epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Адзіная просьба

Ты сведка, літасцівы Бог,

Як я шмат год таму,

Ў жыццё пераступіў парог

І ўсё аддаў яму.

 

І нават на зыходзе сіл

І ў самы бедны час,

Ў цябе нічога не прасіў,

Каб цень не ўзнік між нас.

 

*

 

Час кіруе надзеі усе

пад адхон,

Не шкадуе

Нічога й нікога

Парушаю напісаны

мной жа закон

І звяртаюся

З просьбай да Бога.

 

Пахаваў шмат я родных

і блізкіх сваіх,

Стратаў боль

назаўжды ў маім лёсе.

Бачыў я, як балюча,

ў пакутах якіх,

Паміраць ім усім

Давялося.

 

Колькі гора глынулі

яны пры жыцці

І ў вайну,

І ў гады сацзастою.

Перад смерцю хоць

ім бы палёгку знайсці

І памерці

Ў абдымках спакою.

 

Не, бязлітасны хтосьці

ім вынес прысуд,

Ці ж патрэбныя мукі ім тыя?

Толькі мама і тата

пазбеглі пакут

І памерлі у сне,

як святыя.

 

Вось і мне бы памерці

з усмешкай у сне,

Пад крылом няўміручае казкі.

Паспрыяй, Божа мілы,

у гэтым і мне,

Калі я заслужыў тваёй ласкі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.