупіўся, лынды не біў,

Што я працаваў, як і кожны —

На старасць сабе зарабіў.

 

Цяпер — падарожжы, круізы,

Якія не бачыў і ў сне!

Любыя жаданні-капрызы,

Дальбог, падуладныя мне.

 

Ішоў я шчаслівы і марыў,

Ствараў таямніцы пячаць:

— Спачатку махну на Канары!

А можа, з Таіці пачаць?..

 

Ды голас унутраны точыць

Мне сэрца, як шашаль сцяну:

— А мо у Парыж лепш падскочыць?

З Парыжа у Рым сігану!

 

Другі голас, дзёрзкі і звонкі,

Звініць і звініць, як камар:

— Ты лепей пачні з Амазонкі!

Экзотыка! Тропікаў жар!..

 

А трэці сказаў: — Што ты скачаш?

Усюды паспееш — павер!

Усё, што захочаш, пабачыш.

Ты — вольны! Ты — пенсіянер!

 

Збірайся ў дарогу! He баўся! —

Унутраны голас дзяўбе.—

Ля ног тваіх свет распластаўся,

Ляжыць і чакае цябе!

 

Свярбелі ад пругкасці ногі —

Віват, Адысея мая!

Далей я ішоў сярод многіх,

Такіх жа шчаслівых, як я.

 

Убачыўшы краму, вітрыну,

Зайшоў у «Марскія дары».

Купіў на абед асятрыну,

Крэветкі, грам трыста ікры.

 

Затым, па дарозе дахаты,

Купіў вінаград, ананас.

Каб кожны быў сыты, багаты,

Клапоцяцца зверху аб нас.

 

*

Азвалася жонка звягліва:

— Ну, хопіць гультаіць! He спі!

Вазьмі вось бутэлькі з-пад піва

І здай... ды хоць хлеба купі.

 

Пужліва разбегліся мары.

Ляжаў я на ложку старым...

Кудысьці прапалі Канары,

Уцёк за Парыжам і Рым.

 

Няма ад цяляціны й духу —

Міраж каляровы растаў.

Адкінуўшы з коўдраю скруху,

Я з ложка скрыпучага ўстаў.

 

З тых мараў, што бачыў я сёння,

Са мной засталося адно —

He мара, а горыч штодзёння:

На пенсіі я — і даўно.

 

Збіраю апошнія крошкі,

А голад прыходзіць і ў сны.

Ад вопраткі — рожкі ды ножкі,

З абутку — падэшвы адны.

 

З маленства і самааддана

Ішачыў, а бедны, як мыш.

Мне з’ездзіць у вёску складана,

А што ўжо казаць пра Парыж?

 

Ішоў я, пабразгваў шклатарай,

Выпіхваў гаркоту з грудзей.

І бачыў пад чорнаю хмарай

Патухлыя вочы людзей.

 

Hі смеху, ніводнай усмешкі —

Як кажуць, схапілі пад дых.

Цяляціна,

З півам арэшкі,

Жульены,

Ікра —

He для іх.

 

Сумленныя — рады скарынцы,

З канцамі не зводзяць канцы.

Затое жыруюць злачынцы

І рознага роду «спяцы».

 

Чарнобыль, хваробы лютуюць,

Жыццё скарачаюць, гады,

А гора не бачаць, не чуюць

Стваральнікі гэтай бяды.

 

Бутэлькі задзынкалі...

Дзе я?

Няўжо апусціўся на дно?

Ах, гэта ж мая Адысея!

Шукаю я хлеб — не руно.

1988


1988

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.