epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адзелянеў абшар

І зноў адзелянеў абшар.

Зрабіўся калярова-кідкім.

Ад восеньскіх дзівосных чар

Мяняецца ўсё ўвачавідкі.

 

Рабіна падпаліла бок,

А побач з трапяткой асінай

Напіўся чырвані клянок.

І толькі малады дубок

Стаіць з зялёнаю чупрынай.

 

А гай бярозавы здаля

Нам выглядае жоўта-бела.

Пад сонцам восеньскім зямля

Вясёлкава зазіхацела.

 

О восень, восень! Кожны раз

Здзіўляеш вытанчаным густам.

І ўсё ж зімой, праз хуткі час,

Тут будзе бела, снежна, пуста.


2007-2026

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.